Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІV Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Саф 2, 3; 3, 12–13

Я пакіну сярод цябе народ пакорны і бедны

Чытанне кнігі прарока Сафоніі.

Шукайце Пана, усе пакорныя зямлі, якія выконваеце Яго пастановы. Шукайце справядлівасці, шукайце пакоры; можа, вам удасца схавацца ў дзень гневу Пана.

Я пакіну сярод цябе народ пакорны і бедны,
і яны будуць шукаць прытулку ў імені Пана.
Ацалелыя з Ізраэля не будуць чыніць беззаконне,
не будуць гаварыць няпраўду,
і не знойдзецца ў іх вуснах язык падманлівы,
бо яны будуць пасвіцца і адпачываць,
і ніхто не спалохае іх.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс  146 (145), 6c–7. 8–9а. 9bc–10  (Р.: Мц 5, 3)

Рэфрэн: Шчаслівыя ўбогія духам, іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Або: Аллелюя.

6. Бог навекі захоўвае вернасць. *
7. Справядліва судзіць пакрыўджаных,
хлеб дае пакорным, *
Пан вызваляе вязняў.

Рэфрэн:

8. Пан адкрывае вочы сляпым, *
Пан узнімае прыніжаных.
Пан любіць справядлівых, *
9. Пан абараняе чужаземцаў.

Рэфрэн:

Пан сірату і ўдаву падтрымлівае, *
а шлях грэшных скрыўляе.
10. Пан валадарыць навекі, *
твой Бог, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 1, 26–31

Слабое свету выбраў Бог

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Паглядзіце, браты, на пакліканне вашае. Няшмат сярод вас мудрых паводле цела, няшмат моцных, няшмат высакародных.
Але Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных, і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам.

Праз Яго і вы існуеце ў Хрысце Езусе, які стаў для нас мудрасцю ад Бога, і справядлівасцю, і пасвячэннем, і адкупленнем, каб было, як напісана: Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 5, 12а
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Радуйцеся і весяліцеся,
бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 5, 1–12а

Шчаслівыя ўбогія духам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:
Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне.

Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 20.01.2010 17:05
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.