Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на 45-ы сусветны дзень малітвы за пакліканні
13 красавіка 2008 г. — IV Велікодная нядзеля

Тэма: «Пакліканні да служэння місіянерскаму Касцёлу»

Дарагія браты і сёстры!

1. Для 45-га сусветнага дня малітвы за пакліканні, які пройдзе 13 красавіка 2008 г., я выбраў тэму: пакліканні да служэння місіянерскаму Касцёлу. Уваскрослы Езус даверыў апосталам такое заданне: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Святога Духа» (пар. Мц 28, 19), запэўніваючы іх: «Вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 20). Касцёл — місіянерскі ў цэлым і ў кожным са сваіх членаў. Калі праз сакрамэнты хросту і канфірмацыі кожны хрысціянін пакліканы сведчыць і абвяшчаць Евангелле, то місіянерская дзейнасць асаблівым чынам і вельмі шчыльна звязана са святарскім пакліканнем. Устанавіўшы запавет з Ізраэлем, Бог даручыў зараней выбраным людзям, Ім самім пакліканым і ў Яго імя пасланым да народа, місію быць прарокамі і святарамі. Так ён учыніў, напрыклад, з Майсеем: «Цяпер ідзі, — сказаў яму Пан Бог, — Я пашлю цябе да фараона, каб ты вывеў з Егіпта народ Мой, сыноў Ізраэля. (…) Калі выведзеш народ з Егіпта, паклоніцеся Богу на гэтай гары» (Зых 3, 10. 12). Тое самае адбывалася з усімі прарокамі.

2. Абяцанні, дадзеныя айцам, поўнасцю здзейсніліся ў Езусе Хрысце. Вось што пра гэта кажа ІІ Ватыканскі Сабор: «Такім чынам, прыйшоў Сын, пасланы Айцом, які выбраў нас у Ім перад стварэннем свету і прадвызначыў усынавіць нас (…). Таму Хрыстус, каб выканаць волю Айца, даў пачатак на зямлі Нябеснаму Валадарству і аб’явіў нам яго таямніцу, а сваёй паслухмянасцю здзейсніў адкупленне» (Lumen gentium 3). Езус ужо падчас свайго зямнога жыцця, прапаведуючы ў Галілеі, выбраў сабе вучняў, каб яны былі Яго блізкімі супрацоўнікамі ў месіянскім служэнні. Напрыклад, у выпадку з размнажэннем хлябоў, Ён сказаў апосталам: «Вы дайце ім есці» (Мц 14, 16), запрашаючы іх такім чынам паклапаціцца пра патрэбы натоўпаў, якім Ён жадаў даць ежу, каб задаволіць іхні голад, а таксама паказаць тую ежу, «што застаецца на жыццё вечнае» (Ян 6, 27). Яго ахапіла спачуванне да народа, таму што, праходзячы праз гарады і вёскі, Ён бачыў натоўпы стомленых і аслаблых людзей, якія былі «як авечкі без пастыра» (пар. Мц 9, 36). З гэтага позірку любові зыходзіла Яго заахвочванне да вучняў: «Таму маліце гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 38). Ён паслаў дванаццаць апосталаў найперш «да згубленых авечак дому Ізраэля», даўшы ім дакладныя наказы. Калі мы больш уважліва паразважаем над гэтым урыўкам з Евангелля паводле святога Мацвея, які часта называюць «місіянерскаю прамоваю», то знойдзем усе аспекты, уласцівыя місіянерскай дзейнасці хрысціянскай супольнасці, якая жадае заставацца вернаю прыкладу і вучэнню Хрыста. Адказ на заклік Хрыста звязаны з пераадоленнем у духу разважлівасці і прастаты кожнай небяспекі і нават пераследу, таму што «вучань не большы за настаўніка і слуга не большы за гаспадара свайго» (Мц 10, 24). Стаўшы адным цэлым з Настаўнікам, вучні ўжо не самотныя ў абвяшчэнні Нябеснага Валадарства, бо Езус сам дзейнічае ў іх: «Хто прымае вас, прымае Мяне, а хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне» (Мц 10, 40). Акрамя таго, як сведкі, «апранутыя ў моц з вышыні» (пар. Лк 24, 49), яны абвяшчаюць «пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам» (Лк 24, 47).

