Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Пачатак ХХ стагоддзя азнаменаваўся распрацаваннем і выхадам у свет cацыяльнага вучэння розных хрысціянскіх канфесій і нехрысціянскіх рэлігій. Гэта не выпадкова. Асаблівая ўвага да соцыуму — знак нашага чаcу. Сучасны свет, які, з аднаго боку, адыходзіць ад веры, тым не менш — з іншага — патрабуе дапамогі рэлігій у вырашэнні сваіх праблем. Жыццё паказвае, што сацыяльнае вучэнне становіцца ўсё больш і больш запатрабаваным.
2. Чытаючы знакі часу і стараючыся адказаць на іх, Каталіцкі Касцёл ужо больш за стагоддзе, пачынаючы ад славутай энцыклікі Льва XIII «Rerum novarum» («Аб новых рэчах»), апублікаванай у 1891 г., развівае сацыяльнае вучэнне. Падзяляючы радасць і надзею, смутак і клопат людзей і ў салідарнасці з імі, Касцёл развіваў і далей развівае і ўдасканальвае сацыяльнае вучэнне. Ужо падрыхтавана і апублікавана вялікая колькасць энцыклік і іншых дакументаў па гэтай тэматыцы.
3. З мэтай сістэматызацыі і ўпарадкавання існуючых матэрыялаў, а таксама каб імі было лягчэй карыстацца, быў падрыхтаваны і ў 2004 г. апублікаваны «Кампендый сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла».
Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ўзяла на сябе працу па выкананні перакладу на беларускую мову. Пасля зацвярджэння перакладу ў Ватыкане выдавецтва «Pro Christo» падрыхтавала тэкст да друку. Справу выдання ўзяло на сябе выдавецтва Сандамерскай дыяцэзіі ў Польшчы, як падарунак для Касцёла ў Беларусі.
Выданне гэтай такой важнай кнігі з’яўляецца таксама падарункам Божага Провіду нашаму Касцёлу ў юбілей 20-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Яно будзе садзейнічаць фармацыі католікаў, а таксама будзе карысна ўсім, хто цікавіцца сацыяльным каталіцкім вучэннем.
4. Складаная сацыяльна-палітычная сітуацыя, якая склалася як у нашай краіне, так і ва ўсім свеце, патрабуе больш шырокага пазнання і выкарыстання сацыяльнага вучэння. Усё больш і больш людзей і арганізацый цікавяцца, што па тым ці іншым пытанні думае Касцёл, якім з’яўляецца яго дактрына. Выданне Кампендыя сацыяльнага вучэння Касцёла дапаможа ўсім жадаючым атрымаць патрэбную кансультацыю па цікавячаму іх пытанню. Сфера сацыяльнага вучэння з’яўляецца добрай пляцоўкай для развіцця экуменічных і міжрэлігійных адносін. Многія сходныя элементы ў сацыяльных дактрынах розных веравызнанняў, асабліва Праваслаўнай Царквы, сведчаць аб тым, што ў нас вельмі шмат супольнага. Таму нам усім трэба выкарыстоўваць гэты патэнцыял.
Сёння неабходна супольна супрацьстаяць секулярызацыі, лібералізму, адмаўленню ад хрысціянскіх каранёў, маральнаму рэлятывізму і г. д. Усім нам неабходна імкнуцца да будавання новага, больш справядлівага свету, які благаслаўлёны Ян Павел II назваў «цывілізацыяй любові» і да ўстанаўлення якога заклікае Бэнэдыкт XVI.
5. Кампендый, які з’яўляецца сінтэзам сацыяльнай дактрыны Каталіцкага Касцёла, складаецца з уводзін, трох частак і заключэння. Уводзіны нагадваюць пра цэласны і салідарны гуманізм. Першая частка — пра намер Божай любові адносна чалавецтва. Другая — пра сям’ю як жыццёва важную ячэйку грамадства. Трэцяя — пра сацыяльнае вучэнне і дзейнасць Касцёла. Заключэнне — пра цывілізацыю любові.
6. Падмуркам сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла з’яўляюцца біблейскае Адкрыццё і касцёльная Традыцыя, якія чалавек увасабляе ў жыццё, кіруючыся верай і розумам. Сацыяльнае вучэнне — гэта веды, прасветленыя вераю, якім уласцівая высокая здольнасць да пазнання. Яно тлумачыць ісціны, якія сцвярджае, і абавязкі, што з іх вынікаюць. Таму сацыяльнае вучэнне, аб’ектам якога з’яўляецца пакліканы да збаўлення чалавек, мае двайную мэту. Сваім сацыяльным вучэннем Касцёл абвяшчае тое, што яму уласціва, г. зн. глабальнае бачанне чалавека і чалавецтва, і таксама выкрывае грэх несправядлівасці і насілля, што па-рознаму прасяквае грамадства і праяўляецца ў ім.
У адрозненне ад усялякай ідэалогіі, сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла — гэта вучэнне не палітычнага, а рэлігійнага, маральнага парадку і адрасавана як хрысціянскай супольнасці, так і ўсім людзям добрай волі.
Сацыяльнае вучэнне знаходзіцца ў сэрцы місіі Каталіцкага Касцёла. Хоць Касцёл не ад гэтага свету і не належыць яму, ён, тым не менш, дзейнічае ў свеце і для свету, а таму не можа пакінуць без увагі ўласную місію — па-хрысціянску натхняць свет і такім чынам паказаць чалавеку шлях у Божае Валадарства. У сённяшнім кантэксце глабалізацыі сацыяльнае вучэнне Касцёла дае бачанне трывалага і цэласнага гуманізму ў чалавечай сям’і і пабуджае рабіць інвестыцыі ў лепшыя бакі асобы і народаў, у пазітыўную энергію гісторыі. Гэты гуманізм здольны даць натхненне новаму сацыяльнаму, эканамічнаму і палітычнаму парадку, заснаванаму на годнасці і свабодзе кожнай чалавечай асобы — парадку, які належыць усталёўваць у духу міру, справядлівасці і салідарнасці. Такі гуманізм можна ўвасобіць у жыццё, калі паасобныя людзі і іх супольнасці будуць выхоўваць у сабе маральныя і сацыяльныя цноты і распаўсюджваць іх у грамадстве.
Гаворачы пра асновы сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, варта адзначыць, што яно грунтуецца на прынцыпе годнасці чалавечай асобы, агульнага дабра, субсідыярнасці і салідарнасці. Гэтыя прынцыпы, што выражаюць усю пазнаную з дапамогаю веры і розуму праўду пра чалавека, вынікаюць з сустрэчы Евангелля, евангельскіх патрабаванняў і справядлівасці з праблемамі грамадства. Яны маюць агульны і ў той жа час фундаментальны характар, бо адносяцца да ўсяго комплексу сацыяльных рэалій — ад міжасобасных адносін да адносін, апасродкаваных палітыкай, эканомікай і правам; ад сувязяў паміж супольнасцямі і групамі да сувязяў паміж народамі і нацыямі. Паколькі гэтыя прынцыпы нязменныя, Касцёл паказвае на іх як на першы і асноўны арыенцір для інтэрпрэтацыі і ацэнкі сацыяльных феноменаў. Гэтыя прынцыпы неабходныя, таму што з іх можна выводзіць крытэрыі адрознення і сацыяльнага дзеяння ў любым асяроддзі. Іх варта разглядаць у адзінстве, узаемазвязанасці і спалучанасці, бо гэта адзіны дактрынальны «корпус», што падае сістэматычнае тлумачэнне сацыяльных рэалій. Яны таксама ўяўляюць сабою першую фармулёўку ісціны пра грамадства, што заклікае да сумлення кожнага і запрашае яго да супрацоўніцтва з іншымі ў свабодзе і з поўнай адказнасцю, раздзеленай з усімі і скіраванай да ўсіх. Яны таксама маюць глыбокае маральнае значэнне, таму што адсылаюць нас да саміх арганізацыйных асноваў грамадскага жыцця.
Паводле сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, з годнасці, адзінства і роўнасці ўсіх людзей вынікае прынцып агульнага дабра, без суадносін з якім ніводзін аспект грамадскага жыцця не дасягае паўнаты сэнсу.
7. Выказваю надзею, што Кампендый трапіць на паліцы парафіяльных бібліятэк, а таксама на сталы святароў і кансэкраваных асобаў як іх настольная кніга. Дэканам загадваю распаўсюдзіць па ўсіх раённых бібліятэках па экзэмпляры Кампендыя як падарунак ад Касцёла.
Дзякую за ўвагу.
|