Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскупа Клаўдыё Марыі Чэллі падчас сустрэчы са свецкімі СМІ

13 мая, Мінск, Беларусь

ІНФАЭТЫКА ДЗЕЛЯ МІРУ Ў ГЛАБАЛІЗАВАНЫМ ГРАМАДСТВЕ

Перад абліччам эпахальных зменаў, якія з рознай хуткасцю распаўсюджваюцца ў сучасных грамадствах, калі камунікацыя з’яўляецца «рухавіком» новай культуры, што вельмі хутка развіваецца, Каталіцкі Касцёл — разам з іншымі веруючымі ў Хрыста — задае сабе пытанні перадусім адносна таго антрапалагічнага скачка, выкліканага гэтымі зменамі. Іншымі словамі, якім чынам перамяняецца чалавечая асоба? Як змяняюцца адносіны бацькоў і дзяцей? Што ўяўляюць сабою «суполкі», што ўзніклі ў віртуальнай прасторы? Да якіх мэтаў імкнецца свабода інфармацыі, грамадская адказнасць адносна таго, што адбываецца ў так званай «глабальнай вёсцы»? Мы заўсёды імнемся даць адказ, выкарыстоўваючы скарб двухтысячагадовага шляху Касцёла, у святле таго паслання, якое Езус Хрыстус пакінуў вернікам. Гаворка ідзе пра пасланне, якое мае ўніверсальнае значэнне, бо яно сягае каранёў таго, што з’яўляецца чалавечым, гледзячы на гэта ў Божым святле.

У гэтай галіне розныя Папы далі настаўленні, што накіроўваюць дзейнасць прафесіяналаў у сферы камунікацыі, як веруючых, так і няверуючых. У супольнасці, дзе тэхніка і культура сплятаюцца ў шчыльную камунікацыйную сетку, патрэбна захаваць яснасць, неабходную для таго, каб прыняць усе магчымасці, якія яны нам даюць, кіруючы развіццё да дабра кожнай асобы, кожнай сям’і і народа. «Дабро», якое выяўляецца ў дары міру, угрунтаванага на агульным дабры, што дасягаецца праз праўду, справядлівасць, свабоду і любоў.

Ужо ў часы халоднай вайны благаслаўлёны Папа Ян ХХІІІ ў сваёй энцыкліцы Pacem in Terris вызначыў гэтыя чатыры элементы як апоры мірнага грамадства. Пазней, у 2003 годзе, Папа Ян Павел ІІ паўтарыў гэта ў сваім 37-ым пасланні на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі. Яны актуальныя таксама сёння, і ў апошні час атрымалі развіццё ў вучэнні цяперашняга Папы.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у 2010 годзе сцвердзіў: «Больш, чым можна сабе гэта ўявіць, сёння неабходная інфаэтыка, падобна да таго, як у галіне медыцыны і даследванняў, звязаных з жыццём, існуе біяэтыка». Менавіта таму, што на павестцы стаіць антрапалагічнае пытанне, што закранае самое сэрца чалавечай асобы, у гэтым сваім пасланні на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі Папа імкнецца вызначыць стабільны накірунак камунікацыйнай плыні такім чынам, каб яна адпавядала чалавечай годнасці.

Калі камунікацыя губляе этычныя асновы і выходзіць па-за межы сапраўдных каштоўнасцяў, яна трапляе ў залежнасць ад эканамічных і палітычных інтарэсаў, ігнаруе цэнтральнае месца і непарушную годнасць, што належаць чалавеку, і стварае рызыку адмоўнага ўплыву на яго сумленне, яго выбары, канчаткова разбураючы свабоду і самое жыццё асобаў. Вось чаму неабходна, каб сацыяльная камунікацыя рупліва абараняла чалавечую асобу і ў поўнай меры шанавала яе годнасць.

Чатыры апоры камунікацыі дзеля міру

Сённяшнія СМІ, разам з усімі тэхнічнымі і культурнымі дасягненнямі, якімі яны характарызуюцца, з’яўляюцца незвычайнай платформай узаемаабмену і дыялогу, прыдатнай для пашырэння справы міру праз справядлівасць. Ян Павел ІІ, звяртаючыся да прадстаўнікоў СМІ ў 1987 годзе, заклікаў іх зрабіць і свой унёсак у пераход ад раўнавагі, заснаванай на запалохванні, да стратэгіі даверу. Ён падкрэсліў пры гэтым, што «мір немагчымы без дыялогу, але немагчыма распачаць сапраўдны дыялог, не будучы добра інфармаванымі, на ўсходзе і на захадзе, на поўдні і на поўначы. Да таго ж ваш дылог павінен быць „усеагульным дыялогам“, гэта значыць дыялогам, які вядзецца на абшары глабальнай стратэгіі камунікацыі: зразумела, у інфармацыі, але таксама і ў забаўляльным сектары, рэкламе, мастацкай творчасці, адукацыі, адкрыцці культурных каштоўнасцяў. Менавіта праз такую стратэгію камунікацыі трэба рэалізаваць стратэгію даверу» (Пасланне на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі 1987 г.).

Цяпер паглядзім, як можа быць пабудавана гэтая «стратэгія даверу».

СМІ і праўда. Асноўным заданнем усіх відаў камунікацыі з’яўляецца пошук праўды і павага да праўды, каб дзяліцца ёю, паведамляючы тое, што праўдзівае не толькі адносна фактаў і інфармацыі, але таксама і перадусім у тым, што датычыцца супольнага дабра грамадства і адносінаў з Богам. Грамадства, у якім СМІ карыстаюцца даверам дзякуючы сваёй праўдзівасці, жыве ў атмасферы большай калектыўнай свядомасці.

Сапраўды, калі СМІ адважна нясуць служэнне праўдзе, яны спрыяюць сталенню грамадскага арганізму, і наадварот, становяцца прычынаю падзелу, калі распаўсюджваюць «прапаганду» і дэзінфармацыю, робячыся паслугачамі вузкіх інтарэсаў, дзяржаўных, нацыяналістычных, расавых і рэлігійных забабонаў, матэрыяльнай нажывы і фальшывых ідэалогій розных накірункаў.

Чалавек прагне праўды, ён знаходзіцца ў пошуку праўды. Таму найбольшае служэнне, якое можна даць асобе і грамадству, гэта спрыянне такому пошуку ў атмасферы свабоды. СМІ могуць дапамагчы ў дасягненні гэтай мэты дзякуючы стварэнню якасных перадачаў і мастацкіх праграмаў, у якіх будуць прызнаныя і добра прадстаўленыя праўда, прыгажосць і веліч чалавечай асобы, уключна з яе рэлігійнай сферай. Заўважны поспех такой выдатнай прадукцыі пацвярджае, што людзі прагнуць дабра і прыгажосці.

Адзін з прыярытэтных шляхоў, дадзеных чалавеку, каб ён мог наблізіцца да праўды, якую шукае, гэта дыялог. Гэта сустрэча з іншым чалавекам, які, хоць і з’яўляецца інакшым, можа стаць спадарожнікам на шляху гэтага пошуку. Таму варта спрыяць стварэнню ў грамадстве атмасферы, якая дае магчымасць выслухаць іншага чалавека, зразумець чужыя довады і доказы, каб аблегчыць сапраўдны пошук праўды. Для нас, хрысціянаў, праўда ў сваім найбольш поўным і абсалютным сэнсе з’яўляецца боскаю, з’яўляецца спрадвечным «Логасам», што стаўся чалавекам у Езусе Хрысце , які мог з поўнай падставай сцвярджаць: «Я ёсць праўда» (пар. Ян 14, 6). Але як бы там ні было, суіснаванне Касцёла, які моцна трымаецца веры ў нязменны характар праўды, з пашанаю да іншых «праўдаў», або да праўды іншых асобаў, з’яўляецца практыкай, уласцівай самому Касцёлу. У гэтай пашане з дапамогаю дыялогу могуць адчыніцца новыя дзверы для перадачы праўды (Пар. Бэнэдыкт XVI, Прамова да прадстаўнікоў свету культуры, 12 мая 2010 г., Лісабон, Партугалія).

