Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас ранішняй Імшы на Вялікдзень 2015 г.

Уваскрасенне Хрыста прыгадвае нам аб будучай славе

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Дарагія браты і сёстры!

1. Гэтым воклічам сёння напоўнены свет, які адзначае свята святаў – Пасху Хрыстову. Сардэчна вітаю і віншую ўсіх вас з гэтым радасным і збаўчым святам, якое вылілася на вуліцы нашых гарадоў і вёсак, дзе праходзяць урачыстыя рэзурэкцыйныя эўхарыстычныя працэсіі, падчас якіх званы абвяшчаюць вялікую радасць Уваскрасення, а радаснае “Аллелюя”, як песня перамогі Хрыста над злым духам, грахом і смерцю, напаўняе нашы сэрцы.

Яшчэ не так даўно, адно пакаленне таму, калі было мала слугаў алтара, адзін святар павінен быў паспець у некалькі парафій, каб даць магчымасць людзям прыняць удзел у святкаванні пасхальнай таямніцы нашага збаўлення.

Сёння, дзякуй Богу, сітуацыя змянілася кардынальным чынам, і кожную нядзелю і святы ва ўсіх парафіях цэлебруюцца святыя Імшы ў зручны для вернікаў час. Тое ж самае мы бачым і на Пасху. Гэта вельмі добра, і так павінна быць.

Аднак у апошнія часы мы так звыкліся са святкаваннем розных святаў, у тым ліку і Пасхі, што яна для многіх становіцца паўсядзённасцю. Мы нават абыякава кажам: “Добра, я аб гэтым ведаю”, і нічога не чынім. Таму не да канца выкарыстоўваем ласку пасхальнага часу. Распавядаюць, што аднойчы ў велікодны ранак памочнікі Леаніда Ільіча Брэжнева праінфармавалі яго, што Хрыстус уваскрос. На гэта кіраўнік Кампартыі Савецкага Саюзу адказаў: “Я ведаю, мне ўжо далажылі”.

2. Бяда, калі аб Уваскрасенні Хрыста нам таксама толькі далажылі нашы бацькі, Касцёл ці традыцыя. І на гэтай інфармацыі мы засталіся нічога не прадпрымаючы для нашага духоўнага ўдасканалення. Калі мы толькі ведаем аб Уваскрасенні Хрыста і не жывём гэтай праўдай, то наша хрысціянства несапраўднае, яно штучнае. Пасха – гэта дар і адначасова заданне.

Нам неабходна задумацца над значэннем той падзеі, якую мы святкуем, - менавіта што Хрыстус уваскрос! Гэта азначае, што смерць ужо не з’яўляецца канцом жыцця. Яна – толькі дзверы ў будучыню, у іншы свет. Таму нам неабходна дазволіць, каб праўда Уваскрасення дапамагла нам у яго дасягненні. А для гэтага неабходна, каб пасхальная таямніца стала цэнтрам нашага жыцця.

Чалавецтва тысячагоддзямі чакала гэтай падзеі. Стары Запавет паказвае нам, як у гісторыі ажыццяўляўся Божы план збаўлення чалавека, кульмінацыйным момантам якога стала Уваскрасенне Хрыста. Менавіта таму Пасха з’яўляецца галоўнай урачыстасцю ва ўсім хрысціянскім свеце.

Уваскрасенне Хрыста прыгадвае нам аб тым, што за магілай знаходзіцца новае жыццё, што ў нас ёсць нешта большае, чым цела – тое, што бачаць вочы, але і тое, чаго яны не бачаць: несмяротная душа. Хаця наша цела ператворыцца ў прах, душа будзе жыць вечна.

3. Які сэнс нашага жыцця? Якая яго мэта? Дзе знаходзяцца нашы сэрцы? Такія і падобныя пытанні задае сабе чалавек. Наша зямное жыццё мае толькі адну мэту - падрыхтавацца да будучага жыцця. Калі мы забываемся аб гэтым, то падобны да чалавека, які заблукаў у лесе і не ведае, у якім напрамку трэба ісці, каб дайсці туды, куды ён хоча. Мы падобныя да аўтамабіля, у якога адвалілася кола і які ўжо не можа ехаць наперад.

Мы занятыя нашымі штодзённымі справамі, і часам клопат пра наш матэрыяльны быт напаўняе наша жыццё настолькі, што мы ўжо не думаем аб чымсьці іншым. Але ці возьмем мы з сабой у новае жыццё нашы дамы, аўтамабілі, банкаўскія рахункі? Не.

Дык чаму ж тады яны становяцца прадметам нашага галоўнага інтарэсу? Чаму мы так занятыя нашымі зямнымі справамі, што не маем нават часу на малітву? Нельга зразумець чалавека, які кажа, што верыць у Бога, і ў той жа час не моліцца. Малітва – гэта найперш размова чалавека з Богам. Калі мы любім іншага чалавека, то стараемся з ім размаўляць як мага часцей. Паглядзім на закаханых. Яны не могуць вытрываць без спатканняў і без размовы паміж сабой. Калі гэта не магчыма фізічна, то размаўляюць па тэлефоне ці праз скайп, каб толькі пачуць голас каханага чалавека. Таму непаразуменнем будзе казаць, што люблю Бога і веру ў Яго, але не малюся Яму ці не выконваю Яго запаведзяў.

4. Праўда Уваскрасення Хрыста абяцае нам прыгожую будучыню, бо калі Езус уваскрос, то і мы ўваскрэснем, каб працягнуць наша жыццё. Больш за тое, нас чакае перамяненне, каб стаць падобнымі да перамененага Хрыста. Ці мы верым у такую слаўную будучыню, якой ні вока не бачыла, ні вуха не чула – як кажа святы апостал Павел?

Таму сёння мы павінны паставіць сабе пытанне: ці жывём мы так, каб дасягнуць гэтай хвалы? Калі так, то тады ўсё ў гэтым свеце мае новую перспектыву і мы не будзем ва ўладанні таго, што маем; ва ўладанні матэрыяльных каштоўнасцяў і прыемнасцяў гэтага свету; ва ўладанні алкаголю, наркотыкаў, нязгоднага з Божай воляй сексуальнага жыцця; ва ўладанні секулярных і ліберальных амаральных ідэалогій і г.д.

У сакрамэнце хросту мы сталіся дзецьмі Божымі і былі ўключаны ў Хрыста. Дзякуючы гэтаму ў нас памёр стары чалавек і нарадзіўся новы. Таму мы павінны быць новымі Божымі людзьмі.

5. Ва ўсіх евангельскіх аповедах аб Уваскрасенні Хрыста напісана, што камень, якім была закрыта Яго магіла, быў адвалены. Можа, уваход у нашы душы завалены камнем граху, амаральных звычак і прыпадабнення да гэтага свету? Калі так, то мы не дазваляем Уваскросламу Хрысту спаткацца з намі, бо шлях да спаткання забарыкадаваны.

Таму нам неабходна адсунуць гэты камень, а Езус зменіць наша жыццё. Успомнім Саўла, які пад Дамаскам дазволіў Хрысту прамовіць да яго. Гэта быў момант, калі Саўл адкаціў камень, які закрываў Хрысту ўваход у яго душу. Гэта быў момант перамянення Саўла ў апостала народаў Паўла.

У сакрамэнце хросту мы атрымалі вялікі прывілей быць дзецьмі Божымі, і такімі павінны быць, каб дасягнуць славы неба. Шлях да гэтага – адвалены грахоўны камень ад уваходу Бога ў нашы сэрца.

6. Мы выйшлі з Божай рукі і накіроўваемся ў дом нябеснага Айца. Гарантыяй вечнага жыцця і шчасця з’яўляецца праўда Уваскрасення Хрыста, якой мы павінны застацца вернымі.

Віншую ўсіх вас з радасным святам Пасхі Хрыстовай.

Віншую хрысціян іншых канфесій, якія таксама сёння святкуюць Вялікдзень.

Віншую праваслаўных, якія праз тыдзень будуць святкаваць такое ж свята.

Віншую ўсіх людзей добрай волі.

Няхай Уваскрослы Хрыстус умацоўвае нас сваёй ласкай, адорвае супакоем і вядзе шляхам духоўнага адраджэння, якое ёсць гарантыяй усялякага адраджэння!

Са святам! Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!

Амэн.
 

Адноўлена 06.04.2015 23:33
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі