Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Першую святую Камунію вернікаў мінскай архікатэдры

30 мая 2010 г.

Дарагія дзеці!
1. Пасля гадоў падрыхтоўкі, сур’ёзнага экзамену і першай споведзі сёння вы прымаеце Першую святую Камунію. Прымаеце яе ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, калі мы ўсхваляем аднаго Бога ў трох Асобах. Спадзяюся, што вы добра ведаеце гэтую праўду нашай веры, што ёсць адзін Бог у трох Асобах: Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы. Бог Айцец у сваёй бязмежнай любові паслаў свайго адзінароднага Сына, каб Ён збавіў чалавецтва. Гэта адбылося дзякуючы Яго крыжовай смерці і ўваскрасенню. Пасля ўнебаўшэсця Езуса Хрыста Нябесны Айцец спаслаў Духа Святога, які ўжо 2 тысячы гадоў ажыўляе Касцёл і кіруе ім. Паміж трыма Боскімі Асобамі існуе незвычайная любоў і еднасць, да чаго і ўсе мы павінны імкнуцца.

2. Езус Хрыстус, хоць і вярнуўся ў дом свайго Нябеснага Айца, аднак не пакінуў нас адных. Ён даў нам святое Евангелле як указальнік на шляху да неба. Ён устанавіў 7 сакрамэнтаў — бачных знакаў, праз якія мы атрымліваем нябачную Божую ласку, неабходную для збаўлення.

Сярод гэтых 7 сакрамэнтаў цэнтральным з’яўляецца Эўхарыстыя як хлеб вечнага жыцця, сакрамэнт бязмежнай любові Бога да чалавека.

3. Некалі Езус сказаў Апосталам: Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне. Гэта было вельмі важнае запрашэнне. Гэтыя словы Езуса азначалі, што Ён моцна любіць дзяцей і хоча, каб яны былі разам з Ім. Ён ведаў, што якімі будуць дзеці і моладзь, такім будзе і свет. І таму хацеў, каб яны былі блізка Яго як Настаўніка, Збаўцы і даўцы вечнага жыцця. Таму Езус часта благаслаўляў дзяцей і казаў, што валадарства Божае належыць тым, хто падобны да дзяцей. Не азначае гэта, што ўсе людзі нанава павінны стаць дзецьмі. Гэта значыць, што трэба душой быць падобнымі да іх, бо ў вачах дзяцей бачна неба.

4. Сёння любячы Езус упершыню прыходзіць у вашыя сэрцы у святой Камуніі. Што гэта азначае? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба вярнуцца ў Вячэрнік, туды, дзе Езус Хрыстус устанавіў Эўхарыстыю. Там, падчас Апошняй Вячэры напярэдадні сваёй крыжовай смерці Ён узяў хлеб, памаліўся і сказаў: Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё. Падобным чынам узяў келіх і, памаліўшыся, сказаў: Бярыце і піце з яго ўсе, бо гэта ёсць келіх Крыві Маёй. Апосталы, хоць і адчувалі смак хлеба і віна, аднак верылі, што гэта сапраўднае Цела і Кроў Хрыста.

5. Устанаўленне Эўхарыстыі стала знакам бязмежнай любові Хрыста да людзей. Хто любіць, той здольны аддаць усё для асобы, якую любіць. Вы, дзеці, добра ведаеце пра гэта. Вашы таты і мамы любяць вас бясконца і робяць для вас усё магчымае. Езус не меў машыны, дому, дарагіх рэчаў і не мог іх ахвяраваць Апосталам. Аднак Ён зрабіў значна больш. Ён даў ім, а праз іх — усяму чалавецтву, самога Сябе ў Эўхарыстыі. Таму Апосталы, прымаючы Эўхарыстыю, маглі быць разам з Езусам, хоць Яго і не было сярод іх. Ён жыў у іх душах і напаўняў іх радасцю.

Тое ж адбываецца і сёння, калі вы, дзеці, першы раз прымаеце Езуса у святой Камуніі. Ён прыходзіць да вас, каб быць з вамі, каб вас перамяняць, рабіць лепшымі, каб напоўніць вас сваёй любоўю і ўчыніць падобнымі да Яго.

6. Святая Камунія — гэта вялікая ласка і адначасова вялікае заданне. Каб Езус мог прабываць у нашых сэрцах, мы павінны старацца, каб яны былі чыстымі і адкрытымі на Яго. Калі мы замкнём дзверы нашага памяшкання, то туды ніхто не ўвойдзе. Таксама, калі праз грэх мы замкнём дзверы нашых сэрцаў, то Езус не прыйдзе туды.

Таму, дарагія дзеці, вашым заданнем з’яўляецца тое, каб заўсёды любіць Езуса, мець добрае і чыстае сэрца і як найчасцей запрашаць Яго да сябе, каб праз святую Камунію Ён прыходзіў да вас і жыў у вас сваёю ласкаю.

7. З нагоды Першай Камуніі хачу таксама падзякаваць вашым бацькам, якія дапамаглі вам дайсці да гэтага першага, урачыстага спаткання з Хрыстом. Дзякую катэхетам і святарам, якія вас вучылі і спавядалі. Дзякую ўсёй парафіі, якая сёння разам з вамі перажыве гэтае свята Першай святой Камуніі.

Сёння ўсе гавораць пра вас. Трэба, каб гаварылі не толькі сёння, але кожны дзень і каб гаварылі добра. Таму вы павінны старацца быць добрымі. Бацькі таксама не павінны задаволіцца толькі сённяшнім днём. Не дастаткова памятаць толькі пра матэрыяльнае забеспячэнне сваіх дзяцей. Трэба клапаціцца і аб іх далейшай духоўнай фармацыі. Таму будзьце для іх першымі і галоўнымі выхавальнікамі. Не паддавайцеся згубным тэндэнцыям гэтага свету, якія дыктуюць, што дзіця, калі вырасце, само зробіць выбар: верыць ці не. Маленькае дрэўца яшчэ можна выпрастаць, вялікае ж — ніколі, яно ўжо не выпрастаецца, а толькі зломіцца.

Парафія таксама павінна арганізаваць далейшае навучанне катэхізісу. Таму сёння мы павінны маліцца не толькі за гэтых дзяцей, але і за іх бацькоў і ўсіх, хто адказны за іх духоўнае жыццё.

Няхай Дух Святы дапамагае ўсім нам у гэтай важнай справе, якой з’яўляецца выхаванне новага пакалення, каб яно ўзрастала ў гадах, мудрасці і ласцы ў Бога і людзей.

Усіх вас, асабліва першакамунійных дзяцей, давяраю Марыі — Маці адкупленага чалавецтва, каб праз Марыю ўсе ішлі да Езуса. Амэн.

Адноўлена 01.06.2010 12:43
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі