Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў панядзелак у актаве Пасхі


Мінская архікатэдра, 5 красавіка 2010 г.

Наш асабісты Эмаус

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Хрысціяне ўсяго свету сёлета разам перажываюць свята святаў — Пасху Хрыстову. У другі дзень актавы Пасхі Касцёл прапануе нашай увазе Евангелле пра вучняў з Эмауса, невялікага гарадка, які знаходзіўся прыкладна ў 10–12 кіламетрах ад Ерузалема.

Два збянтэжаныя і моцна засмучаныя вучні Езуса вяртаюцца ў свой горад. Не цяжка зразумець іх унутраны стан. Хрыстус, якому яны даверыліся, які павінен быў вызваліць Ізраэль, памёр ганебнай крыжовай смерцю і быў пахаваны як кожны іншы памерлы чалавек. Зразумелым ёсць і тое, што вучні размаўлялі аб гэтым паміж сабою.

2. І вось у такой сітуацыі да іх набліжаецца Езус, якога яны не пазналі. Здзівіўшыся, што гэты чалавек не ведае пра апошнія падзеі, што адбыліся ў Ерузалеме, яны расказалі Яму пра смерць Езуса і пра свой сум. Выказалі таксама сваю разгубленасць з прычыны аповеду некаторых жанчын, якія, пайшоўшы да гробу Езуса, не знайшлі там Яго Цела, а анёл, які знаходзіўся там, паведаміў ім, што Хрыстус уваскрос.

Езус у сваю чаргу вельмі добра выкарыстаў гэту сітуацыю: распавядаючы вучням прароцтвы, Ён настолькі іх зацікавіў, што, калі яны падыходзілі да Эмауса, папрасілі Яго застацца з імі, аргументуючы гэта тым, што ўжо вечарэла. Езус ахвотна прыняў запрашэнне. Калі ж яны селі за стол, Езус здзейсніў Эўхарыстыю, і па гэтым вучні пазналі Яго. Евангеліст Лука вельмі прыгожа апавядае пра тое, як Езус здзейсніў ламанне хлеба. Менавіта таму Эўхарыстыю часта называюць Праламленнем хлеба.

3. Якія вывады мы, людзі ўжо XXI стагоддзя, можам зрабіць з гэтага евангельскага аповеду?

Варта заўважыць, што вучні з Эмауса, напэўна, вельмі цяжка адчувалі сябе ў Ерузалеме. Гэта зразумела. Ім псіхалагічна было няпроста заставацца ў месцы, дзе памерлі іх надзеі. Таму яны імкнуліся як мага хутчэй пайсці дамоў, каб забыць пра ўсё і спакойна жыць.

4. Трэба прызнаць, што падобна чынім сёння і мы. Паглядзім вакол сябе. Сучасны чалавек стараецца, наколькі гэта толькі магчыма, палегчыць сваё жыццё і вызваліцца, а, можа, нават і ўцячы ад цяжкасцяў. Аднак гэтыя ўцёкі не заўсёды прыносіць добрыя вынікі.

Сучасны чалавек усё менш ходзіць і ўсё менш фізічна працуе. Усё больш і больш распаўсюджваюцца пункты хуткага харчавання, так званыя fast food. Як вынік, у наш час павялічваецца колькасць людзей, якія пакутуюць ад хваробаў сэрца і лішняй вагі.

Калі нам нешта баліць, то найчасцей мы не шукаем прычын нашага недамагання, але хутчэй бяром разрэкламаваныя лекі, якія, можа, і суцішаюць боль, аднак не нясуць аздараўлення, не лечаць.

Часта людзі аказваюцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Нехта застаўся без працы, кагосьці звольнілі, бо дрэнна выконваў свае абавязкі, быў недысцыплінаваны, злоўжываў алкаголем ці з іншай прычыны. Іншы, можа, прайграў увесь свой дастатак у казіно. Іншы трапіў у нядобрае асяроддзе. Хтосьці паверыў у абяцанні лёгка разбагацець і лёгкім коштам дасягнуць шчасця. У кагосьці з’явіліся вялікія сямейныя праблемы. Гэты спіс можна працягваць доўга. Найчасцей у такіх выпадках чалавек вельмі збянтэжаны, здаецца, што ў яго ўсё валіцца з рук, што ён застаўся сам-насам са сваімі праблемамі і смуткам. У такія хвіліны чалавек нават можа страціць надзею.

Дзе ён шукае выйсця? На жаль, будучы слабым у сваёй веры, ён часта шукае шчасця ў віртуальным свеце, звяртаецца да наркотыкаў і алкаголю, пачынае весці амаральнае жыццё, становіцца на шлях злачынстваў. Нярэдка ён шукае выйсця ў камп’ютэрных гульнях. Трэба памятаць аб тым, што яшчэ ніхто і ніколі не ўцёк ад жыццёвых цяжкасцяў і што абяцанне лёгкага шчасця з’яўляецца нічым іншым, як толькі падманам. На самой справе чалавек трапляе ў залежнасць, з якой нялёгка выйсці.

5. Усе мы знаходзімся ў дарозе, бо нашае жыццё — гэта дарога. І яна нялёгкая. На ёй шмат перашкод, цяжкасцяў, збянтэжанасці і г.д. Сённяшняе Евангелле вучыць нас, што выйсце трэба шукаць у Езусе. Таму не трэба баяцца запрасіць Яго да сябе. Вучні з Эмауса спачатку не пазналі Езуса. Яны глядзелі на Яго і не бачылі ажно пакуль Ён не здзейсніў Эўхарыстыю.

А як у нашым выпадку? Ці заўсёды мы бачым Бога? Ці бачым мы Яго ў гісторыі нашага народа і ў сваёй асабістай гісторыі? Хто яшчэ не так даўно мог уявіць сабе такія прыгожыя і насычаныя набажэнствы ў нашых касцёлах, іх трансляцыю па радыё і тэлебачанні, працэсіі па вуліцах гарадоў? Хто мог сабе ўявіць, што, напрыклад, у Мінску, дзе не было ніводнага касцёла, з’явяцца і будуць будавацца новыя? Хто мог уявіць, што ў нашай краіне адкрыюцца духоўныя семінарыі, будуць развівацца манаскія супольнасці? Хто мог уявіць, што мы будзем мець свае сродкі масавай камунікацыі і выдавецтва? Гэты шэраг можна працягваць вельмі доўга.

Гэта ўсё знакі таго, што Хрыстус прыходзіць да нас. Але ці заўважаем мы Яго? Вучні з Эмауса не пазналі Езуса, але былі зачараваны Яго аповедам аб прароцтвах і запрасілі да сябе.

А як мы паступаем? Ці захапляе нас гісторыя збаўлення або гісторыя адраджэння веры ў нашай краіне? Што нас больш цікавіць: асоба Езуса ці пратаганісты раманаў Гары Потэра? Што мы найбольш жадаем пазнаць: нязменную праўду Евангелля ці танныя сенсацыі?

Езус чакае нас, чакае ў сваім слове, у Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах. Ён чакае, каб дапамагчы, развеяць усе сумненні, вярнуць страчаную надзею.

Разважаючы над урыўкам Евангелля пра вучняў з Эмауса, паставім перад сабою пытанне: а што ў гэтым выпадку можна сказаць пра нас? Ці хочам мы запрасіць Езуса да сябе? Зададзім сабе гэтае пытанне і адкажам на яго. Ад гэтага будзе залежаць тое, ці стане часткай нашага жыцця праўда аб уваскрасенні Хрыста. Бо толькі яна можа развеяць збянтэжанасць, нанава вярнуць страчаную надзею, адарыць шчасцем і даць сілы падобна вучням з Эмауса распавядаць сучаснаму свету пра Уваскрасенне Хрыста, у якім — наша збаўленне. Амэн.

Адноўлена 06.04.2010 13:58
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі