Арцыбіскуп Чэллі да вернікаў Нясвіжа: будзьце носьбітамі і сведкамі любові Бога |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
15.05.2011 02:22 |
Быць носьбітамі, сведкамі і распаўсюджвальнікамі Божай любові заклікаў парафіяльную супольнасць у Нясвіжы арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі. 14 мая 2011 г. ватыканскі іерарх узначаліў літургію ў касцёле Божага Цела. У гэтыя дні нясвіжская супольнасць перажывала святыя парафіяльныя місіі – час духоўных практык і аднаўлення веры. З гэтай нагоды перад святыняй быў устаноўлены місійны крыж і асвячоны арцыбіскупам Чэллі. Касцёл кансэкраваны 410 год таму, а яго архітэктарам з’яўляецца суайчыннік арцыбіскупа італьянец Джавані Марыя Бернардоні. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў, што, хоць і не разумее беларускай мовы, аднак адчувае сябе, як дома. “Гэта цудоўнае адчуванне для нас, католікаў. Бо, дзе б мы не былі, у святыні мы адчуваем сябе, як дома”. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на два важныя словы – Езус Хрыстус. “Ён жыве, Ён сярод нас. Гэтае ўсведамленне напаўняе нашыя сэрцы радасцю, надае значэнне таму, што вызначае наш шлях”, -- падкрэсліў старшыня ватыканскага ведамства, а таксама заклікаў быць разам з Езусам Міласэрным і падтрымліваць адно аднаго. У нясвіжскай парафіі ў гэтыя дні знаходзіцца абраз Езуса Міласэрнага, які ўжо ў другі раз перэгрынуе па архідыяцэзіі. |
Фотарэпартаж |