Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас асвячэння капліцы мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы |
5 чэрвеня 2010 г. З радасцю ўвайду ў дом Пана! 1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Таму сённяшняя цырымонія асвячэння новай капліцы мае вялікае значэнне, бо на карце Мінска з’яўляецца 8-е месца Божага культу Каталіцкага Касцёла. 3. Другі Ватыканскі Сабор навучае, што Касцёл з’яўляецца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення. Яно прыходзіць праз Божае слова, якое абвяшчае Касцёл, цэлебрацыю сакрамэнтаў, у якіх адбываецца асабістае спатканне чалавека з Богам. Асабліва трэба нагадаць пра сакрамэнт Эўхарыстыі. Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, і ў той жа час Эўхарыстыя будуе Касцёл, жывымі камянямі якога з’яўляемся мы. У Эўхарыстыі Езус Хрыстус корміць нас сваім Целам і, дзякуючы Эўхарыстыі, перамяняе нас, каб мы, змененыя, рабілі свет лепшым. Свет будзе такім, якімі будзем мы. Заданнем Касцёла з’яўляецца таксама дабрачыннасць, на што асаблівую ўвагу звяртае папа Бэнэдыкт XVI. Праз справы дабрачыннасці праўда Евангелля таксама дасягае людзей. Таму мы так хочам мець месцы, дзе Касцёл можа рэалізоўваць сябе як сакрамэнт паўсюднага збаўлення. Новая капліца невялікая, аднак у сэнсе тых духоўных спраў, якія будуць у ёй адбывацца, яна становіцца бязмежнай. У ёй будзе Бог, якога не можа аб’яць ні неба, ні зямля. Тут можна ўспомніць прыказку: маленькі, да залаценькі. 4. Дом Божы парафіі Маці Божай Ружацовай, паводле жадання Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, яшчэ як Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, павінен стаць санктуарыем Божай міласэрнасці. Мы добра памятаем мінулагодняе пілігрымаванне абразоў Езуса Міласэрнага і нашага земляка благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі па парафіях архідыяцэзіі. Перэгрынацыя стала як быццам дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі. Абраз Езуса Міласэрнага абышоў усю дыяцэзію і спрыяў навяртанню многіх людзей. Тады я абяцаў, што ён будзе знаходзіцца ў санктуарыі Божай міласэрнасці. Сёння ў нас ёсць толькі капліца. Аднак спадзяюся, што ў хуткім часе на гэтым месцы паўстане сапраўдны санктуарый. З такой надзеяй сёння гэты намолены абраз перадаецца парафіі Маці Божа Ружанцовай пад апеку айцоў міхалітаў, каб па прыкладу благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі былі сапраўднымі абвяшчальнікамі Божай міласэрнасці. Падчас доўгіх дзесяцігоддзяў Ружанец заставаўся малітвай, дзякуючы якой у нашай краіне была захавана вера. Менавіта дзякуючы ружанцовай малітве Божая міласэрнасць праявілася ва ўсёй сваёй паўнаце. Спадзяюся, што ўжо ў новых абставінах айцы міхаліты, выкарыстоўваючы перэгрынацыйны абраз Езуса Міласэрнага, дадуць новы імпульс разіццю набажэнства да Божай міласэрнасці, у якой адзіная надзея свету. А гэта надзея вельмі патрэбна сучаснаму чалавеку, калі ў час новых цяжкасцяў працэсы секулярызацыі вядуць свет да дэхрысціянізацыі. І такі шлях чалавек выбірае сам. У гэтым выбары ніхто не абмяжоўвае яго свабоду. А гэта больш небяспечна, чым у тыя часы, калі чалавеку забаранялася верыць. 5. Падчас гэтай св. Імшы пасвячэння капліцы ў Лошыцы таксама цэлебруецца сакрамэнт канфірмацыі — сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Дух Святы перамяніў Апосталаў так, што з баязлівых вучняў яны сталі мужнымі вызнаўцамі і сведкамі Хрыста. Сучасны свет патрабуе новых мужных сведкаў Евангелля па меры выклікаў нашага часу. Таму, дарагія вернікі, якія атрымаеце дар Духа Святога, не бойцеся адчыніць дзверы сваіх сэрцаў на Яго. Дазвольце Яму дзейнічаць у вас, каб вы маглі плыць не толькі па цячэнні сучаснага жыцця, але таксама мелі сілы плыць супраць яго. Плыць па цячэнні лягчэй. Аднак яно можа занесці туды, адкуль ужо нельга вярнуцца. Прыгадваецца адна гісторыя. Па рацэ ў чаўне плыве чалавек. Сонца прыемна грэе. Чалавек спіць і не клапоціцца пра тое, што човен з кожнай хвілінай усё больш набліжаецца да Ніагарскага вадаспаду. З берага даносіцца крык людзей, каб той узяўся за вёслы і павярнуў назад. Аднак чалавек не чуе і разбіваецца. Колькі ж духоўных вадаспадаў бывае ў жыцці, калі мы кіруемся правіла «ўсе так жывуць» і не клапоцімся будаваць сваё жыццё паводле прынцыпаў Евангелля?! 6. Капліца, пасля яе пасвячэння, стане месцам спаткання чалавека з Богам. Няхай ніколі не зарасце дарога да яе. Няхай людзі знойдуць тут Бога і Яго праўду, каб ёю жыць. Няхай Божая ласка шчодра сплывае на ўсіх, хто тут будзе маліцца. Таму, дарагія браты і сёстры, з радасцю ўваходзьце ў дзверы гэтай капліцы, каб тут праслаўляць Бога і шукаць шлях да збаўлення. Амэн. |
Адноўлена 04.06.2010 16:51 |