Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аўторак — пяты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 1, 20 — 2, 4а

Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства

Чытанне кнігі Быцця.

І сказаў Бог: Няхай закішаць воды жывымі стварэннямі, і няхай птаства лётае над зямлёю, пад нябесным скляпеннем. І стварыў Бог вялікіх марскіх рыб і ўсялякае жывое стварэнне, што поўзае і кішыць у вадзе, паводле іхняга роду, і ўсялякае птаства крылатае, паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І благаславіў іх Бог, кажучы: Пладзіцеся і размнажайцеся, і  напаўняйце воды ў морах, і птаства няхай множыцца на зямлі.

І быў вечар, і была раніца, дзень пяты.

І сказаў Бог: Няхай зямля выдасць жывыя стварэнні паводле роду свайго: жывёлу, паўзуноў і дзікіх звяроў паводле роду свайго! І так сталася. І стварыў Бог дзікіх звяроў паводле іх роду, жывёл, паводле іх роду, і ўсіх зямных паўзуноў, паводле іх роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

І сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства. Няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі. І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну.

І благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным і над усімі жывымі істотамі, якія рухаюцца па зямлі. І сказаў Бог: Вось Я даю вам усялякую траву, што рассявае насеннне па ўсёй зямлі, і ўсялякае дрэва, плод якога рассявае насенне, каб яны былі вам на спажытак. А ўсім жывым істотам на зямлі і ўсялякаму нябеснаму птаству, і ўсяму, што поўзае па зямлі і мае ў сабе дыханне жыцця, Я даю на спажытак усялякую зеляніну. І так сталася.

І ўбачыў Бог ўсё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым.

І быў вечар, і была раніца, дзень шосты.

Так былі завершаны нябёсы і зямля, і ўсё іхняе войска. І скончыў Бог  у сёмы дзень працу сваю, якую зрабіў, і на сёмы дзень адпачыў ад усёй працы сваёй, якую зрабіў.

І благаславіў Бог сёмы дзень, і асвяціў яго, бо ў той дзень адпачыў Бог ад усёй сваёй працы, якую рабіў падчас стварэння.

Вось паходжанне неба і зямлі, так яны былі створаны.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 8, 4–5. 6–7. 8–9  (Р.: 2а)

Рэфрэн: Пане, Божа наш, якое велічнае імя Тваё.

4. Калі я бачу Твае нябёсы, справу пальцаў Тваіх, *
месяц і зоркі, якія Ты ўмацаваў:
5. то чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, *
і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?

Рэфрэн:

6. Ты ўчыніў яго мала меншым ад Анёлаў, *
славаю і веліччу ўвянчаў яго.
7. Паставіў яго валадаром над справай рук Тваіх, *
усё паклаў яму пад ногі.

Рэфрэн:

8. Авечак, і жывёлу ўсялякую, *
і звяроў дзікіх,
9. птушак нябесных, і рыбу марскую, *
і ўсё, што ходзіць сцежкамі марскімі.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Вал 8, 22–23. 27–30

Ты сказаў: Маё імя будзе там... Пачуй просьбу слугі Твайго і народа Твайго, Ізраэля

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Саламон стаў перад ахвярнікам Пана, перад усім сходам Ізраэля, узняў рукі да неба і сказаў: Пане, Божа Ізраэля. Няма такога Бога, як Ты, ні ўверсе ў нябёсах, ні ўнізе на зямлі. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасць да слугаў Тваіх, якія ходзяць перад Табою ўсім сваім сэрцам.

Ці ж сапраўды Бог будзе жыць на зямлі? Бо калі нябёсы і неба нябёсаў не могуць змясціць Цябе, тым больш гэты дом, які я пабудаваў Табе. Але пагдзядзі, Пане мой Божа, на малітву слугі Твайго і на яго просьбу. Пачуй крык і малітву, якою слуга Твой моліць Цябе сёння. Няхай уначы і ўдзень вочы Твае глядзяць на гэтую святыню і на гэтае месца, пра якое Ты сказаў: Маё імя будзе там, — каб пачуць малітву, якою будзе маліцца слуга Твой на гэтым месцы.

Пачуй просьбу слугі Твайго і народу Твайго, Ізраэля, калі яны будуць маліцца на гэтым месцы. Ты слухай на месцы Твайго прабывання ў нябёсах, пачуй і прабач.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 84 (83), 3. 4. 5 і 10. 11  (Р.: 2)

Рэфрэн: Мілыя шатры Твае, Пане Магуццяў.

3. Знемагае і імкнецца душа мая *
ў двары Пана.
Сэрца маё і цела радасна клічуць *
да Бога жывога.

Рэфрэн:

4. Нават верабей знаходзіць сабе дом, а ластаўка сабе гняздо, *
дзе кладзе сваіх птушанят,
каля алтароў Тваіх, Пане Магуццяў, *
Кароль мой і мой Божа.

Рэфрэн:

5. Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, *
яны вечна спяваюць Табе.
10. Божа, наша абарона, паглядзі, *
паглядзі на твар памазаніка Твайго.

Рэфрэн:

11. Бо адзін дзень на Тваіх дзядзінцах *
лепшы за тысячу іншых;
лепш буду стаяць на парозе дому майго Бога, *
чым жыць у шатрах грэшнікаў.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пс 119 (118), 36. 29b
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Схілі, Божа, маё сэрца да Тваіх сведчанняў
і дай мне Закон  Твой.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 7, 1–13

Вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, што некаторыя вучні Ягоныя елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль не памыюць старанна рук. І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыццё кубкаў, і збаноў, і місаў, і лавак.

Тады пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, але ядуць хлеб нячыстымі рукамі?

Ён адказаў ім: Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнню чалавечых запаведзяў. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі.

І сказаў ім: Вы ўмела адхіляеце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю. Бо Майсей сказаў: Шануй бацьку свайго і маці сваю, — і: Хто зласловіць бацьку ці маці, няхай памрэ смерцю. А вы гаворыце: Калі чалавек скажа бацьку ці маці: Корбан, а гэта значыць, дарам ахвярным ёсць тое, чым я мог бы дапамагчы, — то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці. Вы адхіляеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 27.01.2010 18:47
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.