Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чацвер — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Дан 6, 12–28

Бог паслаў свайго Анёла і закрыў пашчы львам

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

У тыя дні:

Мужы прыйшлі і знайшлі Даніэля, які маліўся і прасіў аб літасці свайго Бога. Тады пайшлі яны да караля і нагадалі яму пра каралеўскі наказ: Кароль, ці ж не падпісаў ты наказ, што кожны чалавек, які на працягу трыццаці дзён будзе прасіць аб нечым іншага бога ці чалавека апроч цябе, павінен быць кінуты ў яму да львоў?

У адказ кароль сказаў: Слушны гэты наказ, як закон медыйцаў і персаў, які нельга змяняць.

Тады адказалі яны каралю, кажучы: Даніэль, што з палонных сыноў Юды, не звяртае ўвагі ні на цябе, кароль, ні на твае наказы, якія ты падпісаў, і тры разы ў дзень моліцца сваімі малітвамі.

Калі кароль пачуў гэтыя словы, вельмі засмуціўся і пастанавіў уратаваць Даніэля, і нават да захаду сонца шукаў магчымасці вызваліць яго.

Але тыя мужы паспяшаліся да караля, кажучы: Ведай, кароль, што па закону медыйцаў і персаў ніякі наказ і пастанова, прынятыя каралём, не могуць быць змененыя. Тады кароль загадаў прывесці Даніэля і кінуць яго ў яму да львоў.

Кароль сказаў Даніэлю: Твой Бог, якому ты верна служыш, Ён уратуе цябе. І прынеслі камень, і паклалі над адтулінай у яме, дзе знаходзіліся львы. Кароль жа паставіў пячатку сваю і пячатку вяльможаў, каб нічога не змяняць адносна Даніэля.

Пасля кароль пайшоў у свой палац і пасціў усю ноч. Нават не ўводзілі да яго наложніц, а сон пакінуў яго. Устаў кароль на світанні і пайшоў хутчэй да ямы з ільвамі. Калі ж наблізіўся да ямы, жалобным голасам клікаў Даніэля. І сказаў кароль Даніэлю: Даніэль, слуга жывога Бога, ці твой Бог, якому ты верна служыш, змог уратаваць цябе ад ільвоў? Тады Даніэль адказаў каралю: Кароль, жыві вечна. Мой Бог паслаў свайго Анёла і закрыў пашчы львам, і яны не зрабілі мне крыўды, бо Ён знайшоў мяне нявінным. Таксама і перад табою, кароль, я не зрабіў злачынства. Вельмі радаваўся кароль гэтаму і загадаў дастаць Даніэля з ямы. І дасталі Даніэля з ямы, і не было на ім ніводнай раны, таму што ён паверыў свайму Богу. І загадаў кароль, каб прывялі тых, хто паклёпнічаў на Даніэля. І кінулі іх, і дзяцей іхніх, і жонак іхніх у яму да львоў. І не дасягнулі яны дна, а львы ўжо схапілі іх і скрышылі іхнія косці.

Пасля гэтага кароль Дарый напісаў усім народам, плямёнам і мовам, якія жывуць на ўсёй зямлі: Няхай будзе вялікім ваш спакой. Наказваю гэтым дэкрэтам, каб на ўсёй тэрыторыі майго валадарства пакланяліся Богу Даніэля, бо Ён — Бог жывы і трывае вечна. Яго валадарства не будзе зруйнавана, і панаванне Яго бясконцае. Ён ратуе і вызваляе, чыніць знакі і цуды на зямлі і на небе. Ён уратаваў Даніэля ад моцы львоў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Дан 3, 68–69. 70–71. 72–73. 74 (Р.: 59b)

Рэфрэн: Хваліце і ўзвялічвайце Пана навекі.

68. Благаслаўляйце Пана, росы ды іней, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
69. Благаслаўляйце Пана, мароз і холад, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Рэфрэн:

70. Благаслаўляйце Пана, лёд і снягі, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
71. Благаслаўляйце Пана, дні і ночы, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Рэфрэн:

72. Благаслаўляйце Пана, святло і цемра, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
73. Благаслаўляйце Пана, маланкі і хмары, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
Рэфрэн:

74. Няхай зямля благаслаўляе Пана, *
няхай хваліць Яго і ўзвялічвае навекі.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ап 18, 1–2. 21–23;  19, 1–3. 9а

Упаў вялікі Бабілён

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, убачыў Анёла, які сыходзіў з неба і меў уладу вялікую, а зямля асвятлілася ад славы ягонай. І ўсклікнуў ён моцным голасам, кажучы: Упаў, упаў вялікі Бабілён, стаўся жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, і прыстанішчам усякай нячыстай птушкі, і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду.

І адзін магутны Анёл узяў камень, падобны да вялікага жарна, і ўкінуў у мора, кажучы: З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго. І голасу гусляроў і песняроў, і флейтыстаў, і трубачоў у табе больш не будзе чутна. Не будзе ўжо ў табе ніякага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе. І святло лямпы ўжо не з’явіцца ў табе. І голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чуваць у табе. Бо купцы твае былі вяльможамі зямлі, бо чарадзействам тваім зведзеныя ўсе народы.
Пасля гэтага я пачуў у небе моцны голас, як бы вялікага мноства людзей, якія казалі:
Аллелюя!

Збаўленне і слава,
і моц Бога нашага,
бо праўдзівыя і справядлівыя прысуды Ягоныя,
бо Ён асудзіў вялікую распусніцу,
якая нішчыла зямлю сваёй распустай,
і спагнаў кроў слугаў сваіх з яе рукі.
І другі раз сказалі:
Аллелюя!
І дым яе ўзносіцца на вякі вечныя.
І сказаў мне Анёл: Напішы: шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 100 (99), 2. 3. 4. 5 (Р.: Ап 19, 9а)

Рэфрэн: Шчаслівыя пакліканыя на вячэру Ягняці.

2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.

Рэфрэн:

3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ *
і авечкі Ягонай паствы.

Рэфрэн:

4. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, †
на дзядзінцы Ягоныя з пахвалою, *
праслаўляйце і благаслаўляйце Яго імя.

Рэфрэн:

5. Бо Пан ёсць добры, *
навекі Ягоная міласэрнасць,
і вернасць Яго *
з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Лк 21, 28
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя,
бо набліжаецца адкупленне вашае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 21, 20–28

Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж убачыце Ерузалем, акружаны войскам, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне ягонае. Тады ўсе, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў горадзе, няхай выходзяць з яго, і хто ў вёсках, няхай не ўваходзяць у яго, бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё напісанае. Гора ж цяжарным і кормячым ў тыя дні, бо вялікі будзе ўціск на зямлі і гнеў на гэты народ. І палягуць ад вастрыя мяча, і будуць забраныя ў палон да ўсіх народаў. А Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў.

І будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.