“Мы распачынаем гэты дзень – дзень перамогі нашага Збаўцы Езуса Хрыста над грахом і над смерцю”, - сказаў на пачатку рэзурэкцыйнай Імшы ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага велікодным ранкам 5 красавіка біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
“І нам застаецца пажадаць, каб гэтая перамога - над грахом, над усялякім злом, - з Божай дапамогай заўсёды спадарожнічала нам і садзейнічала ў нашым жыцці. Бо да гэтага нас кліча Бог, дзеля гэтага Яго Гроб застаецца пусты - на знак таго, што Езуса - Даўцу жыцця - нельга было знішчыць. Дзякуем Богу за гэты вялікі дар.для кожнага з нас асабіста”, - адзначыў біскуп, дадаўшы, што гэтую Эўхарыстыю цэлебруе ў інтэнцыі ўсёй Віцебскай дыяцэзіі.
У гаміліі, кажучы аб уваскрасенні Хрыста, Яго перамозе над смерцю, біскуп нагадаў, што пустая магіла Хрыста стала знакам і сведкай гэтай падзеі. Пры гэтым іерарх заўважыў, што “магіла Хрыста можа сімвалізаваць нашую душу”: “Калі кажам пра яе ў кантэксце ўваскрасення Езуса Хрыста – што ў такім выпадку азначае ўваскрасенне для нас, для нашай душы? У выпадку магілы, каб яна стала пустой, з яе павінна было знікнуць цела. Каб уваскрэснуць нашай душы – яна павінна пазбыцца чагосьці мёртвага, у дадзеным выпадку мёртвага сумлення і мёртвых, грахоўных учынкаў, якія вынікаюць з мёртвага сумлення”.
Кажучы аб пакаянні, біскуп адзначыў, што “папрокі нашага сумлення, пачуццё віны дапамагае нам усведамляць нашыя памылкі - не было б гэтага пачуцця, мы не прыходзілі б да споведзі”. Іерарх нагадаў, што ў дадзеным выпадку гутарка ідзе пра тое “ўласцівае, якое рэагуе на нашае парушэнне запаведзяў – і прыводзіць нас да пакаяння, перамены нашага жыцця”, адзначыўшы, што чалавек можа мець і памылковае сумленне, памылковае пачуцце віны, калі спавядаецца, “але не можа сабе гэтага дараваць, і яно не дае чалавеку свабоды”.
“Чаму мы параўноўваем магілу з сумленнем? - задаў пытанне іерарх. - “Бо затрэслася зямля, і Анёл Панскі адваліў камень ад дзвярэй магілы”. “Нешта падобнае адбываецца і з намі: камень з нашай душы звальваецца тады, калі мы адбываем споведзь. Гэты камень нашага пачуцця віны, вельмі часта памылковага, які застаецца прывалены да нас, прыгнятае нашу душу – ён не дае нашай душы ўваскрэснуць”. Іерарх нагадаў, што для гэтага трэба патрэбна вера ў тое, што Бог прабачае чалавеку кожны грэх, “бо часта сустракаецца сітуацыя, калі чалавек пасля споведзі пытаецца: “А ці Бог мне сапраўды прабачыў?” і “адыходзіць з перакананнем, што гэты грэх сапраўды на ім яшчэ застаўся”. Біскуп дадаў, што ў такога чалавека застаецца не грэх, але памылковае пачуццё віны, нагадаў, што ў Святым Пісанні неаднойчы гаворыцца пра Божую міласэрнасць, што Бог прабачае.
“Мы павінны памятаць пра тое, што Бог сапраўды прабачае. Адзінай перашкодай, якая не дазваляе нам у гэта паверыць, ёсць перадусім непрабачэнне гэтага граху самому сабе”, –сказаў біскуп і дадаў, што “якім бы цяжкім ні быў грэх чалавека, мы не ў стане зрабіць чагосьці, чаго б не магла абмыць пакута Езуса Хрыста. Калі мы не верым у гэта, мы крыўдзім Бога – чалавек сам становіцца суддзёю самому сабе, не можа сам сабе дараваць. Гэта свайго роду эгаізм, пыха, і на гэтым вельмі часта гуляе д’ябал, каб не дазволіць чалавеку адчуць гэтую свабоду, радасць з таго, што Бог чалавеку сапраўды прабачае - каб не дазволіць яму ўваскрэснуць”.
Іерарх нагадаў, што ўваскрасенне, аб якім мы кажам, якога мы чакаем у будучыні, “актуальна ўжо зараз, і таму Касцёл прапануе, каб мы выкарысталі гэты час дзеля таго, каб убачыць, паглядзець на сябе і сваё жыццё, свае ўчынкі, убачыць свае грахі. Але і паверыць, як жа моцна Бог мяне любіць, што пры ўмове майго пакаяння гэта ўсё мне прабачае. І калі такім чынам мы падыходзім да ахвяры Езуса Хрыста, моцна верым у Божую міласэрнасць, - то, напэўна, тады ўваскрасенне будзе нашым удзелам”.
“І таму жадаю вам, каб мы моцна верылі ў гэтую Божую любоў, якая здолела вярнуць да жыцця Езуса Хрыста і здольная прабачыць кожны наш грэх, вярнуць нам праз гэта духоўнае жыццё, здзейсніць нашае ўваскрасенне”, – пажадаў іерарх.
Кацярына Лаўрыненка
|