Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру 1 студзеня 2006 года |
Мір у праўдзе 1. На пачатку новага года, разам з традыцыйным Пасланнем на Сусветны дзень міру, я жадаю скіраваць сардэчныя пажаданні ўсім людзям на зямлі, а асабліва тым, хто пакутуе ад насілля і ўзброеных канфліктаў. Гэта пажаданне поўнае надзеі на больш мірны свет, у якім будзе павялічвацца колькасць тых, хто асабіста і супольна з іншымі імкнецца крочыць шляхамі справядлівасці і міру. 2. На пачатку я хацеў бы выказаць шчырую ўдзячнасць маім Папярэднікам — вялікім Папам Паўлу VI і Яну Паўлу ІІ — прасветленым заступнікам міру. Пранікнутыя духам благаслаўленняў, яны былі здольныя ў гістарычных падзеях, што адбываліся падчас іх пантыфікатаў, бачыць дзеянне Провіду Бога, які ніколі не забываецца пра лёс чалавецтва. Неаднойчы гэтыя нястомныя вестуны міру заахвочвалі кожнага чалавека распачынаць нанава ад Бога, каб мірнае суіснаванне пашыралася ва ўсіх рэгіёнах свету. Маё першае Пасланне на Сусветны дзень міру з’яўляецца працягам гэтага высакароднага навучання. Жадаю яшчэ раз пацвердзіць нязменнае імкненне Апостальскай Сталіцы працягваць служэнне дзеля міру. Само імя Бэнэдыкт, якое я прыняў у дзень абрання на пасад святога Пятра, сведчыць пра тое, што я жадаю ўключыцца ў справу міру. Маім намерам быў як зварот да святога Апекуна Еўропы, натхняльніка мірнай цывілізацыі на кантыненце, а таксама да Папы Бэнэдыкта XV, які асудзіў першую сусветную вайну як «непатрэбнае кровапраліццё»1 і рабіў усё, што мог, каб усе прызналі вышэйшыя аргументы на карысць міру. 3. Тэма разважанняў гэтага года — «Мір у праўдзе» — выражае ўпэўненасць у тым, што, калі чалавек дазваляе ззянню праўды асвятліць яго, то ён нібы натуральна ўваходзіць на шлях міру. У душпастырскай канстытуцыі «Gaudium et spes» Сусветнага ІІ Ватыканскага Сабору, які скончыўся сорак гадоў таму назад, сцвярджаецца, што чалавецтва не зможа пабудаваць «для ўсіх людзей на зямлі рэчаіснасць больш гуманнага свету, калі ўсе людзі ў духу аднаўлення не звернуцца да сапраўднага міру»2. Якое ж значэнне мае выраз «сапраўдны мір»? Для таго, каб правільна адказаць на гэтае пытанне, трэба памятаць, што паняцце «мір» — гэта не проста адсутнасць узброеных канфліктаў, але плён «парадку, прывітага чалавецтву яго Боскім Заснавальнікам», парадку, «над рэалізацыяй якога павінны працаваць людзі, пастаянна імкнучыся да больш дасканалай справядлівасці»3. Як вынік парадку, які ў любові запланаваў і якога пажадаў Бог, мір заключае ў сабе сваю ўнутраную і непераможную праўду, а таксама з’яўляецца «адказам на несакрушальную прагу і надзею, якія жывуць у нас»4. 4. Мір, акрэслены такім чынам, — гэта дар нябёсаў і Божая ласка, якая на ўсіх узроўнях патрабуе большага ўсведамлення адказнасці, гэта значыць, фармавання — у праўдзе, справядлівасці, свабодзе і любові — чалавечай гісторыі паводле Божага намеру. Калі няма прызнання трансцэндэнтнага парадку рэчаў, павагі да «граматыкі» дыялогу, якой з’яўляюцца універсальныя законы маральнасці, упісаныя ў сэрца чалавека5, калі ўскладняецца і робіцца немагчымым інтэгральнае развіццё асобы і абарона яе фундаментальных правоў, калі многія народы вымушаны цярпець несправядлівасць і недапушчальную няроўнасць, як можна чакаць рэалізацыі гэтага дабра, якім з’яўляецца мір? Не хапае галоўных элементаў, дзякуючы якім гэтае дабро можа набыць форму. Святы Аўгустын акрэсліў мір як «tranquillitas ordinis»6 — мір, які вынікае з парадку, гэта значыць, як сітуацыю, якая, ўрэшце, дазваляе шанаваць і рэалізаваць паўнату праўды пра чалавека. 5. Такім чынам, хто або што можа зрабіць немагчымым рэалізацыю міру? Адносна гэтай праблемы Святое Пісанне ў першай кнізе — Кнізе Быцця — указвае на хлусню, прамоўленую на пачатку гісторыі істотай з раздвоеным языком, якую Евангеліст Ян называе «айцом хлусні» (Ян 8, 44). Пра падман, як адзін з грахоў, Святое Пісанне нагадвае таксама ў апошнім раздзеле яго апошняй кнігі — Апакаліпсіса, дзе гаворка ідзе пра выключэнне ілгуноў з нябеснага Ерузалема: «Звонку (...) усе, хто любіць і чыніць няпраўду» (Ян 22, 15). З няпраўдай звязана трагедыя граху і яго вераломныя наступствы, якія прыводзілі і па-ранейшаму прыводзяць да разбуральных вынікаў у жыцці індывідуумаў і цэлых нацый. Дастаткова падумаць, што адбылося ў мінулым стагоддзі, калі падманлівыя ідэалагічныя і палітычныя сістэмы мэтанакіравана стваралі ілюзію праўды, што прывяло да эксплуатацыі і гібелі шматлікай колькасці мужчын і жанчын, да знішчэння нават цэлых сем’яў і супольнасцяў. Няўжо пасля такіх выпрабаванняў можна не турбавацца з прычыны хлусні нашай эпохі, на глебе якой у шматлікіх рэгіёнах свету з’яўляюцца пагрозлівыя праявы смерці? Сапраўдныя пошукі міру павінны нараджацца з усведамлення таго, што праблема праўды і маны датычыць кожнага чалавека і мае вырашальны ўплыў на мірную будучыню нашай планеты. 6. Мір з’яўляецца непераможным жаданнем сэрца кожнай асобы, незалежна ад розніц, якія вынікаюць з культурнай прыналежнасці. Менавіта таму кожны павінен адчуваць патрэбу ўдзелу ў служэнні гэтаму каштоўнаму дабру, працуючы над тым, каб няпраўда ні ў якой форме не ўвайшла ў міжчалавечыя адносіны. Усе людзі належаць да адной сям’і. Даведзенае да крайнасці ўзвелічэнне ўласнай своеасаблівасці супярэчыць гэтай фундаментальнай праўдзе. Неабходна аднавіць свядомасць таго, што мы злучаны агульным лёсам, у аснове сваёй трансцэндэнтным, каб мы маглі лепш выкарыстаць гістарычныя і культурныя адрозненні, не супрацьпастаўляць сябе некаму, але дастасоўваць сябе да тых, хто належыць да іншых культур. Дзякуючы гэтым простым праўдам мір становіцца магчымым; іх проста зразумець, прыслухоўваючыся да голасу свайго сэрца з чыстымі намерамі. Тады мір з’яўляецца ў іншым святле: не проста як адсутнасць вайны, але як суіснаванне паасобных індывідуумаў у грамадстве, якое кіруецца справядлівасцю і ў якім рэалізуецца, наколькі гэта магчыма, таксама дабро кожнага з гэтых індывідуумаў. Праўда пра мір наказвае ўсім наладжваць плённыя і шчырыя адносіны, заахвочвае шукаць шляхоў прабачэння і прымірэння, уваходзіць на гэтыя шляхі, каб выказвацца выразна падчас перамоваў і захоўваць вернасць дадзенаму слову. Вучань Хрыста, які адчувае, што апынуўся ў сілах зла і што яму неабходна вызваляльнае ўмяшальніцтва Боскага Настаўніка, звяртаецца да Яго з асаблівым даверам, бо добра ведае, што «Ён [Хрыстус] не ўчыніў ніякага граху, і не было падману ў вуснах Яго» (1 П 2, 22; пар. Іс 53, 9). Бо Езус назваў сябе асабовай Праўдай і выказаў абсалютную непрыхільнасць да кожнага, «хто любіць няпраўду і чыніць яе» (Ян 22, 15). Гэта Ён адкрывае поўную праўду пра чалавека і гісторыю. З моцаю Яго ласкі магчыма быць у праўдзе і жыць у праўдзе, бо толькі Ён цалкам шчыры і верны. Езус з’яўляецца праўдаю, якая дае нам мір. 7. Праўда пра мір павінна захаваць сваю каштоўнасць і выпраменьваць сваё дабрадатнае ззянне таксама тады, калі мы знаходзімся ў трагічнай сітуацыі вайны. Айцы Сусветнага ІІ Ватыканскага Сабору ў Душпастырскай канстытуцыі «Gaudium et spes» падкрэсліваюць, што «нават калі б па нешчаслівых абставінах вайна ўжо распачалася, гэта не азначае, што ўсё становіцца дазволеным паміж супрацьлеглымі бакамі»7. Міжнародная супольнасць стварыла міжнароднае гуманітарнае права, каб максімальна абмежаваць разбуральныя вынікі вайны, асабліва ў адносінах да грамадзянскага насельніцтва. Неаднойчы і рознымі спосабамі Апостальская Сталіца выказвалася ў падтрымку гэтага гуманітарнага права, заахвочваючы шанаваць і рэалізоўваць яго, ва ўпэўненасці, што падчас вайны таксама існуе праўда пра мір. Міжнароднае гуманнае права — гэта адна з найбольш паспяховых і дзейсных адказаў на патрабаванні, якія вынікаюць з праўды аб міры. Менавіта таму паважанне гэтага права з’яўляецца абавязкам усіх нацый. Неабходна ацаніць яго каштоўнасць і гарантаваць належнае яго прымяненне, дапаўняючы яго падрабязнымі нормамі, адпаведнымі зменлівым кантэкстам сённяшніх узброеных канфліктаў і выкарыстанню ўсё больш новых і больш дасканалых тыпаў узбраення. 8. З удзячнасцю думаю пра Міжнародныя арганізацыі і пра ўсіх тых, хто штодзённа прадпрымае намаганні на карысць захавання міжнароднага гуманітарнага права. Нельга тут не ўзгадаць і шматлікіх салдат, якія ўдзельнічаюць у няпростых аперацыях з мэтай прадухілення канфліктаў і стварэння ўмоваў, неабходных для усталявання міру. Ім таксама хацелася б нагадаць словы ІІ Ватыканскага Сабора: «Тыя, хто прысвяціў сябе служэнню бацькаўшчыне ў войску, павінны лічыць сябе людзьмі, якія падтрымліваюць бяспеку і свабоду нацый, бо калі яны належным чынам выконваюць гэтае заданне, то сапраўды прычыняюцца да ўмацавання міру»8. На гэтым складаным фронце вядуць душпастырскую дзейнасць палявыя ардынарыі Каталіцкага Касцёла. Усіх палявых ардынарыеў і ваенных капэлянаў заахвочваю, каб у любой сітуацыі і ў любых абставінах яны былі вернымі вестунамі праўды пра мір. 9. Сёння праўда пра мір, на жаль, пастаянна знаходзіцца пад пагрозай і не прызнаецца тэрарызмам, які праз пагрозы і крымінальныя акты ўтрымлівае свет у стане боязі і няўпэўненасці. Мае Папярэднікі — Павел VI і Ян Павел ІІ — шматразова ўказвалі на страшную адказнасць тэрарыстаў і асуджалі іх ілжывыя планы смерці. Бо гэтыя планы прадыктаваныя трагічным і жахлівым нігілізмам, які Папа Ян Павел ІІ апісваў наступнымі словамі: «Хто забівае праз тэрарыстычныя акты, той з пагардай ставіцца да чалавецтва, з адчаем адносіцца да жыцця і будучыні — у такой перспектыве можна зненавідзець усё і ўсё можна знішчыць»9. Не толькі нігілізм, але і рэлігійны фанатызм, які сёння часта называюць фундаменталізмам, можа натхняць і жывіць тэрарыстычныя намеры і дзеянні. Ян Павел ІІ, які з самага пачатку прадказваў, наколькі згубную небяспеку нясе ў сабе рэлігійны фанатызм, рашуча асуджаў яго, асцерагаў перад імкненнем гвалтоўна навязваць іншым асабістыя меркаванні адносна праўды, замест таго, каб іх прапаноўваць: «Прыпісванне сабе права гвалтам навязваць іншым тое, што лічыцца праўдай, азначае парушэнне годнасці чалавека і, урэшце, знявагу Бога, па вобразе якога чалавек створаны»10. 10. Калі добра прыгледзецца, нігілізм і фундаменталізм маюць памылковае стаўленне да праўды: нігілісты адмаўляюць існаванне якой-небудзь праўды, фундаменталісты прэтэндуюць на права навязваць яе сілай. Хоць нігілізм і фундаменталізм маюць рознае паходжанне і ўпісваюцца ў розныя культурныя кантэксты, іх яднае небяспечная пагарда ў адносінах да чалавека і яго жыцця, а, урэшце, да самога Бога. Бо пры карэннях такога агульнага выніку ляжыць скажэнне поўнай праўды пра Бога: нігілізм адмаўляе Яго існаванне і прысутнасць Яго Провіду ў гісторыі; фанатычны фундаменталізм скажае Яго любячае і міласэрнае аблічча, замяняючы Яго ідаламі, створанымі па асабістым прыкладзе. Аналізуючы прычыны сучаснай з’явы тэрарызму, неабходна, разам з прычынамі палітычнага і сацыяльнага характару, прымаць пад увагу таксама найглыбейшую культурную, рэлігійную і ідэалагічную матывацыю. 11. Перад абліччам небяспекі, якая пагражае чалавецтву ў наш час, усе католікі абавязаны ўзмацніць абвяшчэнне «Евангелля міру» і сведчанне пра яго ў кожнай частцы свету, усведамляючы, што прызнанне поўнай праўды пра Бога з’яўляецца першай і абавязковай умовай угрунтавання праўды пра мір. Бог — гэта Любоў, якая збаўляе, Ён — любячы Айцец, які жадае бачыць, што Яго дзеці прызнаюць адно аднаго братамі, адказна імкнуцца выкарыстоўваць разнастайныя таленты ў служэнні супольнаму дабру чалавечай сям’і. Бог — гэта невычэрпная крыніца надзеі, якая надае сэнс асабістаму і калектыўнаму жыццю. Гісторыя выразна паказала, што вядзенне вайны з Богам з мэтай вынішчэння Яго з чалавечых сэрцаў вядзе чалавецтва, спалоханае і збяднелае, да бесперспектыўнага выбару. Гэта павінна схіляць веруючых у Хрыста да таго, каб станавіцца годнымі веры сведкамі Бога — праўды і любові, — якія гатовыя служыць справе міру, прадпрымаючы шырокае экуменічнае супрацоўніцтва, у тым ліку з іншымі рэлігіямі і людзьмі добрай волі. 12. Назіраючы за цяперашняй сітуацыяй у свеце, мы можам з задавальненнем канстатаваць, што існуюць пэўныя шматабяцальныя знакі на шляху будавання міру. Я маю на ўвазе змяншэнне колькасці ўзброеных канфліктаў. Зразумела, гэта яшчэ толькі нясмелыя крокі на сцежках міру, але яны ўжо адкрываюць перспектывы больш спакойнай будучыні, асабліва для прыгнечанага насельніцтва Палестыны, зямлі Езуса, і для жыхароў некаторых рэгіёнаў Афрыкі і Азіі, якія на працягу гадоў чакаюць пазітыўнага завяршэння распачатых працэсаў усталявання міру і прымірэння. Гэтыя суцяшальныя сігналы, якія павінны пацвярджацца і ўзмацняцца праз згодныя і нястомныя дзеянні (асабліва Міжнароднай супольнасці і яе інстытутаў), накіраваныя на прадухіленне магчымых канфліктаў і на мірнае вырашэнне ўжо існуючых. 13. Аднак усё гэта не павінна весці да наіўнага аптымізму. Нельга забывацца пра тое, што, на жаль, працягваюцца крывавыя братазабойчыя канфлікты і знішчальныя войны, якія на велізарных прасторах зямлі сеюць слёзы і смерць. Існуюць сітуацыі, у якіх канфлікт, нібы тлеючы агонь, прысыпаны попелам, можа выбухнуць ізноў, прыносячы з сабою разбурэнні непрадказальных памераў. Улады, якія замест таго, каб рабіць усё магчымае для эфектыўнага ўмацавання міру, абуджаюць у грамадзянах пачуцці варожасці да іншых нацый, бяруць на сябе вялікую адказнасць — парушаюць, асабліва ў небяспечных рэгіёнах, тонкую раўнавагу, якая была дасягнута цаною цяжкіх перамоваў, і тым самым садзейнічаюць будаванню больш няпэўнай і змрочнай будучыні чалавецтва. А што сказаць пра ўрады, якія разлічваюць на ядзерную зброю, імкнучыся запэўніць бяспеку сваім краінам? Разам з незлічонымі людзьмі добрай волі можна сцвердзіць, што такая перспектыва з’яўляецца не толькі трагічнай, але і цалкам ілюзорнай. Бо ў ядзернай вайне не было б пераможцаў, а былі б толькі ахвяры. Праўда пра мір патрабуе, каб усе — як урады, якія адкрыта ці патаемна валодаюць ядзернай зброяй, а таксама тыя, хто намераны яе затрымаць, — разам змянілі ход падзей, робячы ясны і трывалы выбар, імкнучыся да прагрэсіўнага і агульнага ядзернага раззбраення. Зэканомленыя такім чынам сродкі могуць быць выкарыстаны ў праграмах развіцця, якія ахопліваюць усіх жыхароў, а ў першую чаргу — самых бедных. 