Даклад старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскупа Клаўдыё Марыі Чэллі падчас сустрэчы з рэлігійнымі СМІ |
13 мая, Мінск, Беларусь Касцёл і камунікацыя
Сучаснае развіццё грамадстваў сёння характарызуецца такімі інфармацыйнымі і камунікацыйнымі тэхналогіямі, якія паступова ператварылі свет у «глабальную вёску», як кажа Мак Лахан (Mc Luhan). У сваім пасланні на 45-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі Папа Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што «сёння глыбокая трансфармацыя, якая адбываецца ў камунікацыйнай сферы, нясе з сабою хвалю вялікіх культурных і сацыяльных зменаў». Акрамя таго Святы Айцец гаворыць пра душпастырства ў электронным свеце , калі сцвярджае, што мы пакліканыя дзяліцца радаснаю весткаю добрай навіны і «даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашую надзею» (пар. 1 П 3, 15). «Не бойцеся новых тэхналогій! — пісаў Папа Ян Павел ІІ, — Яны знаходзяцца „сярод цудоўных рэчаў“ — inter mirіfica, — якія Бог даў у нашае распараджэнне, каб адкрываць, выкарыстоўваць, распаўсюджваць праўду, у тым ліку і праўду пра нашую годнасць і пра нашае прызначэнне быць Ягонымі сынамі, спадкаемцамі Яго вечнага Валадарства». 01 — Пераход ад прадстаўлення сродкаў камунікацыі як інструментаў і прыладаў да камунікацыі як культуры і асяроддзя. Дэкрэт Inter Mirіfіca патрабаваў стварэння спецыяльнага ведамства, якое б занялося сродкамі сацыяльнай камунікацыі. Як адзначыў Папа Павел VI, праблема была ўжо не толькі ў адчуванні сваёй віны перад Панам Богам за невыкарыстанне «такіх магутных сродкаў», але ў тым, каб бачыць у камунікацыі «першы арэапаг сучаснага свету». Сапраўды, свет камунікацыі для вялікай колькасці людзей з’яўляецца «галоўнаю прыладаю, якая накіроўвае і натхняе іх дзейнасць у індывідуальнай, сямейнай і грамадскай сферах» (пар. «Хуткае развіццё»). «Таму не дастаткова толькі выкарыстоўваць гэтыя сродкі для распаўсюджвання хрысціянскага паслання і вучэння Касцёла, а патрэбна інтэграваць само гэтае пасланне ў тую „новую культуру“, створаную сучаснай камунікацыяй. Гэта складанае заданне, таму што гэтая культура нараджаецца з самога факту ўзнікнення новых спосабаў камунікацыі з іх новымі стылямі маўлення, новай тэхнікай, новымі псіхалагічнымі адносінам, раней, чым яны напоўняцца канкрэтным зместам. Мой Папярэднік Павел VI казаў, што „разрыў паміж Евангеллем і культурай несумненна з’яўляецца трагедыяй нашага часу“ , і актуальны стан камунікацыйнай прасторы цалкам пацвярджае гэтае меркаванне» (пар. Redemptoris Missio, 37). «Наш час з’яўляецца часам глабальнай камунікацыі, калі шмат пытанняў чалавечага жыцця вырашаюцца ў ходзе інфармацыйных працэсаў, або прынамсі з імі сутыкаюцца. (...) фармаванне асобы і свядомасці, разуменне і будаванне пачуццёвых сувязяў, вызначэнне этапаў у адукацыі і выхаванні, стварэнне і распаўсюджванне культурных дасягненняў, развіццё грамадскага, палітычнага і эканамічнага жыцця» (пар. «Хуткае развіццё», 3). Пытанні, якія ставяць перад намі сродкі сацыяльнай камунікацыі, маюць таксама антрапалагічны характар. Існуе шчыльная сувязь паміж інфармацыйнымі структурамі і культурнымі працэсамі. Можа так стацца, што спосабы ўспрымання рэчаіснсці будуць нам здавацца супярэчнымі традыцыйным хрысціянскім каштоўнасцям, як, напрыклад, у выпадку з рэкламай або іншымі вытворчымі і гандлёвымі структурамі, праз якія можа скажацца сэнс жыцця і пашана да годнасці чалавечай асобы. Таму нашыя касцёльныя супольнасці пакліканыя да таго, каб змяніць мысленне праз сапраўднае і належнае аднаўленне душпастырства з мэтаю знайсці ў камунікацыі яшчэ адну прыладу для распаўсюджвання Евангелля і рэлігійных каштоўнасцяў, для развіцця экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу і супрацоўніцтва, а таксама для абароны прынцыпаў, неабходных для пабудовы грамадства, дзе будзе ў пашане чалавечая асоба і якое будзе клапаціцца пра супольнае дабро. Неабходна мець адпаведныя прылады для таго, каб больш зручна перадаваць праўду нашай веры. «Электронныя сродкі інфармацыі змяняюць не толькі наш спосаб камунікацыі, але ўвесь наш свет, свет, які мы „насяляем“. Сёння, як і ўчора, трэба разумець сэнс зменаў, абавязкова звяртаючы ўвагу як на небяспекі, так і на выгоды, а перадусім не разлічваючы на тое, што праблемы, звязаныя з новымі стылямі маўлення, можна вырашыць чыста тэарэтычна. Новыя стылі маўлення неабходна пазнаваць і ўжываць з вераю ў тое, што Евангелле зможа ажывіць таксама і іх. Святы Айцец справядліва заўважыў моцны „інтуітыўны і эмацыянальны“ характар новых стыляў маўлення, іх здольнасць уцягваць. Неабходна навучыцца плённа выкарыстоўваць гэтыя новыя магчымасці .
Прыярытэтным заданнем, на наш погляд, з’яўляецца данесці голас Касцёла ў працэс фармавання грамадскага меркавання. Касцёл як установа сацыялізацыі выконвае такім чынам важную функцыю перадачы ведаў, каштоўнасцяў, ацэнкі і інтэрпрэтацыі падзеяў. Таму фармаванне грамадскага меркавання азначае для Касцёла падтрымліваць зносіны з асобамі, інфармуючы іх, разам з імі разглядаючы праблемы, выходзячы з замкнутасці на сабе. У сферы адносінаў паміж СМІ і фармаваннем грамадскай думкі мы, вернікі, таксама пакліканыя праяўляць творчы культурны падыход з мэтаю арыентавання і выхавання адносінаў, складання ўяўленняў, падтрымкі ў выбары каштоўнасцяў. Вернікі, як і іншыя грамадзяне, маюць права на выказванне. «Сапраўды, ніводзін шлях не можа і не павінен быць закрыты для таго, хто ў імя ўваскрослага Хрыста імкнецца ўсё больш набліжацца да чалавека. Рэлігійная свабода паўстае як „свабода свабодаў“» . СМІ насамрэч накладаюць сёння адбітак на асноўныя выхаваўчыя працэсы і абумоўліваюць іх, ад сям’і да школы, і перадача веры рознымі касцёльнымі супольнасцямі не з’яўляецца выключэннем. Мы пакліканыя да таго, каб прыняць антрапалагічны выклік, каб яскрава паказаць духоўнае вымярэнне існавання і першынство Бога ў жыцці асобаў. «Пільная выхаваўчая патрэба», што ўключае ў сябе «перадачу веры новым пакаленням» — гэта «выклік камунікацыі». Шмат разоў Святы Айцец нагадваў нам пра гэта, запрашаючы да актыўнага ўдзелу перадусім моладзь, народжаную ў век электронікі, заклікаючы яе несці ў электронны свет сведчанне сваёй веры і давяраючы ёй «заданне евангелізацыі гэтага „электроннага кантыненту“». Камунікацыя змяняе наш свет і спосаб зносінаў паміж намі, уплываючы на культуру і на яе распаўсюджванне, а таксама на ўспрыманне і разуменне самога жыцця. Гэта датычыцца таксама місіі Касцёла, бо нясе з сабою адказнае антрапалагічнае заданне навучыць быць чалавекам, адукацыйны выклік для прафесійнага выхавання і для працэсаў перадачы духоўнай і культурнай спадчыны. Сапраўды, камунікацыйнае асяроддзе выклікае «пазітыўныя і негатыўныя наступствы для псіхалагічнага, маральнага і культурнага развіцця асобы, для структуры і функцыянавання грамадства, для міжкультурнага абмену, для ўспрымання і распаўсюджвання каштоўнасцяў, для ўяўяленняў пра свет, для ідэалогій і рэлігійных перакананняў» . Тэрмінова неабходна, каб Божы Касцёл арганізаваўся для каардынацыі свайго камунікацыйнага абавязку з мэтаю даваць зладажанае і праўдзівае сведчанне.
