Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы вечных абяцанняў сястры адараторкі Ганны Дзятлік
Даўгінава, 22 мая 2011 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры.

1. Парафія ў Даўгінаве сёння, ў V Велікодную нядзелю, перажывае незвычайнае свята. Ваша зямлячка с. Ганна Дзятлік прыносіць Богу вечныя законныя абяцанні. Яна тут нарадзілася, была ахрышчана і ў пабожнай сям’і ўзрастала ў веры. Тут рыхтавалася да таго, каб адказаць Хрысту сваё «так», абраць Яго сваім жаніхом і навечна з’яднацца з Ім праз жыццё паводле евангельскіх парад чыстасці, убоства і паслухмянасці.

Ад першых стагоддзяў хрысціянства кансэкраванае жыццё адыгрывала асаблівае значэнне ў жыцці і місіі Касцёла. Нездарма Другі Ватыканскі Сабор навучае, што «дасягненне дасканалай любові шляхам евангельскіх парад бярэ пачатак з вучэння і прыкладу боскага Настаўніка і з’яўляецца выдатным знакам Нябеснага Валадарства». Таму «ад пачатку ў Касцёле былі мужчыны і жанчыны, якія хацелі праз практыкаванне евангельскіх парад з большай свабодай ісці за Хрыстом і больш Яго наследаваць». Таму «ўсе, хто быў пакліканы Богам да практыкавання евангельскіх парад і верна іх захоўвае, асабліва прысвячаюць сябе Богу, ідучы за Хрыстом цнатлівым, убогім (пар. Мц 8, 20; Лк 9, 58) і паслухмяным «ажно да смерці крыжовай» (гл. Флп 2, 8), які адкупіў і асвяціў людзей.

Узрушаныя любоўю, якой Дух Святы напоўніў іхнія сэрцы (пар. Рым 5, 5), яны ўсё больш жывуць для Хрыста і для Ягонага цела, якім ёсць Касцёл (пар. Клс 1, 24). Чым больш аддана яны яднаюцца з Хрыстом праз такую самаадданасць, якая ахоплівае ўсё жыццё, тым больш красуе жыццё Касцёла, і яго апостальства прыносіць яшчэ большы плён (Perfectae caritatis 1). Сёння немагчыма ўявіць Касцёл без кансэкраваных асобаў.

2. «Манаскае жыццё перадусім скіравана на тое, каб яго члены ішлі за Хрыстом i ядналіся з Богам праз вызнаванне евангельскіх парад» (Perfectae caritatis 2). Звычайна, калі мы ўзгадваем евангельскія парады, то найперш памылкова думаем пра духоўных асоб. Евангельскія парады ўкаранёныя ў сакрамэнце хросту, і таму яны адносяцца да ўсіх хрысціян, якія жывуць у сужэнстве, так і ў манаскіх супольнасцях.

У рэчаіснасці, аднак, найчасцей евангельскія парады з’яўляюцца праграмай жыцця кансэкраваных асобаў, якія жывуць паводле іх як у рамках сваіх законных супольнасцяў, так і ў апостальскай працы. Таму і гаворка ідзе пра «законныя абяцанні», якія адрозніваюць членаў законных супольнасцяў ад іншых духоўных ці свецкіх асоб.

Законныя абяцанні з’яўляюцца выражэннем волі ўчыніць нешта вельмі важнае ў адносінах да Хрыста. Гэта дэкларацыя робіць усё, што ёсць у нашых сілах, каб выканаць прынятыя пастанаўленні. Законнае абяцанне нельга трактаваць як мэту саму ў сабе. Нельга казаць, што я з’яўляюся законнікам або законніцай, каб быць чыстым, убогім і паслухмяным. Такое разуменне законнага абяцання з’яўляецца памылковым. Законнныя абяцанні не з’яўляюцца мэтай самой у сабе, але сродкам для дасягнення сапраўднай мэты, якой ёсць Бог як любоў. Абяцанні з’яўляюцца спосабам і спробай адказаць на Божую любоў, якая вядзе да поўні шчасця.

Другі Ватыканскі Сабор навучае, што «тыя, хто абавязваецца выконваць евангельскія парады, павінны ў першую чаргу шукаць і любіць Бога, які першы нас палюбіў (пар. 1 Ян 4, 10), і ва ўсякіх абставінах павінны імкнуцца да ўкрытага з Хрыстом у Богу (пар. Клс 3, 3) жыцця, з якога вынікае і атрымлівае натхненне любоў да бліжняга дзеля збаўлення свету і будавання Касцёла. Гэтая любоў ажыўляе таксама само практыкаванне евангельскіх парад і кіруе ім» (Perfectae caritatis 6).