3. Паколькі дванаццаць абраннікаў былі пасланыя Панам, яны называюцца «апосталамі», чыё прызначэнне як сведкаў смерці і ўваскрасення Хрыста праходзіць шляхамі гэтага свету, абвяшчаючы Евангелле. Святы Павел піша хрысціянам Карынту: «Мы, — гэта значыць, апосталы, — абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага» (1 Кар 1, 23). У Дзеях святых апосталаў значная роля ў працэсе евангелізацыі адводзіцца таксама іншым вучням, чыё місіянерскае пакліканне бярэ пачатак з правідэнцыйных абставінаў, часам балючых, такіх як выгнанне з уласнай радзімы за веру ў Хрыста (пар. Дз 8, 1–4). Святы Дух дазваляе ператварыць гэтае выпрабаванне ў нагоду для атрымання ласкі і выкарыстаць яго для абвяшчэння імя Пана іншым народам, пашыраючы такім чынам кола хрысціянскай супольнасці. Гэта — мужчыны і жанчыны, якія, як піша святы Лука ў Дзеях апосталаў, «аддалі жыццё сваё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста» (Дз 15, 26). Першым з усіх, пакліканым самім Панам быць сапраўдным апосталам, без сумненняў з’яўляецца Павел з Тарса. Гісторыя святога Паўла, найбольшага місіянера ўсіх часоў, з розных бакоў паказвае, якая сувязь існуе паміж пакліканнем і місіяй. Калі непрыяцелі абвінавачвалі яго ў тым , што ён не быў упаўнаважаны на апостальскую дзейнасць, ён шмат разоў спасылаецца менавіта на пакліканне, атрыманае непасрэдна ад Пана (пар. Рым 1, 1; Гал 1, 11 – 12. 15–17).

4. Напачатку, як і ў далейшым, менавіта «любоў Хрыста» заўсёды «прыспешвае» апосталаў (пар. 2 Кар 5, 14). Як верныя слугі Касцёла, паслухмяныя дзеянню Святога Духа, на працягу стагоддзяў незлічоныя місіянеры ішлі па слядах першых апосталаў. ІІ Ватыканскі Сабор адзначае: «Хоць абавязак распаўсюджваць веру ўскладзены на кожнага вучня Хрыста ў адпаведнасці з ягонымі здольнасцямі, Хрыстус Пан з усяго мноства сваіх вучняў заўсёды кліча тых, каго жадае сам, каб яны былі з Ім і каб пасылаць іх прапаведваць народам (пар. Мк 3, 13–15)» (Ad gentes 23). Сапраўды, любоў Хрыста павінна перадавацца братам у прыкладзе і словах, усім жыццём. «Асаблівае пакліканне місіянераў ad vitam (жыццём), — напісаў мой шаноўны папярэднік Ян Павел ІІ, — захоўвае ўсё сваё значэнне: яно з’яўляецца ўзорам місіянерскага служэння Касцёла, якому заўжды патрэбныя поўныя і радыкальныя самаахвяраванні, новыя смелыя парывы» (Redemptoris missio, 66).

5. Сярод тых, хто без рэшты прысвячае сябе служэнню Евангеллю, асаблівае месца належыць святарам, пакліканым да нясення Божага слова, удзялення сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі і паяднання, да служэння самым маленькім, хворым, церпячым, бедным і тым, хто перажывае цяжкасці ў розных кутках зямлі, а таксама ўсім, хто яшчэ і сёння па-сапраўднаму не сустрэўся з Хрыстом. Ім місіянеры нясуць першую вестку пра Яго збаўчую любоў. Статыстыка сведчыць, што кожны год колькасць ахрышчаных павялічваецца дзякуючы душпастырскай дзейнасці святароў, якія цалкам прысвяцілі сябе справе збаўлення братоў. У сувязі з гэтым асаблівую падзяку належыць выказаць «святарам fidei donum (дару веры), якія аўтарытэтна і са шчодрай самаадданасцю будуюць супольнасць, абвяшчаючы ёй Божае слова і ўдзяляючы Хлеб жыцця, не шкадуючы сілаў у місіянерскім служэнні Касцёла. Трэба падзякаваць Богу за такіх святароў, якія зносілі пакуты, часам нават ахвяруючы жыццё для служэння Хрысту (…). Гаворка ідзе пра кранальныя сведчанні, якія могуць натхніць многіх маладых людзей на тое, каб у сваю чаргу пайсці следам за Хрыстом і аддаць сваё жыццё за іншых, знайшоўшы такім чынам сапраўднае жыццё» (Апостальская адгартацыя Sacramentum caritatis, 26). Праз сваіх святароў Езус сёння аб’яўляе сваю прысутнасць сярод людзей аж да самых далёкіх куточкаў зямлі.