Аднак нельга разглядаць камунікацыю як дадатковае лоббі для касцёльнага жыцця. «Магчыма, гэты арэапаг быў крыху занядбаны: зазвычай прыярытэт аддаецца іншымм прыладам для абвяшчэння Евангелля і выхавання, у той час, як СМІ пакідаюцца ініцыятыве адзінак або маленькіх групаў і ўключаюцца ў душпастырскія праграмы толькі як другасны элемент. Тым не менш, дзейнасць у сферы сродкаў масавай інфармацыі мае на мэце не толькі павялічыць колькасна дабравесце: гаворка ідзе пра штосьці больш глыбокае, бо сама справа евангелізацыі сучаснай культуры ў вялікай ступені залежыць ад іх уплыву» . Камунікацыя з’яўляецца не толькі «дадатковаю сфераю дзейнасці, што далучаецца да іншых накірункаў дзейнасці Касцёла: сацыяльная камунікацыя сапраўды павінны адыгрываць сваю ролю ва ўсіх аспектах місіі Касцёла. Такім чынам, нельга задаволіцца толькі наяўнасцю душпастырскай праграмы ў сферы камунікацыі, а неабходна, каб камунікацыя стала неад’емнай часткай кожнай душпастырскай праграмы, бо яна сапраўды павінна зрабіць свой унёсак у кожнае іншае апостальства, служэнне ці праект» . Перад абліччам усё больш складанай інфармацыйнай мазаікі, Касцёл павінен даваць не агульныя адказы, прыдатныя на ўсе выпадкі жыцця, а выразныя і дастасаваныя да розных узроўняў. Калі ўжо Біблія Гутэнберга была першай друкаванай кінгай, калі з даўніх часоў Касцёл прысутнічае ў свеце СМІ (праз друк, радыё, тэлебачанне і ўэб-сайты), сёння неабходна перапрацаваць камунікацыйную стратэгію, каб скаардынаваць рэсурсы, выкарыстоўваючы патэнцыял новых СМІ. Першым асноўным пунктам, на маю думку, з’яўляецца фармацыя на ўсіх узроўнях з мэтаю спрыяць дыялогу з навуковым і даследчыцкім светам. Адукацыя ў галіне камунікацыі павінна стаць неад’емнай часткай фармацыі тых, хто працуе ў душпастырстве, і святароў. Неабходна нанава перагледзець праграмы навучання і па магчымасці арганізаваць семінары дзеля пастаяннай фармацыі для ўсіх, хто так ці інакш займаецца душпастырствам. У сваім пасланні на 44-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі «Святар і душпастырства ў электронным свеце: новыя сродкі інфармацыі ў служэнні Слова» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заахвочвае біскупаў,святароў і ўсіх, хто працуе ў душпастырстве, зрабіць «Бога жывым і дзейсным у сённяшняй рэчаіснасці, прадстаўляючы рэлігійную мудрасць мінулага як багацце, чэрпаючы з якога можна годна пражыць сённяшні дзень і належным чынам пабудаваць будучыню». Камунікацыйныя працэсы з’яўляюцца «шляхамі, на якіх Касцёл пакліканы выконваць „дыяканію культуры“ на сучасным „электронным кантыненце“. З Евангеллем у руках і ў сэрцы варта нанава сцвердзіць, што прыйшоў час таксама для таго, каб працягваць рыхтаваць шляхі, якія вядуць да Божага слова, не забываючыся прысвячаць асаблівую ўвагу тым, хто знаходзіцца ў стане пошуку; больш за тое, праяўляць пра гэта нястомны клопат як першы крок евангелізацыі». Акрамя таго, я лічу мэтазгодным заахвоціць да такой арганізацыі ўстановаў камунікацыі, каб яны былі месцам зносінаў, платформай для дыялогу і крыніцай ідэяў адносна сучаснай місіі Касцёла і дыялогу са светам. Гэта складанае пытанне, для вырашэння якога патрэбныя спецыялісты, падрыхтаваныя ў духу ўзаемнай адказнасці, каб дыяцэзіі і касцёльныя структуры маглі арганізаваць пры сабе органы друку і інфармацыі, прэс-службы, ўэб-сайты і гэтак далей з мэтаю даносіць сваё служэнне. Такім чынам стане магчымым даць канкрэтныя аргументы, рэалізуючы эфектыўную камунікацыю ў касцёльным асяроддзі, каб дасягнуць тых, хто знаходзіцца звонку, часам далёка ад Касцёла