Езус сказаў: «Пазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі» (пар. Ян 8, 32). Праўда, якая робіць нас свабоднымі — гэта Хрыстус, таму што толькі Ён можа ў поўнай меры наталіць прагу жыцця і любові, якую чалавек адчувае ў сваім сэрцы. Той, хто шукае праўду, раней ці пазней знойдзе Яго. Той, хто асабіста сустрэўся з Ім і захапіўся Яго пасланнем, адчувае нястрыманае жаданне дзяліцца гэтаю праўдаю і перадаваць яе: «Тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, — піша святы Ян, — на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, пра Слова жыцця [...], абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным Езусам Хрыстом. І гэта мы пішам, каб радасць нашая была поўнай» (пар. 1 Ян 1, 1–3).

СМІ і справядлівасць. Глабальны абсяг СМІ у свеце, які пакутуе ад нязноснай няроўнасці, абавязвае да асаблівай адказнасці. СМІ могуць і павінны асвятляць забытыя ўсімі групы насельніцтва, прыгнечаныя сацыяльныя слаі, сітуацыі несправядлівасці, каб адчыніць дзверы для лепшага размеркавання дабротаў. Нават калі СМІ часта належаць пэўным групам, якія маюць свае інтарэсы, прыватныя і грамадскія, сама па сабе сутнасць іхняга ўздзеяння на жыццё патрабуе ад іх не ўносіць падзелу паміж рознымі групамі, напрыклад, у імя класавай барацьбы, ваяўнічага нацыяналізму, расавай вышэйшасці, этнічнай чысціні ці рэлігіі. СМІ аказваюць неацэнную паслугу справе справядлівасці і згоды, калі верна апісваюць падзеі, непрадузята прадстаўляючы розныя пункты гледжання, паказваючы кантэкст і даючы ключы для зразумення. Гэта не азначае, што СМІ не павінны цікавіцца несправядлівасцямі і падзеламі, але яны павінны ўскрываць іхнія карані, каб іх можна было зразумець і выдаліць.

Няма міра без справялівасці. Мы ўсе гэта цудоўна ведаем. Але не можа быць сапраўднай справядліваці без любові і прабачэння (Пар. Ян Павел ІІ, Пасланне на сусветны дзень міру 2002 г.). Таму служэнне СМІ справе справядлівасці непасрэдна звязана з праўдай, але павінна ісці яшчэ далей. Як казаў Папа Ян Павел ІІ, апорамі сапраўднага міру з’яўляюцца справядлівасць і гэтая соеасаблівая форма любові — прабачэнне. Безумоўна, роля СМІ не павінна дубляваць ролю выхаваўцаў і Касцёлаў у гэтай сферы. Але яны маюць важная заданне — ды яшчэ і якое! — абудзіць у грамадстве свядомасць таго, наколькі вялікае значэнне мае сапраўдная роўнасць усіх людзей перад законам і роўны для ўсіх людзей і ўсіх сацыяльных слаёў доступ да дасягненняў прагрэсу.

Як вам добра вядома, асаблівым выклікам нашага часу з’яўляецца так званая «электронная няроўнасць», а менавіта разбежнасць, што падзяляе людзей на тых, хто мае доступ да кіберпрасторы з усімі яе сацыяльнымі і культурнымі перавагамі, і тых, хто нават ні разу ў жыцці не тэлефанаваў, або не ведае, што такое кампутар. Гэты падзел існуе не толькі паміж індустрыяльнымі краінамі і краінамі на шляху развіцця, але і ўнутры саміх найбольш развітых краінаў. Геаграфічна далёкія тэрыторыі, маленькія або ізаляваныя, пажылыя і немаладыя людзі, этнічныя і моўныя меншасці, а таксама тыя, хто церпіць ад розных фізічных калецтваў, маюць цяжкасці з уваходам у гэтую электронную культуру, якая ўключае ў сябе ўдзел, інфармаванне а нават доступ да адміністрацыйных дзяржаўных службаў. Усё грамадства абавязана прыкласці намаганні для таго, каб гэтыя сацыяльныя пласты далучыліся да «піру» культуры, таксама і электроннай. СМІ могуць зрабіць надзвычай плённы ўнёсак у гэтую справядлівую справу, паказваючы становішча тых, хто выключаны з гэтага сацыяльнага дыялогу, і спрыяючы іх далучэнню.

СМІ і свабода. Свабода — гэта першая з умоваў сапраўднага міру, а таксама адзін з найкаштоўнейшых яго пллёнаў. Касцёл абараняе свабоду слова і друку адзіна ў межах маральнага парадку і супольнага дабра як неадменную ўмову грамадскага міру. СМІ служаць свабодзе, служачы праўдзе, і яны ж знішчаюць свабоду, калі аддаляюцца ад таго, што праўдзівае, распаўсюджваючы хлусню або ствараючы атмасферу нездаровай эмацыйнай рэакцыі на падзеі. Толькі калі людзі маюць доступ да праўдзівай і вычарпальнай інфармацыі, яны ў стане імкнуцца да супольнага дабра і бачаць у афіцыйных уладах адказных за гэтае дабро.

Калі СМІ знаходзяцца на служэнні свабодзе, яны самі павінны заставацца свабоднымі і правільна карыстацца сваёю свабодаю, гэта значыць дзейнічаць у духу адказнай свабоды. СМІ маюць прывілеяваны «статус» у грамадстве. Таму яны ў найбольшай ступені абавязаны дзейнічаць вышэй за выключна эканамічныя інтарэсы, становячыся на служэнне сапраўдным патрэбам і сапраўднаму дабрабыту грамадства. Таму ў інтарэсах супольнага дабра неабходнае пэўнае рэгуляванне ў сферы СМІ, і не дапушчальныя медыя-манаполіі ні ў якім выглядзе. Мне здаецца, што выдаўцы, кіраўнікі рэдакцый, карэспандэнты і журналісты павінны моцна адчуваць маральны абавязак ісці за тым, што падказвае ім сумленне, і супрацьстаяць ціску, які на іх аказваецца з мэтаю «дастасаваць» праўду, каб задаволіць прэтэнзіі розных сацыяльных групаў.

Новыя тэхналогіі робяць інфармацыю больш даступнай для найслабейшых сектараў грамадства, а таксама ўсім дазваляюць у большай ступені ўдзельнічаць у СМІ. Перадусім моладзь бачыць у гэтых сродках актыўную прастору, якую часам не знаходзіць на месцах вучобы і працы. Гэта яшчэ адна нагода для таго, каб належным чынам падрыхтаваць гэтую новую форму сувязі і дыялогу, а таксама патрабаваць ад новых пастаўшчыкоў інфармацыі праўдзівых і адказных адносінаў.

Адзін з клопатаў, звязаных з такім адкрытым абшарам, як кіберпрастора, гэта, як мы ўсе ведаем, той факт, што акрамя рэчаў добрых і праўдзівых у ёй змяшчаюцца таксама амаральныя і гвалтоўныя рэчы. Сапраўды, неабходна мець крытэрыі выбору, іерархію каштоўнасцяў і гэтак далей. Таму не дастаткова толькі тэхнічнай інструкцыі па выкарыстанні, патрэбна перадусім этыка бачання, чытання, слухання. У гэтай сферы вельмі важна абараніць дзяцей і падлеткаў, якія так файна засвойваюць гэтыя тэхналогіі і якія так часта не валодаюць крытэрыямі выбару, згоднымі з іх асабістай годнасцю. Такім чынам трэба суправаджаць дзяцей у карыстанні новымі СМІ, а таксама забяспечыць сур’ёзнае выхаванне ў сферы каштоўнасцяў. У іншым выпадку яны сустрэнуцца з вялікай і непатрэбнай рызыкай.

СМІ і любоў. Калі халодная вайна дасягнула свайго піку, благаслаўлёны Папа Ян ХХІІІ сказаў: «Абарона міру павінна будавацца паводле прынцыпу, цалкам адрознага ад таго, які існуе сёння. Сапраўдны мір паміж народамі не залежыць ад валодання аднолькавай колькасцю ўзбраенняў, але выключна ад узаемнага даверу» (Рacem in Terris, 113). Гэты давер павінен стаць першым крокам да прыязнасці, да сяброўства паміж паасобнымі людзьмі і народамі, што ў хрысціянскім слоўніку называецца словам «любоў» у самым узнёслым яго значэнні. Цяпер мы маем выдатную магчымасць для развіцця такога даверу!

Папа Бэнэдыкт XVI у 2009 годзе сказаў: «Жадаю заахвоціць усіх людзей добрай волі, якія дзейнічаюць у свеце электроннай камунікацыі, заняцца развіццём культуры ўзаемапавагі, дыялогу, сяброўства».

Для развіцця гэтай культуры было б пажадана пераадолець адно з уяўленняў, зазвычай прысутнае ў СМІ, а менавіта «ідэал мацнейшага». Такое імкненне да перавагі, якое, зрэшты, толькі павялічвае ўзаемны страх, супярэчыць культуры сяброўства і цывілізацыі любові.

Сучасныя сродкі камунікацыі, як традыцыйныя (друк, радыё, тэлебачанне), так і найноўшыя (Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, мабільныя тэлефоны), займаюць ключавыя пазіцыі ў абмене думкамі, ініцыятывамі, культурнымі дасягненнямі. У сённяшнім свеце яны павінны адыграць вялізную ролю ў развіцці адносінаў, пабудаваных на ўзаемапазнанні і ўзаемным даверы. Яны маюць такую вялікую моц, што за кароткі час могуць выклікаць шырокую грамадскую рэакцыю на падзеі, пазітыўную або негатыўную, паводле ўласнага жадання. Тое, што цяпер адбываецца ў Сяродземнамор’і і на Блізкім Усходзе, таксама выклікана новымі СМІ, якія дазваляюць новым пакаленням звярнуцца да іншых мадэляў грамадства і ладаў жыцця. Мы нават не можам цалкам сабе ўсвядоміць магутнай сілы новых СМІ як у добрым, так і ў дрэнным.

Людзі, не абыякавыя да дабра чалавека і грамадства, разумеюць, што гэтая вялізная моц патрабуе намаганняў на карысць праўды і дабра на самым высокім узроўні. У сувязі з гэтым усе людзі, а не толькі прафесіяналы, якія працуюць у СМІ, нават кожны паасобны карыстальнік, абавязаны спрыяць справе міру ў кожным куточку свету, знішчаючы бар’еры недаверу, лічачыся з поглядамі іншых і імкнучыся заўсёды заахвочваць паасобных людзей і цэлыя народы да ўзаемаразумення і ўзаемапавагі. Нават ідучы далей, да прымірэння і міласэрнасці!.. «Там, дзе пануюць нянавісць і прага помсты, дзе войны нясуць пакуты і смерць нявінным, неабходная міласэрнасць, каб злагодзіць розумы і сэрцы людзей і пабудаваць мір» (Ян Павел ІІ, Гамілія ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, 17 жніўня 2002 г., № 5).

Усё гэта з’яўляецца вялізным выклікам, але не празмерным патрабаваннем для тых, хто працуе ў СМІ. З увагі на сваё пакліканне і прафесію яны абавязаны быць працаўнікамі праўды, справядлівасці, свабоды і любові, спрыяючы сваёю такою важнаю працаю ўсталяванню грамадскага парадку, «заснаванага на праўдзе, збудаванага дзякуючы справядлівасці, узгадаванага і ажыўленага любоўю і ўведзенага ў дзеянне пад штандарамі свабоды» (Pacem in Terris, 167).

Адноўлена 31.05.2011 15:05
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску