Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас адкрыцця Фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2010» |
Мінская архікатэдра, 7 верасня 2010 г. Глыбокапаважаныя браты і сёстры, працаўнікі мас-медыя, асабліва хрысціянскага тэлебачання і кіно! 1. Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як з Езуса выходзіла моц і аздараўляла ўсіх (пар. Лк 6, 19). Гэтая моц павінна выходзіць і з усіх, хто прызнае Хрыста сваім Богам і Збаўцам, гэта азначае — з усіх хрысціян. Гэта выклік нашага часу, калі ўсё больш людзей адракаюцца ад сваіх хрысціянскіх каранёў. Гэта таксама місійнае заданне, у якім павінен прымаць удзел кожны хрысціянін. А каб так магло быць, трэба найперш з’яднацца з Хрыстом, трэба, як навучае св. апостал Павел, укараніцца ў Ім (пар. Кал 2, 7) і на Ім будаваць. Каб пазітыўна ўздзейнічаць на свет, патрэбна надпрыродная моц, бо тут гаворка ідзе не пра звычайную чалавечую прапаганду, але пра перадачу хрысціянскіх каштоўнасцяў. Чалавечыя здольнасці павінны быць узбагачаны Хрыстом і Яго ласкай, каб свет праз нас і нашае жыццё мог сустрэцца з Ім. Без Мяне нічога не зможаце ўчыніць (пар. Ян 15, 5), — кажа Хрыстус. А святы Павел аж 164 разы ў сваіх пасланнях выкарыстоўвае выраз «у Хрысце». 2. Аналізуючы жыццё сучасных хрысціян, відавочна, што не ўсе і далёка не заўсёды жывуць з поўнай свядомасцю патрэбы мець апору ў Хрысце. Адсюль так шмат людзей жывуць нязгодна з хрысціянскім навучаннем, адсюль баязлівасць і стараннае захаванне хрысціянамі свайго «інкогніта» пры ўдзеле ў публічнай дзейнасці ці падчас сустрэч з няверуючымі. На жаль, славутая ў наш час ідэя паліткарэктнасці ўваходзіць і ў маральнае жыццё сучаснага чалавека. Трэба памятаць, што такое ўтойванне свайго хрысціянства або выпіхванне яго ў пэўных абставінах на абочыну жыцця выяўляе нас як хамелеонаў. Тады мы здраджваем Хрысту і крыўдзім людзей, якія чакаюць ад нас Божага святла. 3. Калі ўсё гэта актуальна для сучаснага хрысціяніна, то не менш актуальна і для сучасных мас-медыя, асабліва для кіно і тэлебачання. Сродкі масавай камунікацыі фармуюць сучаснага чалавека, і таму іх роля ўзрастае з кожным днём. Сучасны свет нельга ўявіць без мас-медыя. Таму іх роля ў выхаванні людзей, асабліва маладога пакалення, усё больш павялічваецца. Сучасны чалавек, хоць і вельмі адукаваны, аднак тым не менш амаль што слепа верыць тэлебачанню. Некалькі гадоў таму, некалькі дзён падрад, я раніцай хадзіў на школьны стадыён у Гродне, каб пазаймацца спортам. Кожны дзень на стадыёне была таксама старэйшая жанчына, якая спакойна хадзіла па бегавой дарожцы. Між іншым, я басанож хадзіў па расе. Жанчына не звяртала на гэта ўвагі. І вось аднойчы бачу, што яна таксама ідзе па расе. Падыходзіць да мяне і пытаецца: «Вы вчера по телевидению видели Максима Галкина?» Я адказаў: «Нет, не видел». Яна, мне здаецца, не пачула і сказала: «Правильно делаете, что ходите по росе. Вчера по телевидению Галкин сказал, что ходить босиком по росе очень полезно». На самой справе я з дзіцячых гадоў і без тэлебачання ведаю, што вельмі карысна хадзіць басанож па расе, аднак тая жанчына паверыла толькі пасля таго, як сказалі па тэлебачанні. 4. Заданне мас-медыя — перадаючы інфармацыю, ясна праводзіць мяжу паміж тым, што добрае і што злое. Называць іх сваімі імёнамі, не хітраваць, не жангліраваць словамі, не замяняць вечныя каштоўнасці мадэллю для ток-шоў, калі часта сур’ёзныя справы абясцэньваюцца і трацяць свой сэнс. Многія сучасныя тэлепраграмы камерцыйна паспяховыя, бо эксплуатуюць нізкія чалавечыя інстынкты. Нездарма гарэлка з’яўлецца стратэгічным прадуктам. Усе добра ведаюць, што гарэлка — гэта зло, а алкагалізм — страшная бяда і праблема для грамадства, аднак яе прадаюць і на гэтым робяць вялікі бізнес. На жаль, свецкае тэлебачанне нярэдка выбірае падобны шлях, а яго камерцыялізацыя абапіраецца на цікавасці да экстрэмальных рэчаў, на насіллі, сексе і смехатворстве. Але ж гэта тое самае, што прыцягвала старажытных рымлянаў на гладыятарскія баі і пакаранні хрысціянаў. Усе радаваліся. Гэтым жыла Рымская імперыя. Гэтым сёння часта жыве тэлебачанне і кіно. У многім яны падобны да Калізея. З аднаго боку, у наш час кіно і тэлебачанне становяцца ўсё больш і больш камерцыйнымі і іх папулярнасць абумоўлена рэйтынгам. Аднак, з іншага боку, калі гэтыя праграмы ствараюцца веруючымі хрысціянамі, то яны павінны адзначацца хрысціянскім зместам і будавацца на хрысціянскім светапоглядзе. 5. Каб гэта на самой справе магло рэалізавацца, трэба, каб людзі, якія працуюць на тэлебачанні ці на кінастудыях, самі жылі паводле нормаў хрысціянскай маралі, не захапляліся паліткарэктнасцю адносна хрысціянскіх каштоўнасцяў, не падмянялі сэнсу слоў, а распавядалі пра вечныя каштоўнасці, маглі сказаць сучаснаму чалавеку пра сэнс жыцця, адказаць на выклікі часу і хвалюючыя яго пытанні ў адпаведнасці з навучаннем Касцёла, а таксама былі здольнымі абараніць каштоўнасці сям’і, несці адказнасць за выхаванне новага пакалення, маральную чысціню, устрыманасць ад перадсужэнскага сексуальнага жыцця, любоў бліжняга, міласэрнасць і г.д. Усе гэтыя справы, як здаецца, зразумелыя ўсім, аднак у сучасным грамадстве яны чамусьці знаходзяцца на перыферыі. Таму задача хрыціянскіх мас-медыя — перанесці іх з перыферыі ў цэнтр і дапамагчы грамадству звярнуць на іх сваю ўвагу. Сучасныя мас-медыя, асабліва кіно і тэлебачанне, патрабуюць захавання этычных прынцыпаў. Чорнае трэба назваць чорным, а белае — белым, дабро — дабром, а зло — злом. І ніколі не мяняць іх месцамі. 6. Каталіцкі Касцёл у апошнія часы, асабліва пачынаючы ад Другога Ватыканскага Сабору, звяртае вялікую ўвагу на значэнне мас-медыя як у справе евангелізацыі, так і хрысціянскага выхавання сучаснага чалавека. Звяртаючы ўвагу на велізарнае значэнне сродкаў масавай камунікацыі ў жыцці сучаснага чалавека, трэба сказаць, што перад вельмі сур’ёзнымі выклікамі сучаснасці Касцёл не зможа паспяхова выканаць сваёй місіі без належнага выкарыстання мас-медыя. У арганічным бачанні развіцця чалавека сродкі масавай камунікацыі могуць і павінны інспіраваць справядлівасць і салідарнасць, праўдзіва перадаючы жыццёвыя здарэнні, дакладна аналізуючы праблемы і даючы права голасу іншым меркаванням. Найвышэйшыя крытэрыі праўды і справядлівасці разам са сталым карыстаннем свабодай і адказнасцю з’яўляюцца гарызонтам выкарыстання сучасных сродкаў масавай камунікацыі, — навучае Слуга Божы Ян Павел II у Апостальскім пасланні да адказных за сродкі масавай камунікацыі «Rapido suiluppo» («Хуткае развіццё»; RS 3). Адчуваючы патрэбу прысутнасці маральнасці ў мас-медыя, папа Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на XVII Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі, які адзначаўся 4 мая 2008 г., нагадаў пра вострую неабходнасць «інфаэтыкі» у медыя-прасторы. Этыка ў мас-медыя патрэбна так, як патрэбна біяэтыка ў медыцыне і навуковых даследаваннях у галіне чалавечага жыцця (пар.http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/communications/documents/hf_ben-xvi_mes_20080124_42nd-world-ommunications-day_it.html). 7. Дарагія браты і сёстры, працаўнікі кіно і тэлебачання, людзі добрай волі! Дазвольце сённяшнія нашы разважанні завяршыць словамі Вялікага Пантыфіка, можа, найбольш «медыяльнага» Папы ў гісторыі Каталіцкага Касцёла, Яна Паўла II. Не бойцеся! Не бойцеся новых тэхналогій! Сапраўды, яны ў ліку «годных захаплення вынаходніцтваў» сучаснасці, якія Бог даў нам, каб мы карысталіся імі і ўжывалі ў адпаведнасці з годнасцю дзяцей Божых. Не бойцеся выклікаў і супраціву свету! Езус кажа: Я перамог свет (пар. Ян 16, 33). Не бойцеся цяжкасцяў, бо Збаўца вучыць: Я з вамі да канца часоў (пар. Мц 28, 20). Перадавайце сучасным людзям пасланне надзеі, ласкі і любові Хрыста, захоўваючы ў гэтым секулярызаваным свеце перспектыву неба (пар. RS 14). Няхай на гэтым шляху благаславіць вас усемагутны Бог. Амэн. |
Адноўлена 07.09.2010 14:46 |