6. Акрамя таго, у Касцёле заўсёды было нямала мужчынаў і жанчын, натхнёных дзеяннем Святога Духа, якія абіраюць радыкальнае жыццё паводле Евангелля, прыносячы шлюбы частасці, убоства і паслухмянасці. Шматлікія манахі і манашкі, якія належаць да вялікай колькасці супольнасцяў кантэмплятыўнага і актыўнага жыцця, «бяруць вельмі значны ўдзел у евангелізацыі свету» (Ad gentes, 40). Сваёю пастаяннаю супольнаю малітваю манахі кантэмлятыўнага жыцця няспынна хадайнічаюць за ўсё чалавецтва, а тыя, хто вядзе актыўнае жыццё, разнастайнаю дабрачыннаю дзейнасцю ўсім даюць жывое сведчанне любові і міласэрнасці Бога. Пра гэтых апосталаў нашага часу Слуга Божы Павел VI сказаў: «Дзякуючы свайму манаскаму пасвячэнню, яны могуць найбольш дабравольна і свабодна пакінуць усё і ісці абвяшчаць Евангелле аж да краёў зямлі. Яны — смелыя, і таму іх апостальская дзейнасць часта бывае такою арыгінальнаю і вынаходліваю, што выклікае захапленне. Яны адданыя: іх часта можна ўбачыць у авангардзе місіі, яны бяруць на сябе самую вялікую рызыку для здароўя і для самога свайго жыцця. Так, Касцёл сапраўды вельмі ім абавязаны (Апостальская адгартацыя Evangelii nuntiandi, 69).

7. Акрамя таго, каб Касцёл мог працягваць сваю місію, атрыманую ад Хрыста, і каб не было недахопу ў тых, хто займаецца евангелізацыяй, такой патрэбнай свету, неабходна, каб у хрысціянскіх супольнасцях ніколі не слабла пастаяннае выхаванне ў веры як дзяцей, так і дарослых; неабходна падтрымліваць у вернікаў жывое і дзейснае пачуццё місіянерскай адказнасці і салідарнасці з народамі свету. Дар веры заклікае ўсіх хрысціянаў да супрацоўніцтва ў евангелізацыі. Усведамленне гэтага ўмацоўваецца ў прапаведніцтве і катэхізацыі, у літургіі і ў пастаянным малітоўным выхаванні; яно павялічваецца праз справы гасціннасці, любові і духоўнага кіраўніцтва, праз разважанне і распазнанне свайго шляху, а таксама праз планаванне такога душпастырства, складанаю часткаю якога будзе клопат пра пакліканні.

8. Толькі на добра ўзаранай духоўнай глебе квітнеюць пакліканні да службовага святарства і да кансэкраванага жыцця. Сапраўды, хрысціянскія супольнасці, жыццё якіх прасякнута місіянерскім вымярэннем таямніцы Касцёла, ніколі не будуць замыкацца самі ў сабе. Місія як сведчанне Божай любові становіцца асабліва плённай у духу братняга дзялення, «каб свет паверыў» (пар. Ян 17,21). Пакліканні — гэта дар, якога Касцёл штодзённа просіць у Святога Духа. Як пры сваіх вытоках, сабраны вакол Панны Марыі, Каралевы апосталаў, супольнасць Касцёла вучыцца ў Яе прасіць у Пана росквіту новых апосталаў, якія будуць жыць такою вераю і такою любоўю, без якіх немагчымае місіянерства.

9. Перадаючы гэтыя свае разважанні ўсім касцёльным супольнасцям, каб яны іх засвоілі і ўбачылі ў іх заклік да малітвы, я заахвочваю да далейшай дзейнасці ўсіх, хто з вераю аддана працуе для справы пакліканняў і ад усяго сэрца дасылаю выхавацелям, катэхетам і ўсім, а перш за ўсё моладзі, якая ідзе па шляху паклікання, асаблівае апостальскае благаслаўленне.

Ватыкан, 3 снежня 2007 г.
Папа Бэнэдыкт XVI

Адноўлена 15.07.2009 16:52
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.