Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на II Нядзелю пасля Нараджэння Пана


Мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. 3 студзеня 2010 г.

Пазнаць нашае пакліканне і прызначэнне

1. Дарагія браты і сёстры, шаноўныя дзяржаўныя служачыя, прадпрымальнікі, прадстаўнікі дзелавых колаў, архітэктары і будаўнікі, якія сёння прыйшлі на аплатковую сустрэчу.

Асновай для нашых сённяшніх разважанняў будуць словы св. апостала Паўла з другога чытання. Менавіта св. Павел просіць Бога, каб дазволіў нам пазнаць Яго і прасвятліў вочы нашых сэрцаў, каб мы ведалі, у чым надзея нашага паклікання і багацце Ягонай спадчыны сярод святых.

2. Аднойчы падчас урока рэлігіі распачаўся дыялог паміж святаром і вучнямі.
— Кім вы хочаце стаць, калі скончыце школу? — спытаў святар.
— Я хачу паступіць ва універсітэт, — адказаў адзін з вучняў.
— А пасля універсітэта што ты хочаш рабіць?
— Знайсці добрую працу.
— А што далей?
— Зарабіць шмат грошаў.
— Што будзеш рабіць з гэтымі грашыма?
— Пабудую дом.
— Што ж далей?
— Хачу ажаніцца.
— А потым?
— Хачу мець сям’ю.
— А далей?
— Пайду на адпачынак.
— А што пасля адпачынку?
— Не ведаю.
— А ці памрэш ты?
— О так, я безумоўна памру.

3. Гэты дыялог — прыклад таго, што ў жыцці мы ўсе так занятыя штодзённымі справамі, што нават забываемся, дзеля чаго жывём, забываем, што мэтай нашага жыцця з’яўляецца падрыхтоўка да сустрэчы з Богам.

На самой справе нашае жыццё — гэта толькі шлях да вечнасці. У гэтым жыцці мы не маем сталага месца жыхарства, і таму на гэтай зямлі мы толькі пілігрымы, падарожныя.

Перажываем час Нараджэння Хрыста. Аднак мы ведаем, што Яго жыццё на зямлі было часовым. Таксама і нашае жыццё на гэтай зямлі часовае і завершыцца яно сустрэчаю з Богам у вечным жыцці. Таму словы св. апостала Паўла нагадваюць нам, каб, выконваючы свае прафесійныя абавязкі, мы не забываліся пра мэту нашага жыцця.

У прыведзенай вышэй размове святара з вучнямі закладзены глыбокі сэнс. Толькі задумаемся над фундаментальным пытаннем: што ты будзеш рабіць далей? У вучня былі адказы на ўсе пытанні, аднак у іх ніколі не праходзіла думка пра смерць і пра тое, што будзе далей. Таму словы малітвы св. апостала Паўла з сённяшняга другога чытання вельмі прыгожыя, бо даюць нам надзею.

4. «Не перастаю дзякаваць за вас Богу, успамінаючы вас у малітвах сваіх, каб Бог Пана нашага, Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і аб’яўлення ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага і якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай сярод святых» (пар. Эф 1, 16–18). Гэтыя словы св. апостала Паўла нагадваюць пра тое, што Бог мае вялікія планы адносна нас. Таму нам трэба запытацца ў саміх сябе: што мы думаем пра сябе, што пра нас думаюць іншыя і што пра ўсё гэта думае Бог.

Найбольш важнае і актуальнае іншае пытанне: што Бог думае пра нас? Адказ дае св. апостал Павел: Бог глядзіць на нас, як на сваіх дзяцей.

Мы хочам, каб у нас быў добры дом, новая машына, адпачынак за мяжой. Адным словам, на зямлі мы хочам мець усё найлепшае, хоць на самой справе найлепшае чакае нас у вечнасці, бо такі ёсць Божы план, каб мы сталі святымі. Колькі б багацця мы не мелі на гэтай зямлі, яно нічога не значыць у параўнанні з багаццем вечнага жыцця. Ці можа чалавек узяць з сабой у іншае жыццё свой банкаўскі рахунак, багатыя вілы і катэджы, самыя новыя аўтамабілі? Не. Можа ўзяць толькі тое, што з’яўляецца яго духоўным багаццем.

Калі мы чуем пра карупцыю ці іншыя парушэнні грамадскіх нормаў, то здаецца, што чалавек выкарыстоўвае розныя накірункі сваёй сілы і ўплыву на іншых. Ці Бог чыніць тое самае? Не. Езус уваскрос з памерлых, і Яго нябесны Айцец аддаў Яму ўсю ўладу. Менавіта ў Ім знаходзіцца тая моц і ўплыў, праз якія дзейнічае Бог.

Бог жадае нам толькі самага лепшага і праз Хрыста адорвае нас сапраўдным жыццём у Божай ласцы. Калі вялікім прывілеем лічыцца быць сынам ці дачкою знатнага чалавека, то яшчэ большым і непараўнальным прывілеем з’яўляецца быць сынамі і дочкамі Божымі! Якое вялікае пакліканне мы атрымалі — быць хрысціянамі і сведчыць хрысціянства!

5. Сённяшняе Евангелле распавядае пра Хрыста — святло, якое цемра не можа агарнуць. У свеце заўсёды існуе барацьба паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай. Як дзеці святла мы павінны сведчыць яго сваім жыццём. Хрыстус кажа, што мы павінны быць святлом свету і соллю зямлі. Пры вялікай колькасці неонаў у нашых гарадах, сучасны чалавек адчувае востры недахоп святла ў сваёй душы. Ён духоўна гніе. Мы добра ведаем, што соль ахоўвае прадукты ад псавання і надае смак ежы. Сучасны свет патрабуе солі хрысціянства, каб яно надало жыццю смак і выратавала яго ад маральнага крызісу.

6. Пазіраючы вачыма душы ў напрамку Бэтлеема, мы бачым Бэтлеемскую зорку і незгасальнае святло Езуса Хрыста. Няхай яно дапаможа ўсім нам, асабліва людзям, якія кіруюць грамадскім жыццём, дзяржаўным служачым, прадпрымальнікам, прадстаўнікам дзелавых колаў, архітэктарам і будаўнікам выконваць свае абавязкі ў святле Евангелля і сацыяльнага навучання Касцёла. Ваша праца вельмі неабходная і мае вялікае значэнне. Вы прымаеце актыўны ўдзел у кіраванні дзяржавай, вызначаеце кірункі яе развіцця, праектуеце і будуеце новыя аб’екты, у тым ліку і касцёлы, як месцы сустрэчы чалавека з Богам. У сваёй дзейнасці будзьце святлом свету і соллю зямлі, каб людзі ў вас і праз вашу дзейнасць распазналі ў Хрысце надзею свайго паклікання і славу жыцця вечнага. Амэн.

Адноўлена 04.01.2010 14:38
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі