Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас урачыстасцяў у гонар росіцкіх мучанікаў кс. Юрыя Кашыры і кс. Антонія Ляшчэвіча

Росіца, святая Імша апоўначы з 6 на 7 жніўня 2010 г.

1.    Мяне пераследавалі і вас будуць пераследаваць, — у гэтых словах Езуса Хрыста крыецца праўда пра жыццё Касцёла і хрысціяніна.

Як вядома, не ўсім падабаўся Хрыстус. Прыйшоў да сваіх, але Яго не прынялі. Не дапамагло нават тое, што многія бачылі Яго цуды і натоўпы людзей, якія ішлі за Ім. Для фарысеяў Ён быў перашкодай, і Яго ўкрыжавалі. Гэта была мучаніцкая смерць, на якую Езус, як Бог-Чалавек — з любові да чалавека, якога прыйшоў збавіць, — згадзіўся. Хоць вядома, што на дрэве крыжа Ён маліўся: Ойча, калі Ты хочаш, то аддалі ад мяне гэты келіх, аднак не мая, але Твая воля няхай станецца.

2.    Гісторыя Касцёла — гэта не толькі гісторыя ягонай славы, але і гісторыя мучаніцтва. Першыя тры стагоддзі хрысціянства — гэта час, пазначаны крывёю мучанікаў за веру. Нагадваюць пра гэта найперш калізеі. Не толькі самы вялікі ў свеце — рымскі, — але і ліёнскі ў Францыі, і карфагенскі ў Тунісе. Менавіта там першыя хрысціяне сваёю крывёю давалі сведчанне вернасці Хрысту.

Нагадваюць аб гэтым катакомбы як месцы, дзе першыя хрысціяне патаемна цэлебравалі Эўхарыстыю і іншыя сакрамэнты, дзе таксама іх хавалі.

Сярод хрысціянаў многа мучанікаў. Нагадвае пра гэта і мінулае стагоддзе — час найбольш жудаснага пераследу веры і ганенняў на Касцёл. На нашай зямлі вернікі перажылі гэты цяжкі досвед як з боку ваяўнічага атэізму, калі вернікаў вывозілі ў Казахстан, Сібір, на Далёкі Усход і г.д., так і з боку нацызму падчас Другой сусветнай вайны, калі таксама загінула вельмі многа людзей у канцэнтрацыйных лагерах або было загублена іншым спосабам.

3.    Божы Провід збірае нас сёння ў месцы, арошаным крывёю мучанікаў, — у Росіцы. Менавіта тут у 1943 г. нямецкія акупанты і іх прыспешнікі забілі больш за паўтары тысячы вернікаў, у тым ліку двух святароў — благаслаўлёных кс. Юрыя Кашыру і кс. Антонія Ляшчэвіча. Большасць загінуўшых былі спалены жывымі.

Ксяндзы марыяне Юры і Антоні мелі магчымасць застацца жывымі, але дабравольна выбралі смерць, каб у гадзіну вялікага досведу быць разам са сваімі вернікамі і дапамагаць ім духоўна. Толькі адзін Бог ведае, як многа з тых мучанікаў менавіта праз гэтых святароў былі падрыхтаваны на смерць з надзеяй, што яна не з’яўляецца канцом жыцця. Прысутнасць гераічных святароў сярод вернікаў у гадзіну такога вялікага досведу, напэўна, многім адчыніла брамы раю.

Яны не пакінулі свайго статку без пастырскай апекі, калі разрываў яго непрыяцель. Яны не былі наймітамі, але сапраўднымі пастырамі і баранілі статак да канца, нават коштам свайго жыцця. Яны сваёю смерцю пацвердзілі словы Хрыста, што няма большай любові, чым калі хтосьці аддае сваё жыццё за іншага чалавека.

Успомнім св. Максімільяна Кольбэ. Гэта ён у асвенцімскім канцлагеры згадзіўся пайсці на галодную смерць, каб толькі выратаваць жыццё бацьку сям’і. Эсэсавец не мог паверыць гэтаму. Бо і сапраўды, у канцлагеры кожны толькі і думаў, як пражыць хоць на хвіліну даўжэй, а тут гэты святар францішканін згаджаецца памерці за іншага.

У гісторыі з росіцкімі мучанікамі ксяндзамі марыянамі Юрыем і Антоніем — тое ж самае. Напэўна, для многіх іх ахвяра была незразумелай. Аднак яны ведалі, што чынілі — засталіся пастырамі даручанага ім народу да канца і гэтую вернасць пацвердзілі крывёю.

