Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Бэнэдыкта XVI на Вялікі пост
22.02.2011 14:35

«Пахаваныя ў хросце разам з Хрыстом,
 вы ўваскрэслі таксама ў Ім»
(пар. Клс 2, 12)

Дарагія браты і сёстры!

Вялікі пост, што вядзе нас да святкавання Пасхі, з’яўляецца для Касцёла вельмі каштоўным і важным літургічным часам. У сувязі з чым я рады накіраваць да вас спецыяльнае слова, каб гэты пост быў перажыты з належнай стараннасцю. Да канчатковай сустрэчы са сваім Жаніхом, да вечнай Пасхі, касцёльная супольнасць рыхтуецца праз шчырую малітву і ўчынкі міласэрнасці, праз ачышчэнне сваёй душы, каб дасягнуць паўнаты ласкі праз удзел у сакрамэнтах адраджэння ў Хрысце Пану (пар. Прэфацыя І на Вялікі пост).

1. Само гэтае жыццё ўжо было дадзена ў дзень нашага хросту. Калі мы «сталі ўдзельнікамі смерці і ўваскрасення Хрыста», пачалася для нас «радасная і поўная хвалы прыгода быць Яго вучнем» (Гамілія на свята Хросту Пана, 10 студзеня 2010 г.). Св. Павел у сваіх Пасланнях неаднаразова падкрэслівае асаблівую еднасць з Божым Сынам, здзейсненую ў гэтай купелі. Відавочна, што хрост, які атрымліваюць дзеці, указвае на тое, што гаворка ідзе аб Божым дары: ніхто не заслугоўвае зямнога жыцця ўласнымі сіламі. Міласэрнасць Бога, якая змывае грэх і дазваляе жыць у Езусе Хрысце (пар. Флп 2, 5), бескарысліва перадаецца чалавеку.

Апостал народаў у Пасланні да Філіпянаў, выражае сэнс перамянення, якое здзяйсняецца з удзелам у смерці і ўваскрасенні Хрыста, указваючы яго мэту: «каб пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці, каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння з мёртвых» (Флп 3, 10-11). Таму хрост — гэта не адзін з абрадаў мінулага, але сустрэча з Хрыстом, які надае форму ўсяму жыццю ахрышчанага, адорвае яго Божым жыццём і заклікае да шчырага навяртання, пачатак і падтрымку якому дае ласка, якая дапамагае яму дасягнуць сталасці Хрыста.

Асаблівая сувязь звязвае хрост з Пасхай як са спрыяльным момантам для атрымання ласкі, якая збаўляе. Айцы Другога Ватыканскага Сабору заклікалі ўсіх Пастыраў Касцёла «больш зважаць на элементы хросту, уласцівыя літургіі Вялікага посту» (Sacrosanctum Concilium, 109). Сапраўды, Касцёл заўсёды злучае Пасхальную вігілію з цэлебрацыяй хросту: у гэтым сакраманце ажыццяўляецца тая вялікая тамніца, паводле якой чалавек памірае для граху і становіцца ўдзельнікам новага жыцця ва ўваскрослым Хрысце і атрымлівае самога Духа Божага, які ўваскрасіў з мёртвых Езуса (пар. Рым 8, 11). Гэты дармовы дар павінен заўсёды абнаўляцца ў кожным з нас. Вялікі пост прадстаўляе нам шлях, падобны да перыяду катэхумэнату, які для хрысціянаў старажытнага Касцёла, а таксама сёння для катэхумэнаў з’яўляецца незаменнай школай веры і хрысціянскага жыцця: яны сапраўды перажываюць хрост, як вырашальны момант для ўсяго іх жыцця.

2. Каб сур’ёзна распачаць шлях у накірунку Пасхі і прыняць удзел ва ўваскрасенні Хрыста — у найбольш радасным і ўрачыстым свяце сярод астатніх у літургічным годзе — што можа быць для нас найбольш карысным, чым даць Божаму слову весці нас? Таму Касцёл у тэкстах Евангелляў, што чытаюцца ў нядзелі Вялікага посту, рыхтуе нас да асабліва глыбокай сустрэчы з Панам, даючы нам прайсці нанова этапы хрысціянскага ўтаямнічання: для катэхумэнаў у перспектыве атрымання сакрамэнту адраджэння, для ахрышчаных, маючы на ўвазе новыя, вырашальныя крокі ў наследаванні Хрыста і ў больш поўным дары Яму.

Першая нядзеля велікапоснага шляху выяўляе нашае чалавечае становішча на гэтай зямлі. Перамога ў барацьбе са спакусамі, якая дае пачатак місіі Езуса, з’яўляецца запрашэннем усвядоміць уласную слабасць перад прыняццем ласкі, што вызваляе ад граху і ўлівае новую моц у Хрысце, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ordo Initiationis Christianae Adultorum, 25). Гэта рашучы заклік памятаць, што хрысціянская вера заключае ў сабе, на прыкладзе Езуса і ў еднасці з Ім, барацьбу «супраць гаспадароў цемры свету гэтага» (Эф 6, 12), у якім дзейнічае д’ябал і не стамляецца, нават сёння спакушае чалавека, які хоча наблізіцца да Пана: Хрыстус з гэтай барацьбы выходзіць пераможцам, каб адкрыць таксама нашыя сэрцы на надзею, і вядзе нас да перамогі над спакусамі зла.

Фрагмент Евангелля пра перамяненне Пана паказвае нам славу Хрыста, якая апярэджвае ўваскрасенне і якая абвяшчае асвячэнне чалавека. Хрысціянская супольнасць уведамляе, што яна ўзводзіцца, як апосталы Пётр, Якуб і Ян, «асобна на высокую гару» (Мц 17, 1), каб прыняць нанова ў Хрысце, як сыны ў Сыне, дар Божай ласкі: «Гэта Сын мой умілаваны, якога я ўпадабаў. Яго слухайце» (в. 5) Гэтае запрашэнне адмяжоўваецца ад шуму штодзённасці, каб акунуцца ў Божую прысутнасць: Бог хоча перадаваць нам кожны дзень слова, якое пранікае ў глыбіню нашага духа, дзе распазнае дабро і зло (пар. Гбр 4, 12) і ўзмацняе жаданне наследаваць Хрыста.

Просьба Езуса да самаранкі: «Дай мне піць» (Ян 4, 7), якая гучыць у літургіі трэцяй нядзелі, выражае прагненне кожнага чалавека, прагненне Бога і хоча абудзіць у нашым сэрцы жаданне дару крыніцы «вады, якая цячэ ў жыццё вечнае» (в. 14): гэта дар Духа Святога, які робіць хрысціянаў «сапраўднымі вызнаўцамі», якія «будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе» (в. 23). Толькі гэтая вада можа спаталіць нашую смагу дабра, праўды і прыгажосці! Толькі гэтая вада, якую даў нам Сын, акрапляе пустыню душы, заклапочанай і неспакойнай, «пакуль не спачне ў Пану», паводле вядомых словаў св. Аўгустына.

«Нядзеля сляпога ад нараджэння» прадстаўляе Хрыста як святло свету. Евангелле звяртаецца да кожнага з нас: «Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?». «Веру, Пане!» (Ян 9, 35. 38), сцвярджае з радасцю сляпы ад нараджэння, становячыся голасам кожнага верніка. Цуд аздараўлення з’яўляецца знакам Хрыста, які разам са зрокам хоча адкрыць наш унутраны зрок, каб наша вера станавілася ўсё больш глыбокай і каб мы маглі распазнаць у Ім нашага адзінага Збаўцу. Ён асвячае кожны змрок у жыцці і вядзе чалавека да жыцця «дзяцей святла».

Калі, у пятую нядзелю нам абвяшчаецца ўваскрасенне Лазара, мы накіроўваемся да апошняй таямніцы нашага жыцця: «Я — уваскрасенне і жыццё (...) верыш у гэта?» (Ян 11, 25-26). Для хрысціянскай супольнасці гэта нагода разам з Мартай шчыра ўскласці ўсю надзею на Езуса з Назарэта: «Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет» (в. 27). Еднасць з Хрыстом у гэтым жыцці рыхтуе нас да пераадолення межаў смерці, каб вечна жыць у Ім. Вера ва ўваскрасенне з памерлых і надзея на жыццё вечнае адкрывае перад намі канчатковы сэнс нашага жыцця: Бог стварыў чалавека для ўваскрасення і жыцця. Гэтая праўда надае сапраўднае і канчатковае вымярэнне гісторыі чалавецтва, асабістаму і грамадскаму жыццю людзей, культуры, палітыцы, эканоміцы. Пазбаўлены святла веры, увесь сусвет аказваецца замкнутым унутры грабніцы без будучыні, без надзеі.

Велікапосны шлях знаходзіць сваё завяршэнне ў Пасхальным Трыдууме, асабліва ў Пасхальнай вігіліі Святой Ночы: аднаўляючы абяцанні хросту, нанова пацвярджаем, што Хрыстус з’яўляецца Панам нашага жыцця, таго жыцця, якое Бог перадаў нам, калі мы адраджаемся «вадой і Духам Святым» і нанова пацвярджаем нашае цвёрдае абяцанне адказваць на дзеянне ласкі, каб быць Яго апосталамі.

