Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
V Звычайная нядзеля, Год С
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 6, 1–2а. 3–8

Вось я, пашлі мяне

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У год смерці караля Озіі я бачыў Пана, які сядзеў на высокім і ўзнесеным троне, а канцы Ягонай шаты напаўнялі святыню. Серафімы стаялі над Ім; кожны з іх меў па шэсць крылаў.

Яны ўсклікалі адзін да аднаго, кажучы: Святы, святы, святы, Пан Магуццяў. Уся зямля поўная хвалы Яго. І захісталіся вушакі дзвярэй ад гэтага голасу, і дом напоўніўся дымам.

І сказаў я: Гора мне, бо Я загінуў, таму што я чалавек з нячыстымі вуснамі і жыву я сярод людзей з нячыстымі вуснамі, а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў.

Тады падляцеў да мяне адзін з Серафімаў, а ў руцэ яго быў распалены вугаль, які ён клешчамі ўзяў з ахвярніка. Ён дакрануўся ім да вуснаў маіх і сказаў: Вось дакранулася гэта да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконне тваё ад цябе, і адкуплены грэх твой.

Тады я пачуў голас Пана, які казаў: Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас? І сказаў я: Вось я, пашлі мяне.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 138 (137), 1–2а. 2bc–3. 4–5. 7c–8  (Р.: 1c)

Рэфрэн: Перад анёламі спяваю Табе, Пане.

1. Слаўлю Цябе ўсім маім сэрцам, *
бо пачуў Ты словы вуснаў маіх.
Перад анёламі спяваю Табе, *
2. кланяюся перад святой Тваёй святыняй.

Рэфрэн:

І слаўлю імя Тваё *
за міласэрнасць Тваю і вернасць.
3. У дзень, калі Цябе паклікаў, Ты пачуў мяне, *
павялічыў моц маёй душы.

Рэфрэн:

4. Праславяць Цябе, Пане, усе каралі зямлі, *
калі пачуюць словы Тваіх вуснаў.
5. І будуць шляхі Пана апяваць,
бо вялікая слава Пана.

Рэфрэн:

7. Твая правіца ратуе мяне. *
8. Пан усё зробіць за мяне.
Міласэрнасць Твая, Пане, навекі, *
спраў рук Тваіх не пакідай.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 15, 3–8. 11

Мы так прапаведуем, а вы так паверылі

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Я перадаў вам тое, што і сам прыняў: што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання, што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, і што з’явіўся Кіфе, а потым — Дванаццаці. Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя спачылі. Потым з’явіўся Якубу, потым – усім Апосталам. Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду.

Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 4, 19
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Ідзіце за Мной, — кажа Пан, —
і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 5, 1–11

Пакінулі ўсё і пайшлі за Ім

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі каля возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Тады Ён сеў і вучыў людзей з чаўна.

А калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: Плыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову. Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі.

Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І ківалі супольнікам, якія былі ў другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі тануць.

Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны. Бо з-за ўлову рыбы, якую злавілі, вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з Ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона.

Тады сказаў Езус Сымону: Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей. А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 08.02.2010 13:17
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.