4.    Ці была патрэбна іх мучаніцкая смерць і ці прынесла яна плён? — можа не адзін запытацца сёння, у час нарастаючага секулярызму і адыходу ад хрысціянскіх каранёў.

З пункту гледжання веруючага чалавека іх ахвяра была вельмі патрэбна тым, хто знаходзіўся разам з імі. Іх прысутнасць дадавала ім духоўных сіл, а самае важнае — надзею.

Яшчэ на пачатку хрысціянства Тэртуліян казаў, што кроў мучанікаў — гэта насенне хрысціянаў. Упершыню ў Росіцы я быў 20 гадоў таму. Тады я сваімі вачыма ўбачыў разбураныя сакральныя будынкі, і мімаволі падумалася: ці адродзяцца яны да новага жыцця? Не прайшло і аднаго пакалення — і мы бачым зусім іншую Росіцу. Адноўлены не толькі касцёльныя будынкі, але духоўна адноўлены народ. Набажэнствы ў гонар росіцкіх мучанікаў, пілігрымкі, адраджэнне рэлігійнага і манаскага жыцця сведчыць аб тым, што, сапраўды, словы Тэртуліяна рэалізуюцца. Ні нацысцкія, ні атэістычныя злачынствы не здолелі перамагчы.

Пацвярджаюцца словы Хрыста, сказаныя апосталу Пятру: ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго (пар. Мц 16, 18). Здзяйсняецца прароцтва Маці Божай Фацімскай, што яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Я тры разы сустракаўся з с. Люцыяй, якая бачыла Марыю падчас фацімскіх аб’яўленняў у 1917 г. Аднойчы Люцыя сказала наступнае: пад словам «Расія» трэба разумець увесь свет, бо грэх не мае нацыянальнасці. І сапраўды, фацімскія набажэнствы актуальныя не толькі на тэрыторыі Расіі, Беларусі ці былога Савецкага Саюза, але і ва ўсім свеце, асабліва ў Амерыцы.

5.    Яны набіраюць яшчэ большае значэнне ў нашы часы, калі няма пераследу веры, але ёсць дабравольны адыход ад яе. Бо словы Марыі: калі будзеце маліцца і навернецеся, то ўсё будзе добра, а калі не, то вас чакаюць цяжкія часы, — актуальныя і сёння.

Цяпер ніхто не жадае мучаніцтва і крывавай ахвяры. Аднак у той жа час патрэбна іншая ахвяра, каб супрацьстаяць выклікам нашага часу. Трэба ясна і з усёй адказнасцю запытацца ў сябе: якім вернікам я з’яўляюся? Сапраўдным ці штучным? Што мяне яднае з Касцёлам — пасведчанне хросту ці сапраўднае хрысціянскае жыццё? На жаль, сведкаў сапраўднага хрысціянскага жыцця становіцца ўсё менш і менш.

Чым для мяне з’яўляецца Святое Пісанне? Толькі гісторыяй або кнігай аб культуры тых часоў ці заўсёды жывым і дзейсным словам Божым?  Бо калі мы яго ўспрымаем толькі як інфармацыю, то назаўтра прыйдзе іншая, больш цікавая, і мы забудзем пра слова Божае.

Чым з’яўляецца нядзельная святая Імша? Сапраўдным выразам маёй веры і жаданнем спаткацца з Хрыстом ці толькі традыцыяй? Бо так кажуць бацькі, ды і што падумаюць суседзі, калі не пайду ў касцёл і г.д. Ці часам замест таго, каб ісці ў касцёл на нядзельную святую Імшу, я не выбіраюся ў сучасныя «касцёлы», якімі з’яўляюцца стадыёны ці супермаркеты?

А як я адношуся да інстытуту сям’і? Ці сапраўды ўспрымаю яго як адзіны і непарушны? А можа, імкнуся трактаваць яго як партнёрскія адносіны паміж мужчынам і жанчынай паводле прынцыпу: пажывём — пабачым? Ці ўспрымаецца мною еднасць і непарушнасць сужэнства з мэтай узаемнай дапамогі і выхавання дзяцей як Богам устаноўлены парадак, ці, можа, ужо як перажытак мінулага?

На пытанне фарысеяў, ці можна адпусціць жонку, кажучы сучаснай мовай, ці можна развясціся, Езус адказаў: што Бог злучыў, таго чалавек няхай не раздзяляе. А нам Майсей дазволіў, — адказалі фарысеі. Дазволіў, бо вашы сэрцы зацвярдзелыя, — адказаў Хрыстус. Зацвярдзелыя па-грэчаску азначае склератычныя.

Склероз — вельмі цяжкая хвароба. Аднак трэба прызнаць, што сучасны чалавек хварэе на духоўны склероз, ён забываецца, а на самой справе, не жадае жыць паводле Божага закону. У імкненні да абсалютнай свабоды ён  змяняе права Божае або нават зусім яго не прымае. Больш таго, за права, паводле якога жадае жыць, ён прымае тое, якое найбольш яму адпавядае ў той ці іншай жыццёвай сітуацыі.

Як я адношуся да аховы найвышэйшага дару, якім з’яўляецца жыццё? Усё часцей сучасны свет падобны да Ірада, які забівае ненароджаных дзяцей, а таксама пасягае на безнадзейна хворых праз легалізацыю эўтаназіі.

Немаральнае выкарыстоўванне дасягненняў генетыкі вядзе да выкарыстоўвання эмбрыёнаў для вырабу касметыкі і амаладжальных прэпаратаў. Гэта пагражае таксама з’яўленню кланавання чалавечых органаў або нават самога чалавека. Гэта разыходзіцца з Божым планам і можа прывесці да прамысловага вырабу чалавека ці яго частак, як быццам гэта нейкія запчасткі, якія можна набыць у магазіне. Якое вам дзіця падабаецца: брунэт ці бландзін, з чорнымі ці сінімі вачыма, высокае ці нізкае, хлопчык ці дзяўчынка? Вы толькі плаціце, а мы яго зробім. Забываемся пры гэтым, што кожны чалавек не толькі мае свой адзіны і непаўторны генетычны код, але таксама створаны на вобраз і падабенства Божае. Кожны адрозніваецца сваёй індывідуальнасцю.

А як выглядае справа з сексуальным жыццём у сучаснай моладзі? Дасужэнскае сексуальнае жыццё становіцца агульнапрынятай нормай з усімі выплываючымі з гэтага вынікамі, якія вядуць да разбэшчанасці і цяжкіх хваробаў.

У пошуку выйсця з вельмі частай сёння дэпрэсіі ці страты надзеі людзі пачынаюць піць або ўжываць наркотыкі, прагульваюць у казіно усю сваю маёмасць і праз гэта трапляюць у новыя залежнасці.

5.    Гэтыя і іншыя праблемы сучаснасці відавочна нагадваюць пра дэвальвацыю маральных каштоўнасцяў і дэградацыю чалавека, што вельмі часта вядзе да страты надзеі.

Росіцкія мучанікі не страцілі яе падчас вельмі цяжкіх выпрабаванняў. Яны з’яўляюцца для нас прыкладам, што і мы можам плыць супраць цячэння, можам супрацьстаяць выклікам сучаснасці, можам жыць надзеяй і не страціць яе. А гэтая надзея — у Езусе Хрысце, які заклікае нас да евангельскага радыкалізму ў нашым жыцці. Мы павінны казаць «так — так» або «не — не», павінны быць «гарачымі» або «халоднымі».

Гэта азначае, што нельга быць трохі веруючым і трохі няверуючым. Нельга быць веруючым, калі нам гэта адпавядае, і няверуючым, калі не адпавядае. Нельга быць веруючым толькі ў касцёле, а па-за касцёлам жыць так, як быццам Бога зусім няма. Ён ёсць, Ён не памёр, не захварэў і не пайшоў у адпачынак.

Сведчыць аб гэтым найперш цуд адраджэння веры пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў. Гэты цуд — не толькі дар, але і заданне. Таму перад абліччам выклікаў сучаснасці мы не павінны глядзець на хрысціянства як на нейкую культурную традыцыю, але павінны браць у ім актыўны ўдзел.

Таму няхай прыклад благаслаўлёных ксяндзоў Юрыя і Антонія дапаможа нам не баяцца цяжкасцяў сучасных выклікаў, каб мы сумленна выканалі свае жыццёвыя абавязкі, за што Хрыстус напрыканцы нашага жыцця скажа: слуга верны, увайдзі ў Маё Валадарства. Амэн.

Адноўлена 06.08.2010 12:32
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі