9 лютага адбылося асвячэнне капліцы Маці Божай Ларэтанскай у Палацы Радзівілаў у Нясвіжы. Асвячэнне здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Яшчэ ў 1758 г. капліца была асвячона біскупам Жамойцкім Антоніем Дамінікам Тышкевічам, і на гэтай падзеі прысутнічалі знакамітыя госці з усёй Рэчы Паспалітай. Пасля таго, як у 1812 годзе Дамінік Радзівіл выступіў на баку Напалеона, расійскія ўлады канфіскавалі замак, а ў памяшканні капліцы размясцілі сталярную майстэрню.
У 1878 годзе пачалося аднаўленне палаца пасля паўвекавога запусцення, у тым ліку і аднаўленне капліцы. З тых часоў капліца зноў дзейнічала. У 1920-я гады князь Альбрэхт Радзівіл заключыў дамову з нясвіжскай парафіяй Божага Цела, каб у капліцы перыядычна цэлебравалася Імша.
Але праз некаторы час святыня зноў страціла сваё першаснае прызначэнне: пасля Другой сусветнай вайны ў Палацы Радзівілаў размяшчаўся санаторый, а на месцы капліцы — лячэбныя памяшканні. Капліца набыла першапачатковы выгляд толькі ў 2011 годзе, пасля заканчэння рэстаўрацыйных работ. Яе выгляд аднаўляўся па фатаграфіях канца XIX — пачатку XX стагоддзя: напрыклад, былі адноўлены ерузалемскія крыжы на сценах, якія размясціў у пачатку XVIII ст. уладар замка Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька ў памяць пра тое, што яго продак Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка здзейсніў паломніцтва ў Святую Зямлю і стаў рыцарам Ордэна Святога Гробу Пана Ерузалемскага, чыёй эмблемай з’яўляецца гэты крыж.
У капліцы захоўваецца копія абраза Маці Божай Ларэтанскай.
У святой Імшы, падчас якой адбылося асвячэнне капліцы, удзельнічалі святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, прадстаўнікі роду Радзівілаў і шматлікія вернікі з Нясвіжа, Мінска і іншых мясцін.
Усіх прысутных прывітаў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Сяргей Клімаў, які ў сваім слове падкрэсліў, што гэты музей з’яўляецца найбольш буйным цэнтрам нашай культуры і вельмі значным месцам, якое нагадвае пра беларускую гісторыю.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі, на аснове евангельскага чытання, у якім апавядалася пра Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі, нагадаў пра адну з найбольш каштоўных святых рэліквій хрысціянства — домік з Назарэта, дзе адбылася падзея Звеставання. Паводле легенды, у 1291 г. ён быў перанесены анёламі на тэрыторыю сучаснай Харватыі. Потым грэчаская сям’я Дэ Анджэліс перавязла яго ў Ларэта ў Італіі. Так гэты домік быў захаваны ад знішчэння.
Мітрапаліт нагадаў словы благаслаўлёнага Яна Паўла II, які казаў, што святы домік у Ларэта, як першы марыйны санктуарый міжнароднага значэння, «на працягу многіх стагоддзяў з’яўляецца сапраўдным марыйным сэрцам хрысціянства». Арцыпастыр падкрэсліў, што, хаця арыгінальны святы домік з Назарэта знаходзіцца ў Італіі, мы ў Нясвіжы маем свой святы ларэтанскі домік — ім з’яўляецца прысвечаная Маці Божай Ларэтанскай капліца Радзівілаўскага палаца.
Іерарх нагадаў і пра гісторыю абраза Маці Божай Ларэтанскай, які быў знойдзены пасля славутай бітвы пад Венай у 1683 г., дзякуючы якой было абаронена хрысціянства ў Еўропе. Абраз быў усталяваны ў палацавай капліцы ў Нясвіжы. Мітрапаліт дадаў, што за сваю шматвекавую гісторыю палац і капліца перажылі шмат розных здарэнняў, былі разбураны і адраджаліся, і сёння адбываецца знакавая падзея — асвячэнне гэтай гістарычнай капліцы. «Замак адноўлены і тысячы людзей прыходзяць сюды, каб палюбавацца яго прыгажосцю. Гістарычная спадчына ўратавана. Уратавана таксама і замкавая капліца, а сённяшняе яе асвячэнне — гэта як быццам новае нараджэнне», — адзначыў Мітрапаліт. Па словах арцыпастыра, у нясвіжскім Палацы Радзвілаў мы маем магчымасць дакрануцца да духоўнай прыгажосці і яе перажываць, а ў капліцы гэтага палаца кожны чалавек будзе «мець магчымасць упрыгожыць сваю душу праз малітву і Божую ласку».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што ў Маці Божай Ларэтанскай, чый тытул носіць капліца, вернікі маюць сваю нябесную заступніцу. «Таму, калі будзем наведваць гэты замак, наведаем таксама і гэтую капліцу, звернемся да Марыі, бо Яна, як наша духоўная Маці, не пакіне нас адных, уратуе ад духоўнай турбулентнасці сучаснасці і прывядзе да свайго Сына Езуса Хрыста — адзінага Збаўцы свету», — заахвоціў Мітрапаліт.
Хаця капліца знаходзіцца на тэрыторыі музея, у ёй будуць часам праводзіцца набажэнствы. Турысты, якія будуць наведваць палац, таксама змогуць тут памаліцца. Так святыня будзе ўносіць свой уклад у духоўнае адраджэнне.
Да гэтага часу апошнюю святую Імшу цэлебраваў у палацавай капліцы ў 1939 годзе кс. Гжэгаж Каласоўскі. Скончыўшы семінарыю ў Пінску, ён 8 красавіка 1939 года прыняў святарскае пасвячэнне, а 25 красавіка быў прызначаны вікарыем у парафіі ў Нясвіжы. Тут святар служыў 52 гады — да самай сваёй смерці ў 1991 годзе.
Напрыканцы сённяшняй літургіі быў агучаны дэкрэт на лацінскай і беларускай мовах, прысвечаны гэтай урачыстасці. Дэкрэт падпісалі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы кс. Пётр Шарко, дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Сяргей Клімаў, прадстаўнікі ўлады і ўсе прысутныя святары. Таксама да прысутных звярнуўся Мацей Радзівіл — прадстаўнік роду Радзівілаў, які паходзіць з бакавой лініі роду і часта наведвае Беларусь. Прамоўца прызнаўся, што для яго капліца як месца сустрэчы з Богам з’яўляецца найпрыгажэйшай часткай музея-запаведніка «Нясвіж», падзякаваў удзельнікам урачыстасці асвячэння архітэктурна-духоўнага помніка і дадаў, што гэтая падзея мае вельмі вялікае і гістарычнае значэнне не толькі для роду Радзівілаў, але і для ўсёй нашай краіны.
На завяршэнне падзеі Мітрапаліт выказаў падзяку ўсім, хто прыняў удзел у яе падрыхтоўцы, а таксама тым, хто спрыяў аднаўленню гістарычнай капліцы. Пасля святой Імшы адбылася экскурсія па нясвіжскім палацы для ўсіх запрошаных гасцей і духавенства. Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан
|