Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў ІІ Велікодную нядзелю


Мінская архікатэдра, 11 красавіка 2010 г.

Ласка веры

Умілаваныя ва Уваскрослым Езусе браты і сёстры!

1. Сёння мы завяршаем актаву Пасхі. Падчас яе Касцёл кожны дзень прапаноўваў нам біблейскія тэксты, якія дапамагалі лепш пазнаць пасхальную таямніцу нашага збаўлення. І сёння ён прапануе нашай увазе вельмі важны тэкст Евангелля пра так званага нявернага Тамаша.

Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як Езус аб’явіўся Апосталам вечарам пасля свайго ўваскрасення. Сярод іх не было Тамаша, які, даведаўшыся пра гэта, усклікнуў, што ніколі не паверыць ва ўваскрасенне Езуса, пакуль не убачыць Яго і не дакранецца да Яго ранаў. Гэта была нармальная рэакцыя чалавека, які страціў надзею разам з крыжовай смерцю і пахаваннем свайго Настаўніка. Напэўна, такой самай была б і наша рэакцыя, бо хто і калі бачыў жывым таго, хто памёр? Кожны з нас таксама жадаў бы доказу. Гэта ўсё нармальна і натуральна.

Далей Евангелле распавядае, што Езус задаволіў жаданне Тамаша. Ён ізноў з’явіўся Апосталам і сказаў Тамашу: дакраніся да Мяне, укладзі свае пальцы ў мае раны і не будзь няверуючым. Тады Тамаш усклікнуў: Пан мой і Бог мой! Ён вызнаў веру ва Уваскрасенне. Аднак Езус не пакінуў Тамаша ў супакоі. Ён сказаў яму: Тамаш, ты паверыў, бо ўбачыў, аднак благаслаўлёныя тыя, хто не бачыў і паверыў!

Гэты дыялог паміж Езусам і Тамашам вельмі важны. У народнай пабожнасці ажно да нашых часоў захаваліся словы апостала Тамаша «Пан мой і Бог мой...», якія людзі паўтараюць падчас паднясення, калі святар падымае кансэкраваную гостыю ці келіх. Гэта знак вызнання веры людзей, якія не бачылі, але паверылі.

Гэты дыялог вельмі важны і актуальны ў справе адносін веры і навукі. Сваёй нявернасцю св. Тамаш як быццам стаў апекуном людзей, якія сумняваюцца і шукаюць праўды.

2. Разважаючы над сённяшнім Евангеллем, узнікае пытанне: чаму благаслаўлёныя тыя, хто паверыў не бачачы, не чуючы, не дакранаючыся. Адказ знаходзіцца ў розніцы паміж значэннем паняццяў бачыць і верыць. Многія людзі кажуць, што каб паверыць, найперш трэба ўбачыць. Але на самой справе гэта далёка ад праўды. Убачыць і даказаць нешта фізічным ці хімічным эксперыментам — гэта значыць выйсці са сферы веры, бо няма сэнсу верыць у тое, што даказана, што відавочна. Тады знікае сам аб’ект веры. І наадварот, мы можам верыць у тое, чаго нельга ўбачыць, да чаго немагчыма дакрануцца ці прывесці доказ нейкім іншым спосабам. Вера ў штосьці адкрывае магчымасць перажываць гэта ў нашым жыцці і такім чынам атрымаць благаслаўленне.

Так, напрыклад, вучоныя ўсяго свету з нецярпеннем чакаюць вынікаў працы Еўрапейскага інстытута ядзерных даследаванняў, які знаходзіцца на мяжы паміж Швейцарыяй і Францыяй. Ужо даўно вучоныя выказваюць думкі пра магчымасць утварэння так званых чорных дзіраў, ці кажучы іншымі словамі — паўтарэння сітуацыі, якая была ў першыя долі секунды пасля вялікага выбуху ў момант стварэння Сусвету. Вучоныя ўпэўнены, што ў гэтым самым сучасным інстытуце, які мае найлепшае тэхнічнае абсталяванне ў свеце, яны змогуць ажыццявіць гэта. Падобнае будзе і тады, калі вучоныя вынайдуць ваду на Марсе ці іншай планеце, што стала б доказам таго, што там існуе нейкая форма жыцця.

На дасягненне гэтых мэтаў вучоных натхняе калі не вера, то гіпотэза пра чорныя дзіры і ваду на Марсе. Калі яны знойдуць усяму гэтаму доказ, то гэта стане для іх вялікай радасцю і благаслаўленнем. З іншага ж боку, калі мы жадаем убачыць нешта перад тым, як паверым у гэта, то можам ніколі не ўбачыць таго, што здарыцца.

3. Мы, напэўна, зайздросцім Апосталам, якім Езус аб’явіўся пасля свайго ўваскрасення. Яны маглі чуць словы Хрыста: «Супакой вам!». Маглі дакрануцца да Яго ранаў. Маглі слухаць Яго і разам з Ім спажываць ежу. Зведанае было вялікім і нават неверагодным досведам іх жыцця.

Аднак, па-добраму зайздросцячы Апосталам у тым, што яны бачылі ўваскрослага Пана, ніхто з нас не патрабуе гэтага. Адзінае, што нам неабходна, — гэта верыць у тое, аб чым нагадвае Евангелле, верыць нават не таму, што так напісалі Апосталы, ці верыць як гістарычнаму факту, але верыць таму, што яны напісалі гэта з натхнення Духа Святога, што іх словы — гэта словы самога Бога. Бо сапраўдная вера –— гэта вера ў тое, што нам аб’явіў Бог. Акрамя гэтага нам трэба даверыць нашае жыццё Езусу як нашаму Пану і Богу, а ўсё іншае будзе дададзена…

Нездарма св. апостал Павел кажа: калі мы вуснамі вызнаём, што Езус наш Пан, і верым, што Бог уваскрасіў Яго з памерлых, мы будзем збаўлены. Ён таксама навучае, што той, хто верыць у Езуса, не будзе расчараваны. Падумаем толькі аб тых незлічоных мільёнах веруючых, якія заўсёды, нават падчас пераследу, адчувалі прысутнасць Хрыста ў сваім жыцці, адчувалі, што Ён умацоўвае іх.

Калісьці лічылася, што немагчыма збудаваць карабель з жалеза, бо яно цяжэйшае за ваду і таму патоне. Аднак былі людзі, якія верылі, што можна збудаваць карабель з металу. І сёння такіх караблёў незлічоная колькасць. Тое ж можна сказаць і адносна самалётаў, якія робяцца з металу і лятаюць, хоць метал, нават алюміній, значна цяжэйшы за паветра. Яшчэ больш рэальным і праўдзівым з’яўляеццца факт, што тыя, хто не бачыў уваскрослага Езуса, паверыў і жыў гэтай верай. Іх вера сапраўды зрушыла з месца горы нявер’я, нянавісці, хлусні, несправядлівасці. Яна вылечыла многія хваробы і перамагла многія перашкоды. Сустрэча са скептыкамі можа высушыць надзею і радасць. Аднак, у той жа час, сустрэча з веруючым адраджае надзею і ўзмацняе веру.

Пасланне Евангелля вельмі простае: спачатку вера, а потым — досвед. Вельмі добра сказаў св. Аўгустын: веру, каб разумець, і разумею, каб больш верыць. Паводле св. Анзэльма, вера імкнецца зразумець. Слуга Божы Ян Павел II у сваю чаргу навучае, што вера і розум — гэта два крылы, на якіх чалавек падымаецца да пазнання праўды. Таму ў святле Евангелля няма супрацьстаяння паміж верай і розумам, а толькі ўзаемнае дапаўненне.

4. Добра гэта разумела св. Фаустына Кавальская і наш зямляк, благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька. Варта ўспомніць іх сёння, калі Касцёл адзначае свята Божай міласэрнасці. Якую глыбокую і непарушную веру павінна была мець св. Фаустына, каб прыняць за праўду аб’яўленні Езуса і Яго навучанне аб Божай міласэрнасці як адзінай надзеі свету?! Якой верай і даверам да Бога павінен быў жыць благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька, спаведнік Фаустыны?! Аднак, дзякуючы ім і Слузе Божаму Яну Паўлу II, сёння мы маем такі моцны духоўны інструмент, якім з’яўляецца набажэнства да Божай міласэрнасці.

Даверым Езусу Міласэрнаму сучасных людзей, якія спадзяюцца найперш на эмпірычныя доказы, а асабліва даследчыкаў, каб у духу Евангелля і навучання Касцёла выкарыстоўвалі веру і навуку і ў іх сімфоніі імкнуліся да спасціжэння праўды. Даверым Езусу Міласэрнаму саміх сябе, каб мы паверылі ва ўваскрасенне Езуса як наша збаўленне з грахоўнай няволі, і, жывучы гэтай праўдай, дасягнулі вечнага шчасця. Амэн.

Адноўлена 08.04.2010 15:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі