Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Чэллі ў мінскай архікатэдры: у Касцёле мы вучымся сапраўднай любові
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.05.2011 18:05

15 мая 2011 г. старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі ўзначаліў у мінскім архікатэдральным касцёле святую Імшу з удзелам дзяцей. Літургію, якая распачалася спевам дзіцячага хору, канцэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і святары.

На пачатку святой Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што сёння арцыбіскуп Чэллі завяршае свой візіт у Беларусь. Арцыпастыр прасіў вернікаў памаліцца за прадстаўніка Ватыкана, за Святога Айца, каб той мудра кіраваў Касцёлам і вёў яго ў будучыню, а таксама за прысутных на набажэнстве дзяцей, каб яны годна рыхтаваліся да дарослага жыцця.

«Праз некалькі гадзін я вярнуся ў Рым і вельмі рады, што сваю апошнюю Імшу ў Беларусі служу разам з дзецьмі, іх бацькамі, бабулямі і дзядулямі», — такімі словамі пачаў сваю гамілію арцыбіскуп Чэллі. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пахваліў дзяцей за прыгожы спеў, а затым задаў ім пытанне: чаму сёння яны сабраліся ў гэтай святыні? Маліцца, як адзначыў шаноўны госць з Ватыкана, можна і дома, але «мы запрошаны прыходзіць сюды», бо запрасіў нас сам Езус. «Паказваючы Цела Хрыста, святар кажа: „Шчаслівыя пакліканыя на Вячэру Пана“, — працягваў арцыбіскуп Чэллі. — Мы пакліканыя на Вячэру, якую падрыхтаваў для нас сам Бог».

Затым прадстаўнік Святога Пасаду прапанаваў дзецям паразважаць над паняццем сяброўства ў дачыненні да Езуса Хрыста. Падчас Апошняй Вячэры Езус назваў апосталаў сваімі сябрамі. «Мы павінны задаць сабе пытанне: ці сапраўды кожны з нас з’яўляецца сябрам Езуса? Ці ўспрымаем мы Езуса як дарагога і блізкага сябра?» — з такімі словамі звярнуўся іерарх да маленькіх вернікаў, нагадаўшы, што маліцца — гэта значыць размаўляць з Хрыстом як з сябрам.

Затым арцыбіскуп Чэллі скіраваў свае словы да бацькоў, адзначаючы важнасць малітвы разам з дзецьмі і ўзгадваючы, як гэта было ў яго дзяцінстве. Як прызнаўся прадстаўнік Ватыкана, самым яркім і дарагім успамінам для яго застаецца ўспамін аб сумеснай малітве бацькоў. Такія ўспаміны, дадаў арцыбіскуп, мець вельмі важна, бо яны — вялікі прыклад на жыццёвым шляху чалавека. Іерарх параіў бацькам «быць прыкладам для дзяцей, каб тыя бачылі, што бацькі любяць адно аднаго і што яны верныя Хрысту».

Дзелячыся сваімі думкамі адносна сённяшняга чытання з Евангелля, госць з Ватыкана падкрэсліў: «Кожнаму важна памятаць, наколькі моцна асабіста яго любіць Пан Бог». Як кажа Евангелле, Езус гаворыць, што ведае сваіх авечак і да кожнай звяртаецца па імені, а авечкі ведаюць Ягоны голас. «Кожны шукае самага лепшага для сваіх дзяцей. Таму важна навучыць дзяцей распазнаваць і слухаць голас Хрыста», — нагадаў бацькам арцыбіскуп.

Гамілію прадстаўнік Святога Пасаду завяршыў, скіраваўшы позірк на абраз Панны Марыі. Маці Божая, як адзначыў, вучыць нас «быць сапраўднымі вучнямі Хрыста і выконваць Божую волю кожны дзень». У Касцёле, дадаў іерарх, мы вучымся любові, а найбольшая любоў — тая, якая вучыць аддаваць жыццё за сваіх сяброў, прыклад чаго нам і дае Хрыстус. Арцыбіскуп Чэллі таксама папрасіў вернікаў падчас гэтай літургіі маліцца за Папу, які ўмацоўвае і падтрымлівае свой Касцёл у веры.

Адметнасцю святой Імшы стала і тое, што арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі запрасіў дзяцей да алтара, каб разам з імі прамовіць малітву «Ойча наш». Напрыканцы літургіі быў зроблены памятны фотаздымак прадстаўніка Апостальскай Сталіцы з маленькімі вернікамі. Пасля набажэнства ж адбылася цёплая размова ватыканскага іерарха з парафіянамі архікатэдральнага касцёла: арцыбіскуп прывітаўся і шчыра паразмаўляў практычна з кожным прысутным.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме