Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Святога Айца на XXXVI Сусветны Дзень Міру 1 студзеня 2003 года
13.07.2009 17:19

[Фрагменты]

Сувязь паміж спакоем і праўдаю

7. Заяўляючы пратэст супраць поглядаў тых, хто ўяўляў палітыку як па-за маральную сферу, што падпарадкуецца толькі крытэрыям інтарэсаў, энцыклікаю Pacem in terris Ян ХХІІІ акрэсліў больш праўдзівы вобраз людской рэчаіснасці і ўказаў усім шлях да лепшай будучыні. Менавіта таму, што людзі надзеленыя здольнасцю рабіць маральны выбар, ніякая людская дзейнасць не стаіць па-за этычнаю сфераю. Палітыка – гэта людская дзейнасць, таму яна таксама падпадае пад маральную ацэнку. Гэта датычыць і міжнароднай палітыкі. Папа Ян ХХІІІ пісаў: «Тое самае натуральнае права, якое кіруе асновамі супольнага жыцця асобных грамадзянаў, павінна таксама кіраваць узаемаадносінамі паміж дзяржавамі» (Pacem in terris, III: dz. cyt., 279). Тыя, хто лічыць, што міжнароднае грамадскае жыццё ўспрымаецца ў пэўным сэнсе па-за межамі маральнай ацэнкі, павінны адно задумацца над уплывам рухаў у абарону правоў чалавека на нацыянальную і міжнародную палітыку ў дваццатым стагоддзі, якое нядаўна закончылася. Такое развіццё сітуацыі, якое апярэджвала вучэнне энцыклікі Pacem in terris, рашуча адпрэчвае прэтэнзіі наконт таго, каб размяшчаць міжнародную палітыку ў свайго роду «свабоднай зоне», дзе маральнае права не мела б ніякай сілы. Няма, хіба, іншага такога месца на Зямлі, у якім бы так ясна адчувалася неабходнасць справядлівага прымянення палітычнай улады, як на Блізкім Усходзе і ў Святой Зямлі. Дзень за днём і год за годам агульны вынік зацятай узаемнай варожасці і бясконцага ланцугу насілля і помсты дасюль разбіваў усялякія спробы распачаць сур’ёзны дыялог на тэму рэальных і істотных праблемаў. Няпэўнасць сітуацыі становіцца яшчэ больш драматычнаю з прычыны канфлікту інтарэсаў паміж членамі міжнароднай супольнасці. Пакуль тыя, хто займае адказныя пасады, не пагодзяцца адважна прааналізаваць свае метады рэалізацыі ўлады і клопату пра дабро сваіх народаў, цяжка нават уявіць, што сапраўды можна будзе дасягнуць поспехаў у справе міру. У сувязі з братазабойчаю барацьбою, якая штодзённа раніць Святую Зямлю, супрацьпастаўляючы сілы, што маюць уплыў на бліжэйшую будучыню Блізкага Усходу, неадкладна патрэбны людзі, перакананыя ў неабходнасці палітыкі, заснаванай на пашане да годнасці і правоў асобы. Такога тыпу палітыка для ўсіх непараўнальна больш карысная, чым працяг сітуацыі адкрытага канфлікту. Трэба распачаць з гэтай праўды. Яна пастаянна і ўсё больш вызваляе ад якой бы то ні было формы прапаганды, асабліва ад тае, што служыць маскаванню патаемных намераў.

Умовы трывалага міру

8. Існуе непарыўная сувязь паміж удзелам у справе на карысць міру і пашанаю да праўды. Сумленнасць у перадачы інфармацыі, аб’ектыўнасць прававых сістэмаў, празрыстасць дэмакратычных працэдураў даюць грамадзянам такое пачуццё спакою, такую гатоўнасць вырашаць спрэчкі мірнымі сродкамі і такую волю лаяльнага, канструктыўнага паразумення, што яны з’яўляюцца сапраўднымі ўмовамі трывалага міру. Палітычныя сустрэчы на нацыянальным і міжнародным узроўнях служаць справе міру толькі тады, калі супольна прынятыя абавязкі захоўваюцца потым усімі бакамі. У адваротным выпадку такія сустрэчы мала што значаць і не маюць ніякай карысці, а ў выніку гэтага ў людзей узнікае спакуса ўсё менш верыць у карысць дыялогу і ўскладаць надзею на прымяненне сілы на шляху вырашэння канфліктаў. Pacta sunt servanda, – гаворыць старажытная мудрасць. Калі трэба выконваць усе прынятыя абавязкі, неабходна асабліва клапаціцца пра рэалізацыю тых, што прынятыя адносна ўбогіх. Невыкананне абяцанняў, якія маюць для іх жыццёва важнае значэнне, было б асабліваю прычынаю расчаравання. У гэтай перспектыве неаказанне абяцанай дапамогі тым народам, якія стаяць на шляху развіцця, з’яўляецца сур’ёзнаю маральнаю праблемаю і яшчэ больш падкрэслівае несправядлівасць няроўнасці ў свеце. Цярпенне, выкліканае ўбоствам, яшчэ больш узрастае, калі не хапае даверу. У канчатковым выніку траціцца ўсялякая надзея. Давер у міжнародных адносінах – гэта грамадскі капітал неацэннай важнасці.

Адноўлена 13.07.2009 17:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.