Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Вялікі пост 2009 года
Дарагія браты і сёстры!

На пачатку Вялікага посту, які з’яўляецца шляхам інтэнсіўнай духоўнай падрыхтоўкі, літургія заахвочвае нас да трох практык пакаяння, уласцівых біблійнай і хрысціянскай традыцыі, — да малітвы, міласціны i посту, — каб мы як мага лепш падрыхтаваліся да святкавання ўрачыстасці Вялікадня i адчулі моц Бога, які — як пачуем падчас Пасхальнай вігіліі — «праганяе злосць, змывае правіны і вяртае ласку ўпаўшым, а засмучаным радасць, знішчае нянавісць, яднае ў згодзе і скарае зямныя ўлады» (Абвяшчэнне Пасхі).

У традыцыйным Пасланні на Вялікі пост хацеў бы ў гэтым годзе асаблівым чынам паразважаць над значэннем i сэнсам посту. Вялікі пост нагадвае нам пра 40-дзённы пост, які Пан меў на пустыні перад распачаццем сваёй публічнай дзейнасці. У Евангеллі чытаем: «Тады Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. І, пасціўшы сорак дзён і сорак начэй, [Езус] нарэшце адчуў голад» (Mц 4, 1–2). Падобна як Майсей перад тым, як атрымаць скрыжалі Дэкалогу (пар. Зых 34, 28), і як Ілля перш чым сустрэў Бога на гары Гарэб (пар. 1 Вал 19, 8), так i Езус праз малітву і пост падрыхтаваўся да сваёй місіі, пачаткам якой была цяжкая сустрэча з выпрабаваннем.

Можам задаць сабе пытанне: якую каштоўнасць i які сэнс мае для нас, хрысціянаў, адмаўленне ад чагосьці, што само па сабе з’яўляецца добрым i дазваляе нам жыць. Святое Пісанне i ўся хрысціянская традыцыя вучыць, што пост дапамагае пазбягаць граху і таго, што вядзе да яго. Таму ў гісторыі збаўлення шмат разоў гучыць заклік да посту. Ужо на першых старонках Святога Пісання Бог загадвае чалавеку, каб ён не еў забароненага плоду: «З усялякага дрэва ў садзе можаш есці, але з дрэва пазнання дабра і зла не спажывай, бо ў дзень, калі з’ясі з яго, напэўна, памрэш» (Быц 2, 16–17). Каменціруючы Божы загад, св. Базыль заўважае, што «пост быў загаданы ў раі», a «першым, хто атрымаў такі наказ, быў Адам». І заканчвае так: «Забарона „не спажывай“ ёсць такім чынам законам посту i ўстрымання» (пар. Sermo de jejunio: PG 31, 163, 98). З прычыны таго, што мы ўсе абцяжараны грахом i яго вынікамі, пост дадзены нам як сродак, які дазваляе аднавіць сяброўства з Богам. Так учыніў Ездра перад вяртаннем у Абяцаную Зямлю з выгнання, заахвочваючы сабраны народ да посту, «каб мы скарыліся перад нашым Богам» (Езд 8, 21). Усемагутны пачуў іхнія малітвы і паабяцаў сваю прыхільнасць і апеку. Гэтаксама паводзілі сябе жыхары Нінівы, якія паслухаліся закліку Ёны да пакаяння i ў знак шчырасці абвясцілі пост, кажучы: «Хто ведае, можа Бог змілуецца і даруе, і адверне свой гнеў, і мы не загінем» (Ён 3, 9). І тады Бог глянуў на іхнія чыны i пашкадаваў іх.

У Новым Запавеце Езус паказвае галоўнае значэнне посту, асуджаючы паводзіны фарысеяў, якія дакладна захоўвалі наказы закону, хоць іх сэрца было далёка ад Бога. Сапраўдны пост, як нагадвае ў іншым месцы Боскі Настаўнік, — гэта выкананне волі Нябеснага Айца, які бачыць патаемнае і аддасць табе (пар. Mц 6, 18). Ён сам дае прыклад, адказваючы сатане пасля 40 дзён, праведзеных у пустынні, што «не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Mц 4, 4). Мэта сапраўднага посту — гэта спажыванне «праўдзівага спажытку», якім з’яўляецца выкананне волі Айца (пар. Ян 4, 34). Паколькі Адам не паслухаўся наказу Бога, каб не спажываць плоду «з дрэва пазнання дабра і зла», веруючы чалавек праз пост хоча пакорліва даверыцца Богу, спадзеючыся на Яго дабрыню і міласэрнасць.

Практыка посту была вельмі распаўсюджанай у супольнасці першых хрысціянаў (пар. Дз 13, 3; 14, 22; 27, 21; 2 Кар 6, 5). Таксама Айцы Касцёла кажуць пра моц посту, якая абараняе ад грахоў, уціхамірвае жаданні «старога Адама» i пракладвае ў сэрцах веруючых людзей шлях да Бога. Пост часта практыкуюць і раяць святыя розных эпох. Святы Пётр Хрызалог пісаў: «Душою малітвы ёсць пост, a жыццём посту — міласэрнасць. Таму той, хто моліцца, няхай посціць, a хто посціць, няхай выконвае ўчынкі міласэрнасці, няхай выслухоўвае просячага, які хоча быць пачутым. Хто хоча знайсці сэрца Бога адкрытым, няхай ніколі не закрывае свайго сэрца для тых, хто просіць» (Казанне 43: PL 52, 320.332).

Здаецца, што ў наш час крыху зменшылася духоўнае значэнне практыкі посту. Яна стала больш — у культуры, дзе пераважае імкненне да матэрыяльнага дабрабыту, — тэрапеўтычным сродкам для лячэння цела. Канечне, пост дапамагае захаваць добрае фізічнае здароўе, але для веруючых людзей ён з’яўляецца ў першую чаргу «тэрапіяй», якая дапамагае вылечыць усё тое, што перашкаджае выкананню Божай волі. У Апостальскай канстытуцыі Paenitemini 1966г. Слуга Божы Павел VI сцвердзіў, што трэба разглядаць пост у кантэксце паклікання кожнага хрысціяніна, які «не для сябе (...) павінен жыць, але для Бога, які палюбіў яго i выдаў за яго самога сябе, а таксама павінен жыць для братоў» (пар. раздз. I). Вялікі пост — гэта добрая магчымасць прыгадаць сабе прынцыпы, змешчаныя ў цытаванай Апостальскай канстытуцыі, падкрэсліваючы гэтым самым праўдзівае i нязменнае значэнне гэтай старажытнай практыкі, якая можа нам дапамагчы знішчыць наш эгаізм i адкрыць сэрца на любоў да Бога i бліжняга, што з’яўляецца першай і самай важнай запаведдзю новага Закону, a таксама сутнасцю ўсяго Евангелля (пар. Mц 22, 34–40).

Дакладнае захаванне посту садзейнічае еднасці асобы, яе цела і душы, што дапамагае пазбягаць граху i ўзрастаць у сяброўстве з Богам. Святы Аўгустын, які добра ведаў уласныя дрэнныя схільнасці i называў іх «заблытаным і складаным вузлом» (Вызнанні, II, 10.18), у трактаце пра «Карысць посту» пісаў: «Я раблю сабе вялікія цярпенні, каб Ён мне прабачыў; я сам сябе караю, каб Ён мне дапамог, каб я знайшоў упадабанне ў Яго вачах і спазнаў Яго слодыч» (Sermo 400, 3, 3: PL 40, 708). Адмаўленне ад матэрыяльнага спажытку, які жывіць цела, умацоўвае ўнутраную гатоўнасць слухаць Хрыста i карміцца Яго збаўчым словам. Праз пост i малітву мы дазваляем, каб Ён прыходзіў i каб задавальняў найбольшы голад, які мы адчуваем у сабе: голад i прагу Бога.

Адначасова пост дапамагае нам усвядоміць, у якой сітуацыі жывуць многія нашыя браты. У Першым пасланні св. Ян нагадвае: «Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?» (3, 17). Дабравольны пост дапамагае нам наследаваць добрага самараніна, які заўважае церпячага брата і спяшаецца яму на дапамогу (пар. Энц. Deus caritas est, 15). Нашае свабоднае рашэнне адмовіцца ад чагосьці, каб дапамагчы іншым, канкрэтна паказвае, што бліжні, які перажывае цяжкасці, не з’яўляецца для нас чужым. Менавіта для таго, каб заахвоціць да такой адкрытай і чулай паставы адносна братоў, заклікаю парафіі i іншыя супольнасці ў перыяд Вялікага посту часцей практыкаваць пост, індывідуальна i супольна, прысвячаючы сябе слуханню Божага слова, малітве i ўчынкам міласэрнасці. Менавіта такім быў ад пачатку стыль жыцця хрысціянскай супольнасці, у якой арганізоўваліся спецыяльныя зборы ахвяраванняў (пар. 2 Кар 8–9; Рым 15, 25–27), a вернікаў заахвочвалі аддаваць бедным тое, што дзякуючы посту ўдалося адкласці (пар. Didascalia Ap., V, 20,18). Таксама і сёння трэба нанова адкрыць гэтую практыку i заахвочваць да яе, найперш, падчас літургічнага перыяду Вялікага посту.

Са сказанага відавочна, што пост — гэта каштоўная аскетычная практыка, духоўная зброя ў барацьбе з усялякай магчымай неўпарадкаванай прывязанасцю да саміх сябе. Дабравольнае адмаўленне ад прыемнасці, якой з’яўляецца ежа, i ад іншых матэрыяльных дабротаў дапамагае вучню Хрыста панаваць над рознымі жаданнямі натуры, аслабленай першародным грахом, негатыўныя вынікі якога адбіваюцца на ўсёй чалавечай асобе. Да гэтага ж заахвочвае старажынты літургічны вялікапосны гімн: «Utamur ergo parcius, / verbis, cibis et potibus, / somno, iocis et arctius / perstemus in custodia — Будзем жа сціплымі ў словах, ежы, піцці, сне і жартах, і пільней будзем чуваць».

Дарагія браты і сёстры, як бачым, пост дапамагае кожнаму з нас — як пісаў Слуга Божы папа Ян Павел II — стаць поўным дарам для Бога (пар. Энц. Veritatis splendor, 21). Таму няхай Вялікі пост дапаможа кожнай сям’і i кожнай хрысціянскай супольнасці аддаліцца ад усяго, што перашкаджае духу, i паглыбіць тое, што корміць душу, адкрываючы яе на любоў да Бога і бліжняга. Асабліва маю на ўвазе інтэнсіўную малітву, lectio divina, частае практыкаванне сакрамэнту паяднання, а таксама актыўны ўдзел у Эўхарыстыі, і, найперш, у нядзельнай св. Імшы. З такой унутранай гатоўнасцю ўвойдзем у атмасферу вялікапоснага пакаяння. Няхай нам спадарожнічае Найсвяцейшая Панна Мрыя, Causa nostrae laetitiae (Крыніца нашай радасці), i няхай нас падтрымлівае ў працы вызвалення нашых сэрцаў з няволі граху, каб яны ўсё больш станавіліся «жывым табэрнакулюмам Бога». З такімі пажаданнямі, запэўніваючы вас аб малітве, каб кожны веруючы i кожная касцёльная супольнасць з карысцю прайшлі шлях Вялікага посту, ад усяго сэрца ўдзяляю ўсім Апостальскае Благаслаўленне.

Ватыкан, 11 снежня 2008 г.

БЭНЭДЫКТ XVI
Адноўлена 14.07.2009 12:41
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.