Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Дзеці і сродкі камунікацыі: выклік для выхавання» - Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на 41-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі

Дарагія браты і сёстры,

1. Тэма 41-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі «Дзеці і сродкі камунікацыі: выклік для выхавання» схіляе нас да таго, каб паразважаць над двума надзвычай важнымі аспектамі. Першы з іх — фармацыя дзяцей, а другі — магчыма менш відавочны, але не менш важны — фармацыя сродкаў інфармацыі.

Складаныя выклікі, з якімі непазбежна сутыкаецца сучаснае выхаванне, часта звязаныя з шырокім уплывам, які маюць у нашым свеце сродкі масавай інфармацыі. Як аспект з’явы глабалізацыі, сродкі інфармацыі, якім спрыяе таксама хуткае развіццё тэхналогій, маюць вялікі ўплыў на культурнае асяроддзе (пар. Ян Павел ІІ, Апостальскі ліст «Хуткае развіццё», 3). Сапраўды, некаторыя людзі сцвярджаюць, што сродкі інфармацыі па сваім выхаваўчым уздзеянні спаборнічаюць са школаю, Касцёлам, і магчыма нават з сям’ёю. «Многія людзі ўспрымаюць рэчаіснасць так, як яе вызначаюць сродкі інфармацыі» (Папская Рада па пытаннях сацыяльнай камунікацыі, Aetatis Novae, 4).

2. Адносіны паміж дзецьмі, сродкамі інфармацыі і выхаваннем можна разглядаць у двух аспектах: выхаванне дзяцей сродкамі інфармацыі і выхаванне ў дзецях адпаведнага стаўлення да гэтых сродкаў. Узнікае своеасаблівае ўзаемадзеянне, якое паказвае адказнасць сродкаў інфармацыі як індустрыі, а таксама неабходнасць актыўнага і крытычнага ўдзелу чытачоў, гледачоў і слухачоў. У гэтым кантэксце адпаведнае выхаванне з мэтаю навучыць правільна карыстацца сродкамі інфармацыі мае першаснае значэнне для культурнага, маральнага і духоўнага развіцця дзяцей.

Якім чынам трэба ахоўваць і развіваць гэтае супольнае дабро? Вучыць дзяцей выбіраць у карыстанні сродкамі інфармацыі — гэта адказнасць бацькоў, Касцёла і школы. У першую чаргу важная роля бацькоў, таму што яны маюць права і абавязак забяспечыць разумнае карыстанне сродкамі інфармацыі, вхоўваючы ў сваіх дзецях свядомасць, якая дасць ім магчымасць выказваць сур’ёзныя і аб’ектыўныя меркаванні, што стануць для іх арыенцірамі ў выбары прапанаваных праграмаў або ў адмаўленні ад іх (пар. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 76). У гэтай справе бацькоў павінны заахвоціць і падтрымаць школа і парафія, даводзячы гэтым, што цяжкі, але захапляльны бацькоўскі абавязакі з імі падзяляе ўся супольнасць.

Выхаванне адносна сродкаў інфармацыі павінна быць пазітыўным. Даючы дзецям прыклад таго, што мае вышэйшую эстэтычную і маральную вартасць, ім можна дапамагчы развіць асабісты пункт гледжання, узважаны падыход і здольнасць адрозніваць. Важна прызнаць асноватворную важнасць прыкладу бацькоў і перавагі, якія дае знаёмства маладога пакалення з класікамі дзіцячай літаратуры, прыгожым мастацтвам і высокай музыкай. Хоць папулярная літаратура заўсёды будзе займаць сваё месца ў культуры, імкненне да сенсацыі не павінна пасіўна прымацца ў выхаваўчых асяродках. Прыгажосць, як адлюстравнне боскага, натхняе і ажыўляе сэрца і розум маладога чалавека у той час, як непрыгожае і вульгарнае маюць адмоўны ўплыў на адносіны і паводзіны.

Як выхаванне наогул, у адносінах да сродкаў інфармацыі яно павінна быць навукаю карыстання свабодай. Гаворка ідзе пра абавязкі і адказнасць. Занадта часта свабоду паказваюць як няспынны пошук задавальненняў ці новых адчуванняў. Гэта — прысуд, а не вызваленне! Сапраўдная свабода ніколі не стала бы прысудам для чалавека — асабліва для дзіцяці — на няўтольны пошук новага. У святле праўды сапраўдная свабода павінна ўспрымацца як рашучы адказ на Божае «так» чалавецтву, якое заклікае нас выбіраць — не слепа, а асэнсавана — усё добрае, сапраўднае і прыгожае. Бацькі з’яўляюцца ахоўнікамі гэтай свабоды і, паступова даючы сваім дзецям усё большую свабоду, вядуць іх да поўнай радасці жыцця (пар. Прамова на 5-й Сусветнай сустрэчы сем’яў у Валенсіі, 8 ліпеня 2006 г.).

3. Шчырае жаданне бацькоў і выхавацеляў выхоўваць дзяцей, ведучы іх шляхам прыгажосці, праўдыі і дабра, можа быць падтрымана індустрыяй інфармацыі толькі ў такой ступені, у якой яна развівае фундаментальную годнасць чалавечай істоты, сапраўдную каштоўнасць сужэнства і сямейнага жыцця, пазітыўны набытак і прызначэнне чалавецтва. Такім чынам, пільная неабходнасць удзелу сродкаў інфармацыі ў эфектыўным выхаванні у духу павагі да этычных нормаў з асаблівай зацікаўленасцю разглядаецца не толькі бацькамі і выхавацелямі, але і ўсімі людзьмі, якія маюць пачуццё грамадскай адказнасці.

З упэўненасцю ў тым, што шмат супрацоўнікаў сродкаў інфармацыі хочуць дзейнічаць справядліва (Папская Рада па пытаннях сацыяльнай камунікацыі, Этыка ў сацыяльнай камунікацыі, 4), варта прызнаць, што работнікі сектару супрацьстаяць «псіхалагічнаму прэсінгу» і сутыкаюцца з «асаблівымі этычнымі дылемамі» (Aetatis novae, 19), якія з-за камерцыйнай канкурэнцыі часта прымушаюць тых, хто прафесійна працуе ў сродках інфармацыі, зніжаць іх узровень. Усе памкненні стварэння прагарамаў і прадукцыі (уключна з фільмамі і відэагульнямі), якія дзеля забавы праслаўляюць насілле, малююць антысацыяльныя паводзіны або апашляюць чалавечую сексуальнасць, з’яўляюцца ненармальнасцю, ненармальнасцю тым больш агіднаю, калі гэтыя праграмы прызначаюцца для дзяцей і падлеткаў. Як можна растлумачыць такую «забаву» безлічы нявінных маладых людзей, якія рэальна пакутуюць ад насілля, эксплуатацыі і злоўжыванняў? У сувязі з гэтым кожнага варта заахвоціць паразважаць над кантрастам паміж Хрыстом, які «абдымаючы дзяцей, ускладаў на іх рукі» (Мк 10, 16) і тыпам, які ўцягвае ў грэх «аднаго з малых гэтых» — «лепш было б таму, каб павесілі яму на шыю камень ад жорнаў (…)» (пар. Лк 17, 2). Я зноў звяртаюся з заклікам да кіраўнікоў медыяіндустрыі выхоўваць і заахвочваць вытворцаў дбаць пра супольнае дабро, адстойваць праўду, абараняць годнасць кожнага чалавека і падтрымліваць увагу да патрэбаў сям’і.

4. Касцёл у святле даверанага яму паслання збаўлення сам з’яўляецца выхавацелем чалавецтва і ніколі не ўпускае магчымасці садзейнічаць бацькам, выхавацелям, работнікам сродкаў інфармацыі і моладзі. Яго ўласныя праграмы ў парафіях і школах павінны быць наперадзе ў выхаванні адносна сродкаў інфармацыі. Перадусім Касцёл жадае дзяліцца бачаннем чалавечай годнасці, якая знаходзіцца ў цэнтры усіх нармальных чалавечых зносінаў. «Я гляжу вачыма Хрыста і магу даць іншаму нашмат больш, чым тое, чаго ён знешне патрабуе: позірк любові, якога прагне» (Deus caritas est, n. 18).

Ватыкан, 24 студзеня 2007 г.,
ва ўспамін святога Францішка Сальскага.
Бэнэдыкт XVI

Адноўлена 14.07.2009 11:56
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.