Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Айцец Фэдэрыко Вера пра гісторыю ўзнікнення і місію «Opus Dei»
Інтэрв'ю
27.06.2011 16:17

Вялікую надзею на каталіцкія рухі і супольнасці ўскладаў сёння ўжо благаслаўлёны Ян Павел ІІ. Вялікі патэнцыял у іх бачыць і папа Бэнэдыкт XVI. Пра гісторыю ўзнікнення і місію персанальнай прэлатуры Каталіцкага Касцёла «Opus Dei» у інтэрв’ю Catholic.by распавядае а. Фэдэрыко Вера, які нясе служэнне ў Маскве.

— Айцец Фэдэрыко, рух «Opus Dei» («Божая справа») даволі малады — яму менш 100 гадоў. Што ж натхніла а. Хасэмарыю Эскрыва заснаваць яго?

— Калі Хасэмарыі Эскрыва было 17 гадоў, ён зразумеў, што Бог нечага чакае ад яго. Чаго менавіта, ён не ведаў, але разумеў, што гэта штосьці канкрэтнае. Распачаў пошук. Стаў часцей прыступаць да споведзі і святой Камуніі. Шукаў духоўнага айца, які б дапамог яму распазнаць Божую волю. Урэшце, зразумеў, што Бог хоча, каб ён стаў святаром, каб лепш служыць Яму ў той справе, пра якую ён яшчэ не ведаў. У 1925 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне. Праз тры гады 2 кастрычніка а. Эскрыва, як сам пра гэта сведчыў, убачыў, чаго менавіта чакае ад яго Бог: каб усе свецкія людзі, якія маюць працу, сем’і і іншыя штодзённыя заняткі, маглі знайсці Бога там, дзе яны прысутнічаюць. Перш за ўсё ў месцы сваёй працы, дзе Найвышэйшы чакае кожнага.

Так, праз азарэнне а. Эскрывы, нарадзілася справа «Opus Dei». Ён пачаў думаць, як гэта магло б выглядаць унутры Касцёла. Айцец Эскрыва ўяўляў «Opus Dei» як юрыдычную адзінку, частку іерархічнай структуры Касцёла. Так з 1972 г. (заснаванне «Opus Dei» прыпадае на 1928 г.) справа «Opus Dei» набыла статус персанальнай прэлатуры Каталіцкага Касцёла.

— Хто ўваходзіць у склад прэлатуры?

— Прэлатура была заснавана а. Хасэмарыяй Эскрыва перш за ўсё для людзей свецкіх. Аднак у яе, безумоўна, уваходзяць святары і прэлат. Душпастыры і вернікі, якія належаць да прэлатуры, каардынуюць сваю дзейнасць і разам нясуць служэнне, кожны ў сваёй сферы.

— Ці праходзяць спецыяльную падрыхтоўку свецкія члены прэлатуры?

— У «Opus Dei» усе праходзяць спецыяльную падрыхтоўку. Духоўную фармацыю яны атрымліваюць у мясцовых цэнтрах «Opus Dei»: слухаюць лекцыі, прыступаюць да сакрамэнту споведзі, адтрымліваюць тэалагічныя веды. Увогуле, адукацыя і духоўнае фарміраванне тых, хто належыць да «Opus Dei», ніколі не заканчваецца. Кожны тыдзень і святары, і вернікі маюць як мінімум адну лекцыю. Таксама абавязковымі з’яўляюцца размова з духоўнікам раз у адзін-два тыдні, споведзь, штодзённае духоўнае чытанне, малітва. Раз у год на працягу мінімум васьмі дзён члены прэлатуры праходзяць больш глыбокае навучанне (дакументы Касцёла, філасофія, тэалогія і інш.). Вядома, адукацыйная праграма адаптавана: для святароў яна больш шырокая. Аднак кожны праходзіць глыбокую фармацыю.

— Ці ёсць надзея, што прэлатура «Opus Dei» з’явіцца ў Беларусі?

— Надзея ёсць тады, калі ёсць працоўныя людзі, якія шукаюць Бога і маюць вялікае жаданне знаходзіць Бога ў паўсядзённым жыцці. Я адчуваю вялікую адказнасць, каб «Opus Dei» пачало пастаянна дзейнічаць у Беларусі. Мой шаноўны ўладыка (Мітрапаліт Кандрусевіч — Рэд.) казаў мне, што моліцца аб гэтым, што гэта яго мара. Я вярнуся ў Маскву і перадам там яго просьбу. Менавіта па запрашэнні вашага арцыпастыра мы і прыйшлі ў Расію чатыры гады таму. Аднак у хуткім часе ён быў пераведзены ў Беларусь.

— Давайце коратка акрэслім місію «Opus Dei».

— Вернікі, а таксама душпастыры сведчаць сваю веру і знаходзяць Бога там, дзе яны ёсць, там, дзе працуюць ці нясуць служэнне. Варта адзначыць, што акрамя тых святароў, якія належаць да «Opus Dei», ёсць яшчэ так званыя асацыіраваныя да прэлатуры святары. Яны падпарадкоўваюцца толькі свайму біскупу, прэлат жа «Opus Dei» (таксама біскуп) аказвае духоўную апеку.

— Дзякуем за размову і будзем мець надзею, што ваша справа будзе рэалізоўвацца і ў нашай краіне.

Размаўляла Валянціна Крутая

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.