Тры дні прабывання ў адзінстве і малітоўнай еднасці, тры дні разгляду гісторыі Касцёла і ролі Эўхарыстыі ў ёй, тры дні размоў і новых знаёмстваў. Тры дні малітвы.
Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Гродне заканчваецца, але пакідае глебу для разважанняў. Свецкія і духоўныя асобы, якія прымалі ўдзел у кангрэсе, дзеляцца сваімі думкамі, каментарыямі і меркаваннямі. Якім быў кангрэс для іх і чым запомніцца? Якой была яго атмасфера і над чым яны будуць разважаць пасля яго завяршэння? Слова ўдзельнікам духоўнага форуму.
Пытанні і адказы
Для біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча магчымасць прымаць Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс менавіта ў Гродне ў гадавіну стварэння Гродзенскай дыяцэзіі і святкавання 25-годдзя біскупскай сакры вялікі гонар і адказнасць.
Іерарх прызнаецца, што калісьці якраз Божая Міласэрнасць прывяла яго з Вільні ў Гродна, і ён бязмерна ўдзячны Богу за пакліканне і за тое, што стаў святаром.
«Наша заданне сёння – не толькі распавесці пра міласэрнасць, але і даказваць яе на справе, даючы прыклад міласэрнасці між намі. Прыняцце кангрэса – хвалюючая для мяне падзея. Але я вельмі рады і ўдзячны, што прыехала так шмат гасцей, якія ўзбагацілі сваёй прысутнасцю наш гродзенскі Касцёл».
З гродзенскім ардынарыем салідарны і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які дадае, што Касцёл у Беларусі з’яўляецца часткай Сусветнага Касцёла.
«Без адносін з Паўсюдным Касцёлам нельга нармальна функцыянаваць. Тым больш з Касцёлам, з якім мы лучымся гістарычна: у Літве, Латвіі, Польшчы. Таму прыезд іерархаў з гэтых краін сведчыць пра сяброўства паміж Касцёлам у нашых краінах, што вельмі важна».
Арцыбіскуп Кіеўскі і Жытомірскі Пётр Мальчук прызнаецца, што гэта сапраўды так:
«У нас дастаткова цесныя ўзаемаадносіны з беларускім епіскапатам. Я неаднаразова бываў у Беларусі, будучы правінцыялам ордэна бэрнардынцаў, якія нясуць служэнне ў тым ліку ў Будславе. Прагрэс мясцовага Касцёла відавочны для ўсіх і ўсё ярчэй праяўляецца не толькі ўнутры сябе, але і ў грамадстве ў цэлым».
Эўхарыстыя і ласка Міласэрнасці
«Такія сустрэчы неабходныя для нас усіх, бо яны падкрэсліваюць для нас значэнне Эўхарыстыі і Божай Міласэрнасці – тое, чым жыве ў Беларусі і Рыма-Каталіцкі Касцёл, і Грэка-Каталіцкая Царква ў прыватнасці», — адзначае настаяцель грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот.
Святар дадае, што надзвычай важным з’яўляецца правядзенне кангрэса менавіта сёлета, у абвешчаны Папам Францішкам Год Міласэрнасці.
«Міласэрнасць – аснова нашай веры, праз якую Бог выходзіць насустрач кожнаму чалавеку. У межах кангрэсу мы спяваем Акафіст да Маці Божай, робячы такім чынам і свой сціплы ўнёсак у кангрэс: Каталіцкі Касцёл у Беларусі не толькі Рыма-, але і Грэка-Каталіцкі – гэтыя два абрады спакон веку існавалі і ўзбагачалі адзін аднаго», — заключыў а. Андрэй Крот.
«Той, хто прымае Хрыста ў сваіх руках, не можа Ім не дзяліцца, — перакананы дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. – Бог выбірае чалавека не для таго, каб проста зрабіць яго святаром, але каб той ішоў і аб’яўляў Евангелле для свету, дзелячыся спазнанай радасцю з бліжнімі».
Іерарх прыгадаў, што калісьці ўдваіх разам з кс. Юзафам Ганьчыцам яны сталі першымі выпускнікамі новазаснаванай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
«Касцёл – гэта сям’я, дзе, як у кожнай сям’і, малодшыя ў сваім станаўленні бачаць прыклад дарослых. Я прашу Бога, каб тыя духоўныя сляды святарскага жыцця, пастырскага жыцця, якія я пасля сябе пакідаю, маглі стаць трывалай дарогай для маладога пакалення». Прэфект семінарыі ў Гродне кс. Віталій Сідорка ў сваю чаргу адзначае, што месца правядзення кангрэсу з’яўляецца вельмі сімвалічным.
«Семінарыя – сэрца дыяцэзіі, тут фармуюцца будучыя святары. Семінарысты, прысутнічаючы на кангрэсе, бачаць, на падставе чаго яны павінны ў будучыні выконваць сваё місіянерскае і апостальскае служэнне ў Касцёле».
Нататкі з кангрэса
Сястра салезіянка Габрыэля Родэс, адказная за служэнне салезіянак на Усходзе, прыбыла на кангрэс з Масквы: «Калісьці ў 1991 годзе я прыехала сюды ўпершыню, працуючы ў супольнасці ў Смаргоні. Я з вялікай радасцю прыгадваю час, калі рэлігійнае жыццё толькі пачынала тут сваё аднаўленне».
Сястра Габрыэля асабліва адзначыла даклад папскага легата кардынала Зянона Грахалеўскага: «Я лічу, што святкаванне 25-годдзя дзейнасці Гродзенскай дыяцэзіі — гэта і ёсць вынік дзейнасці Божай Міласэрнасці, якая піша па крывых лініях гісторыі. (...) Лічу, што на працягу 25 гадоў Божая Міласэрнасць паволі фармавала дыяцэзію да сённяшняга кангрэсу. Таму я вельмі ўдзячна біскупу-ардынарыю, які мяне сюды запрасіў».
Для Генеральнай настаяцельніцы Супольнасці Сясцёр Місіянерак Хрыста Караля для палякаў замежжа Эвы Качмарэк кангрэс стаў умацаваннем у веры.
«Асабліва ўзрушыў момант у дакладзе арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра знішчэнне Фары Вітаўта і словы “костела больше нет”. Калі бабулі дзяліліся сваёй верай, такім чынам яе захоўваючы. Я прысутнічала на кангрэсе з самага пачатку і занатоўвала цікавыя для сябе цытаты. Напрыклад, “Ружанец – школа веры” – вельмі моцны для мяне сімвал».
Манахіня дадае, што сама з’яўляецца гісторыкам, таму вельмі ўдзячная за магчымасць даведацца пра гісторыю станаўлення Касцёла на беларускіх землях.
«Цяпер мне прасцей зразумець сясцёр нашай супольнасці, якія нясуць служэнне на Беларусі», — адзначае с. Эва.
Кангрэс і адукацыя
Студэнтка першага курса Гродзенскага катэхетычнага каледжа Людвіка Сіда адзначае адкрытасць Касцёла, у якой пераканалася тут.
«Я магу павітацца з ватыканскім кардыналам, з біскупамі, святарамі – гэта неверагодны вопыт! У Год Міласэрнасці Бог прагне адкрыць усе свае тайны, чалавеку застаецца толькі ўзяць гэта ад Бога. Мне ўдалося паслухаць, на жаль, толькі даклад кардынала Зянона Грахалеўскага, пра якога я вельмі шмат чула. Я пад уражаннем». 17-гадовая Марыя, студэнтка-першакурсніца з Гродна, прызнаецца, што прыйшла на кангрэс у надзеі знайсці сябе і сваё пакліканне ў жыцці. Шмат уражанняў пакінуў у дзяўчыны даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра развіццё Гродзенскай дыяцэзіі:
«Гэта дапамагло мне праз эмацыйны расповед Мітрапаліта Тадэвуша перажыць яе гісторыю больш глыбока».
Духоўную патрэбу ўказвае прычынай наведвання кангрэсу і Тэрэса Сідаровіч з парафіі Божай Міласэрнасці ў Вішняўцы. Ужо сем гадоў жанчына кіруе апостальскімі групамі дапамогі душам у чыстцы.
«Я заўсёды стараюся чамусьці навучыцца, каб новыя веды перадаць іншым людзям. Мае групы налічваюць каля 75 чалавек, розных узростаў, розных прафесій. Я лічу, што даклады былі вельмі прыгожыя, з іх можна было ўзяць інфармацыю, каб стаць бліжэй да Бога».
Патрэбным для Беларусі лічыць кангрэс кіраўнік дабрачыннай акцыі дапамогі «Літва-Беларусь» з Германіі Герберт Вэнслер, які разам з жонкай завітаў на форум у апошні дзень яго правядзення.
«З
Беларуссю мы супрацоўнічаем ужо больш за 20 гадоў, прывозячы
прадуктовыя наборы, адзенне, сродкі для мыцця, галантарэю, а таксама
дапамагаючы фінансава. Гэты кангрэс вельмі патрэбны для вашай краіны, бо
ў Год Міласэрнасці людзі павінны бачыць ў Касцёле Касцёл любові», —
заключае мужчына.
«Кангрэс з’яўляецца найлепшай ідэяй, каб адзначыць 25-годдзе дыяцэзіі. Аналіз і рэфлексія падчас дакладаў застанецца для дыяцэзіі і для ўсіх, хто прысутнічаў на кангрэсе, надоўга. Гэта тое, да чаго можна будзе вяртацца і на што можна будзе спасылацца ў будучыні», — дзеліцца сваёй думкай Магдалена Мэрта з Варшавы, якая прадстаўляе савет удзельнікаў вайны і рэпрэсаваных асобаў у Польшчы.
Вера як ноч, усыпаная зоркамі
“Вера – не з’яўляецца простай рэччу. Вера – як цёмная ноч, усыпаная зоркамі. Уначы мы бачым нашмат больш, чым днём, адкрываючы наваколлі праз дотык і слых, — падкрэслівае папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі. — Уначы мы бачым зоркі, аддаленыя ад нас за тысячы кіламетраў, і разумеем сваё месца ў кантэксце сусвету.
Вера – як цёмная ноч. Ідзём менш дакладна, але бачым наша жыццё ў кантэксце цэласці. Вера здольная ўзмацняць, і кожны з нас патрабуе ўзмацнення ў веры. Для таго, каб узмацняць людзей у веры, святары павінны ёю жыць. Часта ж мы не маем адвагі паглыбіцца ў веру, але толькі тады пачынаецца наша прыгода веры. На завяршэнне кангрэсу я жадаю Гродзенскай дыяцэзіі, каб яны сапраўды фармавала вялікіх святароў. Мужных, якія маглі б чыніць тое, аб чым прасіў Езус. Гэта маё найвялікшае заданне, і аб гэтым я малюся».
Ілья Лапато, Аксана Ючкавіч Фота Віталія Палінеўскага
|