| Кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай 
Адукацыі, 24-26 мая наведваў Беларусь у якасці папскага легата на 
Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Гродне. Пасля завяршэння духоўнага 
форуму іерарх адказаў на пытанні журналіста Catholic.by.  
 У гутарцы кардынал распавёў пра сваю місію папскага легата і заўважнае развіццё Касцёла ў Беларусі, а таксама пра Рымскую курыю і тое, як працуе Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі ў Ватыкане.
 — Ваша Эміненцыя, Папа Рымскі прызначае Вас сваім легатам ужо не першы раз. Наколькі адрозніваецца з кожным разам Ваша місія папскага пасланніка?
 — Як правіла, Пантыфік пасылае сваіх легатаў на гістарычныя ўрачыстасці. Гэта можа быць юбілей дыяцэзіі або важная гадавіна ў каталіцкім універсітэце. Паскі легат прадстаўляе інтарэсы Папы Рымскага, выказваючы яго зычлівасць і пашану да мясцовага Касцёла.
 Звычайна Святы Айцец скіроўвае таксама адмысловы ліст з нагоды ўрачыстасцяў. Такі ж ліст Папа адрасаваў і ўдзельнікам Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў Гродне.  Пантыфік просіць маліцца за святароў і за пакліканні да святарства. Мяркую, гэта з’яўляецца найбольшым выклікам для Касцёла ў Беларусі, каб падрыхтаваць сталых святароў, ад якіх залежала б будучыня Касцёла. 
 Чытайце таксама:
 
 — З якімі думкамі Вы ехалі на кангрэс у Гродна?
 — Я ехаў з вялікай радасцю, таму што з Беларуссю і з Гродна ў прыватнасці я ўжо быў знаёмы раней. Упершыню Беларусь я наведаў у 1994 годзе падчас урачыстасцяў у гонар Максімільяна Кольбэ, які калісьці жыў у горадзе над Нёманам, выконваючы тут сваё служэнне.
  
 Сёння ў Каталіцкім Касцёле абвешчаны Юбілейны Год Міласэрнасці, і, здаецца, няма больш прыгожага часу для правядзення эўхарыстычнага кангрэса. Найбольшую міласэрнасць Пан Бог перадаў праз Эўхарыстыю. Смерць Езуса на крыжы — найвялікшы акт міласэрнасці. І гэтаму якраз і быў прысвечаны мой даклад на кангрэсе.
 — Параўноўваючы ўражанне ад Касцёла ў Беларусі тады і цяпер, чым Вы маглі б падзяліцца?
 
 — Касцёл развіваецца, і гэта заўважна. Мне яскрава запомніўся адзін момант з Імшы падчас кангрэса: падчас святой Камуніі ў прэзбітэрый прыйшло каля 80 святароў. Яшчэ некалькі гадоў таму немагчыма было ўявіць такую колькасць духавенства!
 Заслуга гродзенскай семінарыі тут неацэнная: яна стала родным домам не толькі для многіх беларускіх святароў, але і для некаторых біскупаў.  Многія прызнаваліся, што ў Гродне яны навучыліся пастырству – таму, як працаваць далей у сваіх дыяцэзіях. Я вельмі з гэтага цешуся і лічу гэта поспехам Гродзенскай дыяцэзіі.
 — Доўгі час Вы былі прэфектам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. У чым заключаецца праца гэтай структуры?
 
 — Апошнія 15 гадоў я быў кіраўніком Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі – яе прэфектам. Гэтая пасада практычна адпавядае пасадзе міністра адукацыі ў якой-небудзь з краін. Толькі наша «міністэрства адукацыі» адрозніваецца ад усіх астатніх тым, што мы працуем з самымі рознымі краінамі і ўмовамі адукацыі, створанымі ў іх.
  
 Наша «міністэрства» – толькі адно з многіх. Рымская курыя мае дзевяць такіх «міністэрстваў», якія адрозніваюцца паміж сабой праблематыкай. «Міністэрства» веравучэння, па справах біскупаў, па справах сакрамэнтаў, па справах духавенства — у кожным з іх свае асаблівасці.
 
 Мы займаліся справамі семінарый, каталіцкіх школ і ўніверсітэтаў. Напрыклад, ва ўсім свеце сёння налічваецца каля 200 тысяч каталіцкіх школ, у якіх вучацца больш за 50 мільёнаў дзяцей. Каталіцкіх універсітэтаў сёння ў свеце больш за 1500, многія з іх з’яўляюцца найлепшымі ВНУ сваіх краін.
 
 Асабліва варта адзначыць азіяцкі рэгіён. Напрыклад, у Паўднёвай Карэі заўсёды было 1-2 працэнты католікаў, але сёння іх колькасць узрасла да 10 працэнтаў. Штогод больш за 100 тысяч дарослых карэйцаў прымае хрост...
 І хоць у 50-мільённай краіне сёння толькі 5 мільёнаў вызнае каталіцтва, у Карэі працуе ажно 8 (!) каталіцкіх універсітэтаў. Гэта вельмі многа для такой краіны.
 
 Найбуйнейшы шпіталь, які я ў сваім жыцці бачыў, — гэта шпіталь каталіцкага ўніверсітэта ў Сеуле. Гмах вышынёй у 21 паверх! Уваходзіш туды, як у супергатэль – па эскалатары. Вялікая фігура Маці Божай і надпіс: шпіталь каталіцкага ўніверсітэта. У кожным пакоі шпіталя — крыж. І захоўваецца таксама каталіцкая этыка — там няма якіхсьці практык, якія былі б не згодныя з вучэннем Каталіцкага Касцёла. І ўсё гэта шануецца.
 
 Пры будаўніцтве ўніверсітэта адна нехрысціянская фірма выдаткавала 100 млн (!) долараў на будаўнічыя мэты – каталіцкія ўніверсітэты маюць добрую рэпутацыю, нездарма нават прэзідэнт Карэі заканчвала ў свой час каталіцкі ўніверсітэт.
  
 Я сутыкаўся з самымі рознымі цяжкасцямі ў працы такіх універсітэтаў: культурнымі, палітычнымі, рэлігійнымі, рэгістрацыйнымі... Трэба было вывучаць сітуацыю, умовы, дыскутаваць з урадамі краін. Але гэта вельмі салідная праца, і я ганарыўся ёю.
 
 — Сёння адна з важных праблем у свеце – гэта праблема бежанцаў. Яны ў сваёй большасці не з’яўляюцца католікамі ці хрысціянамі ўвогуле...
 
 — Галоўная праблема заключаецца нярэдка ў тым, што мігранты часта не хочуць адаптоўвацца да той краіны, куды яны прыбываюць, імкнучыся як бы наадварот — «навярнуць» тую краіну, у якую ідуць.
 
 Але і гістарычна выглядае так, што калісьці мусульмане хацелі захапіць Еўропу, каб панаваць у ёй. Праблема, аднак, дастаткова шырокая. Вядома, трапляюцца розныя мусульмане, і нельга ўсіх раўняць між сабой.
 
 Ёсць краіны, дзе пераход з ісламу ў іншую рэлігію караецца смерцю, а ёсць краіны, дзе ўсё спакойна, як, напрыклад, у Албаніі, дзе 60 працэнтаў жыхароў — мусульмане. І ўрад гэтай краіны таксама звяртаўся да нас з просьбай адкрыць там каталіцкі ўніверсітэт.
 А вось у амаль цалкам мусульманскай Інданезіі працуе ўжо больш за 40 вышэйшых каталіцкіх школ. І мусульмане наведваюць гэтыя школы.
 
 — Калі казаць пра супрацоўнікаў Кангрэгацыі, як шмат там замежнікаў?
 
 — Рымская курыя ўвогуле міжнародная. І ў Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, вядома, павінны быць людзі, якія размаўляюць на розных мовах. Паляк, італьянец, аўстрыец і г.д.
 
