Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чацвер — другі звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 7, 25 — 8, 6

Зрабіў гэта раз і назаўсёды, ахвяраваўшы самога сябе

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Езус можа ва ўсе часы збаўляць тых, хто прыходзіць праз Яго да Бога, будучы заўсёды жывым, каб заступацца за іх. Такі і павінен быць у нас Першасвятар: святы, нявінны, беззаганны, адлучаны ад грэшнікаў і ўзнесены вышэй за нябёсы. Ён не мае патрэбы, як тыя першасвятары, прыносіць штодня ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народа. Ён зрабіў гэта раз і назаўсёды, ахвяраваўшы самога сябе. Бо Закон устанаўлівае першасвятарамі людзей, якія маюць слабасць, а слова клятвы, дадзенай пасля Закону, устанаўлівае Сына дасканалага навекі.

Галоўнае ў сказаным — гэта тое, што ў нас ёсць такі Першасвятар, які сядзіць праваруч трону Велічы ў нябёсах як слуга святыні і праўдзівай скініі, узведзенай Панам, а не чалавекам. Бо кожны першасвятар пастаўлены, каб прыносіць дары і ахвяры. Таму неабходна, каб і Ён меў, што ахвяраваць. Калі б Ён заставаўся на зямлі, не быў бы святаром, паколькі тут ёсць святары, якія прыносяць дары паводле Закону. Яны служаць узору і ценю нябесных рэчаў, як наказана было Майсею, калі ён збіраўся завяршыць скінію. Бо яму было сказана: Глядзі, каб зрабіў усё паводле ўзору, паказанага табе на гары. Цяпер жа Ён атрымаў настолькі вышэйшае служэнне, наколькі стаў пасрэднікам лепшага запавету, заснаванага на лепшых абяцаннях.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 40 (39), 7–8а. 8b–9. 10. 17  (Р.: пар. 8а і 9а)

Рэфрэн: Прыходжу, Пане, споўніць Тваю волю.

7. Ахвяры і прынашэння Ты не пажадаў, *
але Ты адкрыў мне вушы.
Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. *
8. Тады сказаў я: Вось іду.

Рэфрэн:

У пачатку кнігі *
напісана пра мяне.
9. Я пажадаў спаўняць Тваю волю; *
і Твае законы жывуць у сэрцы маім.

Рэфрэн:

10. Я абвяшчаў Тваю справядлівасць *
на вялікім сходзе, *
і не закрываў вуснаў сваіх, *
Ты гэта ведаеш, о Пане.

Рэфрэн:

17. Няхай весяляцца і радуюцца Табою тыя, *
хто шукае Цябе,
і тыя, хто любіць збаўленне Тваё, *
няхай гавораць: Вялікі ёсць Пан.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Сам 18, 6–9; 19, 1–7

Бацька мой Саўл спрабуе забіць цябе

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Калі Давід вяртаўся пасля таго, як забіў філістымляніна, жанчыны з усіх гарадоў Ізраэля выходзілі насустрач каралю Саўлу са спевамі і танцамі, пад гукі бубнаў, з радаснымі песнямі і з цымбаламі. Граючы, спявалі жанчыны: Забіў Саўл тысячу, а Давід забіў дзесяткі тысяч. Тады Саўл моцна раззлаваўся,  бо былі непрыемнымі гэтыя словы для яго. І сказаў ён:  Давіду прыпісалі дзесяць тысяч, а мне прыпісалі тысячу, яму нестае яшчэ толькі каралеўства. Ад таго дня і надалей Саўл глядзеў на Давіда крывым вокам.

І сказаў Саўл Ёнатану, сыну свайму, і ўсім слугам сваім пра намер забіць Давіда. Аднак Ёнатан, сын Саўла, вельмі любіў Давіда. Таму Ёнатан паведаміў Давіду: Бацька мой Саўл спрабуе забіць цябе, таму, прашу цябе, асцерагайся заўтра раніцаю, будзь у патаемным месцы і схавайся. Я ж выйду і стану каля бацькі майго ў полі, там дзе ты будзеш, і пагавару з бацькам сваім наконт цябе, і, што ўбачу, перадам табе.

Ёнатан добра гаварыў пра Давіда Саўлу, бацьку свайму, кажучы: Няхай кароль не грашыць супраць слугі свайго Давіда, бо ён не грашыў супраць цябе, а справы ягоныя вельмі добрыя для цябе. Ён рызыкаваў жыццём сваім і перамог філістымляніна, і Пан даў вялікую перамогу ўсяму Ізраэлю. Ты бачыў гэта і ўсцешыўся. Чаму ж тады хочаш зграшыць праліццём нявіннай крыві, забіваючы Давіда без ніякай падставы?

Пачуўшы гэта, Саўл прыслухаўся да голасу Ёнатана і пакляўся: Як Пан жывы, ён не загіне. Тады паклікаў Ёнатан Давіда і перадаў яму ўсе гэтыя словы. Прывёў Давіда да Саўла, і той стаў перад ім, як ўчора і яшчэ раней.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 56 (55), 2–3. 9–10. 12–13 (Р.: 5b)

Рэфрэн: На Бога спадзяюся, не буду баяцца.

2. Змілуйся нада мною, Божа, бо прыгнятае мяне чалавек, *
цэлы дзень нападае і ўціскае мяне.
3. Увесь дзень ворагі мае прыгнятаюць мяне, *
бо шмат хто змагаецца са мною.

Рэфрэн:

9. Ты палічыў усе мае выгнанні, †
сабраў слёзы мае ў свой мех, *
ці ж няма іх у Тваёй кнізе.
10. У дзень, калі Цябе паклічу, ворагі мае адступяцца назад; *
па гэтым пазнаю, што Бог за мяне.

Рэфрэн:

12. Спадзяюся на Бога і не баюся, *
што можа ўчыніць мне чалавек?
13. Абяцанні, якія даў Табе, Божа, застаюцца на мне, *
Табе аддам ахвяру хвалы.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. 2 Цім 1, 10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Збаўца наш Езус Хрыстус знішчыў смерць
і асвятліў Евангеллем жыццё.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 3, 7–12

Нячыстыя духі крычалі: Ты — Сын Божы. Але Ён сурова забараняў ім, каб не выяўлялі Яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус адышоў з вучнямі сваімі да мора. А за Ім ішоў вялікі натоўп з Галілеі, з Юдэі, з Ерузалема, з Ідумеі; з-за Ярдану і з ваколіц Тыру і Сідону прыйшло да Яго вялікае мноства людзей, якія пачулі, што Ён рабіў. Тады сказаў Ён сваім вучням падрыхтаваць Яму човен, каб натоўп не заціснуў Яго.

Многіх Ён аздаравіў, таму кідаліся да Яго тыя, хто меў якую-небудзь хваробу, каб дакрануцца да Яго. І нячыстыя духі, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: Ты — Сын Божы. Але Ён сурова забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 21.01.2010 11:46
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.