Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Клецку ў межах сімпозіума «Зыгмунт Шчасны-Фялінскі — святы лік у Беларусі» |
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, удзельнікі сімпозіума, прысвечанага св. Зыгмунту Шчаснаму-Фялінскаму. 1. Перш за ўсё хачу выказаць падзяку пробашчу кс. Эрвіну Вячорку MSF за ініцыятыву арганізацыі гэтага сімпозіума. Святы Зыгмунт Шчасны-Фялінскі нарадзіўся ў 1822 г. на Валыні ва Украіне. Аднак клецкая зямля таксама цесна звязана з ім. Тут нарадзілася яго мама, якая была ахрышчана ў клецкім касцёле, і менавіта сюды ён прыязджаў падчас канікул у студэнцкія гады. Такім чынам, гэтая зямля і людзі, якія жывуць на ёй, таксама аказалі свой уплыў на фармацыю будучага святога. Усё гэта кажа пра тое, што і на нашай зямлі людзі могуць духоўна ўдасканальвацца і ўзрастаць у святасці. У гэтым выхаванні, — як прызнаецца наш святы, — асаблівае месца займала сям’я. Зыгмунт пісаў сваёй маці, што не жадаў бы вяртання ніякіх шчаслівых хвілін з свайго жыцця, акрамя тых, якія зведаў у сям’і. Святога Зыгмунта Шчаснага-Фялінскага смела можна назваць апекуном многіх народаў Еўропы, найперш Усходняй. Ён прыйшоў на свет на ўкраінскай Валыні, наведваў Беларусь, вывучаў матэматыку ў Маскоўскім унівесітэце, гуманітарныя навукі — у слаўным універсітэце Сарбоны ў Парыжы. Менавіта там Зыгмунт і пачуў пакліканне да святарства. Навучанне і святарскую фармацыю атрымаў у Жытомірскай духоўнай семінарыі і Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. 155 гадоў таму ў горадзе на Няве атрымаў святарскія пасвячэнні. Потым працаваў прафесарам і з’яўляўся духоўным айцом у Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У Санкт-Пецярбургу заснаваў Кангрэгацыю Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі (сёстры Сям’і Марыі). Шмат увагі прысвячаў дабрачыннасці. Маючы на ўвазе яго адукацыю, арганізатарскія і пастырскія здольнасці, Святы Пасад у 1862 г. прызначыў яго арцыбіскупам Варшаўскім. У вельмі складанай сацыяльна-палітычнай сітуацыі сярэдзіны XIX стагоддзя арцыбіскуп Зыгмунт Шчасны-Фялінскі быў сасланы ў Яраслаўль, дзе ў ссылцы правёў 20 гадоў. Там, у горадзе над Волгай, ён заснаваў парафію, якая існуе і сёння. Сваё зямное жыццё закончыў у Кракаве ў 1895 г. Быў беатыфікаваны Слугой Божым Янам Паўлам II у 2002 г. і кананізаваны папам Бэнэдыктам XVI у 2009 г. 2. Сённяшняе Евангелле прадстаўляе вельмі цікавы і актуальны для нас дыялог паміж Езусам Хрыстом і Апосталамі. Хрыстус абвяшчае Валадарства Божае, чыніць цуды, аздараўляе хворых, благаслаўляе і суцяшае людзей, заклікае да сябе дзяцей. Усё гэта вельмі падабаецца людзям. Цэлыя натоўпы ідуць за Ім. Аднак Есуса цікавіла, за каго лічаць Яго людзі? Хто Ён для іх? Сапраўдны Бог ці, можа, толькі нейкі маг? Перасякаючы мяжу, мы павінны паказваць свой пашпарт. Інакш мы не зможам праехаць праз яе. Езуса бачылі, Ім дзівіліся. Але ніхто і ніколі не спытаў: кім Ён з’яўляецца на самой справе? Можа, толькі казалі, што гэта сын Юзафа рамесніка. Таму Езус сам бярэ ініцыятыву ў свае рукі. Найперш Ён пытаецца ў Апосталаў, кім лічыць Яго народ? Апосталы адказалі, што адны называюць Яго Янам Хрысціцелем, іншыя Іллёю, а некаторыя — адным з уваскрослых прарокаў. Потым Езус задае падобнае пытанне Апосталам, а менавіта, кім яны Яго лічаць? Пётр ад імя ўсіх Апосталаў адказвае: Ты Месія Божы! Праз гэта Пётр вызнаў веру ў Езуса як Сына Божага. Такім чынам Езус як быццам прымусіў Апосталаў, каб яны «праверылі» Ягоны пашпарт і ўбачылі, што Ён сапраўды той доўгачаканы Месія. Гэтае вызнанне веры Апосталы пацвердзілі сваім жыццём, несучы крыж свайго апостальскага служэння ажно да праліцця крыві. Гэтым вызнаннем веры Касцёл жыве і дзейнічае ўжо больш за 2 тысячы гадоў. 3. А што адносна нас? Ці заўсёды і ў кожных абставінах нашага жыцця мы вызнаём у Хрысце Бога? Хто Ён для нас? Сын Божы ці, можа, толькі выдуманы персанаж, прарок або гістарычная асоба? Калі мы ўзгадваем імя Езус, то вымаўляем яго як імя Божае ці так, як і кожнае іншае? На жаль, сучасны чалавек у сваім імкненні да абсалютнай свабоды нярэдка ставіць сябе самога на месца Бога, а вырашэнне ўсіх жыццёвых праблем давярае прагрэсу чалавецтва. У той жа час мы бачым, што такая стратэгія не вытрымлівае іспыту. Вырашэнне адных праблем нараджае іншыя. Нарастае, напрыклад, экалагічны крызіс. Але трэба таксама гаварыць і пра экалогію душы, калі, не прымаючы маральных нормаў, чалавек губляецца і не можа знайсці выйсця з тых цяжкіх сітуацый, у якіх знаходзіцца. Ён бачыць, што навуковы і тэхнічны прагрэс не здольны вырашыць усіх праблем. Больш таго, перад небывалым націскам сучасных выклікаў чалавек часта страчвае надзею і трапляе ў роспач. Такім чынам, бачна, што акрамя тэхнічнага і навуковага прагрэсу неабходны таксама духоўны прагрэс. Прыкладам у гэтым можа служыць св. Зыгмунт Шчасны-Фялінскі. Атрымаўшы ў Маскве выдатную матэматычную адукацыю, ён удасканальвае свае веды ў гуманітарнай галіне, каб зразумець, што патрабуе таксама духоўнага росту, каб самому узрастаць у святасці і іншых весці на яе шлях. 4. Сёння ў парафіі Святой Тройцы ў Клецку цэлебруецца таксама сакрамэнт канфірмацыі, які называецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці. Заўсёды сталым у сваім духоўным жыцці, нягледзячы на шматлікія цяжкасці і нават ссылку, быў св. Зыгмунт Шчасны-Фялінскі. Заставаўся такім, бо быў чалавекам моцнай веры. Прымаючы сакрамэнт канфірмацыі, чалавек прымае дары Духа Святога, каб найперш быць моцным у сваёй веры і бараніць яе, а таксама быць сталым у сваім хрысціянскім жыцці. Не быць трысцінай, якая хістаецца ад ветру, але заставацца моцным дрэвам, якое не спалохаюць нават буры. А гэтых бураў у духоўным жыцці чалавека ў наш час вельмі многа. Каб супрацьстаяць ім і несці крыж штодзённага жыцця, неабходна быць духоўна загартаваным. Таму трэба дазволіць Духу Святому дзейнічаць у нашых сэрцах і перамяняць іх. Няхай прыклад св. Зыгмунта Шчаснага-Фялінскага дапаможа нам паддацца натхненням і кіраванню Духа Святога, каб мы былі сапраўднымі хрысціянамі і сведкамі Евангелля, якія жывуць сваёю верай. Амэн. |
Адноўлена 21.06.2010 13:31 |