14. У той жа час з болем трэба сцвердзіць, што трывожна павялічваюцца выдаткі на ваенныя мэты, а гандаль зброяй прыносіць усё большыя прыбыткі. Адначасова ў мёртвым пункце, пры амаль агульнай абыякавасці, затрымаўся распачаты Міжнароднай супольнасцю палітычны і юрыдычны працэс, скіраваны на раззбраенне. Ці магчыма мірная будучыня, калі па-ранейшаму інвестуецца вытворчасць зброі і шырокія даследаванні па яе ўдасканальванні? З глыбіні сэрца выказваю пажаданне, каб Міжнародная супольнасць здолела праявіць мужнасць і мудрасць, пераканаўча і згодна вярнуцца да праблемы раззбраення, канкрэтна рэалізуючы права кожнага чалавека і кожнай нацыі на мірнае жыццё. Імкнучыся захаваць дабро міру, розныя інстытуты Міжнароднай супольнасці змогуць вярнуць страчаны аўтарытэт, неабходны для таго, каб іх ініцыятывы былі пераканаўчымі і значнымі. 15. Рашучае выступленне за раззбраенне прынясе карысць перадусім бедным краінам, якія, атрымаўшы шматлікія абяцанні, справядліва дабіваюцца канкрэтнай рэалізацыі свайго права на развіццё. Гэтае права было ўрачыста пацверджана таксама падчас апошняга Агульнага сабрання Арганізацыі аб’яднаных нацый, якая ў гэтым годзе адзначала 60-годдзе свайго заснавання. Каталіцкі Касцёл, пацвярджаючы свой давер у адносінах да гэтай міжнароднай арганізацыі, жадае ёй інстытутыўнага і аператыўнага аднаўлення, што дазволіць адказваць на разнастайныя патрэбы сённяшняй эпохі, якую характарызуе паўсюдная з’ява глабалізацыі. ААН павінна станавіцца ўсё больш эфектыўным сродкам распаўсюджвання ў свеце каштоўнасцяў справядлівасці, салідарнасці і міру. Са свайго боку Касцёл, верны місіі, атрыманай ад свайго Заснавальніка, усюды нястомна абвяшчае «Евангелле міру». З моцнай упэўненасцю, што ён аказвае неабходную паслугу тым, хто спрыяе ўмацаванню міру, Касцёл нагадвае ўсім, што для таго, каб мір быў сапраўдны і трывалы, ён павінен будавацца на скале праўды пра Бога і праўды пра чалавека. Толькі гэтая праўда можа зрабіць душу ўспрымальнай да справядлівасці, адкрыць яе для салідарнасці, заахвоціць да дзеяння на карысць чалавецтва, па-сапраўднаму свабоднага і салідарнага. Так, толькі праўда пра Бога і пра чалавека з’яўляецца фундаментам сапраўднага міру. 16. На заканчэнне гэтага паслання хацелася б асабліва звярнуцца да веруючых у Хрыста, ізноў паўтараючы заклік да таго, каб яны станавіліся ўважлівымі і адказнымі вучнямі Пана. Дарагія браты і сёстры, услухоўваючыся ў Евангелле, мы вучымся будаваць мір на фундаменце праўды пра штодзённае жыццё, натхнёнае запаведдзю любові. Неабходна, каб кожная супольнасць прымала актыўны ўдзел у велізарнай справе адукацыі і сведчання, каб узрастала ва ўсіх свядомасць таго, наколькі пільнай з’яўляецца патрэба ўсё больш глыбокага адкрыцця праўды пра мір. Я прашу таксама ўзмацніць малітвы, бо мір — гэта перадусім дар Бога, аб якім трэба нястомна прасіць. Дзякуючы Божай дапамозе абвяшчэнне праўды пра мір і сведчанне аб гэтай праўдзе напэўна стане больш пераканаўчым і светланосным. З даверам і сыноўскай адданасцю скіруем наш позірк на Марыю, Маці Валадара Міру. На пачатку гэтага новага года будзем прасіць Яе, каб дапамагала ўсяму Божаму народу ў любой сітуацыі наладжваць мір і дазваляць, каб асвячала яго Праўда, якая вызваляе (пар. Ян 8, 32). Няхай праз Яе заступніцтва чалавецтва ўсё больш цэніць гэтае фундаментальнае дабро і ўключаецца ў справу яго ўмацавання ў свеце, каб наступным пакаленням перадаць больш спакойную і пэўную будучыню.
|
|
Адноўлена 14.07.2009 11:38 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.