Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by

Пасланне Папы Бэнэдыкта ХVI на 93-і Сусветны дзень Мігрантаў і Бежанцаў (14 студзеня 2007 г.)

Сям’я ў міграцыі
 
Дарагія браты і сёстры!
 
З нагоды чарговага Сусветнага дня Мігрантаў і Бежанцаў углядаючыся ў Святую Сям’ю з Назарэта — вобраз усіх сем’яў — я хацеў бы запрасіць вас паразважаць пра становішча сям’і ў міграцыі. Святы евангеліст Мацвей апавядае, што неўзабаве пасля нараджэння Езуса Юзаф быў вымушаны ўначы вырушыць у Егіпет, узяўшы з сабою Дзіцятка і Яго Маці, каб уцячы ад пераследу Ірада (пар. Мц 2,13–15). Каментуючы гэты евангельскі тэкст, мой шаноўны Папярэднік Слуга Божы Папа Пій ХІІ у 1952 г. напісаў: «Сям’я з Назарэта ў выгнанні, Езус, Марыя і Юзаф у эміграцыі ў Егіпце, вымушаныя хавацца там ад гневу жорсткага цара, з’яўляюцца ўзорам, прыкладам і падтрымкаю для ўсіх эмігрантаў і пілігрымаў усіх узростаў і з усіх краінаў, усіх бежанцаў, незалежна ад становішча, якія, гнаныя пераследам ці патрэбаю, не маюць іншага выйсця акрамя таго, як пакінуць радзіму, дарагіх родных, блізкіх, любых сяброў і скіравацца ў чужыя краі» (Exsul familia, AAS 44, 1952, 649). У драматычных перажываннях сям’і з Назарэта, вымушанай уцякаць у Егіпет, можна ўбачыць балючае становішча ўсіх мігрантаў, асабліва бежанцаў, выгнаннікаў, эвакуяваных, перамешчаных асобаў, пераследаваных. Мы бачым цяжкасці кожнай сям’і ў міграцыі, нястачы, прыніжэнні, нягоды і няпэўнасць мільёнаў і мільёнаў мігрантаў, бежанцаў і перамешчаных асобаў. Сям’я з Назарэта адлюстроўвае вобраз Божы, які захоўваецца ў сэрцы кожнай чалавечай сям’і, нават знявечанай і аслабленай эміграцыяй.
 
Тэма наступнага Сусветнага дня Мігрантаў і Бежанцаў — «Сям’я ў міграцыі» — з’яўляецца працягам таго, чаму былі прысвечаны гэтыя дні ў 1980, 1986 і 1993 гадах, і павінна яшчэ раз падкрэсліць клопат Касцёла не толькі пра асобных мігрантаў, але таксама пра іх сем’і, якія з’яўляюцца месцам і крыніцаю культуры жыцця і фактарам інтэгравання каштоўнасцяў. Сям’я мігранта сустракаецца са шматлікімі цяжкасцямі. Аддаленасць яе членаў адзін ад аднаго і немагчымасць аб’яднання часта становяцца прычынаю разрыву першасных сувязяў. Узнікаюць новыя адносіны і з’яўляюцца новыя пачуцці, забываецца мінулае і асабістыя абавязкі, для якіх аддаленасць і самотнасць становяцца цяжкім выпрабаваннем. Калі сям’і ў эміграцыі не забяспечваецца рэальная магчымасць далучэння і ўдзелу, цяжка разлічваць на яе гарманічнае развіццё. Міжнародная канвенцыя па абароне правоў усіх работнікаў-мігрантаў і членаў іх сем’яў, якая ўступіла ў дзеянне 1 ліпеня 2003 г., паклікана ўзяць пад апеку работнікаў і работніц-мігрантаў і членаў іх сем’яў. Такім чынам, прызнаецца каштоўнасць сям’і таксама ў тым, што датычыць міграцыі, якая сёння стала структурнаю з’яваю нашага грамадства. Касцёл заклікае да прыняцця міжнародных прававых механізмаў, якія змогуць абараніць правы мігрантаў, бежанцаў і іх сем’яў, і дзякуючы сваім разнастайным установам і асацыяцыям дасць ім тую аброну (advocacy), якая становіцца ўсё больш неабходнаю. З гэтаю мэтаю былі створаныя цэнтры для зваротаў мігрантаў, дамы прыёму, установы дапамогі асобам і сем’ям, а таксама ўзніклі іншыя ініцыятывы для забеспячэння патрэбаў гэтага сектару, якія ўвесь час павялічваюцца.
 
