Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI на ХХІІ Сусветны дзень моладзі
(1 красавіка 2007 г.)
 
Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго (Ян 13, 34).


Дарагая моладзь,

у сувязі з ХХІІ Сусветным днём моладзі, які будзе адзначацца ў дыяцэзіях у бліжэйшую Пальмовую нядзелю, хачу прапанаваць вам паразважаць над словамі Хрыста: «Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34).

Ці магчыма любіць?

Кожны чалавек жадае любіць і быць любімым. Але як жа цяжка любіць, колькі памылак і няўдачаў сустракаецца ў любові! Некаторыя нават пачынаюць сумнявацца, што любоў увогуле магчымая. Але калі недахоп пачуццяў ці сардэчныя расчараванні схіляюць да думкі, што любоў — гэта утопія, нязбытная мара, можа, варта пагадзіцца з гэтым? Не! Каханне магчымае, і мэта гэтага майго паслання ў тым, каб абудзіць у кожным з вас, хто ўвасабляе будучыню і надзею чалавецтва, веру ў сапраўдную, верную і моцную любоў; любоў, якая нараджае супакой і радасць; любоў, якая аб’ядноўвае людзей, даючы ім адчуць сябе вольнымі ва ўзаемнай павазе. Таму давайце разам з вамі пройдзем шлях у тры этапы да «адкрыцця» любові.

Бог — крыніца любові

Першы этап датычыцца адзінай крыніцы сапраўднай любові: Бога. Пра гэта цудоўна гаворыць святы Ян, сцвярджаючы, што «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8.16); гэтым ён хоча сказаць не толькі тое, што Бог нас любіць, але што сама сутнасць Бога — гэта любоў. Перад намі — найбольш яскравае адкрыццё крыніцы любові, якая з’яўляецца таямніцай Тройцы: у трыадзіным Богу існуе спрадвечны абмен любоўю паміж асобамі Айца і Сына, і гэтая любоў з’яўляецца не нейкаю энергіяй ці пачуццём, а асобаю Святога Духа.

Крыж Хрыста аб’яўляе паўнату Божай любові

Як нам аб’яўляе сябе Бог-Любоў? Тут мы падышлі да другога этапу нашага шляху. Хоць ужо пры стварэнні былі выразна відаць знакі боскай любові, поўнае аб’яўленне глыбокай таямніцы Бога адбылося ва Уцелаўленні, калі сам Бог стаў чалавекам. У Хрысце — сапраўдным Богу і сапраўдным Чалавеку — мы спазналі любоў ва ўсёй яе велічы. Насамрэч, «сапраўднай навізной Новага Запавету, — напісаў я ў энцыкліцы Deus caritas est, — з’яўляюцца не столькі новыя ідэі, колькі сама постаць Хрыста, які ўцелаўляе гэтыя паняцці — нечуваны і небывалы рэалізм» (п. 12). Божая любоў найбольш поўна і дасканала праяўляецца ў крыжы, дзе, як сцвярджае святы Павел, «Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі» (Рым 5, 8). Таму кожны з нас, не баючыся памыліцца, можа сказаць: «Хрыстус палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (пар. Эф 5, 2). Адкупленае яго крывёю, ніводнае жыццё не з’яўляецца бескарысным ці малакаштоўным, таму што Ён любіць усіх нас асабіста моцнаю і вернаю любоўю, любоўю без межаў. Крыж — глупства для свету, спакуса для многіх вернікаў — з’яўляецца, наадварот, «мудрасцю Божай» для тых, хто дае закрануць сябе да глыбіні сваёй істоты, «бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей» (пар. 1 Кар 1, 24–25). Больш за тое, Укрыжаваны, які пасля свайго ўваскрасення назаўжды носіць знакі сваёй мукі, пралівае святло на «фальсіфікацыі» і хлусню пра Бога, якія абрастаюць насіллем, помстаю і варожасцю. Хрыстус — гэта Ягнё Божае, той, хто бярэ на сябе грахі свету і з коранем вырывае нянавісць з чалавечага сэрца. Вось якая яна, здзейсненая Ім сапраўдная «рэвалюцыя»: любоў.

Любіць бліжняга як Хрыстус любіць нас

І вось цяпер мы падышлі да трэцяга этапу нашага разважання. Хрыстус усклікае на крыжы: «Прагну» (Ян 19, 28), выказваючы такім чынам моцную прагу любіць і быць любімым кожным з нас. Толькі калі мы зможам спасцігнуць глыбіню і сілу гэтай таямніцы, становіцца зразумелаю неабходнасць і надзённасць таго, каб у сваю чаргу любіць Яго так, «як» Ён палюбіў нас. Гэта ўключае ў сябе абавязак у выпадку патрэбы аддаць сваё жыццё за братоў з падтрымкаю Яго любові. Яшчэ ў Старым Запавеце Бог сказаў: «Любі бліжняга свайго, як сябе самога» (Лев 19, 18), але навізна Хрыста заключаецца ў тым, што любіць так, як Ён палюбіў нас азначае любіць «да канца» ўсіх без адрознення, нават ворагаў (пар. Ян 13, 1).

Сведкі Хрыстовай любові

Цяпер мне хацелася б засяродзіцца на трох сферах штодзённага жыцця, у якіх вы, дарагія мае юнакі і дзяўчаты, асабліва пакліканыя праяўляць Божую любоў. Першаю сфераю з’яўляецца Касцёл, наша духоўная сям’я, якая складаецца з усіх вучняў Хрыста. Памятаючы пра Яго словы: «Па гэтым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35), падтрымлівайце з уласцівым вам энтузіязмам і любоўю дзейнасць парафій, супольнасцяў касцёльных рухаў і моладзевых групаў, да якіх вы належыце. Будзьце настойлівымі ў імкненні да дабра іншых, вернымі прынятым на сябе абавязкам. Пакажыце гатоўнасць з радасцю адмовіцца ад некаторых вашых забаваў, з лёгкім сэрцам прынясіце неабходныя ахвяры, сведчыце пра сваю верную любоў да Езуса, абвяшчаючы Яго Евангелле, асабліва сярод сваіх аднагодкаў.

Падрыхтоўка да будучыні

Другая сфера, дзе вы пакліканыя праяўляць сваю любоў і ўзрастаць у ёй, — гэта падрыхтоўка да вашай будучыні. Калі вы заручаныя, у Бога ёсць план вашага будучага сужэнства і сям’і, і таму важна, каб вы адкрылі яго з дапамогаю Касцёла, вольныя ад распаўсюджанай прадузятай думкі, што хрысціянства з яго запаведзямі і забаронамі ставіць перашкоды радасцям любові і асабліва перашкаджае напоўніцу пакаштаваць таго шчасця, якога шукаюць мужчына і жанчына ва ўзаемным каханні. Падставаю сям’і з’яўляецца любоў паміж мужчынам і жанчынаю, і пара, якую ствараюць мужчына і жанчына, грунтуецца на першапачатковай задуме Бога (пар. Быц 2, 18–25). Вучыцца любіць адзін аднаго як сужэнская пара — гэта цудоўны шлях, на якім, тым не менш, трэба адказна рыхтавацца. Перыяд заручынаў, асноватворны для стварэння пары, — гэта час чакання і падрыхтоўкі, які неабходна перажыць у цнатлівасці ўчынкаў і словаў. Гэта дазваляе дасягнуць сталасці ў любові, клопаце і ўвазе ў адносінах да іншага; гэта дапамагае праяўляць валоданне сабой, развіць павагу да іншага — усё гэта рысы сапраўднай любові, для якой у першую чаргу важна не ўласнае задавальненне ці прыемнасць. Молячыся разам, прасіце ў Пана, каб Ён ахоўваў і ўмацоўваў вашую любоў, ачысціўшы яе ад усялякага эгаізму. Рашуча і велікадушна адказвайце на заклік Пана, таму што хрысціянскае сужэнства — гэта самае сапраўднае пакліканне ў Касцёле. Такім самым чынам, дарагая моладзь, будзьце гатовыя сказаць «так», калі Пан пакліча вас ісці за Ім шляхам службовага святарства ці кансэкраванага жыцця. Ваш прыклад натхніць многіх іншых вашых аднагодкаў, якія шукаюць сапраўднага шчасця.

Узрастаць у любові кожны дзень

Трэцяя сфера абавязкаў, якія ўключае ў сябе любоў, — гэта сфера штодзённага жыцця з мноствам сваіх адносінаў. Я маю на ўвазе перадусім сям’ю, навучанне, працу і вольны час. Дарагая моладзь, развівайце вашыя таленты не толькі для таго, каб заняць нейкае сацыяльнае становішча, але таксама каб дапамагчы «расці» іншым. Развівайце вашыя здольнасці не толькі для таго, каб стаць больш «канкурэнтаздольнымі» і «прадуктыўнымі», але каб быць «сведкамі любові». Разам з прафесійнай адукацыяй набывайце рэлігійныя веды, карысныя для таго, каб належным чынам выконваць сваю місію. Я заклікаю асабліва паглыблена вывучаць сацыяльную дактрыну Касцёла, каб яе прынцыпамі натхнялася і асвятлялася вашая дзейнасць у свеце. Няхай Дух Святы ўчыніць вас вынаходлівымі ў справах міласэрнасці, настойлівымі ў выкананні абавязкаў, якія вы прымаеце на сябе, і смелымі ў сваіх ініцыятывах, каб вы маглі зрабіць унёсак у будаўніцтва «цывілізацыі любові». Далягляд любові сапраўды неабмежаваны: гэта цэлы свет!

«Асмеліцца любіць» па прыкладзе святых

Дарагая моладзь, я хачу заклікаць вас «асмеліцца любіць», гэта значыць не жадаць у сваім жыцці нічога меншага за моцную і прыгожую любоў, здольную ператварыць усё жыццё ў радаснае прынясенне саміх сябе ў дар Богу і братам па прыкладзе Таго, хто любоўю назаўсёды перамог нянавісць і смерць (пар. Ап 5, 13). Любоў — гэта адзіная сіла, здольная змяніць сэрца чалавека і ўсяго чалавецтва, робячы плённымі адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі, паміж беднымі і багатымі, паміж рознымі культурамі і цывілізацыямі. Пра гэта сведчыць жыццё святых, сапраўдных сяброў Бога, якія з’яўляюцца праваднікамі і адлюстраваннем гэтай спрадвечнай любові. Імкніцеся лепш пазнаць іх, давярайце сябе іх заступніцтву, намагайцеся жыць так, як яны. Я ўзгадаю толькі пра маці Тэрэзу: яна неадкладна адказала на крык Хрыста «Прагну!», які глыбока яе крануў, і пачала збіраць паміраючых на вуліцах Калькуты, у Індыі. З таго часу адзіным жаданнем у яе жыцці стала жаданне наталіць прагу любові Хрыста не словамі, а канкрэтнымі ўчынкамі, пазнаючы Яго знявечанае прагаю любові аблічча ў тварах найбяднейшых з бедных. Благаслаўлёная Тэрэза ўвасобіла ў жыццё настаўленне Пана: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). І пасланне гэтай сціплай сведкі Божай любові распаўсюдзілася па ўсім свеце.

Сакрэт любові

Кожнаму з вас, дарагія сябры, дадзена дасягнуць такой самай вышыні любові, але для гэтага неабходна дапамога Божай ласкі. На самай справе, толькі Божая дапамога дазваляе нам не падаць духам, бачачы нязмернасць задання, якое належыць выканаць, і напаўняе нас мужнасцю для здзяйснення таго, што па чалавечых мерках немагчыма сабе ўявіць. Кантакт з Панам у малітве падтрымлівае нас у пакоры і нагадвае, што мы толькі «нікчэмныя слугі» (пар. Лк 17, 10). Вялікаю школаю любові з’яўляецца перадусім Еўхарыстыя. Калі чалавек рэгулярна і пабожна ўдзельнічае ў святой Імшы, калі доўгі час праводзіць у адарацыі Езуса ў Эўхарыстыі, тады яму нашмат лягчэй спасцігнуць шырыню і даўжыню, глыбіню і вышыню Яго любові, якая перавышае любое разуменне (пар. Эф 3, 17–18). Падзяляючы Эўхарыстычны хлеб з братамі ў касцёльнай супольнасці, мы адчуваем патрэбу «паспешна» — як гэта зрабіла Найсвяцейшай Панна ў адносінах да Альжбеты — ператварыць любоў да Хрыста ў велікадушнае служэнне братам.

Насустрач СДМ у Сіднэі

У сувязі з гэтым нам дае святло настаўленне апостала Яна: «Дзеці, будзем жа любіць не словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю. І па гэтым пазнаем, што мы ад праўды» (1 Ян 3, 18–19). Дарагая моладзь, менавіта ў гэтым духу я заклікаю вас пражыць будучы Сусветны дзень моладзі разам са сваімі біскупамі ў вашых дыяцэзіях. Ён з’яўляецца важным этапам у падрыхтоўцы да сустрэчы ў Сіднэі, тэмаю якой будуць словы: «Прымеце моц Духа Святога, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі» (пар. Дз 1, 8). Марыя, Маці Хрыста і Касцёла, няхай дапаможа вам, каб паўсюль гучаў заклік, які змяніў свет: «Бог ёсць любоў!». Я суправаджаю вас сваёю малітваю і сардэчна благаслаўляю.

Ватыкан, 27 студзеня 2007 г.

Папа Бэнэдыкт XVI

Адноўлена 14.07.2009 12:24
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.