Пасланне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI з нагоды XL Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі |
Сродкі масавай інфармацыі: Дарагія браты і сёстры, 1. У сувязі з саракавою гадавінаю завяршэння Другога Ватыканскага Сабору я з радасцю хачу нагадаць прыняты на ім Дэкрэт пра сродкі сацыяльнай камунікацыі Inter mirifica, дзе, у прыватнасці, падкрэсліваецца вялікая сіла сродкаў масавай інфармацыі, з якой яны ўплываюць на ўсё чалавечае грамадства. Неабходнасць збалансаванага выкарыстання гэтай сілы на карысць усяго чалавецтва падштурхнула мяне коратка паразважаць у маім першым пасланні з нагоды Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі над ідэяй сродкаў масавай інфармацыі як сеткі, якая спрыяе камунікацыі, яднанню і супрацоўніцтву. Святы Павел у Пасланні да Эфесцаў яскрава апісвае нашае чалавечае пакліканне «стаць удзельнікамі боскай натуры» (Dei verbum, 2): праз Хрыста мы ў адным Духу маем доступ да Айца, таму мы ўжо не чужынцы і не прыхадні, але суграмадзяне з усімі святымі і члены Божай сям’і, якая становіцца святою святыняю, жыллём Бога (пар. Эф 2, 18-22). Гэта вельмі дакладная выява жыцця адзінства ахоплівае ўсе аспекты нашага жыцця як хрысціянаў. Заклік з вернасцю прыняць Бога, які сябе самога ўдзяляе ў Хрысце, — гэта заклік да прызнання Яго дынамічнай сілы ўнутры нас, што імкнецца да таго, каб распаўсюдзіцца на іншых, каб гэтая любоў сапраўды магла стаць актуальнаю мераю свету (пар. Гамілія на Сусветны дзень моладзі, Кёльн, 21 жніўня 2005 г.). 2. Тэхнічны прагрэс у сферы сродкаў масавай інфармацыі ў пэўным сэнсе пераадолеў час і прастору, робячы магчымымі маментальныя і непасрэдныя зносіны паміж людзьмі нават на вельмі вялікай адлегласці. Гэтае развіццё з’яўляецца моцным патэнцыялам у служэнні агульнаму дабру і «багаццем, якое неабходна захоўваць і падтрымліваць» (Хуткае развіццё, 10). Аднак усім нам добра вядома, што наш свет далёкі ад дасканаласці. Кожны дзень мы пераконваемся ў тым, што непасрэдная сувязь камунікацыі зусім не абавязкова спрыяе супрацоўніцтву і яднанню ў грамадстве. Асвятляць сумленні паасобных людзей і дапамагаць ім у фармаванні ўласнай думкі ніколі не можа быць нейтральнаю задачаю. Сапраўдная камунікацыя патрабуе прынцыповай адвагі і непахіснай рашучасці. Гэта патрабуе вызначанасці ад тых, хто працуе ў сферы масавай інфармацыі, каб не даць сябе заваліць вялізным аб’ёмам інфармацыі, але і не здавольвацца частковаю ці часоваю праўдаю. Замест гэтага неабходна шукаць і перадаваць тое, што з’яўляецца асноўным і зыходным сэнсам чалавечага існавання: асабістага і сацыяльнага (пар. Fides et Ratio, 5). Такім чынам сродкі масавай інфармацыі могуць зрабіць канструктыўны ўнёсак у развіццё ўсяго таго, што з’яўляецца дабром і праўдай. 3. Заклік да сённяшніх сродкаў масавай інфармацыі быць адказнымі — быць у першых шэрагах змагароў за праўду і такім чынам спрыяць умацаванню міра — звязаны з многімі выклікамі. Хоць разнастайныя сродкі сацыяльнай камунікацыі аблягчаюць абмен інфармацыяй, думкамі і ўзаемаразуменне паміж супольнасцямі, яны маюць у сабе і пэўную неадназначнасць. Сродкі масавай інфармацыі, што з’яўляюцца «вялікім круглым сталом» для дыялогу, маюць некаторыя тэндэнцыі да стварэння своеасаблівай монакультуры, якая абмяжоўвае творчы дух, нівелюе вытанчанасць складанай думкі, прыніжае значэнне самабытнасці культурных звычаяў і адметнасці рэлігійных вераванняў. Гэтыя скажэнні ўзнікаюць тады, калі індустрыя масавай інфармацыі становіцца прыладаю самарэкламы ці кіруецца выключна меркаваннямі прыбытку, губляючы ў гэты момант пачуцце адказнасці за агульнае дабро. Таму трэба заўсёды заклікаць да дакладнага адлюстравання падзеяў, да ўсебаковага асвятлення пытанняў грамадскага інтарэсу, да сумленнага азнаямлення з усімі рознымі пунктамі гледжання. Надзвычай важна падтрымліваць і надаваць вялікае значэнне сужэнству і сям’і, паколькі яны датычаць асноваў кожнай культуры і кожнага грамадства (cf. Apostolicam Actuositatem, 11). Ва ўзаемадзеянні з бацькамі сродкі сацыяльнай камунікацыі і індустрыя забаваў могуць дапамагчы рэалізаваць гэтае складанае пакліканне, якое разам з тым прыносіць і найбольшае задавальненне — пакліканне выхавання дзяцей, — падаючы павучальныя прыклады чалавечага жыцця і любові (пар. Inter mirifica, 11). Як жа непрыемна і шкодна для ўсіх нас, калі адбываецца адваротнае! Ці ж не баліць нам сэрца перадусім тады, калі наша моладзь трапляе пад уздзеянне зняважлівых і фальшывых праяваў любові, якімі высмейваецца годнасць, дадзеная Богам кожнай чалавечай асобе, і ставяцца пад пагрозу інтарэсы сям’і? 4. Каб заахвоціць да канструктыўнай прысутнасці і станоўчага ўспрымання сродкаў масавай інфармацыі ў грамадстве, я жадаю паўтарыць пра важнасць трох этапаў, вылучаных маім шаноўным Папярэднікам Янам Паўлам ІІ, неабходных для іх служэння агульнаму дабру: выхаванне, удзел і дыялог (Хуткае развіццё, 11) Выхаванне адказнага і крытычнага выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі дапамагае людзям карыстацца імі разумна і належным чынам. Нельга недаацэньваць глыбокі ўплыў на розумы новых словаў і вобразаў, якія сродкі інфармацыі, асабліва электронныя, з такою лёгкасцю нясуць у грамадства. Менавіта таму, што сучасныя сродкі масавай інфармацыі фармуюць папулярную культуру, яны не павінны паддавацца спакусе маніпуляваць, асабліва моладдзю, а наадварот, павінны кіравацца жаданнем выхоўваць і служыць. На гэтым шляху яны змогуць абараніць, а не разбурыць структуру грамадзянскай супольнасці, годнай чалавечай асобы. Удзел у сродках масавай інфармацыі, якія з’яўляюцца дабром, прызначаным для ўсіх, вынікае з самой іх натуры. Як грамадскай службе, сацыяльнай камунікацыі патрэбны дух супрацоўніцтва і сумеснай адказнасці, адзначанай павышанай увагаю да выкарыстання грамадскіх рэсурсаў і да выканання грамадскіх абавязкаў (гл. Этыка ў камунікацыі, 20), уключна са зваротам да рэгулюючых нормаў або структураў, прызначаных для гэтай мэты. Нарэшце, сродкі масавай інфармацыі павінны прызнаць і выкарыстаць тыя вялікія магчымасці, якія дае ім развіццё дыялогу, культурнага абмену, праяваў салідарнасці і барацьбы за мір. Такім чынам яны стануць уплывовым і прызнаным сродкам для пабудовы цывілізацыі любові — імкнення ўсіх народаў. Я ўпэўнены, што сур’ёзныя намаганні для паспяховага праходжання гэтых трох этапаў паспрыяюць правільнаму развіццю сродкаў масавай інфармацыі ў якасці сеткі камунікацыі, яднання і супрацоўніцтва, якая дапаможа мужчынам, жанчынам і дзецям лепш усведамляць сабе годнасць чалавечай асобы, станавіцца больш адказнымі і больш адкрытымі для іншых, асабліва для тых, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе і для найменш абароненых прадстаўнікоў грамадства (пар. Redemptor hominis, 15; Этыка ў камунікацыі, 4). У заключэнні я вяртаюся да словаў заахвочвання святога Паўла: Хрыстус — наш супакой. У Ім мы ўсе адно (пар. Эф 2, 14). Разбурым жа разам муры падзелаў і варожасці ды пабудуем супольнасць любові, згодна з задумаю Стварыцеля, аб’яўленай праз Яго Сына! Ватыкан, 24 студзеня 2006 г., ва ўспамін св. Францішка Сальскага. BENEDICTUS PP. XVI Пераклад рэдакцыі часопіса “Ave Maria”
|
Адноўлена 14.07.2009 11:42 |