Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Бэнэдыкта ХVІ на 43 Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях 7 мая 2006 года

Шаноўныя браты ў біскупстве,
дарагія браты і сёстры,

цэлебрацыя чарговага Сусветнага дня малітваў аб пакліканнях стане для мяне нагодай для таго, каб запрасіць увесь народ Божы паразважаць на тэму «Пакліканне ў таямніцы Касцёла». Святы апостал Павел піша: «Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові» (Эф 1, 3-5). Яшчэ да стварэння свету, да таго як мы пачалі існаваць, Айцец Нябесны выбраў нас асабіста і заклікаў увайсці ў сыноўнюю сувязь з Ім праз Езуса, Уцелаўлёнае Слова, пад натхненнем Духа Святога. Аддаючы за нас жыццё, Езус увёў нас у таямніцу любові Айца. У таямніцу гэтай любові, якая цалкам ахоплівае Езуса і якую Ён ахвяруе кожнаму з нас. Такім чынам, з’яднаныя з Езусам — Галавою — мы ўтвараем адно цела, якім ёсць Касцёл.

Дзве тысячы гадоў гісторыі, якая мінула з часу падзей Езуса, стала прычынаю таго, што цяжка заўважаць навізну захапляльнага Божага ўсынаўлення, якое знаходзіцца ў цэнтры навучання св. Паўла. Апостал нагадвае нам, што Бог Айцец «дазволіў нам пазнаць таямніцу сваёй волі.., каб аб’яднаць усё ў Хрысце» (Эф 1, 9-10). І з энтузіязмам дадае: «Мы ведаем, што тым, хто любіць Бога — пакліканым па Яго пастанове — усё садзейнічае дзеля дабра іхняга. Бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прадвызначыў быць падобным да вобраза Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі» (Рым 8, 28-29). Гэта сапраўды захапляльная перспектыва: мы пакліканыя для таго, каб жыць як браты і сёстры Езуса, каб лічыць сябе сынамі і дочкамі аднаго і таго ж Айца. Гэта дар, які пераўзыходзіць усялякія проста чалавечыя ідэі або надзеі. Вызнанне праўдзівай веры адкрывае нашыя думкі і сэрцы на невычэрпную таямніцу Бога, якая пранізвае быццё чалавека. У святле гэтай таямніцы якой жа цяпер смутнай выглядае вельмі вялікая спакуса, каб лічыць сябе самадастатковымі людзьмі аж да закрыцця на таямнічы план Бога адносна нас. Любоў Айца, якая аб’яўляецца ў асобе Хрыста, становіцца для нас заклікам.

Каб адказаць на Божы заклік і распачаць яго рэалізацыю, мы не павінны ўжо цяпер быць дасканалымі. Мы ведаем, што ўсведамленне ўласнага граху дазволіла марнатраўнаму сыну вярнуцца і перажыць такім чынам радасць паяднання з Айцом. Аднак слабасць і чалавечая абмежаванасць не з’яўляюцца перашкодаю пры ўмове, што яны дапамагаюць нам больш усведамляць тое, што нам патрэбна адкупленчая ласка Хрыста. Менавіта такім ёсць вопыт св. Паўла, які гаворыць: «Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста» (2 Кар 12, 9). У таямніцы Касцёла, містычнага Цела Хрыста, сіла Божай любові мяняе сэрца чалавека, робячы яго здольным перадаваць любоў бліжняму. На працягу стагоддзяў шмат мужчын і жанчын, змененых Божаю любоўю, ахвяравалі сваё жыццё для справы Божага Валадарства. Ужо на беразе Галілейскага возера шмат людзей дазволіла Езусу здабыць сябе. Яны шукалі аздараўлення цела і душы і былі ахопленыя сілаю Яго ласкі. Іншыя былі асабіста выбраныя Ім і сталі Яго апосталамі. Ёсць таксама такія асобы, як Марыя Магдалена і іншыя жанчыны, якія ішлі за Ім па ўласнай ініцыятыве, ішлі таму, што любілі. Яны таксама — нароўні з св. Янам — займалі асаблівае месца ў Яго сэрцы. Гэтыя мужчыны і гэтыя жанчыны, дзякуючы Хрысту, пазналі таямніцу любові Айца і прадстаўляюць разнастайнасць пакліканняў, прысутных у Касцёле з самага пачатку. Прыкладам кагосьці, пакліканага да сведчання асаблівым чынам пра любоў Бога, з’яўляецца Марыя, Маці Езуса, якая непасрэдна ўдзельнічала ў Яго пілігрымцы веры і ў таямніцы Уцелаўлення і Адкуплення.

У Хрысце, Галаве Касцёла, які ёсць Яго Целам, усе хрысціяне ўтвараюць выбранае племя, каралеўскае святарства, святы народ, або народ, прызначаны на ўласнасць Богу, каб абвяшчаць справы велічы таго, хто нас паклікаў з цемры да сапраўднага святла (пар. 1 П 2, 9). Касцёл з’яўляецца святым нягледзячы на тое, што яго члены патрабуюць ачышчэння, каб святасць — як дар Бога — магла ў іх заззяць поўным святлом. Другі Ватыканскі Сабор паказвае паўсюднае пакліканне да святасці, сцвярджаючы, што «вызнаўцы Хрыста, пакліканыя Богам і апраўданыя ў Пане Езусе не па сваім учынкам, але паводле Божай пастановы і ласкі, у хросце веры сталі сапраўднымі сынамі Божымі і ўдзельнікамі Боскай натуры, а праз гэта сапраўды святымі» (Lumen gentium, 40).

У межах гэтага паўсюднага паклікання Хрыстус — Найвышэйшы Святар, — клапоцячыся пра Касцёл, у кожным пакаленні кліча асобаў, якія будуць клапаціцца пра Яго народ. Асаблівым чынам Ён кліча да святарскага служэння тых, хто павінен спаўняць бацькоўскую функцыю, крыніцай якой з’яўляецца бацькоўства самога Бога (пар. Эф 3, 14). Місію святара ў Касцёле немагчыма замяніць. Нягледзячы на тое, што ў некаторых рэгіёнах можам назіраць невялікую колькасць святароў, мы ніколі не павінны губляць упэўненасці ў тым, што Хрыстус надалей заклікае людзей, якія, як Апосталы, пакідаюць усё, каб цалкам аддаць сябе цэлебрацыі святых таямніцаў, абвяшчэнню Евангелля і душпастырскаму служэнню. У адгартацыі «Pastores dabo vobis» мой шаноўны папярэднік Ян Павел ІІ напісаў так: «Сувязь святара з Езусам Хрыстом, а ў Ім — з Яго Касцёлам, заключана ў самім факце быцця святаром моцаю кансэкрацыі — сакрамэнтальнага намашчэння, і ў святарскім дзеянні, г. зн. у місіі і служэнні. Пасвечаны святар асаблівым чынам з’яўляецца слугою Хрыста, прысутнага ў Касцёле як таямніцы, камуніі і місіі. Праз удзел у намашчэнні, а таксама ў місіі Хрыста святар можа працягваць у Касцёле Яго малітву, Яго слова, Яго ахвяру, Яго збаўчую дзейнасць. Святар з’яўляецца слугой Касцёла — таямніцы, бо здзяйсняе касцёльныя і сакрамэнтальныя знакі прысутнасці Хрыста Уваскрослага» (PDV, 16).

Другім сярод спецыяльных пакліканняў, якія займаюць важнае месца ў Касцёле, з’яўляецца пакліканне да кансэкраванага жыцця. Па прыкладзе Марыі з Бэтаніі, якая «села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы» (Лк 10, 39), шмат мужчын і жанчын вырашаюць цалкам і выключна пайсці за Хрыстом. Кансэкраваныя асобы спаўняюць шмат відаў служэння ў сферы выхавання, клопату пра бедных, навучання ці апекі над хворымі, аднак гэтыя формы актыўнасці яны не ўспрымаюць як галоўную мэту свайго жыцця, бо, як падкрэслівае Кодэкс Кананічнага Права, «першым і галоўным абавязкам усіх кансэкраваных асобаў з’яўляецца сузіранне Божых праўдаў і пастаяннае яднанне з Богам у малітве» (кан. 663, § 1). У сваёй Апостальскай адгартацыі «Vita consecrata» Ян Павел ІІ указвае на тое, што «ў традыцыі Касцёла манаская кансэкрацыя ўспрымаецца як асаблівае і плённае паглыбленне хрысцільнай кансэкрацыі, калі праз гэтую кансэкрацыю асабістае з’яднанне з Хрыстом, распачатае ўжо ў святым хросце, развіваецца як дар яшчэ больш поўна, выражаецца і рэалізуецца праз жыццё паводле евангельскіх парадаў» (VC, 30).

Памятаючы пра настаўленне Езуса: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 37), мы глыбока адчуваем неабходнасць малітвы аб пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця. Нас не здзіўляе, што там, дзе людзі шчыра моляцца, назіраем росквіт пакліканняў. Святасць Касцёла больш за ўсё залежыць ад паяднання з Хрыстом і ад адкрытасці на таямніцу ласкі, якая дзейнічае ў сэрцах веруючых. Менавіта таму я жадаю запрасіць усіх веруючых развіваць паглыбленую сувязь з Хрыстом, Настаўнікам і Пастырам свайго народа, наследуючы Марыю, якая захоўвала ў сваім сэрцы Божыя таямніцы і ўважліва іх разважала (пар. Лк 2, 20). Разам з Тою, якая займае цэнтральнае месца ў Касцёле, будзем маліцца:

Ойча, учыні, каб сярод хрысціянаў
квітнелі шматлікія і святыя пакліканні да святарства,
якія будуць падтрымліваць жывую веру
і берагчы ўдзячную памяць пра Твайго Сына Езуса
праз абвяшчэнне Яго слова
і здзяйсненне сакрамэнтаў,
з дапамогай якіх Ты нястомна ажыўляеш сваіх вернікаў.
Дай нам святых эканомаў Твайго алтара,
якія будуць мудрымі і палкімі вартаўнікамі Эўхарыстыі —
сакрамэнту найвышэйшага дару Хрыста
для збаўлення свету.
Кліч слугаў Тваёй міласэрнасці,
якія праз сакрамэнт паяднання
будуць распаўсюджваць радасць ад Твайго прабачэння.
Пане, учыні, каб Касцёл прымаў з радасцю
шматлікія натхненні Духа Твайго Сына
і, паслухмяны Яго ўказанням,
клапаціўся пра пакліканні да святарства
і да кансэкраванага жыцця.
Падтрымлівай біскупаў, святароў і дыяканаў,
кансэкраваных асобаў і ўсіх ахрышчаных у Хрысце,
каб яны верна спаўнялі сваю місію
ў служэнні Евангеллю.
Просім аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Марыя, Каралева Апосталаў, маліся за нас!

 
Ватыкан, 5 сакавіка 2006 г.

Пераклад рэдакцыі часопіса “Ave Maria”
Адноўлена 14.07.2009 11:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.