Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на ІV Звычайную нядзелю, Год А |
Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. «Кожны чалавек шукае шчасця» — казаў славуты грэчаскі філосаф Арыстоцель. Ён таксама нагадваў пра веру людзей, а ўсё тое, што яны робяць у сваім жыцці, павінна прынесці ім шчасце ў той ці іншай форме. Аднак праблема ў тым, што насамрэч так ёсць не заўсёды. П’яніца думае, што алкаголь учыніць яго шчаслівым. Аднак на наступны дзень замест шчасця — галаўны боль і чарговы скандал у сям’і. Шукальнік лёгкага шчасця спяшаецца ў казіно, каб перажыць захапляльныя моманты свайго жыцця і паспытаць шчасця. Найчасцей выходзіць адтуль з пустымі кішэнямі. Іншы мяркуе, што наркотыкі дапамогуць яму выйсці з дэпрэсіі і вернуць шчасце. Замест гэтага ён трапляе ў наркатычную залежнасць, з якой вельмі цяжка выбрацца. Таму нездарма той жа Арыстоцель, хоць і быў язычнікам, казаў, што этычны чалавек — гэта чалавек, які ведае што прынясе яму трывалае шчасце. 2. Некалькі гадоў таму ў ЗША быў апублікаваны артыкул аб крытэрыях ацэнкі сучаснага чалавека. Іх было восем, а менавіта: здольнасць весці бізнес, кошт і мадэль аўто, колькасць валасоў на галаве (лысы ці не), фізічная сіла, паспяховасць у працы, любімы спорт, надзейнасць. Мы ўсе жадаем быць шчаслівымі. Бог таксама хоча бачыць нас такімі. Аднак, услухоўваючыся ў сённяшняе Евангелле, мы бачым, што Езусава праграма шчасця кардынальна адрозніваецца ад нашага ўяўлення. Езус прадставіў восем прынцыпаў шчасця, аднак яны моцна адрозніваюцца ад сучасных, аб чым вельмі добра нагадвае і ўзгаданы вышэй амерыканскі артыкул. У сваім славутым казанні на гары Езус пакінуў нам маніфест шчасця. Людзі майго пакалення добра ведаюць пра камуністычны маніфест Карла Маркса, які павінен быў гарантаваць людзям шчасце. Сёння ўжо не многія памятаюць аб ім. Бо ён быў прыдуманы чалавекам, які вуглавым каменем шчасця лічыў матэрыяльныя справы, абсалютна не ўспрымаючы пры гэтым духоўных. Што з гэтага выйшла, мы ўсе добра ведаем. Езусаў маніфест шчасця грунтуецца на чымсьці іншым. Гэта найперш давер да Бога, любоў да бліжняга і міласэрнасць, пакора і лагоднасць, духоўная чысціня, справядлівасць і мір. Сённяшняе Евангелле на беларускай мове нагадвае пра шчасце. На лацінскай мове Евангелле выкарыстоўвае слова благаслаўленне. Так, замест на лацінскай і многіх іншых мовах кажуць не пра шчаслівых, а пра благаслаўлёных. Праз гэта Езус паказвае, што Ён жадае сапраўднага і трывалага шчасця, якога свет не можа даць. Гэтае благаслаўленне чалавек атрымлівае ў Божым Валадарстве. Восем благаслаўленняў, аб якіх мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі, на самой справе з’яўляюцца сцежкай, мапай у імкненні да сапраўднага шчасця ў Валадарстве Божым. 4. У сваёй нагорнай пропаведзі Езус прадставіў сапраўдныя крытэрыі сталага шчасця і паказаў шлях, які вядзе да яго. На жаль, сучасны свет мае сваю зусім адваротную ідэю шчасця. Калі Езус кажа: шчаслівыя ўбогія, то свет адказвае: шчаслівыя багатыя. Калі Езус кажа: шчаслівыя засмучаныя, то свет адказвае: шчаслівыя вясёлыя. Калі Езус кажа: шчаслівыя лагодныя, то свет адказвае: шчаслівыя высакамерныя. Калі Езус кажа: шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, то свет адказвае: шчаслівыя, якія ядуць і п’юць. Калі Езус кажа: шчаслівыя міласэрныя, то свет адказвае: шчаслівыя моцныя і жорсткія. Калі Езус кажа: шчаслівыя чыстыя сэрцам, то свет адказвае: шчаслівыя разбэшчаныя. Калі Езус кажа: шчаслівыя міратворцы, то свет адказвае: шчаслівыя ньюсмэйкеры — тыя, хто робіць навіны. Калі Езус кажа: шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, то свет адказвае: шчаслівыя, якія могуць знайсці добрага адваката. 5. Мы бачым, што каштоўнасці, прадстаўленыя Езусам у казанні на гары, не адпавядаюць культуры сучаснага свету і нават супрацьстаяць ёй. Ён не ўспрымае навучання Езуса, а ўспрымае тэндэнцыі грамадства, у якім мы жывём. Калі камуністычны маніфест распачынаўся словамі: прывід бродзіць па Еўропе — прывід камунізму, то пра сучасны свет можна сказаць, што ў ім бродзіць прывід антыкаштоўнасцяў, якія не вядуць да трывалага шчасця, а да грахоўнай кабалы і шматлікіх залежнасцяў. Праблема заключаецца ў тым, што сучасны чалавек не разумее прыроды сапраўднага шчасця, і таму яно нярэдка становіцца ілюзіяй. Мы часта звязваем шчасце з вонкавымі абставінамі нашага жыцця і думаем, што шчаслівы той, хто дасягнуў поспеху ў жыцці. На самой справе Езус не жадае, каб хрысціяне адракліся ад свету і Ягоных спраў, не жадае, каб яны былі беднымі, нешчаслівымі, каб іх пераследавалі, каб яны жылі ў несправядлівым свеце, каб не весяліліся і г.д. Ён жадае, каб хрысціяне, жывучы ў свеце, на першым месцы ставілі Бога і Яго справы, бо толькі Ён адзін можа гарантаваць сталае шчасце. 6. Аднойчы пасля нядзельнай св. Імшы малая дзяўчынка звярнулася да мамы з наступным пытаннем: «Сёння святар сказаў, што Бог такі вялікі і такі моцны, што ў сваёй руцэ трымае свет. Ці гэта так?». «Так», — адказала мама. Дзяўчынка спытала ізноў: «Святар сказаў, што Бог сваёю ласкаю ёсць у кожным з нас. Ці гэта таксама праўда?». «Праўда», — адказала мама. Тады дзяўчынка сказала: «Калі Бог большы за нас і адначасова жыве ў нас, то ці не мог бы Ён праз нас паказацца іншым?!» Менавіта аб гэтым нагадваюць восем благаслаўленняў: Бог павінен праявіцца праз нас, каб мы былі шчаслівымі. Ёсць вельмі актуальная гісторыя адносна сённяшняга Евангелля. Апосталы слухалі казанне Езуса на гары, слухалі пра восем благаслаўленняў. Яны слухалі як тыя, якія не ўсё яшчэ разумелі і жылі больш справамі свецкімі, чым Божымі. Пётр спытаўся: «Ці мы павінны ўсё гэта запісаць?» Філіп: «Ці гэта будзе спраўджана?» Ян: «Ці мог бы Ты паўтарыць усё гэта паволі?» Андрэй: «Вучні Яна Хрысціцеля не павінны былі вучыцца падобным рэчам». Юда: «Як гэта ўсё адносіцца да рэальнага жыцця?» А Тамаш, які не быў прысутны падчас казання, падышоў да Езуса і прыватна спытаўся: «Ці мы зрабілі што-небудзь важнае сёння?» Пачуўшы гэта, Езус заплакаў. Такім чынам, мы павінны паставіць пытанне: як мы ўспрымаем Езусаў маніфест пра шчасце? Якім шляхам ідзём у пошуку шчасця: кіруючыся людскім поглядам ці паводле навучання Хрыста? Хто мы: свецкія ці Езусавы? Ці сапраўды Бог бачны ў нас і ў нашым сведчанні? Ці радуецца Езус нашаму жыццю? А можа, Ён таксама плача, бо Яго вучэнне ў адно вуха ўваходзіць, а праз іншае выходзіць? Толькі даўшы праўдзівы адказ і прытрымліваючыся Яго навучання, мы зможам шчыра радавацца і весяліцца, бо нас будзе чакаць узнагарода ў небе. 7. У нас, хрысціянах, людзі павінны бачыць Бога. Гэта яшчэ ў ХІХ ст. разумеў і св. Ян Боска. Ён жыў у час Камуністычнага маніфесту Карла Маркса і тэхнічнай рэвалюцыі, у час, калі распачынаўся секулярызм, адыход ад Бога. Чалавек імкнуўся вырашаць усе жыццёвыя пытанні без Бога, а толькі праз развіццё навукі, тэхнікі, тэхналогіі. Людзі з вёсак ехалі ў гарады. Будаваліся фабрыкі. Ведаем, што кс. Боска працаваў у Турыне. Ужо ў тыя часы там была вельмі добра развіта прамысловасць. Аднак у той жа час, нягледзячы на магчымасць зарабіць грошы, было шмат бедных. Шмат было і бяздомных дзяцей, аб якіх ніхто не клапаціўся. Іх выхоўвала не сям’я, не бацькі, а вуліца. Святы Ян Боска добра разумеў усю глыбіню гэтай праблемы: якім будзе свет, калі гэтыя дзеці не будуць выхаваны на васьмі благаслаўленнях, на казанні Езуса Хрыста, прамоўленым на гары. У гэтым заключаецца рэцэпт, як атрымаць шчасце. Святы Ян Боска ўсё сваё жыццё прысвяціў выхаванню маладых людзей у духу любові да Бога і да чалавека, у духу васьмі благаслаўленняў сённяшняга Евангелля. Дэвізам яго жыцця былі словы: дайце мне душы, астатняе пакіньце сабе. Сапраўды, калі ў чалавека багатая душа, калі ён жыве паводле Божага закону, паводле любові да Бога і бліжняга, калі практыкуе цноту міласэрнасці і цноту чысціні, калі паважае кожнага іншага чалавека, калі імкнецца дапамагчы беднаму, патрабуючаму, тады ён сапраўды будзе шчаслівы. Напэўна, многія пакаленні, якія выхоўваліся ў школе св. Яна Боска, скажуць, што менавіта дзякуючы яго папераджальнай сістэме выхавання — не караць, а выхоўваць — яны знайшлі сваё шчасце. Сёння, узгадваючы гэтую вялікую постаць у жыцці Каталіцкага Касцёла, а таксама ўзгадваючы восем благаслаўленняў Езуса Хрыста і словы з Яго казання на гары, мы павінны спытацца ў саміх сябе: ці праз нас і ў нас людзі бачаць Бога? Трэба імкнуцца, каб мы праз прыклад свайго жыцця, сваю малітву і служэнне людзям выхоўвалі іншых, а асабліва моладзь. Тады мы зможам рэалізаваць гэтыя пастулаты, гэтыя рэцэпты шчасця, якія дае нам Езус, і па прыкладу св. Яна Боска зможам удасканальвацца ў нашым жыцці, каб потым дасягнуць вечнага шчасця ў небе. Амэн. |