3. Нашае акунанне ў смерць і ўваскрасенне Хрыста праз сакрамэнт хросту кожны дзень пабуджае нас вызваляць свае сэрцы ад цяжару матэрыяльных рэчаў, ад эгаістычнай сувязі з «зямным», што спусташае нас і перашкаджае нам быць свабоднымі і адкрытымі на Бога і бліжняга. У Хрысце Бог паказаў, што з’яўляецца любоўю (пар. 1 Ян 4, 7-10). Крыж Хрыста, «слова Крыжа» выяўляе збаўчую моц Бога (пар. 1 Кар 1, 18), які аддаецца, каб узняць чалавека і давесці яго да збаўлення. Гэта любоў у сваёй найбольш радыкальнай форме (пар. Deus caritas est, 12). Праз традыцыйныя практыкі посту, праз міласціну і малітвы, імкненне да навяртання Вялікі пост выхоўвае да ўсё больш радыкальнага жыцця любоўю Хрыста. Пост, які можа мець розныя матывацыі, набывае для хрысціяніна глыбокае рэлігійнае значэнне: робячы наш стол бодьш бедным, мы вучымся пераадольваць эгаізм, каб жыць логікай дару і любові; праз пазбаўленне ад некаторых рэчаў, і не толькі празмерных, вучымся адводзіць позірк ад нашага «я», каб адкрыць кагосьці побач з намі і распазнаць Бога ў нашых братах і сёстрах. Пост у большай ступені адкрывае хрысціяніна на Бога і на патрэбы людзей і робіць так, што любоў да Бога становіцца таксама любоўю да бліжняга (пар. Мк 12, 31).

На нашым шляху мы сутыкаемся таксама са спакусай валодання, прагай грошай, што з’яўляецца замахам на першынство Бога ў нашым жыцці. Моцнае прагненне валодання правакуе насілле, злоўжыванне ўладай і смерць; таму Касцёл, асабліва падчас посту, заклікае да практыкі міласціны, г. зн. да здольнасці дзяліцца. Ідалапаклонства дабротам, наадварот, не толькі аддаляе ад іншых, але абядняе чалавека, робіць яго няшчасным, падманвае яго, уводзіць у зман без здзяйснення таго, што было абяцана, таму што змяшчае матэрыяльныя рэчы на месцы Бога, адзінай крыніцы жыцця. Як зразумець айцоўскую дабрыю Бога, калі сэрца занята сабой і ўласнымі планамі, якія ўводзяць нас у зман тым, што зможа гарантаваць будучыню? Спакуса —  гэта сама думка, як у багатага чалавека з прыпавесці: «Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады...». Чуем разважанне Пана: «Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе...» (Лк 12, 19-20). Практыка міласціны — гэта заклік аддаць першынство Богу і прысвяціць увагу бліжняму, каб нанова адкрыць нашага добрага Айца і атрымаць яго міласэрнасць.

На працягу ўсяго перыяду Вялікага посту Касцёл дае нам з асаблівым багаццем Божае слова. Разважаючы над ім і засвойваючы яго, каб жыць ім штодзённа, мы вучымся каштоўнай і незаменнай форме малітвы, бо ўважлівае слуханне Бога, які працягвае размаўляць у нашых сэрцах, корміць шлях веры, які мы распачалі ў дзень хросту. Малітва дазваляе нам таксама набываць новую канцэпцыю часу: сапраўды, без перспектывы вечнасці і трансцэндэнтнасці ён проста адмярае нашыя крокі ў накірунку гарызонта, які не мае будучыні. У малітве знаходзім сапраўды час для Бога, каб зразумець, што «яго словы не прамінуць» (пар. Мк 13, 31), каб увайсці ў гэтую цесную еднасць з Ім, які нічога не адбярэ ў нас (пар. Ян 16, 22) і які адкрые нас на надзею, што не падмане, на жыццё вечнае.

Увогуле велікапосны шлях, на якім мы запрошаны сузіраць таямніцу Крыжа, робіць нас саўдзельнікамі смерці Хрыста (пар. Флп 3, 10), каб здзейсніць глыбокае навяртанне нашага жыцця: дазваляючы нам перамяняцца дзеяннем Духа Святога, як св. Павел на шляху ў Дамаск; рашуча накіроўваючы нашае жыццё згодна з воляй Бога; вызваляючы нас ад нашага эгаізму, пераўзыходзячы схільнасць панавання над іншымі, і адкрываючы нас саміх на любоў Хрыста. Перыяд Вялікага посту з’яўляецца спрыяльным часам для распазнання нашай слабасці, для шчырага перагляду жыцця, часам абнаўляльнай ласкі сакрамэнту пакаяння і рашучым рашэннем ісці ў накірунку Хрыста.

Дарагія браты і сёстры, праз асабістую сустрэчу з нашым Збаўцам, праз пост, міласціну і малітву шлях навяртання ў накірунку Пасхі вядзе нас да адкрыцця нанова нашага хросту. У гэтым Вялікім посце мы аднаўляем прыняцце ласкі, якую Бог удзяляе нам у гэты момант, каб асвяціць і накіраваць усе нашыя дзеянні. Тым, што сакрамэнт азначае і ажыццяўляе, мы пакліканы жыць кожны дзень, наследуючы Хрыста ўсё больш велікадушна і па-сапраўднаму. У гэтым нашым шляху я даручаю вас Дзеве Марыі, якая нарадзіла Божае Слова ў веры і ў целе, каб мы, як і яна, акунуліся ў смерць і ўваскрасенне Яе Сына Езуса і мелі вечнае жыццё.

Ватыкан, 4 лістапада 2010 г.

Бэнэдыкт XVI

Адноўлена 06.04.2011 13:38
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.