Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы Апошняй Вячэры

Мінскі архікатэдральны касцёл, 2 красавіка 2015 г.

“Гэта чыніце на Маю памяць” (1 Кар 11, 24)

Дарагія браты і сёстры!

1. Гэтыя словы прапануе нашай увазе святы апостал Павел у сённяшнім другім чытанні з Паслання да Карынцянаў, якое распавядае аб Апошняй Вячэры Пана і ўстанаўленні сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства.

Мы любім рабіць здымкі. Сёння амаль што кожны чалавек мае фотакамеру ці выкарыстоўвае для гэтага мабільны тэлефон і, куды б ні ехаў ці ішоў, стараецца зафіксаваць падзеі свайго жыцця. Як часта кажуць некаторыя, іх увекавечыць. Іх збіраецца шмат, і мы іх укладаем у альбомы альбо складваем у каробкі, можа, нават з-пад абутку. Час ад часу мы разглядаем даўнішнія здымкі, каб успомніць аб мінулым, асабліва аб блізкіх нам асобах ці здарэннях.

2. Менавіта памяць знаходзіцца ў цэнтры сённяшняй цэлебрацыі. Езус, аднак, не пакінуў нам фатаграфій у каробцы з-пад абутку. Ён пакінуў нам самога сябе. Пасланне святога апостала Паўла да Карынцянаў – гэта самае першае апісанне Апошняй Вячэры і ўстанаўлення сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства. Словы гэтага Паслання з’яўляюцца часткай Эўхарыстычнай малітвы, якая паўтараецца штодзённа на ўсіх алтарах свету. Гэтыя словы, якімі быў устаноўлены сакрамэнт Эўхарыстыі, з’яўляюцца б’ючымся сэрцам нашай каталіцкай веры. З усіх гэтых слоў адно з’яўляецца асаблівым – памяць: “Гэта чыніце на Маю памяць” (1 Кар 11, 24).

Праз устанаўленне Эўхарыстыі Езус кажа, як мы павінны Яго памятаць. А менавіта найперш у Эўхарыстыі, дзякуючы якой Ён знаходзіцца сярод нас і разам з намі.

Памятаць Яго мы павінны і таму, што Ён прадстае перад намі як слуга. Евангеліст Ян у сённяшнім Евангеллі не ўспамінае пра ўстанаўленне Эўхарыстыі падчас Апошняй Вячэры, але канцэнтруе сваю ўвагу на служэнні. Езус мые ногі апосталам і кажа, што даў нам прыклад, што і мы так павінны паступаць (пар. Ян 13, 15) і памятаць аб служэнні бліжнім. Мы, хрысціяне, пакліканы з пакорай і любоўю мыць адзін аднаму ногі, так, як чыніў Езус, які нам кажа: “Вы павінны мыць ногі адзін аднаму. Я пакінуў вам прыклад, як паступаць, таму і вы павінны чыніць так, як Я ўчыніў”. Кажучы іншымі словамі: “Памятайце, што Я ўчыніў. І чыніце так на Маю памяць”. Таму мы павінны быць людзьмі памяці.

Такімі былі габрэі. У першым сённяшнім чытанні, узятым з Кнігі Зыходу, апавядаецца аб устанаўленні Пасхальнай вячэры ў памяць аб зыходзе з егіпецкага рабства. Габрэі дакладна яе святкавалі. Таму менавіта падчас такой Вячэры Езус устанавіў сакраманты Эўхарыстыі і святарства.

3. Цікава тое, што тэкст устанаўлення Пасхальнай вячэры ў памяць аб зыходзе габрэяў з егіпецкай няволі з’яўляецца маналогам. Прамаўляе толькі Бог. Ён кажа людзям: “Дзень гэты будзе для вас на ўспамін, і будзеце святкаваць яго, як свята Пана, праз усе пакаленні вашыя. Паводле вечнага загаду будзеце святкаваць яго” (Зых 12, 14).

Таму набажэнства Вялікага чацвярга – гэта яшчэ адзін заклік памятаць аб тым, што Бог нам учыніў, і не забывацца аб гэтым, бо ўсё гэта ўчынена для нашага збаўлення.

4. Мы задаём сабе пытанне: “Што найбольш характэрнага ў сённяшнім успаміне Апошняй Вячэры?”

На працягу чатырох тысяч гадоў чалавецтва цэлебруе Пасхальную вячэру на ўспамін цудоўнага выйсця з егіпецкай няволі. З гэтай цэлебрацыі падчас Апошняй Вячэры нарадзіліся сакрамэнты Эўхарыстыі і святарства.

Ужо на працягу дзвюх тысяч гадоў святары паўтараюць словы Хрыста, якія, дзякуючы св. апосталу Паўлу, глыбока ўвайшлі ў нашы сэрцы. Незлічоныя пакаленні вернікаў збіраюцца вакол алтара, каб прымаць удзел ва ўзвышэнні Цела і Крыві Хрыста падчас Эўхарыстыі і разам з імі самім узвышацца, як прыемная Богу ахвяра.

На працягу гэтых двух тысячагоддзяў мы становімся на калені і мыем ногі адзін аднаму на знак узаемнай любові і на знак таго, што хрысціянская любоў з’яўляецца найбольш значнай сілай на зямлі, так, што нават няверуючыя кажуць: “Глядзіце, як гэтыя хрысціяне любяць адзін аднаго”. Сапраўды, як важна, каб іншыя бачылі, што мы чынім на памяць аб Езусе! Гэта значна больш варта, чым тысячы слоў.

5. Пасхальны Трыдуум, які мы распачынаем сёння, ад здзіўлення і ўдзячнасці сённяшняга вечара вядзе да цярпенняў Вялікай пятніцы і адзіноты Вялікай суботы. Аднак яшчэ ёсць нядзеля. Сёння з Вячэрніка мы распачынаем наш шлях на Кальварыю, якая прывядзе да радасці Уваскрасення. Лацінская прыказка кажа: “Per aspera ad astra” – “Праз церні да славы”. Таксама і мы праз цярпенні і жыццёвыя цяжкасці разам з Хрыстом ідзём да славы вечнага шчасця.

Эўхарыстыя – гэта пасілак на нашае зямное падарожжа. Таму нам неабходна падрыхтаваць сябе належным чынам да яе прыняцця, каб мы маглі распачаць гэтае падарожжа, як падарожжа змаганняў са злом і адначасова падарожжа веры. Гэтае падарожжа мы распачынаем у памяць аб Езусе, які пакінуў нам сакрамэнты Эўхарыстыі і святарства і заклікаў служыць бліжнім, што з’яўляецца выражэннем нашай веры, якую неабходна аднаўляць і ёю жыць.

Пане Езу, Ты застаўся з намі да канца часоў у Эўхарыстыі, якая здзяйсняецца дзякуючы сакрамэнту святарства. Ты заклікаў нас да любові да бліжняга. Дапамажы нам заўсёды памятаць аб гэтым Тваім запавеце і ім жыць, бо гэта шлях да шчасця на гэтай зямлі і ў вечнасці. Амэн.

Адноўлена 03.04.2015 23:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі