6 верасня 2010 г., мінская архікатэдра
Глыбокапаважаныя семінарысты!
1.Шчыра вітаю ўсіх вас пасля летняга адпачынку і пастырскай практыкі ў парафіях Мінска-Магілёускай архідыяцэзіі. З Божай дапамогай вы распачынаеце новы год фармацыі да святарства. Сёння падчас гэтай св. Імшы ў мінскай катэдры мы сабраліся прасіць Божага благаслаўлення і дароў Духа Святога ўсім вам разам і кожнаму паасобку, каб Бог, які распачаў у вас добрую справу паклікання да святарства і святарскай фармацыі, яе паспяхова завяршыў.
2.Прапаную сёння засяродзіцца над такой важнай тэмай у пакліканні да святарства, як пакліканне быць вучнем Хрыста. Моцаю Духа Святога мы ўсе павінны быць вучнямі Езуса Першасвятара. Галоўнае месца ў гэтым займаюць тры наступныя аспекты: цана быць вучнем, радасць быцця вучнем і яго перспектыва.
Найперш, гэта цана. Гісторыя хрысціянства сведчыць пра тое, што быць вучнем Хрыста на самой справе нялёгка. Гэта вялікая ахвяра, і за быццё вучнем трэба заплаціць немалую цану. Першыя вучні — апосталы — за вернасць свайму пакліканню заплацілі цаною свайго жыцця. Дваццаць стагоддзяў хрысціянства — гэта не толькі час яго росквіту і добразычлівасці з боку свету, але і час жорсткага пераследу, аб чым мы добра ведаем з недалёкага мінулага.
Сёння ніхто не патрабуе праліцця крыві за прыналежнасць да Хрыста і абвяшчэнне Евангелля. Аднак, каб ісці за Ім, быць Яго вучнем і рэалізаваць святарскае пакліканне, трэба заплаціць вялікую цану. Многія маглі б пайсці іншым шляхам, зрабіць свецкую кар’еру, стварыць сям’ю і г.д. Свядомае прыняцце цэлібату таксама з’яўляецца ахвярай.
Выбраўшы шлях святарства, мы ўжо гэтым самым плацім вялікую цану, і яна з часам будзе расці. Будзе расці не таму, што наступае інфляцыя, як у эканоміцы многіх краін, але таму, што сучасны свет становіцца ўсё больш прыхільным да секулярных каштоўнасцяў, а не духоўных. Сёння мы бачым іншы тып атэізму. Замест ваяўнічага прыходзіць практычны і ліберальны. Відавочна тэндэнцыя абмежаваць рэлігійныя практыкі да прыватнай сферы жыцця чалавека.
Аднак, з іншага боку, не трэба баяцца, нават насуперак выслоўю, якое кажа, што «адзін у полі не воін», бо Хрыстус паабяцаў сваю дапамогу праз Духа Святога. Ён сказаў, што вучань не большы за настаўніка. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Аднак не бойцеся, Я перамог свет і Я буду з вамі да канца часу. Калі прыйдзе Дух Святы, то Ён прыпомніць вам усё тое, чаму Я вас вучыў. Таму ў цяжкасцях фармацыі як да святарства, так і да святарскага служэння мы маем сталую дапамогу Святога Духа.
Усё гэта нагадвае пра тое, што сітуацыя не безнадзейная. Разам з цаною, якую трэба заплаціць, каб захаваць дар паклікання, святару спадарожнічае і вялікая радасць. А менавіта радасць служыць чалавеку. Радасць весці яго да спаткання з Богам. Радасць рэалізаваць здзейсненую на дрэве крыжа справу збаўлення, — як кажа апякун святароў св. Ян Марыя Віянэй.
Таму, сапраўды, не трэба тужыць. Неабходна жыць надзеяй. Адвага і аптымізм, памножаныя на ласку паклікання, павінны спадарожнічаць вам, дарагія семінарысты, на шляху да святарства, каб потым чыніць усё новае. Пасля адзначанага ў гісторыі чалавецтва многімі цёмнымі старонкамі ХХ ст. з дзвюма сусветнымі войнамі, таталітарнымі сістэмамі і пераследам веры, настаў час прынесці ў наш свет сапраўднае святло. Божы Провід дае нам новы шанец — тварыць новую эру. Якой яна будзе? Гэта залежыць ад нас. Залежыць ад таго, якім будзе чалавек, якое бачанне свету ён будзе мець, як будзе яго будаваць — на падмурку маральных каштоўнасцяў ці лібералізму. І тут роля святара з’яўляецца незаменнай.
3. Таму святар павінен быць так сфармаваны і падрыхтаваны, каб як духоўна, так і маральна быць гатовым крэатыўна адказаць на нябеспечныя выклікі часу. Для гэтага трэба адкрыцца на дзеянне Святога Духа. Трэба дазволіць Святому Духу напоўніць нас, каб падобна таму, як дождж ажыўляе высахлую зямлю, так і святар мог ажывіць духоўна памерлага.
Дарагія семінарысты, тыя, якія ўваходзіце ў апошні этап святарскай фармацыі, і тыя, перад якімі яшчэ доўгая дарога, не бойцеся цаны быцця сапраўдным вучнем Хрыста! Дзякуючы дапамозе Духа Святога жывіце Ягонай радасцю, каб, моцныя дарам і ласкай святарства, маглі разам з давераным вам у будучыні Народам Божым будаваць будучыню, якая будзе ў руках Збаўцы. Амэн.
|