Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў II Нядзелю Вялікага посту, Год С |
Мінская архікатэдра, 28 лютага 2010 г. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Сённяшняе Евангелле вядзе нас на гару Табор. Езус бярэ з сабою Пятра, Яна і Якуба, на вачах якіх перамяняецца. Вучні, якія прывыклі да Яго звычайнага выгляду, былі вельмі здзіўлены, убачыўшы Яго перамяненне. Езус выглядаў зусім інакш, чым звычайна. Сваім перамяненнем Хрыстус паказаў Апосталам сваю славу і як быццам адкрыў прыгажосць святога ў небе. Езус паказаў ім, якім Ён ёсць на самой справе ў хвале свайго Айца Нябеснага. Апосталы былі настолькі зачараваны ўбачаным, што Пётр прапанаваў пабудаваць тры шатры — адзін для Езуса, а два іншыя для Майсея і Іллі, з якімі размаўляў Хрыстус. Тады з воблака пачуўся голас Айца Нябеснага: гэта Сын мой выбраны, Яго слухайце. Хіба Пётр, Ян і Якуб не ведалі гэтага? Ці не бачылі яны Яго цудаў? Бачылі. Аднак не бачылі Яго нябеснай славы. Трэба было ўзысці на гару і стаць сведкамі перамянення Пана, каб убачыць яго хвалу. 2. З гары адкрываецца зусім іншая перспектыва. З гары ўсё значна лепш відаць, чым калі знаходзішся на зямлі. Нездарма ў мінулым падчас ваенных дзеянняў наводчык заўсёды знаходзіўся на высокім месцы. Нялёгка забрацца на гару. Трэба патраціць шмат сіл. Аднак, калі мы знаходзімся на вяршыні, перад намі ўзнікае зусім іншы свет. Там больш чыстае паветра. Мы адчуваем моцны вецер. Зверху мы бачым межы гарадоў і вёсак. Так з гары мы можам убачыць тое, чаго не бачым, знаходзячыся ўнізе. Менавіта таму Апосталам трэба было забрацца на гару, каб убачыць славу Езуса як Сына Божага. Таксама іх вушы ўпершыню пачулі словы Нябеснага Айца, што Езус — гэта Яго выбраны Сын, якога трэба слухаць. 3. Падчас хросту Езуса голас з неба таксама назваў Яго выбраным Сынам. З гэтай прычыны могуць паўстаць наступныя пытанні. Ці не былі і мы ахрышчаны такой жа вадой? Ці не атрымалі і мы Духа Святога? І таму, ці і мы не з’яўляемся такімі ж выбранымі сынамі і дочкамі Божымі? Так, сапраўды, дзякуючы сакрамэнту хросту мы сталі выбранымі дзецьмі Божымі, а ўвесь Космас напоўнены веліччу Бога. Праблема толькі ў тым, ці бачым мы нашую годнасць. Ці не трэба і нам падняцца на «боскую гару», каб яе ўбачыць? З «боскай гары» мы бачым свет іншым. Мы нібы іншымі вачыма глядзім на яго. Аднак, каб забрацца на яе, неабходны вялікія намаганні. Найперш яны заключаюцца ў перамозе з Божай дапамогай над самім сабой, над сваімі слабасцямі, спакусамі і грахамі. Бо толькі тады мы зможам убачыць саміх сябе як дзяцей Божых, якія атрымліваюць моц Духа Святога. 4. Захоплены перамяненнем Хрыста, Пётр хацеў пабудаваць тры шатры. А ці не захацелі б гэтага і мы, калі б аказаліся ў падобнай сітуацыі? Безумоўна, так. Аднак Апосталам трэба было вярнуцца ўніз, каб на зямлі будаваць Божае Валадарства. Так трэба чыніць і нам. У Беларусі няма высокіх гор. Аднак падчас Вялікага посту Езус заахвочвае нас забрацца на «боскую гару», каб у святле Божага права праз прызму Духа Святога ўбачыць, якімі мы з’яўляемся, і ўсвядоміць, што на самой справе мы павінны быць выбранамі сынамі і дочкамі Божымі. Таму падчас Вялікага посту Касцёл дае ў нашы рукі інструменты Божай ласкі, дзякуючы якім мы павінны самі перамяніцца, каб потым падобна Апосталам перамяняць асяроддзе нашага штодзённага жыцця, якое знаходзіца ў грахоўным смогу, у горад, прамянеючы сонцам Божай ласкі. Гэта нялёгкае заданне. Трэба ачысціць наваколле, падняць туман і прынесці візію духоўнага перамянення ў наш свет, які церпіць духоўны голад. Аднак трэба памятаць, што на гэтым шляху мы не адны. Езус, Майсей, Ілля, Пётр і іншыя апосталы знаходзяцца перад намі. Таму ў святле праўды нашай веры аб перамяненні Пана, мы павінны належным чынам выкарыстаць Вялікі пост — час ласкі і збаўлення, як для нашага духоўнага перамянення, якое адбываецца ў сакрамэнце пакаяння, так і для перамянення сучаснага свету найперш праз наша хрысціянскае сведчанне. Не дастаткова змяняць воблік нашых гарадоў ці будаваць аграгарадкі. Не дастаткова мець добрую інфраструктуру. Не дастакова развіваць гаспадарку і г.д. Усё гэта вельмі патрэбна, аднак далёка не дастаткова. Патрэбна яшчэ духоўная перамена і хрысціянскае сведчанне. Аднойчы на Грамніцы маленькая дзяўчынка разам з мамай і бабуляй пайшла ў касцёл. Вярнуўшыся дадому, дзяўчынка запаліла свечку і пачала хадзіць вакол таты, які быў няверуючым і ніколі не хадзіў у касцёл. Тата вельмі здзівіўся і спытаў дачку, што яна робіць. Тая адказала: «У касцёле ксёндз казаў, што запаленая свечка з’яўляецца сімвалам святла Хрыста, які асвятляе ўсіх людзей, таму я цябе асвятляю». Тата задумаўся і захацеў змяніць сваё жыццё. Таму нам трэба належным чынам выкарыстаць час Вялікага посту. Бо толькі праз нашае навяртанне, а гэта значыць, праз нашае духоўнае перамяненне і прыклад нашага жыцця, мы па-сапраўднаму ўспрымем праўду Уваскрасення Хрыста як праўду, якая вядзе да нашага канчатковага перамянення, да жыцця ў вечным святле Бога. Амэн. |
Адноўлена 01.03.2010 14:54 |