 У самой Кангрэгацыі нас працуе не больш за 30 чалавек. Трэцяя частка супрацоўнікаў – свецкія. А можа, і больш. Свецкія ў асноўным займаюцца перамовамі з універсітэтамі і г.д.
 Проста ведаць замежныя мовы – гэта адно, але заўсёды павінен быць і той, для каго замежная мова родная. Калі мы выдаём нейкі часопіс, то тэксты на замежных мовах рэдагуе чалавек, для якога мова артыкула — родная.
 
 Прадстаўніцтва Кангрэгацыі дастаткова стракатае: Лацінская Амерыка, Паўночная Амерыка, Еўропа і г.д. Таксама акрамя пастаянных супрацоўнікаў у нас ёсць група дарадцаў-кансультантаў. Звычайна гэта выкладчыкі з розных універсітэтаў.
  
 Калі казаць пра нашу Кангрэгацыю, то да нас належыць такі адмысловы пленум, у якім 22 кардыналы і чатыры біскупы. Мы збіраем іх раз на два гады, каб азнаёміць іх з нашай працай за гэты час, выслухаць іх прапановы і ўлічыць пажаданні.
 
 Паміж сабой мы размаўляем па-італьянску. Але, напрыклад, калі прыязджаюць гэтыя кардыналы, то ў нас працуюць перакладчыкі. Але, калі біскупы прыходзяць да нас, то перакладчык непатрэбны – ва ўсіх галоўных мовах мы размаўляем.
 Найважнейшыя рашэнні дакладваюцца Святому Айцу, які іх зацвярджае. Як прэфект, я заўсёды прадстаўляў яму, што мы робім, што плануем і г.д. І гэта адбывалася звычайна ў чатыры вокі. Святы Айцец у сваю чаргу звяртае ўвагу на тое, што, на яго думку, зараз па-за чаргой і павінна быць абмеркавана Кангрэгацыяй.
 — Як даўно Вы працуеце ў Ватыкане?
 
 — Я пачаў там працаваць за шэсць гадоў перад пантыфікатам Яна Паўла ІІ. Працаваў тады ў Найвышэйшым судзе і выкладаў ва ўніверсітэце права.
  
 Пачаў сваю працу ў 1972 годзе і спачатку працаваў у Найвышэйшым касцёльным судзе, які называецца Апостальская сігнатура. Гэта вельмі кваліфікаваны суд. Я працаваў там 27 гадоў. Напрыканцы быў таксама прэфектам гэтага суда. Таксама я доўгі час выкладаў права ў каталіцкім універсітэце. І, што цікава, 20 гадоў я выкладаў на лаціне. І дактарат свой напісаў таксама на лаціне...
 Лаціна заўсёды была для мяне мовай для малітвы, з вучобай на лаціне было цяжэй, але я справіўся. А вось італьянская — адзіная мова, якую я ніколі не вывучаў (усміхаецца – заўв. аўт.). Авалодаў ёю з размовы і слухаючы тэлебачанне. 
 — У чым, на Ваш погляд, розніца паміж католікамі-беларусамі і іх заходнімі суседзямі?
 
 — Цяжка рабіць параўнанні: калі ўзяць Гродна як частку Беларусі, то раней гэта быў рэгіён, які належаў Польшчы.
 
 Гэта была адна краіна, адна ментальнасць. Відавочна, пасля Другой сусветнай вайны сітуацыя змянілася: у Польшчы былі касцёлы і семінарыі, а ў Беларусі практычна нічога не было. Вера была вельмі моцна абцяжарана.
 
 Было куды менш свабоды, чым у нас у Польшчы. Мы мелі магчымасць ехаць за мяжу, каб атрымаць тэалагічную адукацыю. А з Беларусі ніхто не мог выехаць, каб вучыцца. Розніца ёсць у гэтым сэнсе.
 
 Але я думаю, што калі гаварыць пра пабожнасць, то Польшча і Беларусь вельмі падобныя. Многія ведаюць польскую мову. І ў нашых ментальнасцях, мяркую, вялікай розніцы няма.
 Гутарыў Ілья Лапато,
 фота Аляксандры Шчыглінскай і Віталія Палінеўскага
 |