Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пятніца — шосты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 11, 1–9

Сыдзем жа і змяшаем мову іхнюю

Чытанне кнігі Быцця.

На ўсёй зямлі была адна мова і аднолькавыя словы. Рушыўшы з усходу, людзі знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там. І сказалі адзін аднаму: Давайце наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны. І сказалі яны: Давайце збудуем сабе горад і вежу, вяршыня якой узнясецца да нябёсаў, і зробім сабе знак, каб не рассеяцца па паверхні ўсёй зямлі. І сышоў Пан  паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны чалавечыя.

І сказаў Пан: Вось адзін народ і адна ва ўсіх мова; і вось што пачалі рабіць, і не адступяцца яны ад таго, што задумалі ўчыніць. Сыдзем жа і змяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў мовы другога. І рассеяў іх Пан адтуль па паверхні ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад. Таму дадзена яму імя “Бабілён”, бо там змяшаў Пан мову ўсёй зямлі, і адтуль рассеяў іх Пан па паверхні ўсёй зямлі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 33 (32), 10–11. 12–13. 14–15 (Р.: 12b)

Рэфрэн: Шчаслівы народ, які Пан сабе выбраў.

10. Пан касуе намеры язычнікаў, *
знішчае задумы народаў.
11. Намеры Пана трываюць навекі, *
задумы сэрца Ягонага з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

12. Шчаслівы народ, Богам якога ёсць Пан, *
народ, які Ён выбраў сабе ў спадчыну.
13. Пан паглядае з нябёсаў, *
бачыць усіх сыноў чалавечых.

Рэфрэн:

14. З месца пасаду свайго Ён глядзіць *
на ўсіх, хто жыве на зямлі.
15. Ён стварыў сэрца кожнага з іх, *
і зважае на ўсе іхнія чыны.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Як 2, 14–24. 26

Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа вера збавіць яго? Калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы, а нехта з вас скажа ім: Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся, — але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць? Так і вера без учынкаў мёртвая сама па сабе. Але нехта скажа: Ты маеш веру, а я маю ўчынкі, то пакажы мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру з маімі ўчынкамі. Ты верыш, што ёсць адзін Бог? Добра робіш. Злыя духі таксама вераць і дрыжаць. Але ці хочаш ведаць, пусты чалавеча, што вера без учынкаў мёртвая. Ці не праз учынкі быў апраўданы айцец наш Абрагам, калі прынёс свайго сына Ісаака на ахвярнік? Ты бачыш, што вера супрацоўнічала з яго ўчынкамі і дзякуючы ўчынкам вера ўдасканалілася. Так споўнілася Пісанне, якое кажа: Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць, і ён быў названы сябрам Божым. Бачыце, што чалавек апраўдваецца праз ўчынкі, а не толькі праз веру.

Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 112 (111), 1–2. 3–4. 5–6 (Р.: пар. 1b)

Рэфрэн: Шчаслівы той, хто любіць запаведзі Пана.

1. Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана *
і вельмі любіць Ягоныя запаведзі.
2. Моцным будзе ягонае патомства на зямлі, *
пакаленне праведных будзе благаслаўлёным.

Рэфрэн:

3. Дастатак і багацце ў ягоным доме, *
і справядлівасць ягоная трывае навекі.
4. Узыходзіць у цемры як святло для праведных *
ласкавы, міласэрны і справядлівы.

Рэфрэн:

5. Шчаслівы чалавек, які міласэрны і пазычае, *
які справядліва вядзе свае справы.
6. Ён не пахіснецца ніколі, *
у вечнай памяці будзе справядлівы.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 15, 15b
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я назваў вас сябрамі, — кажа Пан, —
бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 8, 34 — 9, 1

Хто згубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто згубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.

Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а жыццё сваё згубіць? Бо што дасць чалавек узамен за сваё жыццё?

Хто будзе саромецца Мяне і Маіх слоў перад гэтым няверным і грэшным пакаленнем, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца свайго з Анёламі святымі.

І сказаў ім: Сапраўды кажу вам: некаторыя з тых, хто тут стаіць, не спазнае смерці, пакуль не ўбачыць валадарства Божага, якое прыйдзе ў моцы.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 20.05.2010 16:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.