Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI на XIV Сусветны дзень хворага

Дарагія браты і сёстры,

11 лютага 2006 г., у дзень успаміну Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, адбудзецца XIV Сусветны дзень хворага. У мінулым годзе такі Дзень праходзіў у марыйным санктуарыі Мволье ў Яундэ, і з гэтай нагоды вернікі і іх пастыры ад імя ўсяго афрыканскага кантынента ізноў пацвердзілі свой пастырскі клопат пра хворых. Наступны Дзень пройдзе ў Адэлаідзе ў Аўстраліі, і там кульмінацыяй усіх мерапрыемстваў стане цэлебрацыя Эўхарыстыі ў катэдры святога Францішка Ксавэрыя, які быў нястомным місіянерам народаў Усходу. З гэтай нагоды Касцёл мае намер з асаблівым клопатам звярнуцца да тых, хто церпіць, і зноў прыцягнуць увагу грамадскай думкі да праблемаў, звязаных з псіхічнымі захворваннямі, ад якіх пакутуе пятая частка чалавецтва, у сувязі з чым яны патрабуюць неадкладных медыцынска-сацыяльных захадаў. Памятаючы пра ўвагу, з якою мой шаноўны Папярэднік Ян Павел ІІ ставіўся да гэтага штогадовага мерапрыемства, я таксама, дарагія браты і сёстры, хацеў бы духоўна прысутнічаць на Сусветным дні хворага, каб разам з удзельнікамі ўважліва разгледзець становішча псіхічна хворых людзей у свеце і заахвоціць касцёльныя супольнасці да дзейнасці дзеля сведчання ім пра ласкавую міласэрнасць Пана.

У многіх краінах пакуль няма адпаведнага заканадаўства ў гэтай сферы, а ў іншых адсутнічае канкрэтная палітыка ў галіне псіхічнага здароўя. Неабходна таксама адзначыць, што працяглыя ўзброеныя канфлікты ў розных рэгіёнах свету, наступствы жахлівых прыродных катастрофаў, распаўсюджванне тэрарызму акрамя таго, што забіраюць шмат ахвяраў, для многіх з тых, хто выжыў, з’яўляюцца прычынаю псіхічных траўмаў, якія вельмі цяжка паддаюцца лячэнню. У эканамічна развітых краінах узнікненне новых формаў псіхічных расстройстваў спецыялісты звязваюць з негатыўнымі наступствамі крызісу маральных каштоўнасцяў. Гэта павялічвае пачуццё самотнасці, аслабляючы і разбураючы традыцыйныя формы суіснавання ў грамадстве, пачаўшы з інстытута сям’і, выключаючы з жыцця хворых, асабліва псіхічна хворых, да якіх часта ставяцца як да цяжару для сям’і і для супольнасці. Тут я хачу аддаць належнае ўсім тым, хто па-рознаму і на розных узроўнях спрыяе таму, каб дух салідарнасці не заняпаў, але каб умацоўваўся ў клопаце пра нашых братоў і сясцёр, натхняючыся гуманістычнымі і евангельскімі ідэаламі і прынцыпамі.

У сувязі з гэтым я падтрымліваю кожнага, хто прыкладвае свае намаганні для таго, каб кожны псіхічна хворы мог атрымаць неабходнае лячэнне. На жаль, у многіх частках свету службы, прызначаныя для такіх хворых, адсутнічаюць, з’яўляюцца недастатковымі або знаходзяцца ў занядбаным стане. Сацыяльнае асяроддзе не заўсёды прымае псіхічна хворых людзей з іх абмежаванасцю, і з гэтай прычыны таксама бывае цяжка знайсці неабходныя чалавечыя рэсурсы і матэрыяльныя сродкі. Адчуваецца неабходнасць лепшага ўзаемадапаўнення двух падыходаў: адпаведнай тэрапіі і новай спагадлівасці перад абліччам хваробы, такім чынам, каб дазволіць тым, хто працуе ў гэтай сферы, больш эфектыўна выйсці насустрач хворым і іх сем’ям, якія самі па сабе не могуць належным чынам даглядаць сваіх блізкіх, што апынуліся ў цяжкім становішчы. Надыходзячы Сусветны дзень хворага — гэта добрая нагода для таго, каб праявіць салідарнасць з сем’ямі, якія маюць на ўтрыманні псіхічна хворых.

Цяпер я хачу звярнуцца да вас, дарагія браты і сёстры, якія церпіце ад хваробы, каб заклікаць вас разам з Хрыстом ахвяраваць ваш цяжкі стан і цярпенне Айцу з упэўненасцю, што любое выпрабаванне, прынятае з пакораю, заслугоўвае і прыносіць Божую ласку ўсяму чалавецтву. Я выказваю маю ўдзячнасць тым, хто дапамагае вам у спецыялізаваных цэнтрах, дзённых стацыянарах, у дыягнастычных і лячэбных аддзяленнях, і заклікаю іх прыкладаць усе намаганні, каб тыя, хто ў патрэбе, ніколі не засталіся без медыцынскай, сацыяльнай і пастырскай дапамогі, якая не парушае годнасці, уласцівай кожнай чалавечай істоце. Касцёл, асабліва праз служэнне капеланаў, не пакіне вас без сваёй дапамогі, усведамляючы сваё пакліканне абвяшчаць любоў і клопат Хрыста ў адносінах да тых, хто пакутуе, і тых, хто імі апякуецца. Душпастыраў, супольнасці і валанцёрскія арганізацыі я прашу падтрымліваць канкрэтнымі захадамі і ініцыятывамі сем’і, якія маюць на ўтрыманні псіхічна хворых. Я жадаю, каб у адносінах да іх развівалася і распаўсюджвалася культура прымаць і дзяліцца, дзякуючы ў роўнай ступені адпаведным законам і медыцынскім мерапрыемствам, для якіх будзе прадугледжана дастатковае забеспячэнне, каб яны мелі канкрэтнае прымяненне. Як жа неабходна займацца падрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі персанала, які працуе ў такім далікатным сектары грамадства! Кожны хрысціянін у адпаведнасці са сваім уласным заданнем і асабістай адказнасцю пакліканы зрабіць свой унёсак у тое, каб была прызнаная, шанаваная і ўзвялічаная годнасць гэтых нашых братоў і сясцёр. Duc in altum! (Выплыві на глыбіню!) Гэты заклік Хрыста да Пятра і апосталаў я скіроўваю да касцёльных супольнасцяў ва ўсім свеце і асабліва да тых, хто прысвячае сябе служэнню хворым, каб яны з дапамогаю Марыі — Salus infirmorum (Аздараўлення хворых) — сведчылі пра дабрыню і айцоўскі клопат Бога. Няхай Найсвяцейшая Панна ўмацоўвае тых, хто пакутуе ад хваробы, і падтрымлівае тых, хто, як добры самарытанін, аблягчае іх цялеснае і духоўнае цярпенне. Абяцаю пра кожнага памятаць у малітве і з радасцю ўдзяляю ўсім маё благаслаўленне.

Ватыкан, 8 снежня 2005 г.

BENEDICTUS PP. XVI

Пераклад рэдакцыі часопіса “Ave Maria”
Адноўлена 14.07.2009 11:43
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.