Трэба таксама памятаць, што вечныя абяцанні не з’яўляюцца аднаразовай акцыяй. Іх трэба рэалізоўваць кожны дзень у пастаянных змаганнях. Яны павінны дапамагчы канкрэтнай законнай асобе ў дасягненні галоўнай мэты.

Нарэшце, штодзённае жыццё паводле евангельскіх парадаў з’яўляецца як быццам знакам пратэсту супраць таго, што прапануе сучасны свет. Маральнай разбэшчанасці трэба супрацьпаставіць духоўную чысціню. Неўмеркаванаму імкненню да багацця і поспеху любым коштам — евангельскае ўбоства і пакору, індывідуалізму і прагматызму — паслухмянасць.

3. Абяцанне чыстасці.

Для многіх людзей чысціня атаясамліваецца з цэлібатам і адказам ад стварэння сям’і. Гэта праўда, што абяцанне чысціні датычыць гэтай сферы жыцця чалавека, аднак ён не адмаўляе яе. Абавязак чысціні, як і кожны інш, з’яўляецца сродкам да дасягнення еднасці з Богам. Ён з’яўляецца спецыфічнай формай любові, а таксама глыбокага і свабоднага сяброўства з Богам і людзьмі. Такім чынам, чысціня вядзе да глыбокага ўдзелу ў любові Бога і базіруецца на ўнутранай дасканаласці.

Другі Ватыканскі Сабор падкрэслівае, што «чысціню „дзеля Валадарства Божага“ (пар. Мц 19, 12), якую абяцаюць кансэкраваныя асобы, трэба цаніць як выключна каштоўны дар. Бо яна асаблівым чынам вызваляе чалавечае сэрца (пар. 1 Кар 7, 32–35), каб яно гарачэй разгаралася любоўю да Бога і ўсіх людзей. Таму чысціня — гэта асаблівы знак нябесных дабротаў і вельмі адпаведны сродак, які дапамагае кансэкраваным асобам добраахвотна прысвяціць сябе служэнню Богу і апостальскім справам» (Perfectae caritatis 12).

4. Абяцанне ўбоства.

Сучасны свет, які імкнецца да багацця, не разумее ідэі евангельскай беднасці. Абяцанне ўбоства часта зводзіцца да матэрыяльнага вымярэння. У той жа час ідэя евангельскай беднасці значна шырэйшая.

Напэўна, адмаўленне ад матэрыяльных каштоўнасцяў з’яўляецца важным аспектам законнага жыцця. Аднак сэнс абяцання ўбоства знаходзіцца не ў гэтым, а ў імкненні да Бога як любові. «Дзякуючы ўбоству, кансэкраваныя асобы ўдзельнічаюць ва ўбостве Хрыста, які, будучы багатым, стаў для нас убогім, каб нас узбагаціць сваім убоствам (пар. 2 Кар 8, 9; Mц 8, 20)» (Perfectae caritatis 13).

Евангельская беднасць грунтуецца на свабодзе ад матэрыяльных рэчаў з мэтай як мага большага пасвячэння Богу і людзям. Гаворка ідзе аб унутранай свабодзе, а не аб тым, што мы чагосьці не маем. Пры гэтым яшчэ важнейшым з’яўляецца не быць прывязаным да таго, што мы маем, да рэчаў матэрыяльных. Можна мець нямнога, але і тое, што маем, можа зрабіць з нас нявольніка. Таму ў манаскіх супольнасцях усё супольнае.

Сучаснае разуменне беднасці накіравана на салідарнасць з матэрыяльна і духоўна беднымі. Гэта праца з імі і барацьба за новы больш чалавечы і справядлівы свет.

Беднасць — гэта не толькі свабода ад матэрыяльных рэчаў. Слова «бедны» на рускай і польскай мовах гучыць амаль што аднолькава — «убогі», што мае вялікі сэнс, а менавіта азначае «ў Бога». Таму беднасць указвае на духоўны аспект еднасці з Богам. Нездарма Хрыстус кажа: благаслаўлёныя бедныя, бо ім належыць Валадарства Нябеснае. Таму па-евангельскі бедны чалавек — гэта той, хто прымае сваю слабасць і грэшнасць, і адначасова «ў Бога» знаходзіць дапамогу і ў яго чэрпае сілы да будавання шчасця.

5. Абяцанне паслухмянасці.

Адным з найбольшых жаданняў чалавека з’яўляецца свабода. Аднак імкненне да свабоды мы атаясамліваем з яе неабмежаванасцю. Памылковае разуменне слоў св. Аўгустына «любі і рабі што хочаш» вядзе да таго, што свабода ператвараецца ў анархію, а гэта вядзе да зняволення. У святле нядобра зразумелай свабоды і лібералізму абяцанне паслухмянасці становіцца зусім незразумелым і нават супярэчным чалавечай годнасці. У такой сітуацыі евангельская паслухмянасць становіцца парадоксам. Быць паслухмяным, каб быць свабодным.

Для многіх сучасных людзей законная паслухмянасць асацыіруецца са сляпым выконваннем распараджэнняў настаяцеля. Аднак на самой справе яна не з’яўляецца сервілізмам, адказам ад сваёй думкі, бязвольным і поўным баязлівасці выкананнем волі іншага чалавека.

Паслухмянасць — гэта адмаўленне ад сваёй ганарлівасці і адначасова супольны пошук шляху праз кансэнсус і нават здаровую крытыку. Яна не павінна ўспрымацца толькі як сляпая падданасць волі старэйшага. Паслухмянасць на лацінскай мове гучыць як «obedire» і паходзіць ад двух слоў: «ob» і «audire», што азначае слухаць. Сапраўдная паслухмянасць распачынаецца тады, калі мы адважваемся дазволіць нашаму брату ці сястры гаварыць.

Паслухмянасць часта становіцца вялікім цяжарам не толькі ў законнай супольнасці, але і ў грамадстве, бо датычыць таго, што найбольш слабае, а менавіта нашага «я». І тут ізноў трэба заўважыць, што паслухмянасць не з’яўляецца мэтай сама ў сабе, але толькі сродкам для дасягнення Бога. Эгаізм настаяцеля і падуладнага павінен быць пераможаны, каб магла наступіць адкрытасць на іншага, на узаемнае слуханне, на канструктыўны дыялог. Заўсёды, аднак, трэба памятаць, што апошняй нормай паслухмянасці з’яўляецца сумленне, бо праз «абяцанне паслухмянасці кансэкраваныя асобы цалкам прысвячаюць сваю волю Богу, як бы прыносячы сябе ў ахвяру, і праз гэта больш стала і надзейна яднаюцца са збаўчай воляй Бога» (Perfectae caritatis 14.

6.    Евангельскія парады з’яўляюцца вялікім дарам Бога кансэкраванай асобе, але адначасова дарам у гліняным начынні. Таму яна павінна даверыцца найперш Богу і яго дапамозе. Трэба верыць, што калі Бог выбраў, то Ён дасць і сілы вытрываць у пакліканні і ў духоўным развіцці. Таму манаскія абяцанні павінны быць знакамі надзеі ў Богу.

Усё гэта нагадвае, што, будучы дарам, яны адначасова з’яўляюцца і заданнем. Яны абавязваюць да евангельскага радыкалізму і да высілкаў. Яны не павінны быць цяжарам, якога мы не можам знесці. Бог не патрабуе нашых абяцанняў. Яны павінны служыць нам як мабілізацыя да аб’яднання з Богам. Абяцанні павінны служыць чалавеку, а не чалавек ім. Яны з’яўляюцца сродкам, а не самой у сабе мэтай.

7. Дарагая с. Ганна, праз хвіліну складзеш Богу вечныя абяцанні, каб паводле харызмы свайго закона служыць Богу, Касцёлу і сваёй манаскай супольнасці, а праз гэта набліжацца да Бога, які ёсць любоў, і да Яго весці людзей.

Сучасны свет патрабуе асобаў, якія жывуць паводле евангельскіх парадаў і праз гэта з’яўляюцца святлом свету і соллю зямлі. Будзь святлом, якое свеціць у амаральнай цемры сучаснасці і якога яна не пераможа. Будзь соллю. Соль лечыць. Соль захоўвае прадукты ад сапсавання. Соль дае смак ежы. Таму будзь евангельскай соллю, каб захаваць свет ад маральнага сапсавання і даць яму смак хрысціянства. Не бойся плысці супраць цячэння, бо як Хрыстус быў знакам супрацьстаяння, так і кожнаму Яго вызнаўцы трэба быць ім, асабліва ў сучасным секулярызаваным свеце.

Радуйся манаская супольнасць Сясцёр Адараторак Крыві Хрыста, бо яшчэ адна сястра папаўняе твае рады. Радуйся, сям’я, якая дала Касцёлу новую законніцу. І хоць у яе цяпер новая манаская сям’я, яна знаходзіцца ў еднасці і з натуральнай сям’ёй праз прыналежнасць да Касцёла.

Радуйся, даўгінаўская парафія, бо першая твая духоўная дачка абрала шлях жыцця паводле евангельскіх парадаў.

Увесь Касцёл у Беларусі далучаецца да гэтай радасці і моліць Хрыста: міласціва ўзглянь на сваю нявесту с. Ганну, адары яе патрэбнымі ласкамі і сілай, каб згодна з Тваёй воляй і паводле харызмы закона Сясцёр Адараторак Крыві Хрыста, жывучы паводле вечных манаскіх абяцанняў, якія сёння складае, імкнулася да еднасці з Богам, які ёсць любоў і які вядзе ў шчасце вечнае. Амэн.
Адноўлена 23.05.2011 11:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі