Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год В
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дан 7, 13–14

Улада Ягоная — вечная ўлада

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўняга, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 93 (92), 1ab. 1c–2. 5  (Р.: 1а)

Рэфрэн: Пан валадарыць, Ён апрануўся ў веліч.
Альбо: Аллелюя.

1. Пан валадарыць, *
Ён апрануўся ў веліч,
Пан апрануўся ў магутнасць *
і ёй падперазаўся.

Рэфрэн:

Так сусвет умацаваў, *
што не пахіснецца.
2. Адгэтуль трон Твой непахісны, *
Ты існуеш спрадвеку.

Рэфрэн:

5. Сведчанні Твае вельмі праўдзівыя, *
дому Твайму належыць святасць,
на доўгія дні, *
о Пане.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Ап 1, 5–8

Першародны сярод зямных валадароў учыніў нас валадарствам і святарамі для Бога і Айца

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Ласка вам і спакой ад Езуса Хрыста, вернага сведкі, першароднага сярод памерлых і першага сярод зямных валадароў.

Таму, хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў, і ўчыніў нас валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго, Яму хвала і моц на вякі вечныя. Амэн.

Вось Ён прыходзіць з аблокамі, і кожнае вока ўбачыць Яго і ўсе тыя, хто Яго працяў. І будуць аплакваць Яго ўсе пакаленні зямлі. Так, амэн.

Я — Альфа і Амега, — кажа Пан Бог, — які ёсць, які быў і які прыходзіць, Усемагутны.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мк 11, 9–10
Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!
Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда,
якое надыходзіць!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 18, 33b–37

Ты кажаш, што Я Кароль

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Пілат спытаўся ў Езуса: Ты Кароль юдэйскі?

Езус адказаў яму: Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?

Пілат адказваў: Ці ж я юдэй? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты зрабіў?

Езус адказаў: Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль.

Пілат сказаў Яму: Значыць, Ты Кароль?

Езус адказаў: Ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.