Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Субота — другі звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 9, 2–3. 11–14

Праз сваю Кроў раз і назаўсёды ўвайшоў у Святое Святых

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Была ўзведзена першая скінія, якая называецца «Святое», і ў ёй былі падсвечнік, стол і ахвярныя хлябы. А за другой заслонаю была скінія, якая называлася «Святое Святых».

Хрыстус, прыйшоўшы як Першасвятар будучых дабротаў, праз большую і дасканалейшую нерукатворную скінію, гэта значыць не з гэтага свету, і не праз кроў казлоў і быкоў, а праз сваю Кроў раз і назаўсёды ўвайшоў у Святое Святых,  здабыўшы вечнае адкупленне.

Бо, калі кроў казлоў і быкоў, і попел ялаўкі праз пасыпанне асвячае апаганеных, каб чыстым стала цела, то наколькі ж больш Кроў Хрыста, які праз вечнага Духа сябе самога ахвяраваў як беззаганнага Богу, ачысціць нашае сумленне ад мёртвых учынкаў дзеля служэння жывому Богу.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 47 (46), 2–3. 6–7. 8–9  (Р.: 6а)

Рэфрэн: Бог узыходзіць пад радасныя воклічы.

2. Усе народы, пляскайце ў далоні, *
радасным голасам усклікайце Богу,
3. бо грозны Пан Найвышэйшы, *
вялікі Валадар над усёй зямлёй.

Рэфрэн:

6. Бог узыходзіць пад радасныя воклічы, *
Пан пры гуках трубы.
7. Спявайце Богу, спявайце, *
спявайце нашаму Валадару, спявайце.

Рэфрэн:

8. Бо Валадар усёй зямлі — Бог, *
Яму гімн заспявайце.
9. Бог валадарыць над народамі, *
Бог сядзіць на сваім троне святым.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Сам 1, 1–4. 11–12. 19. 23–27

Як жа палеглі моцныя ў бітве?

Пачатак Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Давід вярнуўся пасля разгрому амалекітаў і прабыў у Сэкелагу два дні. На трэці дзень з’явіўся чалавек, які прыйшоў са стану Саўла ў парванай вопратцы і з пасыпанай пылам галавою. Падышоўшы да Давіда, ён упаў ніцма і пакланіўся. Давід сказаў яму: Адкуль прыйшоў ты? Той адказаў: Я ўцёк са стану Ізраэля. І сказаў яму Давід: Што адбылося? Раскажы мне? І адказаў той: Народ уцёк з бітвы, многія з народу палеглі і загінулі, загінулі таксама Саўл і Ёнатан, сын ягоныя.

Тады схапіў Давід вопратку сваю і разадраў яе, а таксама ўсе людзі, якія былі з ім. І галасілі, і плакалі, і пасцілі да вечара па Саўле, і па Ёнатане, сыне ягоным, і па народзе Пана, і па доме Ізраэля, што палеглі ад мяча.

І сказаў Давід: Краса твая, Ізраэль, забітая на гарах тваіх. Як жа палеглі моцныя? Саўл і Ёнатан, умілаваныя і любыя пры жыцці сваім, не разлучыліся нават у смерці; хутчэйшыя за арлоў, мацнейшыя за львоў. Дочкі Ізраэля, плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру аздобную і даваў залатыя ўпрыгожанні на шаты вашыя. Як жа палеглі моцныя ў бітве? Ёнатан забіты на вышынях тваіх. Смуткую па табе, браце мой Ёнатан, ты вельмі дарагі для мяне; твая любоў больш каштоўная для мне, чым любоў жанчын. Як жа палеглі моцныя і загінула ваенная зброя?

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 80 (79), 2ab–3. 5–6. 7–8 (Р.: пар. 4)

Рэфрэн: Аднаві нас, Пане, і мы будзем збаўлены.

2. Пастыр Ізраэля, паслухай, *
які сядзіш на Хэрубінах, з’явіся.
3. Перад Эфраімам, Бэньямінам і Манасіяй †
абудзі сваю магутнасць *
і прыйдзі нам на паратунак.

Рэфрэн:

5. Пане, Божа Магуццяў, дакуль будзеш гневацца *
насуперак малітве народа свайго?
6. Ты накарміў іх хлебам плачу *
і шчодра напаіў іх слязьмі.

Рэфрэн:

7. Ты ўчыніў нас спрэчкаю для нашых суседзяў, *
і нашыя ворагі насміхаюцца з нас.
8. Божа Магуццяў, аднаві нас, †
няхай заззяе Аблічча Тваё, *
і мы будзем збаўлены.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Дз 16, 14b
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Адкрый, Пане, нашыя сэрцы,
каб мы слухалі словы Твайго Сына.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 3, 20–21

Родныя казалі, што Ён страціў розум

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус з вучнямі прыйшоў у дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават хлеба паесці. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 21.01.2010 11:51
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.