Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана
Ісці за святлом Хрыста
Мінская архікатэдра. 6 студзеня 2010 г.


Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Урачыстасць Аб’яўлення Пана, узлюбленае ўсімі хрысціянамі і багатае народнымі традыцыямі свята, распавядае нам гісторыю пра трох мудрацоў, якіх Бэтлеемская зорка прывяла ў месца, дзе нарадзіўся Езус. Паводле паданняў старажытных кельтаў, іх жрацы і прадказальнікі праз вывучэнне астралогіі і бачныя на святым вогнішчы знакі таксама прарочылі нараджэнне Божага Дзіцяці. Паданні паданнямі, а мы верым у Евангелле, як праўдзівае Божае слова. І менавіта яно сёння нагадвае нам пра трох мудрацоў, якіх да месца Богаўцелаўлення прывяла Бэтлеемская зорка.

2. Паводле сярэдневяковых паданняў, тры мудрацы мелі імёны Каспар, Мельхіёр і Балтазар. Яны паходзілі з розных краін: Мельхіёр паходзіў з Азіі, Балтазар — з Персіі, Каспар — з Эфіопіі. Такім чынам, яны прадстаўлялі тры добра вядомыя ў тыя часы ў свеце нацыі.

Традыцыя называе іх каралямі, хоць на самой справе яны былі людзьмі, якія даследавалі рухі нябесных целаў. Гаворачы сучаснай мовай, яны былі астраномамі. Як тыя, хто пазнаваў законы космасу, яны былі людзьмі, якія шукалі праўду. Напэўна, яны ведалі кнігі Старога Запавету, дзе было абвешчана аб нараджэнні Збаўцы, знакам чаго павінна стаць новая зорка. І вось, калі даследчыкі нябесных целаў, знаходзячыся ў розных краінах, адначасова ўбачылі новую зорку як нябеснае цела, яны пайшлі за ёю, бо вачамі душы ўбачылі ў ёй Божы знак.

3. Мудрацы прынеслі Божаму Дзіцяці — Езусу Хрысту — свае каралеўскія дары: золата, кадзіла і мірру. Мельхіёр прынёс залатую чашу, якую, паводле падання, Марыя захавала, а Езус выкарыстаў падчас Апошняй Вячэры для ўстанаўлення Эўхарыстыі. Бальтазар падарыў кадзіла. Каспар – мірра.

Золата сімвалізуе каралеўскі сан Езуса Хрыста і прадстаўляе сабой нашу гатоўнасць жыць паводле Яго навучання. Дар кадзіла азначае Боскую асобу Хрыста і прадстаўляе пашану боскасці, якая ёсць у нас. Дар мірры  — гэта прароцтва цярпенняў, смерці і пахавання зямнога цела Езуса Хрыста, што прадстаўляе нашае разуменне гэтага і спачуванне цярпенням чалавецтва.

4. Сённяшняе свята — па-грэчаску epifania — азначае аб’яўленне. Паводле хрысціянскай традыцыі, epifania — гэта першае аб’яўленне Хрыста народам, якое здзейснілася праз гісторыю візіту трох мудрацоў да нованароджанага Збаўцы. І паколькі гэтыя мудрацы прадстаўлялі найбольш вядомыя ў той час нацыянальнасці, то гэтая евангельская гісторыя азначае аб’яўленне Хрыста ўсяму свету. Нездарма Езус кажа, што Ён мае і іншых авечак, якія не належаць да гэтага статка.

5. Існуе шмат паданняў, у якіх распавядаецца пра аб’яўленне Езуса ў  іншых месцах свету і ў многіх культурах. Аднак вялікае значэнне ва ўсім гэтым мае адзін факт: у розных абставінах Езус будзе пазнаны толькі тым, хто мае чыстае сэрца, шукае праўды і імкнецца да яе пазнання, як гэта ўчынілі сённяшнія пратаганісты — Тры Каралі.

Езус Хрыстус бляскам свайго святла асвяціў шлях людзей. Яго святло, як Бэтлеемская зорка, якая прывяла трох мудрацоў да месца Богаўцелаўлення, паказвае ўсяму чалавецтву шлях да Бога. Выбіраючы духоўны шлях, мы павінны ісці за гэтым святлом і прыносіць нашы ахвяры: золата — у выглядзе добрых учынкаў, любові да Бога і бліжняга; кадзіла — у выглядзе захавання годнасці дзяцей Божых і няспыннай малітвы, мірра —  як ахвяраванне нашых цярпенняў. Пакуль мы не будзем жыць у гэтым святле, наш шлях будзе пустым.

Праўда Аб’яўлення Божага заклікае нас ісці шляхам мудрацоў, каб святло нашай веры вяло нас да праўды, якою ёсць Езус. Менавіта ў гэтым заключаецца найбольшая праблема сучаснасці. Чалавек не слухае Бога і не ідзе за Яго святлом. Ён сябе ставіць на месца Бога і жадае кіраваць светам так, як яму хочацца. Вынік відавочны. Свет сам загнаў сябе ў тупік. Усе жывуць у трывалым страху за заўтрашні дзень і вельмі часта трацяць надзею. У маральным жыцці ўсё перавярнулася з ног на галаву. Развіццё навукі без захавання духоўных прынцыпаў вядзе да катастрофы. Абагаўленне добрых па сваёй ідэі прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды без захоўвання маральнага закону вядзе да новага тыпу таталірызму і агрэсіўнага лібералізму.

Езус кажа, што Яму дадзена ўся ўлада на небе і на зямлі. Таму ў жыцці хрысціяніна не можа быць хмары, якая б зацьміла яго жыццёвы шлях, бо цемра не можа агарнуць святло, якім ёсць Езус Хрыстус. Усё гэта нагадвае пра тое, што ў тых, хто верыць у Хрыста, заўсёды застаецца надзея, якой не могуць парушыць самыя вялікія сацыяльныя крызісы.

Такім чынам, прыклад трох мудрацоў з’яўляецца актуальным і сёння: даверыцца святлу Хрыста, якое прывядзе да пазнання праўды і будавання на ёй свайго жыцця.

6. Згодна са старажытнай традыцыяй, у гэты дзень на дзвярах нашых дамоў ці памяшканняў мы пішам крэйдаю пачатковыя літары імёнаў трох мудрацоў: К+M+Б — Каспар, Мельхіёр і Балтазар — і пазначаем год. Існуе таксама традыцыя пісаць гэтыя літары ў лацінскім варыянце (C+M+B), дзе літары нясуць у сабе глыбокі хрысціянскі сэнс: Christus mansionem benedicat — Няхай Хрыстус благаслаўляе гэты дом!

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, няхай сённяшняя ўрачыстасць дапаможа нам у тым, каб мы праз усё жыццё нястомна крочылі за зоркаю веры, якая ніколі не падвядзе, і, нягледзячы на сучасныя духоўныя буры і цемру, прывядзе нас да Езуса Хрыста, які ёсць Праўда, а ў Ім — збаўленне. Амэн.

Адноўлена 06.01.2010 18:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі