Ад пустой магілы да Галілеі |
Усяго патроху |
06.04.2015 08:48 |
З бояззю і вялікай радасцю разам з жанчынамі бяжым абвясціць усяму свету, што магіла пустая. Сёння на нашай дарозе сведчання становіцца сам Хрыстус Уваскрослы і абвяшчае нам велікоднае пасланне: «Не бойцеся. Ідзіце і скажыце Маім братам: няхай ідуць у Галілею, там Мяне ўбачаць». Галілея – наш дом. Гэта месца першай сустрэчы, паклікання, дом навіны даверу і любові да Езуса. Дзе мая Галілея? Велікодныя святы вельмі выразна паказваюць, што гэта мой хрост. Тут праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце здзейснілася маё ўваскрасенне да жыцця ў ласцы, у Касцёле, у небе. Жыццё хрысціяніна — сведкі Уваскрасення — гэта пастаяннае імкненне да сваёй Галілеі.
Таму Хрыстус Уваскрослы вельмі выразна паказвае нам кірунак мыслення і дзеяння. Заўсёды стаў Бога перад сваімі вачыма, Ён будзе з табой, таму не ўпадзеш у адчай у час цяжкасцяў. Вер у тое, што дойдзеш гэтым шляхам да спаўнення Божых абяцанняў, якія былі дадзены падчас святога хросту. Будзеш з Богам у небе! Аллелюя! |