Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by

Фрагменты з Паслання Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру 1 студзеня 2007 г.


Чалавечая асоба — сэрца міру

На пачатку новага года я хацеў бы звярнуцца да кіраўнікоў народаў і адказных за іх, а таксама да ўсіх людзей добрай волі з пажаданнем міру. Гэтае пажаданне я скіроўваю перадусім да тых, хто пакутуе ад болю і цярпенняў, да тых, каму пагражае насілле і моц зброі, а таксама да тых, хто, пазбаўлены ўсялякай годнасці, чакае, што яго ацэняць належным чынам на чалавечым і грамадскім узроўні. Скіроўваю гэтае пажаданне да дзяцей, нявіннасць якіх узбагачае чалавецтва дабрынёю і надзеяй, а іх цярпенне схіляе ўсіх нас да таго, каб мы спрыялі ўсталяванню справядлівасці і міру. Менавіта з думкаю пра дзяцей, асабліва пра тых, чыя будучыня знаходзіцца пад пагрозай з-за эксплуатацыі і зла з боку дарослых, якія не адчуваюць дакораў сумлення, я жадаў бы з нагоды Сусветнага дня міру засяродзіць увагу ўсіх на тэме: «Чалавечая асоба — сэрца міру». Бо я ўпэўнены, што, калі мы шануем асобу, умацоўваецца мір, а калі мы нясем мір, то ствараем перспектывы для сапраўднага, інтэгральнага гуманізму. Такім чынам мы рыхтуем мірную будучыню для наступных пакаленняў.

Чалавечая асоба і мір — дар і заданне

У Святым Пісанні гаворыцца: «І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну» (Быц 1, 27). Чалавек мае годнасць асобы, паколькі быў створаны паводле вобразу Божага; ён не толькі «штосьці», але «хтосьці», здольны пазнаваць сябе самога, панаваць над сабою, свабодна прыносіць сябе ў дар і ствараць супольнасць з іншымі асобамі. Адначасова праз ласку ён пакліканы жыць у запавеце са сваім Творцам, даваць Яму адказ веры і любові, які ніхто за яго не можа даць (пар. ККК, 357). У гэтай цудоўнай перспектыве становіцца зразумелым заданне, якое было даручана чалавечай істоце: яна павінна сталець у здольнасці любіць і садзейнічаць прагрэсу свету, а таксама яго аднаўленню ў справядлівасці і міры. Святы Аўгустын у лаканічным сцвярджэнні навучае: «Бог, які нас стварыў без нашага ўдзелу, не жадаў збавіць нас без нас саміх» (Прамова 169, 11, 13: PL 38, 923). Такім чынам, чалавечыя істоты павінны развіваць у сабе свядомасць гэтага падвойнага вымярэння — дару і задання.

Таксама мір з’яўляецца адначасова дарам і заданнем. Калі праўда тое, што мір паміж паасобнымі людзьмі і народамі, здольнасць жыць побач у справядлівасці і салідарнасці, патрабуе няспынных намаганняў, то праўда таксама і ў тым — можа, нават у большай ступені, — што мір з’яўляецца дарам Бога.
(...)

Права на жыццё і рэлігійную свабоду

Абавязак шанавання годнасці кожнай чалавечай істоты, у натуры якой адлюстроўваецца вобраз Творцы, у выніку азначае, што нельга распараджацца асобаю па ўласнай волі. Той, хто мае найбольшую палітычную, тэхнічную, эканамічную ўладу, не павінен выкарыстоўваць яе для парушэння правоў іншых людзей, якія знаходзяцца ў менш выгодным становішчы. Бо на пашане да правоў усіх людзей будуецца мір. Усведамляючы гэта, Касцёл абараняе асноўныя правы кожнага чалавека. Асабліва дабіваецца ён пашаны да жыцця і рэлігійнай свабоды кожнага чалавека.

Шанаванне права на жыццё на кожным яго этапе мае вырашальнае значэнне: жыццё з’яўляецца дарам, якім суб’ект поўнасцю не распараджаецца. Таксама і забеспячэнне права на рэлігійную свабоду ставіць чалавечую істоту ў суадносіны да трансцэндэнтнага Пачатку (Principium), які выключае яе з чалавечага распараджэння. Права на жыццё і на свабоднае вызнаванне ўласнай веры ў Бога не падлягае ўладзе чалавека. Для міра патрэбна ўсталяваць межы паміж тым, чым можна, а чым нельга распараджацца: так мы зможам пазбегнуць недапушчальнага ўмяшальніцтва ў гэтую спадчыну каштоўнасцяў, якая належыць толькі чалавеку.

Калі гаворка ідзе пра права на жыццё, трэба выразна сцвердзіць, што ў нашым грамадстве адбываецца знішчэнне жыцця: побач з ахвярамі ўзброеных канфліктаў, тэрарызму і разнастайных формаў насілля ёсць ахвяры ціхай смерці з прычыны голаду, абортаў, вопытаў на эмбрыёнах і эўтаназіі. Як можна не бачыць, што ўсё гэта з’яўляецца пагрозай для міру? Аборты і вопыты на эмбрыёнах з’яўляюцца прамой супрацьлегласцю пазіцыі адкрытасці на іншага, што з’яўляецца неабходным для стварэння трывалых мірных адносінаў. Калі ж гаворка ідзе пра свабоду вызнавання ўласнай веры, праявай адсутнасці міру ў свеце з’яўляюцца цяжкасці, якія хрысціяне і вызнаўцы іншых рэлігій часта зведваюць у публічным і свабодным вызнаванні сваіх рэлігійных поглядаў. Кажучы менавіта пра хрысціянаў, я з болем вымушаны звярнуць увагу на тое, што яны часам не толькі сутыкаюцца з перашкодамі; у некаторых грамадствах іх пераследуюць, а зусім нядаўна мелі месца трагічныя выпадкі жорсткага насілля. Існуюць рэжымы, якія навязваюць усім адну рэлігію, а рэжымы абыякавыя выкарыстоўваюць не столькі агрэсіўны пераслед, а сістэматычнае культурнае высмейванне рэлігійных поглядаў. У кожным выпадку не захоўваецца асноватворнае права чалавека, што мае сур’ёзныя наступствы для мірнага суіснавання. Такім чынам распаўсюджваюцца толькі ментальнасць і культура, варожыя міру.
(...)

«Экалогія міру»

Ян Павел ІІ піша ў энцыкліцы Centesimus annus: «Не толькі зямля была дадзена чалавеку Богам, каб ён карыстаўся ёю з пашанай да першапачаткова запланаванага дабра, для якога яна была дадзена яму, але таксама сам для сябе чалавек з’яўляецца дарам, атрыманым ад Бога, і таму ён павінен паважаць натуральную і маральную структуру, якою быў надзелены» (пар. Ліст да біскупаў Каталіцкага Касцёла на тэму супрацоўніцтва мужчыны і жанчыны ў Касцёле і ў свеце, 31 мая 2004 г., 38). У адказ на гэты дар, даручаны яму Творцам, чалавек, разам з сабе падобнымі, можа фармаваць свет супакою. Такім чынам, побач з экалогіяй прыроды існуе экалогія, якую можна назваць «чалавечай» і якая ў сваю чаргу патрабуе «грамадскай экалогіі». Гэта азначае, што чалавецтва, калі яно імкнецца да супакою, павінна звяртаць усё большую ўвагу на сувязі, якія існуюць паміж натуральнай экалогіяй — гэта значыць пашанай да прыроды — і чалавечай экалогіяй. Вопыт паказвае, што любыя адносіны пры адсутнасці павагі да навакольнага асяроддзя прыносяць шкоду адносінам паміж людзьмі, і наадварот. Усё больш выразна праяўляецца непарыўная сувязь паміж мірам са створаным светам і мірам паміж людзьмі. Адзін і другі патрабуюць міру паміж чалавекам і Богам. Верш-малітва святога Францішка, вядомы як «Гімн брату Сонцу», — цудоўны і заўсёды актуальны прыклад гэтай разнастайнай экалогіі супакою.
(...)

Рэдукаванае бачанне чалавека

Таму, нягледзячы на цяжкасці і міжнародныя напружанні, якія існуюць у цяперашні час, неабходна прыкладаць намаганні на карысць чалавечай экалогіі, якая спрыяе ўзрастанню «дрэва» міру. Прыкладам для дзеянняў у гэтым напрамку павінна быць бачанне асобы, не абцяжаранае ідэалагічнымі і культурнымі прадузятасцямі альбо палітычнымі і эканамічнымі выгадамі, якія абуджаюць нянавісць і падштурхоўваюць да насілля. Зразумела, што ў розных культурах узнікаюць розныя бачанні чалавека. Аднак нельга дапусціць распаўсюджання антрапалагічных канцэпцый, якія маюць у сабе зачаткі варожасці і насілля. Таксама недапушчальнымі з’яўляюцца канцэпцыі Бога, якія схіляюць да непрыязнасці да бліжніх і да насілля ў адносінах да іх. Гэта неабходна сказаць выразна: ні ў якім выпадку нельга адобрыць вайну ў імя Бога! Калі якая-небудзь канцэпцыя Бога з’яўляецца глебай злачынства, то гэта знак, што такая канцэпцыя ўжо ператварылася ў ідэалогію.

Аднак сёння захаванне міру стала праблемай не толькі з прычыны канфлікту паміж рэдукаванымі бачаннямі чалавека, гэта значыць паміж ідэолагамі. Гэта адбылося таксама з-за абыякавасці да таго, з чаго складаецца сапраўдная натура чалавека. Бо многія сучаснікі адмаўляюць існаванне спецыфічнай чалавечай натуры, у выніку чаго становяцца магчымымі найбольш экстравагантныя інтэрпрэтацыі складаных элементаў чалавечага быцця. Таксама ў гэтым пытанні неабходна выразнасць: «слабое» бачанне асобы, якое дапускае любую эксцэнтрычную канцэпцыю, толькі на першы погляд спрыяе міру. На самай справе яно ўскладняе сапраўдны дыялог і робіць магчымым аўтарытарнае навязванне ідэі, і такім чынам пакідае безабароннай асобу, якая, у выніку, лёгка становіцца ахвярай прыгнёту і насілля.
(...)

Касцёл у абароне трансцэндэнтнасці чалавечай асобы

На заканчэнне жадаю звярнуцца з гарачым заклікам да Божага Народа, каб кожны хрысціянін адчуў, што яго заданне — быць нястомным будаўніком міру і трывалым абаронцам годнасці чалавечай асобы і яе неад’емных правоў. Удзячны Богу за тое, што Ён паклікаў яго быць членам свайго Касцёла, які ў свеце з’яўляецца «знакам і гарантыяй трансцэндэнтнага характару чалавечай асобы» (ІІ Ватыканскі Сабор, Душпастырская канстытуцыя Gaudium et spes, 76), хрысціянін будзе нястомна маліць Яго аб фундаментальным дабры міру, які мае такое вялікае значэнне ў жыцці кожнага. Няхай ганарыцца тым, што са шчодрай адданасцю служыць справе міру, выходзячы насустрач братам, асабліва тым, якія, акрамя ўбоства і нястачы, пазбаўлены гэтага каштоўнага дабра. Езус абвясціў нам, што «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8) і што найвышэйшым пакліканнем кожнай асобы з’яўляецца любоў. У Хрысце мы можам адкрыць найвышэйшыя прычыны для таго, каб стаць рашучымі абаронцамі чалавечай годнасці і мужнымі будаўнікамі супакою.

Няхай жа кожны вернік заўсёды садзейнічае прапагандаванню сапраўднага інтэгральнага гуманізму, у адпаведнасці з навучаннем энцыклік Populorum progressio і Sollicitudo rei socialis, 40-ю і 20-ю гадавіны якіх мы будзем адзначаць у гэтым годзе. Каралеве Супакою, Маці Езуса Хрыста, які з’яўляецца «нашым супакоем» (Эф 2, 14), давяраю сваю гарачую малітву за ўсё чалавецтва на пачатку 2007 года, на які глядзім з поўным надзеі сэрцам, нягледзячы на небяспекі і праблемы. Няхай Марыя ўказвае нам на свайго Сына як на Шлях супакою і напоўніць нашыя вочы святлом, каб мы ўмелі распазнаваць Яго аблічча ў твары кожнай чалавечай асобы, якая з’яўляецца сэрцам супакою.

Адноўлена 14.07.2009 11:52
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.