Ужо нямала робіцца дзеля інтэграцыі сем’яў мігрантаў, хоць яшчэ шмат што належыць зрабіць. Існуюць аб’ектыўныя цяжкасці, звязаныя з «абарончымі механізмамі» першага пакалення мігрантаў, якія пагражаюць стаць перашкодаю для далейшага сталення моладзі другога пакалення. Менавіта таму з’яўляюцца неабходнымі заканадаўчыя, прававыя і сацыяльныя захады, якія змогуць аблягчыць гэтую інтэграцыю. У апошні час узрасла колькасць жанчын, якія пакідаюць свае родныя краіны ў пошуках лепшых умоваў жыцця, шукаючы больш шматабяцальных прафесійных перспектываў. Аднак шмат жанчын урэшце становяцца ахвярамі гандлю людзьмі і прастытуцыі. Спрыяючы аб’яднанню сем’яў, сацыяльныя работнікі, у прыватнасці законніцы, могуць служыць пасрэднікамі і такім чынам здзяйсняць служэнне, якое заслугоўвае высокай ацэнкі і ўсё большай пашаны.
 
У тым, што датычыць інтэграцыі сем’яў мігрантаў, я лічу сваім абавязкам звярнуць увагу на сем’і бежанцаў, становішча якіх выглядае горшым, чым яно было раней, таксама ў справе аб’яднання сямейнах ячэек. У месцах іх прабывання да праблемаў арганізацыйнага забеспячэння і асабістых цяжкасцяў, звязаных з траўмамі і эмацыянальным стрэсам у сувязі з перажытымі трагічнымі падзеямі, часам дадаецца небяспека ўцягвання жанчын і дзяцей у сексуальную эксплуатацыю як сродак выжывання. У гэтых выпадках існуе патрэба ўважлівай душпастырскай прысутнасці, якая, акрамя дапамогі, здольнай супакіць сардэчныя раны, забяспечыць падтрымку з боку хрысціянскай супольнасці, што дасць магчымасць аднавіць культуру павагі да любові і зноў адкрыць яе сапраўдную каштоўнасць. Важна заахвочваць унутрана спустошаных людзей да вяртання веры ў саміх сябе. Акрамя таго неабходна зрабіць так, каб былі гарантаваныя правы і годнасць сем’яў і каб яны былі забяспечаныя жыллём у адпаведнасці з іх патрэбамі. З другога боку, трэба прасіць бежанцаў развіваць адкрытыя і станоўчыя адносіны да грамадства, якое іх прымае, праяўляючы актыўную гатоўнасць адказаць на прапановы ўдзельнічаць у супольным будаўніцтве інтэгральнага грамадства, якое будзе «агульным домам» для ўсіх.
 
Існуе катэгорыя мігрантаў, якая заслугоўвае асаблівага разгляду: гэта студэнты з іншых краінаў, якія трапляюць у іншую краіну, не валодаючы ў дастатковай ступені моваю, часам не маюць сяброў і часта недастаткова забяспечаны стыпендыяй. Яшчэ ў больш складаным становішчы знаходзяцца жанатыя студэнты. Праз свае ўстановы Касцёл імкнецца зрабіць менш балючай адсутнасць падтрымкі з боку сям’і гэтых маладых студэнтаў і дапамагае ім інтэгравацца ў гарадах, дзе іх прымаюць, знаходзячы сем’і, гатовыя іх прыняць, і аблягчаючы іх узаемнае знаёмства. Як я ўжо казаў з іншай нагоды, дапамога студэнтам з-за мяжы з’яўляецца «важным накірункам душпастырскай дзейнасці. Сапраўды, маладыя людзі, якія выязджаюць са сваіх краінаў у навучальных мэтах, сустракаюцца са шматлікімі праблемамі і асабліва з небяспекаю страты сваёй тоеснасці» (L’Osservatore Romano, 15 снежня 2005 г.).
 
Дарагія браты і сёстры, няхай Сусветны дзень Мігрантаў і Бежанцаў стане добраю нагодаю для таго, каб звярнуць увагу касцёльных супольнасцяў і грамадскай думкі на патрэбы і праблемы, а таксама на станоўчы патэнцыял сем’яў мігрантаў. Я асабліва звяртаюся ў думках да тых, хто непасрэдна ўключаны ў шырокую з’яву міграцыі, а таксама да тых, хто свае душпастырскія намаганні прысвячае служэнню чалавечаму перамяшчэнню. Словы апостала Паўла caritas Christi urget nos — «любоў Хрыста ахапіла нас» (2 Кар 5, 14) — няхай будуць заахвочаннем да таго, каб служыць перадусім братам і сёстрам, якія знаходзяцца ў найбольшай патрэбе. З такімі пачуццямі я прашу Божай дапамогі для кожнага і з радасцю ўдзяляю ўсім спецыяльнае апостальскае благаслаўленне.
 
Ватыкан, 18 кастрычніка 2006 г.

 

Адноўлена 14.07.2009 11:55
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.