або ў іншым культурным асяроддзі. Нельга забывацца пра вядзенне працы з хрысціянамі, якія працуюць у сферы камунікацыі: ў свецкіх СМІ і інфармацыйных агенцтвах. Яны сапраўды сутыкаюцца з праявамі псіхалагічнага ціску і этычнымі дылемамі там, дзе Касцёл мае падобную душпастырскую зацікаўленасць. Таму вельмі важна наладзіць супрацоўніцтва з міжнароднымі каталіцкімі інфармацыйнымі арганізацыямі і з блізкімі да Касцёла прафесійнымі аб’яднаннямі ў гэтай сферы. Іх работнікі з’яўляюцца кваліфікаванымі і кампетэнтнымі супрацоўнікамі як для біскупскіх канферэнцый, так і для паасобных біскупаў. Можна меркаваць, што сеціва, на шчасце, служыць касцёльнай сувязі: «быць у сеціве азначае быць часткай дынамічнай сісітэмы, структуры з’яднанняў, размоваў, гісторый і апавяданняў» . Ужо існуюць сумесныя праграмы, якія транслююцца па радыё і па тэлебачанні і спрыяюць ўмацаванню каталіцка-праваслаўнага дыялогу ў вашай краіне. Камунікацыя — гэта прыярытэтная прастора для вядзення ў духу ўзаемнай павагі дыялогу паміж рознымі часткамі грамадства. Зразумела, што Касцёл павінен клапаціцца пра меншасці і пра найбольш бедных, асаблівую ўвагу прысвячаючы папулярным і традыцыйным сродкам інфармацыі, пра якія нельга забывацца, таму што яны могуць спрыяць актыўнаму, самастойнаму і адказнаму ўдзелу ў працэсах сацыяльнай камунікацыі. Сёння хрысціяне, якія працуюць у сферы камунікацыі, пакліканыя да служэння, што спрыяе адбудове супольнага жыцця, заснаванага на павазе да іншага чалавека. Адзінства чалавечага роду, створанага Богам на Ягоны вобраз і пакліканага да супольнага прызначэння, якім ёсць «паўната жыцця ў Богу» — гэта збаўчая місія, даручаная Касцёлу ў дары Святога Духа (пар. Lumen Gentium, 1). «У Слове, якое сталася целам, з’ява камунікацыі дасягае вышэйшага пункту ў сваім збаўчым вымярэнні…» («Хуткае развіццё», 4); «Зносіны паміж Богам і чалавецтвам такім чынам дасягнулі дасканаласці ва ўцелаўлёным Слове» («Хуткае развіццё», 5). Я мог бы дадаць, што «слова стала інфармацыяй, камунікацыяй». Таму запрашаю вас паразважаць над гэтым, каб пазбавіцца ад недаверу, каб вызначыць канкрэтныя планы душпастырскай дзейнасці. Тое, што мы з’яўляемся носьбітамі радаснага Дабравесця, патрабуе ад нас дзейнічаць у гэтым кірунку. Нашая тоеснасць і нашая місія заключаюцца ў тым, каб перадаваць пасланне Езуса Хрыста самім нашым жыццём. «Па тым пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35). «Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго!» — менавіта такім павінен быць цудоўны знак прызнання Касцёла і, магчыма, ідэал для планавання ў сферы камунікацыі. Здольнасць утвараць грамадства, у якім асобы сустракаюцца і камунікуюць (твораць камунію, супольнасць), прымаюць адзін аднаго і нясуць адзін за аднаго адказнасць, з’яўляецца рэалізацыяй місіі Касцёла. Гэта патрабуе адпаведнасці паміж словамі і жыццём. Сапраўды, мы можам мець вызначаныя асновы і стратэгію дзейнасці ў сферах выхавання, інфармацыі, вытворчасці, арганізацыі, але, калі не маем любові, перафразуючы святога Паўла, усё гэта нічога не варта — «медзь звінячая» (1 Кар 13, 1). Я не маю намеру адмаўляць неабходнасць падрыхтоўкі кампетэнтных асобаў, стварэння сетак і ўстановаў камунікацыі і сувязі з грамадствам (public relations), але яшчэ раз настойліва прашу перадаваць тое, чым мы з’яўляемся — праўдзівае веравучэнне і праведнае жыццё, перадаваць вялікую любоў Бога да чалавека, да кожнага чалавека. Да таго ж на гэты конт Хрыстус даў нам найбольш дакладны крытэрый ацэнкі: «Па іх пладах пазнаеце іх» (Мц 7, 16). |
Адноўлена 13.05.2011 16:50 |