Пакліканне ў служэнні Касцёлу-супольнасці - Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на 44-ы Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях |
29 красавіка 2007 г. — IV Велікодная нядзеля Вялебныя браты ў біскупстве, Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях, які адзначаецца штогод, — гэта цудоўная магчымасць паказаць, наколькі важнае значэнне пакліканняў для жыцця і місіі Касцёла, а таксама добрая нагода больш маліцца аб тым, каб павялічвалася іх колькасць і ўзрастала якасць. На гэты Дзень малітваў я хацеў бы прапанаваць усяму Божаму народу паразважаць на тэму «Пакліканне ў служэнні Касцёлу-супольнасці», актуальную як ніколі раней. У мінулым годзе, распачынаючы на генеральных аўдыенцыях па серадах новы цыкл катэхезаў, прысвечаны сувязі Хрыста і Касцёла, я адзначыў, што ядро першай хрысціянскай супольнасці сфармавалася тады, калі некалькі галілейскіх рыбакоў, сустрэўшы Езуса, дазволілі Яго позірку, Яго голасу завалодаць сабою і прынялі Яго неадкладны заклік: «Ідзіце за Мною, і я зраблю вас рыбакамі людзей» (Мк 1, 17, пар. Мц 4, 19). Сапраўды, Бог заўжды выбіраў пэўных людзей для больш непасрэднага супрацоўніцтва з Ім у рэалізацыі Яго плану збаўлення. У Старым Запавеце Ён паклікаў напачатку Абрагама, каб стварыць «вялікі народ» (Быц 12, 2), а пасля — Майсея, каб вызваліць Ізраэль з егіпецкай няволі (пар. Зых 3, 10). Потым Ён выбіраў іншых асобаў, у першую чаргу прарокаў, для абароны і падтрымання запавету са сваім народам. У Новым Запавеце Езус — абяцаны Месія — асаблівым чынам паклікаў апосталаў быць з Ім (пар. Мк 3, 14) і падзяліць Яго місію. Падчас Апошняй Вячэры, даючы ім заданне ўвекавечання памяці Яго смерці і ўваскрасення ажно да Яго прыйсця ў хвале напрыканцы часоў, Ён звяртаецца да Айца з такою просьбаю за іх: «Я абвясціў ім імя Тваё, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх» (Ян 17, 26). Такім чынам, місія Касцёла грунтуецца на блізкай і вернай камуніі з Богам. Канстытуцыя Другога Ватыканскага Сабору Lumen gentium вызначае Касцёл як «народ, сабраны ў адзінстве Айца, Сына і Духа Святога» (№ 4), у якім выяўляецца таямніца самога Бога. Пад гэтым разумеецца, што ў ім адлюстроўваецца любоў Тройцы, і, праз дзеянне Святога Духа, усе яго члены з’яўляюцца «адным целам і адным духам» у Хрысце. Асабліва, калі гэты народ, арганічна ўпарадкаваны пад кіраўніцтвам сваіх пастыраў, яднаецца ў Эўхарыстыі, ажывае таямніца камуніі з Богам і з братамі. Эўхарыстыя — крыніца гэтага адзінства Касцёла, аб якім Езус маліўся напярэдадні сваёй мукі: «Ойча… каб яны былі ў Нас адно, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне» (Ян 17, 21). Гэтая дзейсная еднасць спрыяе шчодраму росквіту пакліканняў да служэння Касцёлу: сэрцы вернікаў, напоўненыя Боскаю любоўю, ахоплівае імкненне цалкам прысвяціць сябе служэнню Божаму Валадарству. Таму для развіцця пакліканняў неабходна весці душпастырства, уважлівае да таямніцы Касцёла-супольнасці, бо той, хто жыве ў суладнай, адказнай і актыўнай касцёльнай супольнасці, без сумненняў, хутчэй навучыцца чуць пакліканне Пана. Такім чынам, клопат пра пакліканні патрабуе пастаяннага «навучання» слухаць голас Бога, па прыкладзе Ілія, які дапамог юнаку Самуэлю зразумець тое, чаго патрабаваў ад яго Бог, і з гатоўнасцю выканаць гэта (пар. 1 Сам 3, 9). Як бачым, паслухмянае і вернае слуханне магчымае толькі ў атмасферы блізкай еднасці з Богам, а гэта дасягаецца перадусім у малітве. У адпаведнасці з выразным наказам Пана мы павінны прасіць аб дары пакліканняў, нястомна ўзносячы супольныя малітвы да «Гаспадара жніва». Гэты заклік скіраваны ў множным ліку: «Таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 38). Заклік Пана адпавядае духу малітвы «Ойча наш» (Мц 6, 9), якой Ён сам навучыў нас і якая, паводле славутых словаў Тэртуліяна, з’яўляецца «кароткім выкладам усяго Евангелля» (пар. De Oratione, 1, 6: CCL 1, 258). У гэтым жа ключы вельмі яскравымі з’яўляюцца таксама іншыя словы Езуса: «Калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах» (Мц 18, 19). Такім чынам, Добры Пастыр заклікае нас прасіць нябеснага Айца, прасіць згодна і настойліва, каб Ён даў пакліканні да служэння Касцёлу-супольнасці. Збіраючы пастырскі вопыт мінулых стагоддзяў, Другі Ватыканскі Сабор выразна падкрэсліў важнасць падрыхтоўкі будучых святароў да сапраўднай касцёльнай супольнасці. Наконт гэтага мы чытаем у дэкрэце Presbyterorum ordinis: «Выконваючы дадзенаю ім уладаю служэнне Хрыста — Галавы і Пастыра, — прэзбітэры ад імя біскупа яднаюць Божую сям’ю ў братнюю супольнасць, ажыўленую адзінствам, і праз Хрыста вядуць яе да Айца ў Святым Духу» (№ 6). З гэтымі словамі Сабору сугучная паслясінадальная апостальская адгартацыя Pastores dabo vobis, у якой падкрэсліваецца, што святар — гэта «служыцель Касцёла-супольнасці, бо ў еднасці з біскупам і ў шчыльнай сувязі з прэзбітэрамі будуе адзінства касцёльнай супольнасці ў адпаведнасці з рознымі пакліканнямі, харызмамі і служэннямі » (№ 16). Неабходна, каб у хрысціянскім народзе кожнае служэнне і харызма былі скіраваныя да поўнага адзінства, а заданне біскупа і прэзбітэраў — спрыяць іх развіццю ў гармоніі з іншымі пакліканнямі і служэннямі ў Касцёле. Таксама і кансэкраванае жыццё па сваёй сутнасці з’яўляецца служэннем гэтай еднасці, як гэта паказана ў паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Vita consecrata майго шаноўнага Папярэдніка Яна Паўла ІІ: «Кансэкраванае жыццё мае несумненныя заслугі ў справе дзейснага захавання ў Касцёле жывой прысутнасці патрабавання братняй любові як вызнання веры ў Святую Тройцу. Дзякуючы няспыннаму распаўсюджванню братняй любові таксама ў форме супольнага жыцця, яно паказала, што ўдзел у еднасці Тройцы можа змяніць чалавечыя адносіны і стварыць салідарнасць новага ўзору» (№ 41). У цэнтры кожнай хрысціянскай супольнасці знаходзіцца Эўхарыстыя — крыніца і вяршыня жыцця Касцёла. Той, хто прысвячае сябе служэнню Эўхарыстыі, узрастае ў любові да Бога і да бліжняга і такім чынам удзельнічае ў будаўніцтве Касцёла як супольнасці. Мы можам сцвярджаць, што «эўхарыстычная любоў» дае матывацыю і падставы для дзейнасці пакліканняў усяго Касцёла, бо, як я напісаў у энцыкліцы Deus caritas est, пакліканні да святарства і іншых служэнняў і паслугаў квітнеюць у Божым народзе там, дзе ёсць людзі, у якіх Хрыстус праяўляецца ў сваім слове, святых сакрамэнтах і асабліва ў Эўхарыстыі. Так адбываецца таму, што «ў літургіі Касцёла, у яго малітве, у жывой супольнасці вернікаў мы перажываем любоў Бога, адчуваем Яго прысутнасць і такім чынам вучымся таксама знаходзіць Яго ў штодзённасці. Ён першы палюбіў нас, а таму таксама і мы здольныя адказаць Яму любоўю» (№ 17). Мы звяртаемся, нарэшце, да Марыі, якая падтрымлівала першую супольнасць, дзе «ўсе сумесна трывалі ў малітве» (пар. Дз 1, 14), просячы Яе дапамагчы Касцёлу быць у сучасным свеце вобразам Тройцы, вымоўным знакам Боскай любові для ўсіх людзей. Заступніцтва святой Панны, якая з гатоўнасцю адказала на заклік Айца словамі: «Вось Я, слуга Пана» (Лк 1, 38), няхай учыніць, каб у хрысціянскім народзе не было недахопу ў служыцелях Боскай радасці, святарах, якія ў еднасці са сваімі біскупамі будуць верна абвяшчаць Евангелле і цэлебраваць сакрамэнты, клапоцячыся пра Божы народ, гатовыя да евангелізацыі ўсяго чалавецтва. Няхай Яна ўчыніць, каб таксама і ў наш час павялічвалася колькасць кансэкраваных асобаў, якія ідуць супраць плыні, кіруючыся ў жыцці евангельскімі парадамі ўбоства, чыстасці і паслухмянасці, каб даваць прароцкае сведчанне пра Хрыста і Яго вызваленчае пасланне збаўлення. Дарагія браты і сёстры, каму Пан дае адмысловыя пакліканні ў Касцёле, я хацеў бы асаблівым чынам даручыць вас Марыі, якая найлепш за ўсіх зразумела сэнс словаў Езуса «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго» (Лк 8, 21), каб Яна навучыла вас слухаць свайго Боскага Сына. Няхай дапаможа вам сваім жыццём сказаць: «Вось я, о Пане, прыходжу, каб выканаць Тваю волю» (пар. Гбр 10, 7). З такімі пажаданнямі я абяцаю кожнаму асаблівую памяць у малітве і ўсіх вас ад шчырага сэрца благаслаўляю. Ватыкан, 10 лютага 2007 г. Папа Бэнэдыкт XVI
|
Адноўлена 14.07.2009 12:25 |