Адкуль пайшоў звычай захінаць крыжы ў касцёлах на Вялікі пост? |
Усяго патроху |
03.04.2017 08:50 |
Чаму з V нядзелі Вялікага посту ўсе крыжы ў касцёле захінуты фіялетавым палатном? Часта ім таксама захінуты розныя абразы ў святыні. Звычай захінаць крыжы ў V нядзелю Вялікага посту мае прынамсі два значэнні: гістарычна-матэрыяльнае і духоўнае. Напамін пра пакаянне і навяртанне Першае звязана з тым, што ў старажытных касцёлах былі каштоўныя, багата аздобленыя крыжы, на якіх Хрыстус часта быў прадстаўлены ў каралеўскім убранні і кароне. У перыяд пакаяння была патрэба закрываць гэтыя выявы і больш засяроджвацца на прыніжэнні Хрыста. Вядома, што тым, хто каяўся, нельга было набліжацца да алтара, яны не маглі прымаць святую Камунію і чакалі, быццам бы адгароджаныя духоўнай заслонай Таму захінанне алтара было ў пэўным сэнсе адгароджваннем народу, які знаходзіўся ў стане пакаяння, ці грэшнікаў, якія чакаюць сакрамэнтальнага паяднання. А паколькі алтар ад старажытных часоў заўсёды быў «выявай» Хрыста, захінанне алтара было таксама «захінаннем Хрыста». Чаму захінаюць выявы Хрыста на абразах? У пазнейшы перыяд вернікі больш, чым у алтары, бачылі Хрыста ў фігурах і абразах (а таксама на крыжы), і, верагодна, адсюль пайшла практыка захінаць менавіта выявы (звесткі пра гэта існуюць з ХІІІ ст.). І менавіта гэта другое значэнне захінання крыжа і абразоў Хрыста — значэнне духоўнае, а тое, што ідзе за гэтым, больш універсальнае і зразумелае для сучаснага чалавека. Калі з вачэй знікае фізічная постаць Хрыста на крыжы і Ён становіцца як бы «Вялікім Непрысутным», то праз гэтую схаванасць Ён парадаксальна аб’яўляецца вернікам яшчэ больш ясна. Страчваючы Яго з вачэй, вернікі могуць убачыць Яго духоўна, што ў хрысціянстве істотна. Таксама і пад заслонай сакрамэнтальных знакаў Хрыстус адначасова і ўкрываецца, і аб’яўляецца. І гэтая схаванасць павінна весці чалавека да адкрыцця. Таму, захоўваючы гэты старажытны звычай пакаяння, мы больш поўна спазнаем «непрысутнасць Хрыста» ў нашых сэрцах, якія навяртаюцца, але наша мэта — менавіта паглыбленне Яго прысутнасці. |