Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў VI Звычайную нядзелю, Год C |
Мінская архікатэдра, 14 лютага 2010 г. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Напэўна, кожны з нас сённяшняе Евангелле аб благаслаўленнях слухаў з вялікім здзіўленнем. Езус кажа, што благаслаўлёныя тыя, хто церпіць, каго пераследуюць, хто галодны і г.д. Ці сапраўды міласэрны Езус хоча, каб людзі жылі ў цяжкасцях і пры гэтым адчувалі сябе шчаслівымі? І як трэба разумець сённяшняе Евангелле? Адзін святар, пасля таго як прачытаў сённяшняе Евангелле, распачаў сваю гамілію з пытання: падыміце рукі, хто хоча быць бедным, галодным, адкінутым або тым, які плача? Ніхто не падняў рукі. Тады святар запытаўся: а хто хоча быць багатым, добра харчавацца, чуць пахвалу ад іншых людзей? Усе паднялі рукі. Упэўнены, што калі б я цяпер задаў вам гэтыя пытанні, то вынік быў бы такім жа. Так, сапраўды, Езус абвяшчае благаслаўлёнымі тых, хто бедны, галодны, плача, каго ненавідзяць або зневажаюць. У той жа час Езус называе багатых нешчаслівымі. У чым жа справа? Ці праз гэта Езус хоча сказаць, што беднасць — гэта знак Божага адабрэння, а багацце — Божага асуджэння? Напэўна, не! 2. Беднасць у святле сацыяльнага вучэння Касцёла з’яўляецца не шчасцем і благаслаўленнем, а бядой. Не жадаюць гэтага бацькі сваім дзецям, не жадае гэтага і Бог усім нам. Як жа тады мы павінны разумець благаслаўленні Езуса? Ключ да разумення знаходзіцца ў тэксце Евангелля: калі ўсё гэта здзейсніцца дзеля Сына Чалавечага (пар. Лк 6, 22). Гэта значыць, што калі людзі прымуць цяжкія абставіны свайго жыцця як цану, якую яны павінны заплаціць за тое, каб следаваць за Хрыстом, то яны будуць благаслаўлёныя. 3. Каб лепш зразумець тэкст сённяшняга Евангелля паводле Лукі, трэба браць пад увагу тое, што ён быў напісаны ў часы жорсткага пераследу Касцёла. Тады ад веруючага ў Хрыста магла адрачыся сям’я, яго маглі пакінуць сябры, яму не дазвалялася заходзіць у сінагогу. Хрысціянін таксама губляў права на спадчыну, уваходжанне ў свабодныя саюзы, вядзенне камерцыйнай дзейнасці. Нават калі нехта і быў вельмі багаты, то, прымаючы веру ў Хрыста, страчваў усё сваё багацце. Але словы Езуса застаюцца Ягонымі словамі: бедныя і церпячыя з’яўляюцца благаслаўлёнымі. Мы можам толькі ўявіць сабе новых хрысціян, якія праз слёзы павінны былі смяяцца і радавацца. Няшчасце, з іншага боку, адносілася да тых, хто адмовіўся ісці за Хрыстом, як, напрыклад, багаты малады чалавек, бо не былі гатовы адмовіцца ад добрага сацыяльнага становішча або не мелі сілаў выйсці з кола сваіх сяброў, якія таксама займалі высокія пасады ў грамадстве. Прывязанасць да матэрыяльных каштоўнасцяў была настолькі моцнай, што яны сталі для іх богам. Гэтыя людзі былі падобныя да сучасных людзей, якія заклапочаны толькі матэрыялізмам і спажывецтвам. Таму Езус і кажа, што яны зрабілі няправільны выбар, бо калі справы гэтага свету ставяцца перад Божымі, то гэта вядзе не да вечнага шчасця, а да вечнай трагедыі. 4. Услухоўваючыся ў словы сённяшняга Евангелля, мы, напэўна, задаем сабе пытанне: ці шчаслівыя мы? А калі не, то чаму? Такія пытанні мы задаём сабе вельмі часта. Святы Аўгустын пісаў, што нашыя сэрцы не зведаюць супакою, пакуль не знойдуць адпачынку ў Богу. Таму, калі мы не шчаслівыя, то, можа, гэта і ёсць знак таго, што Бог кліча нас да бліжэйшага сяброўства з Ім, аднак мы не адказваем на Ягоны заклік. Мы пачынаем шукаць шчасця ў іншым. Можа, мы думаем, што нас ашчаслівяць грошы. Аднак мы не возьмем іх з сабой пасля смерці. Можа, алкаголь ці наркотыкі зробяць нас шчаслівымі? Іх ужыванне дапаможа забыцца на нейкі час, а потым праблемы праявяцца ізноў і з яшчэ большай моцай. Можа, грэшнае жыццё прынясе шчасце? Не, наша сумленне будзе нагадваць нам пра віну. Таму адзіным ратункам з’яўляецца набліжэнне да Бога, як крыніцы ўсялякага шчасця. 5. Чалавек можа быць шчаслівы толькі ў Богу. Калі б мы ўбачылі ў вадзе залатую рыбку і выцягнулі яе адтуль, то ці была б яна шчаслівай? Не. Аднак, калі мы яе упусцім назад у ваду, яна будзе шчаслівай. Тое ж і з чалавекам. Адарваны ад Бога, ён нешчаслівы, і наадварот — у Богу шчаслівы. Нехта скажа: чаму Бог такі суровы, што чалавек можа быць шчаслівым толькі ў Ім? На самой жа справе Бог не суровы, а міласэрны, Ён ёсць любоў. Ён любіць нас нават тады, калі мы адварочваемся ад Яго. Цаною смерці свайго адзінароднага Сына і Яго Змёртвыхпаўстання Ён збавіў нас. Калі мы сутыкаемся з пэўнымі праблемы, то шукаем дапамогі ў людзей, і гэта добра. Аднак пры гэтым нельга забывацца пра Бога, які заўсёды нас чакае. Такім чынам, ёсць толькі адзін скарб, які прыносіць шчасце, — гэта Езус. Вялікі пост, які распачнецца праз тры дні, — гэта час, каб нанава распачаць наша падарожжа да Бога. У гэтым падарожжы, як і ў кожным іншым, нам неабходна карта. Гэтай картай і з’яўляюцца благаслаўленні, пра якія распавядае сённяшняе Евангелле. 6. На пачатку XX стагоддзя нямецкі палітык Бісмарк казаў, што з дапамогай благаслаўленняў Езуса немагчыма збудаваць свет. Даўно няма Бісмарка, а благаслаўленні Езуса засталіся і застануцца на ўсе часы, бо яны паказваюць кірунак да шчасця. Хоць нярэдка гэты кірунак звязаны з жыццёвым крыжом, аднак, несучы яго, мы адкрыем для сябе каштоўную пярліну, якою з’яўляецца Езус Хрыстус. Вядома, што пярліна ўтвараецца ў ракавіне малюска ў выніку пападання ў яе чужароднага цела. Напрыклад, калі ў ракавіну трапіць пясчынка, то малюск, баронячыся, абвалаквае яе спецыяльнай матэрыяй, з якой і ўтвараецца пярліна. Гэта шлях, якім малюск бароніць сябе па прыродзе і праз гэта фарміруе каштоўную пярліну. Тое, што было велізарнай бядой для малюска, нясе ўтварэнне прыгожай пярліны. Падобна і ў нашым жыцці. Тое, што здавалася вялікай цяжкасцю, вядзе да дабра. Нездарма прыказка кажа: няма ліха без дабра. У гэтым духу прымем, дарагія браты і сёстры, сённяшняе Евангелле, каб зразумець яго належным чынам, і не будзем баяцца жыццёвых цяжкасцяў у імя Хрыста, бо яны ўчыняць нас благаслаўлёнымі і шчаслівымі. Амэн. |
Адноўлена 15.02.2010 14:49 |