Айцец Сяргей Трысцень: перэгрынацыя рэліквій не павінна ўспрымацца як пакланенне |
Інтэрв'ю |
29.05.2013 15:43 |
Першага чэрвеня ў Беларусі распачнецца перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. У гутарцы з Catholic.by адзін з адказных за перэгрынацыю а. Сяргей Трысцень OCD распавёў пра тое, наколькі важнай з’яўляецца духоўная падрыхтоўка да гэтай падзеі, і патлумачыў, чаму нельга разглядаць перэгрынацыю як пакланенне. — Айцец, як адбылося Вашае асабістае знаёмства са спадчынай Тэрэзы ад Дзіцятка Езус? — У канцы 90-х перэгрынацыя рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус праходзіла ў Расіі. На той час я, як свецкі місіянер супольнасці вербістаў, знаходзіўся ў Маскве. І якраз у гэты ж перыяд рэліквіі прыбылі ў маскоўскі касцёл св. Людвіка. Наведваючы касцёл, я шчыра маліўся да святой Тэрэзы. Тады я стаяў на парозе выбару свайго далейшага жыцця. Перада мною былі розныя дарогі: пайсці да вербістаў ці заставацца свецкім вернікам. І якраз у гэтай інтэнцыі я маліўся перад рэліквіямі святой. Вярнуўшыся ў Беларусь, я паехаў на рэкалекцыі для моладзі — дапамагаў у іх правядзенні адной законнай сястры. Памятаю, што падзяліўся з ёй сваімі развагамі пра пакліканне, а сястра дала мне адрас у Нарачы, дзе на той момант працаваў а. Аркадзь Куляха OCD. Маўляў: з’ездзі, прыглядзіся, можа ўпадабаеш гэты ордэн. Я паехаў у Нарач, пазнаёміўся там з кармэлітамі, прачытаў «Гісторыю адной душы» Тэрэзы ад Дзіцятка Езус... Спачатку я нават не супастаўляў, што святая — кармэлітка з таго ж ордэна. Я ёй удзячны за пакліканне і бачу, што маё пакліканне — таксама і яе ласка. — Рэліквіі кармэлітанскай святой пабывалі ўжо ў больш чым 70-ці краінах. Наколькі знакавай з’яўляецца для супольнасці кармэлітаў у Беларусі і беларускіх вернікаў перэгрынацыя рэліквій на гэтых землях? — Тэрэза ад Дзіцятка Езус — святая, якую ў Беларусі ведаюць і шануюць. Шмат у якіх касцёлах можна ўбачыць абраз або фігурку святой, якая стаіць з крыжам і ружамі ў руках. Шлях маладой законніцы — шлях яе дзяцінства — блізкі для многіх беларусаў. Сваім жыццём яна засведчыла пра шлях, поўны Божага даверу. Можна сказаць, што Тэрэза ад Дзіцятка Езус не зрабіла нейкіх вялікіх учынкаў — не памерла за Хрыста мучаніцкай смерцю, не напісала нейкіх вялікіх твораў, але святая значная ў сваёй прастаце — яна цалкам прысвяціла сябе Богу. Гэты давер з’яўляецца прыкладам для нас. — Наколькі важная духоўная падрыхтоўка да прыняцця рэліквій? — Часам даводзіцца сутыкацца з такой думкай, што ўшанаванне рэліквій стаіць на мяжы з фетышызмам. Тут патрэбны тлумачэнні. Варта ўсведамляць, што нас не збавяць самі рэліквіі, нас не збавіць сама святая ці прыезд яе рэліквій у Беларусь — рэліквіі прывозяць для таго, каб яшчэ больш прапагандаваць вучэнне гэтай святой. Трэба звярнуць увагу на духоўную спадчыну, якую нам пакінула святая Тэрэза, менавіта на гэтай спадчыне варта рабіць акцэнт. Недастаткова проста прыйсці, пакланіцца перад рэліквіямі і думаць, што будзеш збаўлены, цябе абсыплюць пялёсткамі ружаў. Каб гэта не было толькі знешнім пакланеннем, нельга забывацца і пра нашу духоўную падрыхтоўку. Перадусім пра малітву да святой, а таксама шанаванне яе ў нашых сэрцах. Адказнасць за перэгрынацыю ў Беларусі бяруць на сябе айцы кармэліты, якія па чарзе будуць выконваць функцыі кусташаў рэліквій. Галоўны ж кусташ рэліквій прыедзе на галоўныя ўрачыстасці ў Будслаў. У межах падрыхтоўкі да перэгрынацыі кармэліты босыя сумесна з выдавецтвамі «Про Хрысто», «МолПресс», а таксама Гродзенскім выдавецтвам выдалі шэраг кніг, якія стануць добрай падтрымкай для вернікаў падчас перэгрынацыі рэліквій святой. Чакаецца, што ў Беларусі рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус наведаюць больш за 115 парафій. Размаўляў Ілья Лапато OCDS |